Вы тут

Рамансы, оперы, кантаты


У снежні споўнілася 50 гадоў з дня смерці знакамітага айчыннага кампазітара і педагога Мікалая Ільіча Аладава — чалавека дзвюх эпох: дасавецкай і савецкай. Ён стаяў каля вытокаў беларускай музычнай адукацыі, стварыў больш за 500 музычных твораў.


Мікалай Аладаў.

У 19 гадоў Мікалай Аладаў атрымаў дыплом выпускніка сусветна вядомай Пецярбургскай кансерваторыі. Многія лічылі за гонар браць урокі ў маладога музыканта, які падаваў вялікія надзеі. Выступаў на канцэртах як акампаніятар. Нічога не змянілася і пасля таго, як Пецярбург быў перайменаваны ў Петраград. Карэнны жыхар расійскай сталіцы перажыў тут і лютаўскую, і кастрычніцкую рэвалюцыі.

У савецкую эпоху Аладаў стаў працаваць у Адзінай працоўнай школе. Далейшы лёс ураджэнца Пецярбурга быў звязаны з пастаянным пашырэннем сфер музычнай дзейнасці. На працягу трох гадоў працаваў у Казані музычным інструктарам, даваў майстар-класы ва Усходняй кансерваторыі, выкладаў спевы ў дзіцячых дамах, апрацоўваў чувашскія і марыйскія народныя песні. Гэта не прайшло незаўважаным на ўзроўні профільнага агульнасаюзнага народнага камісарыята. Там палічылі, што малады чалавек справіцца з адказнай работай у Дзяржаўным інстытуце музычнай навукі. Кіраўніцтва інстытута ўлічвала музычныя патрэбы ўсіх суб’ектаў савецкай федэрацыі. А ў Беларускай песеннай камісіі не хапала аднаго кампазітара, таму Аладава ўключылі ў яе.

Работа ў камісіі была немагчыма без кантактаў з беларускімі паэтамі, кампазітарамі, этнографамі. Мікалай Аладаў пазнаёміўся з Янкам Купалам. Кампазітар і паэт адразу пасябравалі і падтрымлівалі сяброўскія і творчыя стасункі да сыходу з жыцця Янкі Купалы. Варта падкрэсліць, што сяброўства было моцным, а супрацоўніцтва плённым. Пройдзе зусім няшмат часу, і меламаны будуць атрымліваць асалоду, слухаючы рамансы «З асенніх напеваў», «Сасонка», «Лета», «Бяспутнасць», «Лісты валяцца». Кампазітар напісаў іх на вершы свайго сябра.

Менавіта Купала актыўна садзейнічаў таму, што ў 1924 годзе Аладаў пераехаў у Мінск. У гэты час ў сталіцы БССР адкрываўся Беларускі дзяржаўны музычны тэхнікум (БДМТ), куды набіралі выкладчыкаў і арганізатараў музычнай адукацыі. Мікалая Ільіча ўзялі выкладчыкам і загадчыкам навучальнай часткі. Такім чынам, ураджэнец Пецярбурга меў непасрэднае дачыненне да вытокаў сярэдняй спецыяльнай музычнай адукацыі ў БССР. Як і ў станаўленні вышэйшай музычнай адукацыі ў рэспубліцы. У 1932 годзе з’явілася першая ў айчыннай гісторыі кансерваторыя. Архівы БССР утрымліваюць дакладныя звесткі пра першы склад прафесараў кансерваторыі і прысутнасць у гэтым спісе Мікалая Аладава. Кампазітар выкладаў тут сорак гадоў. А чатыры пасляваенныя гады ўзначальваў гэтую навучальную ўстанову. У 1949 годзе быў абраны старшынёй праўлення Саюза кампазітараў БССР.

Спадчыну М. І. Аладава склалі оперы, араторыі, кантаты, сімфоніі, камерна-інструментальныя і вакальныя цыклы. Ён стварыў той падмурак, на якім у далейшым трымаліся беларускія кантаты, камерна-інструментальныя ансамблі, драматычныя сімфоніі. Гісторыя кантат пачалася з Кантаты для хору і аркестра да 10-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, напісанай у 1927 годзе; камерна-інструментальнага ансамбля — з фартэпіяннага квінтэта, які датуецца 1925 годам. 2-я сімфонія на тэмы беларускіх народных песень, напісаная ў 1930 годзе, адметная тым, што тут аўтар выступіў піянерам у стварэнні драматычных сімфоній. Дзякуючы Мікалаю Ільічу з’явілася такое паняцце, як «музычна-драматычны жарт у адной дзеі». Менавіта так ахарактарызаваў кампазітар сваю оперу «Тарас на Парнасе». У актыў кампазітару можна запісаць і першую вакальна-сімфанічную паэму «Над ракой Арэсай». Чацвёртая і пятая сімфоніі М. І. Аладава сведчылі пра адкрыццё іх аўтарам новага жанру — лірыка-псіхалагічнай сімфоніі.

Заслугі М. І. Аладава былі высока ацэнены. Ён стаў народным артыстам Беларускай ССР, быў узнагароджаны трыма ордэнамі.

Міхаіл СТРАЛЕЦ

Фота з сайта nlb.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.