Вы тут

Месца, час, людзі


Калі разважаюць пра спадчыну Віктара Грамыкі, першае, што згадваюць у гэтым кантэксце, — вопыт ваенных гадоў, які так моцна паўплываў на асобу жывапісца. Натуральна, вайна і яе наступствы былі агульным горам некалькіх пакаленняў, аднак на лёсе кожнага творцы, які пераасэнсоўваў тыя падзеі, яны адбіліся па-свойму. Гэтым цікавая і адметная творчасць Віктара Грамыкі, якую, зрэшты, хацелася б разглядаць не толькі з пункта гледжання жыццёвага лёсу. Творчая дарога таксама ніколі не бывае гладкай, хоць сёння падаецца, што народнага мастака Беларусі гэта не тычылася. 


«Партрэт жонкі мастака», 1973 г.

І ўсё ж, што пакінулі пасля сябе ваенныя гады ў жыцці Віктара Грамыкі? Ордэны Айчыннай вайны I ступені, Чырвонай Зоркі, Айчыны III ступені, медалі «За адвагу», «Партызану Айчыннай вайны» I ступені. Віктар Грамыка ваяваў у партызанскай групе Канстанціна Заслонава, пазней — у Смаленскім партызанскім палку, дзе быў спачатку стралком, затым кулямётчыкам. Выдаваў падпольную газету «Народны помснік»... Сёння гэта ўсяго толькі скупыя звесткі аб чалавеку, чые старонкі жыцця так падобныя да некаторых іншых. Для сапраўднага творцы гэтага было б замала; тыя страшэнныя часы вызначылі асаблівае разуменне каштоўнасці жыцця кожнага чалавека. Месца, час, людзі, якія ім належаць, і памяць аб усім гэтым — так, здаецца, можна апісаць асноўныя інтарэсы мануменатальнага жывапісца Віктара Грамыкі. 

Мастака сёння ўспамінаюць як таленавітага партрэтыста, майстра сюжэтна-тэматычнай карціны і пейзажа. Пра гэта сведчыць і выстаўка «Абняць неабдымнае» ў Нацыянальным мастацкім музеі, прымеркаваная да 100-годдзя творцы. Між іншым, не толькі гэтай падзеяй краіна адзначыла знакавую дату. Так, яшчэ на адкрыцці экспазіцыі генеральны дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў расказаў, што на Галоўпаштамце адбылося ўрачыстае гашэнне канверта з маркай, прысвечаных юбілею, — традыцыя, пра якую мала хто ведае. Усё ж сёння гэта спецыфічная сфера. 

Значна важнейшая для любога мастака, музейшчыка, галерыста пазнавальнасць, якая дасягаецца, вядома, з дапамогай папулярызацыі. Ёй жа як нельга лепей служыць кнігавыданне — выпуск біяграфій, каталогаў, альбомаў... Гучнымі заўважнымі навінкамі чытача і гледача апошнім часам не радуюць, але чаканыя праекты ўсё ж з’яўляюцца. Так, міні-альбом пра Віктара Грамыку выйшаў зусім нядаўна ў выдавецтве «Беларусь» у такой неабходнай серыі «Славутыя мастакi Беларусi». Кніга змяшчае рэпрадукцыі карцін мастака і тэкст, напісаны вядомым мастацтвазнаўцам Барысам Крэпакам, на беларускай, рускай і англійскай мовах. Вартае ўвагі выданне. 

«Чырвоныя землі Полаччыны», 1970 г.

Што тычыцца выстаўкі «Абняць неабдымнае», то стваральнікі вырашылі не канцэнтравацца на тэме вайны ў творчасці майстра, аднак сярод іншых прадставілі і найбольш знакамітыя палотны, прысвечаныя таму перыяду, напрыклад, твор «Салдаты» 1967 года. Некалі работа выклікала шмат спрэчак, аднак час расставіў усё па сваіх месцах — праўдзівы сюжэт разам з адметнай кампазіцыяй зрабілі яе адной з самых любімых і пазнавальных у жывапісца. У гэтым жа шэрагу — жамчужына пастаяннай экспазіцыі музея, выдатнае палатно аб Вялікай Айчыннай вайне — «Па-над Прыпяццю. 1941 год» (1970). Тагачасным мастакам было нялёгка разважаць на тэму смерці, аднак з дапамогай кантрастаў, колеравага рашэння, сімволікі карціну ўдалося ўпісаць у гісторыю айчыннага мастацтва на новай старонцы. Нягледзячы на хуткасць яе стварэння — усяго толькі тры дні, аўтар лічыў яе адной з самых выпакутаваных і ўдалых. 

Панарамныя пейзажы — аснова гэтай выстаўкі. Якой бы ні была тая ці іншая кампазіцыя, якія б метафары ні закладваў мастак у сюжэт, які б падтэкст ні меў на ўвазе, галоўная гераіня твораў — сама зямля, асноўная крыніца натхнення аўтара. У роздумах пра яе Віктар Грамыка выяўляў асабістыя радасць і гора, надзею і горыч. Манументальнасць, прастора, маштаб — ва ўсім гэтым бачыцца асоба мастака, рэаліста і рамантыка, які імкнуўся адлюстраваць рэальнасць і ў той жа час стварыць асобны свет, дзе пануюць свае, крыху незразумелыя законы. Але такімі яны падаюцца толькі абыякаваму гледачу. 

«Пейзаж. Полымя лістапада», 1977 г.

І ўсё ж не хапіла на выстаўцы адмысловай «Песні» пра атрад, партрэта Васіля Быкава, такой непаўторнай «Вясёлкі над дарогай»... Але гэтым і прывабліваюць адметныя экспазіцыі: гледачу, няхай і перапоўненаму ўражаннямі, хочацца даведацца яшчэ больш, убачыць тое, што пакуль схавана. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».