Вы тут

Падрабязнасці рабочай паездкі Старшыні Савета Рэспублікі ў Лепельскі раён


Шляхі вырашэння дэмаграфічнай праблемы, рэальная, а не фармальная дыспансерызацыя насельніцтва, замацаванне маладых спецыялістаў — гэтыя і іншыя пытанні Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава абмеркавала з кіруючым актывам Лепельскага раёна на пасяджэнні райвыканкама.


На парадак дня былі вынесены два пытанні: аб ходзе выканання ў 2022 годзе мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2021—2025 гады» і аб выніках работы назіральных камісій Лепельскага раёна за 2022 год і задачах на 2023-і.

Галоўны ўрач Лепельскай цэнтральнай раённай бальніцы Аляксей Пракоф'еў адзначыў, што па выніках 2022 года з 27 мэтавых паказчыкаў Дзяржаўнай праграмы на раённым узроўні можна ацаніць 10. З іх па сямі паказчыках дасягнута значэнне, прадугледжанае дзяржаўнай праграмай на 2022 год.

Так, засваенне запланаваных сродкаў склала 100 працэнтаў — асвоена 19 мільёнаў рублёў. Дэмаграфічная сітуацыя ў раёне характарызуецца скарачэннем насельніцтва і яго старэннем, цяпер тут пражывае звыш 31 тысячы чалавек, а за апошнія тры гады насельніцтва зменшылася на 1273 чалавекі.

Эфектыўнасць перадабортнага кансультавання летась паказала значны станоўчы вынік — ад перапынення цяжарнасці адмовіліся 19 жанчын з 24. Ва ўстанове аховы здароўя праводзіцца абследаванне і накіраванне сужэнцаў, якія пакутуюць ад бясплоддзя, у абласную камісію па пытаннях адной бясплатнай спробы ЭКА ў 2021 годзе з раёна былі накіраваны дзве пары, у 2022-м — адна.

Па стане на 1 студзеня 2023 года ў раёне зарэгістравана 5870 дзяцей. У стацыянары педыятрычнага аддзялення раённай бальніцы ўведзены УГД-скрынінг галаўнога мозга і органаў брушной поласці ў нованароджаных дзяцей, у выніку праведзенай работы за мінулы год першаснае захворванне дзіцячага насельніцтва знізілася на 13,3 працэнта.

«Мы абавязаны зрабіць усё магчымае, каб павысіць прывабнасць мацярынства, палепшыць здароўе, падоўжыць жыццё і папярэдзіць выпадковыя гібелі, — адзначыла Наталля Качанава. — Я часта бываю ў рэгіёнах, дзе абмяркоўваюцца аналагічныя пытанні. Сёння я тут пачула галоўнае: толькі ўсе разам мы можам выправіць сітуацыю да лепшага. Кіраўнікі прадпрыемстваў, грамадскасць, медыкі, педагогі: здароўе нацыі — наша агульная комплексная задача».

У ЦРБ арганізавана работа па правядзенні скрынінгу некаторых відаў раку, выяўленне злаякасных утварэнняў на ранніх стадыях склала практычна 70 працэнтаў. У папярэднія гады зніжэнне гэтага паказчыка было абумоўлена эпідэмічнай сітуацыяй, як вынік — ненаведванне грамадзянамі ўстаноў аховы здароўя і адмова ад скрынінгавых даследаванняў.

Укамплектаванасць урачэбнымі кадрамі ў Лепельскай ЦРБ складае 95 працэнтаў. У 2022 годзе ў раённую бальніцу прыбылі дзевяць маладых спецыялістаў: два ўрачы і сем медыцынскіх работнікаў, замацаванасць кадраў складае 100 працэнтаў. Высокі дасягнуты паказчык абумоўлены стварэннем камфортных умоў: за два апошнія гады кіраўніцтва раёна выдзеліла медыкам 16 арэндных кватэр і 8 месцаў у інтэрнаце.

Старшыня Савета Рэспублікі пацікавілася, ці няма праблем з аказаннем медыцынскай дапамогі грамадзянам у абласных і рэспубліканскіх установах, калі гэтага патрабуе сітуацыя. Кіраўніцтва раёна запэўніла, што ў Лепелі створана свая моцная тэхнічная база і маецца сучаснае абсталяванне для аказання дапамогі на месцы, праблем з пераводам у рэспубліканскія і абласныя клінікі няма.

