Вы тут

Сенатар разбіралася ў сітуацыі, дзе варта ўлічыць нормы заканадаўства і пажаданні заяўніка


На асабісты прыём грамадзян да старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяны Рунец звярнуўся мінчанін, які сутыкнуўся з праблемай устаноўкі газавага катла. Мужчына жыве ў старым доме ў гістарычнай частцы сталіцы — Асмалоўцы, дзе некаторыя двухпавярховікі ацяпляюцца газавымі катламі, з іх дапамогай адбываецца і падагрэў вады. Але замяніць старое абсталяванне, якое адпрацавала свой рэсурс, на новае аказалася не такой простай задачай. Што рабіць, калі пажаданні грамадзяніна не супадаюць з нормамі заканадаўства? Сенатар вырашыла разабрацца не толькі з праблемай заяўніка, але і прааналізаваць дзеючае заканадаўства: ці ўлічаны ў новых нормах патрэбы жыхароў аналагічных дамоў. Для абмеркавання сітуацыі ў Савет Рэспублікі былі запрошаны намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Балашэнка, кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёна сталіцы Мікалай Палякоў, кіраўніцтва НДІ Белгіпратопгаз, УП «Мінгаз», ЖКХ Цэнтральнага раёна Мінска і ўласна сам заяўнік.


На тэрыторыі Асмалоўкі 26 двухпавярховых дамоў, каля 16 з іх ацяпляюцца з дапамогай газавых калонак. Дамы пабудаваны ў пачатку пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя і адносяцца да ахоўнай зоны, якая прыраўноўваецца да архітэктурнай каштоўнасці. Згодна з прынятым рашэннем, да 2030 года іх знос не плануецца. Як адзначыў дырэктар КУП ЖКХ Цэнтральнага раёна Мінска Аляксей Собаль, капітальны рамонт гэтага жыллёвага фонду таксама немэтазгодны. Пры гэтым калі ў жыхароў узнікаюць пытанні, звязаныя з эксплуатацыяй дома, яны аператыўна вырашаюцца.

Газавы кацёл у кватэры заяўніка быў размешчаны ў ванным пакоі. Ён адпрацаваў свой рэсурс і патрабуе замены. Заяўнік набыў новы двухконтурны кацёл. Аднак, згодна з нормамі 2019 года, устаноўка газавага абсталявання ў санвузлах забараняецца. Мінчанін жа катэгарычна адмаўляецца ўстанаўліваць яго ў іншым месцы кватэры.

Як высветлілася, заяўнік ужо неаднойчы сустракаўся з прадстаўнікамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, праектных арганізацый. І яго пажаданні ідуць уразрэз з нормамі бяспекі. Падчас такіх сустрэч выявіліся і іншыя праблемы, у прыватнасці з дымаходам, які таксама не адпавядае патрабаванням сучаснага газавага абсталявання, і вентыляцыйнымі каналамі. Не так проста аказалася і падключыць новы кацёл да электрычнасці.

— Стары кацёл не патрабаваў падводу электрычнасці. Калі б заяўнік купіў кацёл той жа магутнасці, які быў устаноўлены раней, ён бы ўсталяваў яго там, дзе і знаходзіўся стары — у ванным пакоі, нормы гэтага не забараняюць. Новы патрабуе электрычнасці. Для яго ўстаноўкі неабходна правесці ўвесь комплекс работ, у тым ліку па электрыцы. Для гэтага спачатку патрабуецца праект, — каментуе кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска Мікалай Палякоў.

Нягледзячы на тое што пажаданні заяўніка не адпавядаюць дзеючым нормам і патрабаванням бяспекі, прадстаўнікі праектнай арганізацыі, газавай гаспадаркі, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва яшчэ раз наведаюць яго кватэру. На месцы сітуацыю прааналізуюць: як зрабіць так, каб устаноўка новага газавага абсталявання была бяспечнай і максімальна адпавядала пажаданням заяўніка.

— Па меркаванні грамадзяніна, будаўнічыя нормы, уведзеныя з 2019 года, не ўлічваюць асаблівасцяў двухпавярховых жылых дамоў, размешчаных у раёне Асмалоўка, якія маюць газавае ацяпленне. Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва сцвярджае, што ўсё ўлічана і пры ўстаноўцы катлоў магчыма часам адыходзіць ад існуючых правіл. Таму варта разабрацца, і мы запрасілі праектную арганізацыю, Дзяржатамнагляд, распрацоўшчыкаў пастанаўлення, каб на месцы, у кватэры грамадзяніна, яшчэ раз усё паглядзець. Варта ўлічваць, што і нормы распрацаваны не проста так, правілы бяспекі мусяць быць захаваны, — каментуе Таццяна Рунец. — Нельга адназначна сказаць, што сітуацыя вырашыцца на карысць грамадзяніна. Будзе дазволена толькі бяспечная ўстаноўка газавага катла.

Сенатар дадала, што зварот жыхара Асмалоўкі, магчыма, будзе не адзінкавым — старое абсталяванне паступова адпрацоўвае свой рэсурс і патрабуе замены. Не выключана, што спатрэбяцца і змены ў заканадаўстве.

— Калі такія змяненні ў заканадаўстве патрабуюцца, то мы, вырашыўшы дадзеную сітуацыю, будзем ініцыяваць іх, каб надалей і грамадзянам, і арганізацыям, і праекціроўшчыкам, якія будуць з гэтым сутыкацца, можна было дзейнічаць без парушэнняў нормаў, — падкрэсліла Таццяна Рунец.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».