Вы тут

Схаванае навідавоку


Думаецца, не зробім адкрыцця, сказаўшы, што кінафільм — прадукт калектыўнай творчасці: у яго стварэнні задзейнічаны дзясяткі, а то і сотні людзей. Зразумела, творчы ўнёсак кожнага з іх узважванню не паддаецца, але пры пералічэнні імёны асобных спецыялістаў усё-ткі прынята называць вышэй. Сюды аднясём і мастакоў-пастаноўшчыкаў. І, хоць рэзультат іх дзейнасці навідавоку, яны часцяком несправядліва застаюцца, кажучы сцэнарнымі тэрмінамі, па-за полем зроку (як прэсы, так і гледачоў). Між тым, груба абагульняючы, мастак — трэці чалавек на здымачнай пляцоўцы (пасля рэжысёра і аператара). Мастак не проста стварае візуальнае аблічча фільма — у яго распараджэнні ўвесь матэрыяльна-побытавы свет герояў...


Пад крылом анёла

Сёння гаворка пойдзе пра аднаго з найярчэйшых прадстаўнікоў кінамастакоўскай браціі — славутага і непераўзыдзенага Яўгена Ганкіна (1922 — 1996), заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі. 27 снежня ў сценах Музея гісторыі беларускага кіно адкрылася выстаўка «Почырк майстра», прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння знакамітага мастака-пастаноўшчыка кінастудыі «Беларусьфільм». Экспазіцыя падрыхтавана супрацоўнікамі музейнай установы пры падтрымцы «фільмавытворчага камбіната», служэнню якому мэтр прысвяціў амаль 50 гадоў. Выстаўка стала для нас адпраўдным пунктам вандроўкі па вехах творчай біяграфіі майстра.

Яўген Ганкін і Уладзімір Высоцкі на здымках фільма «Я родам з дзяцінства».

Яўген Маркавіч Ганкін нарадзіўся 28 кастрычніка 1922 года ў «яўрэйскім мястэчку» Шчадрын, што на Жлобіншчыне. Няхай не здзіўляе вас незвычайны тытул пасёлка: насельніцтва заможнага і, як на той час, досыць вялікага Шчадрына сапраўды амаль на сто працэнтаў складалася з прадстаўнікоў яўрэйскай нацыянальнасці. У мястэчку працавала чатырохкласная школа, дзе заняткі вяліся на ідыш, а напрыканцы дзесяцігоддзя тут адкрыўся адзін з першых на Беларусі яўрэйскіх калгасаў. Нездарма гістарычны нарыс публіцыста і літаратара Майсея Ляхавіцкага (між іншым, першага загадчыка і настаўніка вышэйзгаданай школы), прысвечаны паселішчу і ўпершыню надрукаваны на ідыш у 1981 годзе, насіў няхітрую назву «Сто гадоў існавання яўрэйскага мястэчка Шчадрына».

На жаль, нашчадкаў былой эпохі тут засталося няшмат: большасць мясцовых жыхароў была знішчана акупантамі ў Шчадрынскім гета падчас Вялікай Айчыннай вайны, а тыя, каму пашчасціла выжыць, раз’ехаліся па свеце. Раней жа яўрэйская мова гучала на вуліцах акуратнага гарадка паўсюдна. Квадратнае пісьмо аздабляла сабою крамкі на цэнтральнай вуліцы, а іх нетры станавіліся месцам правядзення вечарын яўрэйскай паэзіі. Пра адну з такіх — арганізаваную ў 1932 годзе ў пажарным дэпо з нагоды візіту вядомага вершатворца Ізі Харыка — Яўген Ганкін, смакуючы кожную дробязь, успамінае ў сваіх мемуарах «Крыло анёла» (пабачылі свет у 2000 годзе). «Зала запоўнілася нашмат раней абвешчанага часу, сядзелі на лаўках, на падаконніках, на падлозе і нават на пажарных машынах, якія стаялі тут жа ў дэпо», — піша мастак.

