Вы тут

Нагода — паказаць дасягненні


Сёлета Беларускаму саюзу мастакоў спаўняецца 85 гадоў. З гэтай нагоды запланавана шмат праектаў ды розных святочных імпрэз. Не забудуцца і пра іншыя знакавыя даты — 50-годдзе Палаца мастацтваў і юбілеі знакамітых асоб. Пра канкрэтныя ініцыятывы ішла гаворка на прэс-канферэнцыі, прысвечанай выставачнаму сезону 2023 года. 


— Мы працягваем нашу традыцыю: робім шмат рэспубліканскіх выставак, каб паказаць, што Беларускі саюз мастакоў — гэта арганізацыя зусім не мінская, — адзначыла першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. — Так, вядома, большая частка творчых людзей сканцэнтравана ў сталіцы. Гэта традыцыя любой буйной еўрапейскай дзяржавы, але мы павінны не забываць, што ў нас ёсць цудоўныя, цікавыя і вельмі яркія мастакі, якія жывуць у абласных гарадах і нават у маленькіх вёсках. Тут можна прывесці ў прыклад Ларысу Журавовіч з Бялыніч — выдатнага графіка. 

Паказаць маштаб краіны, выявіць магчымасці рэгіёнаў — галоўная задача творчага саюза, які сёння скіраваны на тое, каб аб’ядноўваць творцаў. Так, правядзенне вялікіх выставачных праектаў важна як для сталіцы, так і для абласных гарадоў. У гэтым выпадку мастакі з рэгіёнаў не пачуваюцца адарванымі ад вялікіх сталічных тэндэнцый і бачаць сябе часткай буйнага саюза. Жывапісцам, графікам, скульптарам з Мінска таксама важна правядзенне такога роду выставак — пашыраецца і іх далягляд. «Мы можам падтрымаць адзін аднаго, мы цікавыя адзін аднаму і маем магчымасць паказаць адзін аднаму нашы дасягненні», — падкрэсліла Наталля Шаранговіч. 

Між тым важны кірунак дзейнасці творчай арганізацыі — дэманстрацыя твораў з буйных экспазіцый у невялікіх гарадах. Вядома, што, напрыклад, трыенале апошнім часам абавязкова прывозяць у абласныя цэнтры. Аднак апошнім часам пераканаліся, што такое супрацоўніцтва выклікае цікавасць і ў невялікіх гарадах: Слуцку, Полацку, Бабруйску, Валожыне... Невялікія музеі імкнуцца дэманстраваць выбраныя экспазіцыі з вялікіх выставачных праектаў. 

Многія ініцыятывы мінулых гадоў знойдуць сваё ўвасабленне і сёлета. Так, цалкам апраўдалі сябе буйныя фестывалі, якія звычайна праходзяць на ўсіх выставачных пляцоўках сталіцы, таму да фармату абяцаюць вярнуцца, напрыклад, падчас трыенале жывапісу, графікі і скульптуры, якое пачне сваю работу ў канцы лістапада і будзе цягнуцца ўвесь снежань. 

Сярод навінак — цікавы праект «Кабінет графікі» (з канца сакавіка да красавіка), які будзе сумешчаны з ужо традыцыйнай «Графікай года». Паводле слоў Наталлі Шаранговіч, у рамках праекта графіка будзе прадстаўлена ў гістарычным развіцці: з музейных, прыватных калекцый возьмуць работы, створаныя ў папярэднія перыяды (плануюць ахапіць не толькі ХХ стагоддзе, але і ранейшыя перыяды). Мэта — паказаць творы ў агульным еўрапейскім, расійскім кантэксце. Пра сучасных мастакоў таксама абяцаюць не забыцца — сам праект «Графіка года» прысвечаны работам, створаным за мінулы год. Усе гэтыя планы звязаны з жаданнем падкрэсліць, што беларуская школа графікі — адна з наймацнейшых у Еўропе і працягвае заставацца такой самай прафесійнай, як і шмат гадоў таму. 

Дарэчы, два гады назад быў арганізаваны фестываль сучаснага манументальнага мастацтва «Манумент-21», і сёлета адбудзецца новы — «Манумент-23», дзе мяркуецца прадставіць не толькі скульптуру — усё ж мастакі-манументалісты займаюцца і манументальным жывапісам. Фэст будзе сумяшчаць адсылкі да манументальных аб’ектаў, зробленых за апошнія два гады членамі секцыі, і паказваць цікавы манументальны жывапіс. 

Беларускі саюз мастакоў падрыхтуе ў 2023 годзе праекты, прысвечаныя і выключна творчым асобам. Спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Леаніда Шчамялёва. Аляксандру Кішчанку сёлета было б 90 гадоў. Гаўрылу Вашчанку, жывапісцу, сваральніку кафедры манументальнага мастацтва і яе шматгадоваму кіраўніку, у гэтым годзе споўнілася б 95. Зоя Літвінава, якая займаецца і жывапісам, і манументальнымі роспісамі, адсвяткуе 85-годдзе. Ёй таксама прысвецяць асобны праект. Вартая ўвагі гледачоў творчасць Віталя Цвіркі, чые творы захоўваюцца ў фондах БСМ. Так ці іначай, галоўнае для суполкі сёння — паяднаць і гістарычны, і сучасны кантэкст. Так, адна з мэт БСМ — прадставіць мастакоў, якія займаюцца эксперыментальнымі формамі мастацтва. Яшчэ летась было арганізавана новае трыенале «Канцэпт», якое паўторыцца ў наступным годзе. У 2023-м асаблівая нагода — 110 гадоў стварэння «Чорнага квадрата» Казіміра Малевіча. Сёння ў Віцебску жывуць мастакі, якія лічаць сябе яго паслядоўнікамі, — у свой час нават была створана суполка пад назвай «Квадрат». Так, хутка будзе магчымасць убачыць сучасныя эксперыменты віцебскіх мастакоў. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».