Вы тут

Пад шоргат крыналінаў


Вытанчаная парфума, узорыстыя карункі на пальчатках, жывыя кветкі ў валасах, бліскаўкі на туфліках, грацыёзна-каралеўскія рухі і чароўны святочны флёр... Загадкавы погляд спакойных, вабных вачэй з-пад спакушальнай сеткі экстравагантнага капялюшыка... Усё гэта — немінучыя спадарожнікі паненак у адным дзівосным падарожжы, якое здараецца ў нашай краіне вось ужо 14-ы раз у Вялікім тэатры, — навагоднім балі. Увечары 13 студзеня, калі стары год аддае ўладу новаму, сюды імчаць дамы і кавалеры, якія цэняць прыгажосць, густ, этыкет, шарм... Мужчыны тут падаюцца больш высакароднымі, чым звычайна... Можа, усяму прычынай — яго вялікасць танец, які дорыць натхненне, узносіць у палётным віры і, дзякуючы дотыку, позірку, усмешцы, дае парам адказы на патаемныя інтымныя пытанні. 


Высокі стыль зносін, што дорыць баль, быццам вяртае да вытокаў жаночага і мужчынскага, зараджае глыбінёй пачуццяў і дае сілу спадзяванням, што свет ахінае прыгажосць і любоў. І дзякуючы аднаму вечару іх становіцца больш. Бо імпульсы сэрцаў, якія б’юцца ў задавальненні, радасці і яднанні, здольны ацаліць тое, што баліць. Чуласць, прыязнасць, арыстакратычныя манеры тут хочацца дэманстраваць міжволі. Кожная эпоха дорыць свае культурныя разынкі. І баль — найлепшае, што перанялі сучаснікі і падхапіў Вялікі тэатр Беларусі.

У чароўны час на Новы год адкрываюцца тайны. Нават тайна позірку загадкавых вачэй з-пад сеткі элегантнага капялюшыка. Іншы раз не разгадалася б. Яе апявалі б мастакі ў карцінах, скульптары ў статуях, кампазітары ў мелодыях.... Ды дастаткова прыйсці на баль, і тайну раскрые танец. Вочы жанчыны, якая танцуе, дакладней, якая глядзіць на партнёра ў час танца, думаю, — як тайна радасці ад нараджэння дзіцяці. Яе позірк здольны падарыць натхненне, ажывіць галантнасць і рашучасць, уваскрасіць прагу жыць. Ці не таму мужчыны на балі надзвычай мужныя і ўзнёслыя? 

А калі яшчэ бязмежнай шырыні пушыстыя спадніцы праходзяцца па тваіх нагах, міжволі кранаючы, казычучы, розум палоняць фантазіі і рамантыка. Гэта тое, што непадуладна ўзросту. І пажылыя, і маладыя, і... якія толькі пра гэта мараць, закружыліся ў балі ў Вялікім тэатры.

Чатырнаццаты баль выдаўся на дзіва пачуццёвы, поўны адкрыццяў і непераўзыдзеных эстэтычных уражанняў. Першае напаткала, калі вочы спыніліся на пяшчотнай феі, якая асцярожна гладзіла струны арфы, нараджаючы мелодыю. Сама, як незямная істота, яна быццам пераносіла ў нерэальны свет, далёкі ад тутэйшай матэрыяльнасці. Аднак хутка з нябёс на зямлю спусціла запрашэнне пачаставацца адмысловымі ласункамі, якія падрыхтавалі гаспадыні тэматычнай лакацыі. Сытыя госці — добрыя госці. І танцаваць — ахвоты ўдвайне. Ды як удзяліць увагу і танцам, і лакацыям?! 

Гэта ведае вядомая журналістка Тамара Вяцкая, якую мы сустрэлі:

— Я не першы раз на балі, была на ўсіх. І з кожным годам тут усё лепш і лепш. Я радуюся, што хаця б раз на год дамы і кавалеры маюць магчымасць так прыгожа выйсці ў свет — ад гэтага радуецца сэрца. Мы сёння з унучкай Руфінай. У яе першы баль, і яна кажа: «Бабуля, круці мяне». Арганізатары, праводзячы мерапрыемства кожны год, маюць талент не паўтарацца. Людзі, якія танцуюць, лічу, — соль нацыі.

Сапраўды, аднойчы аддаўшыся танцу і адчуўшы смак неверагоднай свабоды, без гэтага жыць ужо не зможаш. Інакш як патлумачыць тое, што ў бальным карагодзе танцуе... цяжарная, якая, мяркуючы па велічыні жывата, здаецца, вось-вось народзіць!.. 

— Я на балі не першы год, — дзеліцца будучая мама Надзея Мікуліч, побач з якой яе муж Вадзім. — Усе перажывалі за мяне, пыталі, як я сябе адчуваю. Мне вельмі прыемная такая чуйнасць блізкіх і сяброў. У мяне гэта не першы малыш, таму я прыблізна ведала, як мой арганізм зрэагуе на бальную актыўнасць. Гэта будзе чацвёртае наша дзіця. 
А старэйшыя танцуюць тут разам з намі.