Вольнанаёмны паэт

З вышэйсказанага звяртаем вашу ўвагу на тры рэчы: па-першае, в†арачыся з дзяцінства ў нацыянальным каларыце, Яўген Ганкін выхоўваўся ў духу іўдзейскай традыцыі і, як пакажа далейшы лёс аўтара, з вялікімі павагай і шанаваннем ставіўся да культуры свайго народа, сваёй сям’і; па-другое, гэткае рамесніцка-гандлярскае атачэнне (купецкае саслоўе, як вядома, заўсёды вылучалася крэатыўнасцю) аказала ўплыў і на фарміраванне сяброўскага кола Яўгена Маркавіча, адкрыла шлях у перадавыя творчыя суполкі; нарэшце, па-трэцяе, праслаўлены сёння мастак не быў далёкі і ад мастацкага слова (гэта вынікае і з высокапрафесійных і дасціпных мемуараў, напісаных уласнай рукой галоўнага героя, і па тым, як жыва адгукаецца ён на чужую славесную творчасць).

Дарэчы сказаць, у дванаццацігадовым узросце Яўген Ганкін пры пасрэдніцтве і актыўным удзеле Ізі Харыка і сам дэбютаваў у літаратуры ні больш ні менш як з паэмай — на старонках часопіса «Штэрн». Рыфмуючы вольнай часінай радкі на ідыш, мастак пранёс захапленне прыгожым пісьменствам праз усё жыццё. Зрэшты, з пісьменніцтвам ён быў звязаны не толькі непасрэдна, праз уласныя творчыя амбіцыі, але і ўскосна, праз знаёмых і сяброў. Так, жонкай мастака стала знакамітая літаратуразнаўца, крытык і празаік Лідзія Арабей. Натуральна, гасцямі ў іх доме бывалі многія майстры слова. Сяброўскія сувязі звязвалі Яўгена Ганкіна і з Рыгорам Рэлесам, дзякуючы не ў апошнюю чаргу таму, што абодва яны на пачатку свайго шляху апекаваліся Ізі Харыкам.

Эскіз дэкарацый да камедыі «Белыя Росы» і кадр з яе.

Зразумела, кола знаёмстваў Яўгена Ганкіна не абмяжоўвалася аднымі літаратарамі, хоць прыхільнасць паэтычнай музе была відавочнай (паводле ўспамінаў людзей, асабіста знаёмых з Яўгенам Маркавічам, нават сцены яго мінскай кватэры былі ўпрыгожаны ўласнага аўтарства партрэтамі яўрэйскіх паэтаў Зэліка Аксельрода, Гірша Камянецкага і таго ж Ізі Харыка). Не кажучы пра шматлікіх калег і падначаленых па кінематаграфічным цэху (да іх мы яшчэ дойдзем), на старонках аўтабіяграфічнай кнігі «Крыло анёла» знайшлося месца і знакамітым жывапісцам, і тэатральным дзеячам, і музыкантам, і скульптарам. У розных па важнасці ролях адзначыліся тут Марк Шагал, Юдаль Пэн, Саламон Міхаэлс, Уладзімір Высоцкі, Заір Азгур ды многія іншыя.

З постаццю Заіра Азгура звязаны і вельмі кранальны эпізод у мемуарах. Паводле ўспамінаў мастака-пастаноўшчыка, менавіта Заір Азгур у самым пачатку 1940-х гадоў адгаворваў яго, занепакоенага лёсам роднага мястэчка і бацькоў (пазней забітых) і апантанага нянавісцю да захопнікаў, адправіцца на фронт, каб спатоліць прагу помсты. Плёну тое, праўда, не дало, але гісторыя захавала сведчанні пра цікавую сустрэчу. Падчас яе Заір Ісаакавіч забараніў малодшаму калегу ісці на повадзе эмоцый і наказаў заставацца ў Алма-Аце — на думку скульптара, талент кінамастака быў важнейшы і мог прынесці большую карысць Радзіме і людзям, а потым падарыў яму жоўтага колеру боты.

Сакрэт жывапіснасці

«А як Яўген Маркавіч апынуўся ў Алма-Аце?» — не прамінулі сэнсавай лакуны найбольш уважлівыя чытачы. У тагачаснай сталіцы Казахстана Яўген Ганкін займаўся не чым іншым, як асваеннем майстэрства мастака-пастаноўшчыка на мастацкім факультэце Усесаюзнага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі (ВГИК), які знаходзіўся ў эвакуацыі першыя гады вайны. Будучы самавукам, ён пакараў выкладчыкаў сваім прыроджаным талентам (дарэчы, мастакоўскія здольнасці ўпершыню праявіў яшчэ ў пяць гадоў). Сярод студэнтаў пра яго незвычайнае ўменне адурманіць настаўнікаў нават хадзілі анекдоты. Дыплом адпаведнага спецыяліста творца атрымаў у 1944 годзе, але яшчэ за два гады да гэтага пачаў удзельнічаць у мастацкіх выстаўках як жывапісец.

