Вы тут

PRP-плазма і ДНК-вакцына супраць нейрабластомы


На выставе «Беларусь інтэлектуальная» ў раздзеле «Фармацыя, ахова здароўя, медыцына» прадстаўлена больш як 100 найбольш актуальных распрацовак, з іх 57 —  распрацоўкі арганізацый сістэмы Міністэрства аховы здароўя. Пра гэта паведаміла на сустрчэы з журналістамі начальнік аддзела навукі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Маргарыта ДОСІНА. 


— Медыцынская навука з’яўляецца самай практыка-арыентаванай, таму што медыкі працуюць з жывымі пацыентамі і ім трэба прымаць хуткія рашэнні тут і цяпер. У 2022 годзе ў нас было распрацавана 170 новых метадаў аказання медыцынскай дапамогі і каля 400 новых метадаў былі ўкаранёны ва ўстановах аховы здароўя, — расказала Маргарыта Досіна.

Да найбольш значных дасягненняў, на думку начальніка аддзела навукі міністэрства, трэба аднесці ДНК-вакцыну супраць нейрабластомы. На гэта захворванне пакутуюць дзеці да двух гадоў. Аналагаў вакцыны ў нашых найбліжэйшых суседзяў няма, нешта падобнае ёсць у ЗША. Гэта распрацоўка маладога вучонага, супрацоўніка РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. Вакцына дапамагае ў тых выпадках, калі не дапамагае традыцыйнае прымяненне лекавых сродкаў. Яна ратуе жыццё і дапамагае падоўжыць жыццё без рэцыдыву захворвання.

РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій прапануе PRP-плазму — гэта плазма, узбагачаная трамбацытамі. «Сёння яна можа актыўна прымяняцца для лячэння захворванняў суставаў. Калі праводзіць аналогіі, гэта нешта накшталт гіалуронавай кіслаты, якая ўводзіцца, напрыклад, у каленныя суставы, нівеліруючы розныя запаленчыя працэсы. Сёння яна можа прымяняцца ў гінекалогіі, у рэгенератыўнай медыцыне і нават для лячэння пролежняў, — праінфармавала Маргарыта Досіна. — На выставе „Беларусь інтэлектуальная“ можна таксама азнаёміцца з рознымі сістэмамі, якія дапамагаюць нашым траўматолагам і артапедам выпраўляць скрыўленні пазваночнікаў у дзяцей, як прыроджаныя, так і набытыя.

БДМУ прэзентуе на выставе праграму на аснове штучнага інтэлекту, якая дазваляе выяўляць пацыентаў з рассеяным склерозам на ранніх стадыях. А чым раней мы пачынаем лячыць пацыента, тым больш камфортным і працяглым становіцца яго жыццё».

У медыцынскім раздзеле выставы прадстаўлены таксама проціпухлінная вакцына «Еланаген». Гэта сумесная распрацоўка РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. Аляксандрава з амерыканскай кампаніяй. Ужо скончаны клінічныя выпрабаванні пры хіміярэзістэнтнасці раку яечнікаў (калі пухліна ўстойлівая да любой хіміятэрапіі). Атрыманы ўнікальныя вынікі. Пры выкарыстанні вакцыны ў спалучэнні з хіміятэрапіяй узмацняецца дзеянне хіміятэрапіі. Час да прагрэсіравання хваробы павялічваецца ў 2,5 разы, а ў 40% пацыентаў назіраецца працяглы перыяд без прагрэсіравання.

Нв выстаўцы можна таксама пабачыць капу для лячэння пацыентаў з храпам і сіндромам абструктыўнага апноэ сну. Апноэ — часовае спыненне дыхання на працягу ночы ад 10-20 секунд да 2-3 хвілін. У цяжкіх выпадках пацыент можа паўночы не спаць. Капа дазваляе эфектыўна аднавіць сон у пацыента і прадухіліць спыненне дыхання.

Нагадаем, што па шматлікіх просьбах наведвальнікаў работа выстаўкі навукова-тэхнічных дасягненняў «Беларусь інтэлектуальная» прадоўжана да канца бягучага тыдня. Гэта дасць магчымасць яшчэ больш шырокаму колу жыхароў краіны азнаёміцца з найноўшымі навуковымі распрацоўкамі беларускіх вучоных і студэнтаў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».