І гэта гаворыць пра многае. Еднасць і адзінства даюць моц і квітненне. Гледзячы на такіх апантаных, якія гатовы нара-
джаць на танцполе, не здзіўляешся, чаму прыхільнікаў балю большае год ад году.

— Я ўдзельнічаю ўпершыню, — гаворыць Людміла Брунеўская. — Знаёмыя расказалі, якія хадзілі мінулы раз. Я сама пашыла касцюм. Сюды прыцягвае нават будынак тэатра, які быццам палац: прыгажосць неверагодная, таму і касцюмы сюды вельмі ўпісваюцца. З танцам у мяне адносіны даўнія. Я выступаю ў ансамблі «Сярэбраныя танцы».

Першы год на балі і зусім юны ўдзельнік — 6-класнік Багдан Бярдыеў, танцуе з мамай: кантрданс, вальс... А ў перапынках адпачывае ў розных забаўляльных зонах. Сустрэліся з ім каля драўлянага каня. Па сутнасці, выпадковаму наведвальніку гэтай навагодняй дзеі будзе складана, бо трэба рашыць дылему: чаму аддаць перавагу — танцам або забавам, бо багацце фотазон і тэматычных лакацый не даюць магчымасці і часу абысці і ахапіць усё. Таму даводзіцца кіравацца інтуіцыяй і разлічваць на ўдачу, якая падорыць нечаканыя адкрыцці. І яны здарыліся! Ці ведалі вы, што пах можна адчуць тактыльна? Я даведалася на балі. Кірыл Шамаль, сузаснавальнік музея «Нос», прапанаваў не гледзячы выбраць навобмацак прадмет. Калі халодны, мокры — то гэта пачулі, бергамот, жасмін. Калючы пах счытваецца навобмацак з дрэва. 

— Першапачаткова здольнасць улоўліваць пахі дадзена для таго, каб, калі набліжаецца небяспека, адчуць і падрыхтвавацца да абароны, — адзначае Кірыл Шамаль. — З часам гэта прытупілася. У звычайным жыцці нам нічога не пагражае. А ў музеі пахаў «Нос», дзе гаспадарыць парфумер, ароматэрапеўт Ксенія Філіпава, мы прэзентуем прыроду пахаў: як атрымліваюцца, як дыстыліруюцца, як узаемадзейнічаюць. 

Музыкант Вялікага тэатра Павел Хадзюковіч, які тут іграе на валторне, пад уражаннем пэўнага паху склаў п’есу. Юны паэт Мікіта, натхняючыся пахамі лаванды, рамонку, іланг-ілангу, напісаў верш. Своеасаблівая лірычная асацыяцыя. З пэўным пахам асацыіруецца і свой колер. У музеі «Нос» ёсць парфумерны арган, дзе прадстаўлена 200 розных эфірных масел. Усё гэта я даведалася з тэматычнай зоны, якая не магла мяне адпусціць.

Як і знаёмства з кіраўніком тэатра «Элементаль» Паўлам Абакумавым, які прадставіў непараўнанае шоу з крыштальнымі шарамі, падчас маніпуляцыі з якімі здавалася, што на вачах тварыўся сапраўдны цуд, а ніяк не трукі.

— Усё пачалося з агню, — расказвае Павел Абакумаў. — Калі я ўбачыў, як танцуюць з агнём, мяне гэта скарыла, быццам дало імпульс. Я пачаў займацца шарамі, дорачы ўнікальнасць арыгінальнага жанру, увасабляючы самыя дзіўныя ідэі.

Радавалі публіку і знакамітыя вакалісты Вялікага. Яркія дзеі падарылі Юрый Гарадзецкі ў кампаніі з гарэзлівым арлекінам, Анастасія Храпіцкая з грацыёзным, пяшчотным анёлам з вялікімі белымі крыламі. 

Аматары прыгожага і шукальнікі высокага, такія як музыказнаўца Вольга Брылон, знаходзяць на балі спатоленне:

— Я на балі ўжо трэці раз. Арганізатары загадзя рыхтуюцца да гэтай падзеі, рэпеціруюць танцы. Асабліва ўражвае, якія падцягнутыя дамы, якія цудоўныя прычоскі, макіяж, бальныя сукенкі. А мужчыны... элегантныя. Сэрца радуецца, што людзі знаходзяць магчымасць і ствараюць сабе свята. Гэта ж таксама трэба ўмець, бо мы паглыбляемся ў быт, сумятню. Але цудоўна, што ёсць магчымасць вырвацца і ўзляцець. Няхай Папялушка вымушана будзе збегчы з балю, а карэта ператворыцца ў гарбуз, але тут, у гэтым цудоўным тэатры, дзе столькі антуражу, фотазон, можна знайсці шчасце, якое возьмеш з сабой і пранясеш да наступнага балю.

Наталля СВЯТЛОВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».