«Гэта вельмі правільна, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Чалавек павінен мець магчымасць лячыцца ў любой установе нашай краіны незалежна ад месца свайго пражывання».

Аб'ём заробленых пазабюджэтных сродкаў раённай бальніцы за мінулы год склаў 900 тысяч рублёў, планамерна ажыццяўляецца ўмацаванне рэсурснай базы ЦРБ: за 12 месяцаў 2022 года на рамонт аб'ектаў аховы здароўя накіравана 204 тысячы рублёў, закуплена медыцынскае абсталяванне на суму 109 тысяч рублёў.

Асаблівую ўвагу Наталля Іванаўна звярнула на праблему алкагалізацыі насельніцтва раёна: на дыспансерным уліку стаяць 614 пацыентаў, на назіранні ўрача-нарколага — звыш 750. «Важна, каб над вырашэннем гэтай праблемы працавалі не толькі ўрачы, але і былі задзейнічаны ўсе суб'екты прафілактыкі, грамадства. Гэта ўсе нашы людзі, мы не маем права адкідаць каго-небудзь. Толькі ўзяўшыся за справу разам, мы можам дасягнуць добрага выніку», — сказала Наталля Качанава.

Аб рабоце назіральных камісій на Лепельшчыне далажыў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Азаронак. На сённяшні дзень у раёне сфарміравана 10 назіральных камісій, якія за мінулы год наведалі звыш 3500 домаўладанняў.

Летась здарылася 36 пажараў, на якіх загінулі два чалавекі. З мэтай прывядзення домаўладанняў у пажарабяспечны стан была аказана адрасная сацыяльная дапамога больш як 40 грамадзянам: гэта рамонт печаў, замена газавага абсталявання, рамонт электраправодкі. За два гады прафсаюзныя арганізацыі прадпрыемстваў раёна набылі і ўсталявалі звыш 300 аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў сваім работнікам, якія выйшлі на пенсію.

З мэтай папярэджання гібелі людзей на вадзе ў сакавіку 2022 года ў Лепелі пачала дзейнічаць выратавальная станцыя, і ўжо бачная станоўчая дынаміка: у 2021 годзе на вадзе загінулі пяць чалавек, у мінулым — адзін.

Падводзячы вынік сустрэчы з актывам Лепельскага раёна, Наталля Качанава адзначыла, што ў Беларусі для людзей робіцца максімум магчымага. «Прымаем дзейсныя законы, выдаткоўваем фінансаванне, працуем па ўсіх кірунках. Нягледзячы на санкцыі, паспяхова функцыянуе эканоміка, нарошчваем уласны выпуск лекаў і іншай прадукцыі, павышаем пенсіі, зарплаты, шчыльна займаемся пытаннямі працаўладкавання — шмат у чым наша стратэгія работы з людзьмі беспрэцэдэнтная. Але часам зачыненымі дзвярыма ў кабінет адзін чыноўнік можа ўсе гэтыя намаганні звесці на нішто — чалавек перастае давяраць уладзе. Так быць не павінна».

Тэма шчыльнага ўзаемадзеяння кіраўнікоў усіх узроўняў з людзьмі і абмеркаванне пытанняў дэмаграфічнай бяспекі працягнуліся пазней на Лепельскім хлебазаводзе. Наталля Іванаўна пабывала ў цэхах, азнаёмілася з вытворчасцю і ў сяброўскай абстаноўцы пагутарыла з рабочымі.

Адной з тэм для размовы з працоўным калектывам хлебазавода сталі традыцыйныя каштоўнасці: сям'я, павага да старэйшых і гістарычнага мінулага. Наталля Качанава падкрэсліла: беларускі народ, які ў мінулым не раз адчуў на сабе нягоды вайны і пасляваеннага перыяду, безумоўна, цэніць мір. А краіна, якая паважае традыцыі, гісторыю, людзей і сваю незалежнасць, абавязкова будзе развівацца.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».