Аднакурснік Яўгена Ганкіна — ілюстратар, мастак-пастаноўшчык анімацыйных фільмаў Яўген Мігуноў — так апісваў сябра: «Ціхі правінцыял Жэня Ганкін, беларус, хлопчык ціхі, губаты, прышчаваты. Працаваў ён, стоячы ў дзіўнай позе — правая нага на месцы левай, левая на месцы правай. Пісаў больш не пэндзлямі, а пальцам. Вельмі добра, арганічна адчуваў колер. Пісаў цёмна, бруднавата, аморфна — але матэрыяльнасць выяўленага была празмернай, да ілюзіі. Цяжкая масіўнасць мазка, замес фарбы, які пахне целам, мясам — сустракаўся толькі ў Рэмбранта і... у Ганкіна. Нават «старыя» падыходзілі да яго палотнаў, стараючыся зразумець сакрэт яго жывапіснай выразнасці...»

У 1943–1944 гадах творца працаваў на Цэнтральнай аб’яднанай кінастудыі, што ўзнікла на базе Алма-Ацінскай кінастудыі мастацкіх фільмаў. У прыватнасці, паспеў папрацаваць памочнікам галоўнага мастака на шэдэўральнай гістарычнай драме Сяргея Эйзенштэйна «Іван Грозны». У 1944–1945 гадах Яўген Ганкін — мастак-пастаноўшчык Кіеўскай кінастудыі мастацкіх фільмаў, з 1946 да 1993 — мастак-пастаноўшчык кінастудыі «Беларусьфільм». З 1955-га працаваў таксама ў галіне станковай і кніжнай графікі, з’яўляўся карыкатурыстам часопіса «Вожык». Этапы яго творчай біяграфіі вычарпальна праілюстраваны на новай выстаўцы ў Музеі гісторыі беларускага кіно.

Аснову экспазіцыі склалі эскізы дэкарацый і касцюмаў да большасці з кінакарцін (колькасць перасягае за дваццаць), да стварэння якіх меў дачыненне творца. Сярод работ майстра асабліва вылучаюцца мастацкія рашэнні да фільмаў «Паўлінка» (рэж. Аляксандр Зархі, 1952), «Хто смяецца апошнім?» (рэж. Уладзімір Корш-Саблін, 1954), «Нашы суседзі» (рэж. Сяргей Сплашноў, 1957), «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (рэж. Мікалай Фігуроўскі, 1958), «Я родам з дзяцінства» (рэж. Віктар Тураў, 1966), «Вайна пад стрэхамі» (рэж. Віктар Тураў, 1967), «Сыны ідуць у бой» (рэж. Віктар Тураў, 1969), «Хлеб пахне порахам» (рэж. Вячаслаў Нікіфараў, 1973), «Белыя Росы» (рэж. Ігар Дабралюбаў, 1983).

Эскіз касцюма да фільма «Паўлінка».

З увахода можа падацца, што трапіў на мастацкую выстаўку — сцены стракацяць жывапіснымі палотнамі, закаванымі ў рамкі. Ды гэткі быў у Ганкіна падыход — жывапісны. Эскізы ён менавіта «пісаў», да таго ж заўсёды ў колеры (нават да чорна-белых стужак). Многія з іх падобныя на сапраўдныя карціны, з якіх не сорамна было б і альбом скласці. Зрэшты, некаторыя адразу ствараліся з дэкаратыўнай мэтай — у якасці насценных упрыгажэнняў для дамоў персанажаў (з’яўляюцца ў кадры ў фільме «Вайна пад стрэхамі»). Словам, шмат сакрэтаў хаваюць работы Яўгена Ганкіна. У спалучэнні ж з фатаграфіямі і асабістымі рэчамі яны дазваляюць пазнаёміцца з гэтым слынным майстрам бліжэй.

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».