Вы тут

Пяць гадоў маўчання


«Байкальскі сонцаварот» — апошняя частка міфічнай рускамоўнай трылогіі байкальскіх прыгод ад вядомай дзіцячай пісьменніцы Ірыны Карнаухавай. Месца падзей — мыс Хабой — самая паўночная кропка байкальскай выспы Альхон, які наведвае хлопчык Сцяпан разам з сям’ёй.


Ірына Карнаухава — аўтар больш за 20 кніг для дзяцей і дарослых. Нязменны кіраўнік клуба «Жывіца», які сабраў паэтаў і музыкантаў у Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці. Уладальніца звання «Курскі салавей» і ганаровага медаля Беларускага фонду міру. Актыўна супрацоўнічае літаратарка і з выдавецтвамі.

На пачатку года ў Выдавецкім доме «Звязда» выйшла кніга «Байкальскі сонцаварот». Ілюстрацыі стварыла Алеся Зяновіч. Мастачка выдатна зразумела задачу. Кніга прызначана дзецям сярэдняга школьнага ўзросту. Таму і малюнкі павінны быць адмысловыя.

Калі разглядаеш ілюстрацыі ў кнізе, складваецца ўражанне, што бачыш перад сабой скрыншоты з даўно забытай камп’ютарнай гульні з нулявых. Немагчыма ўспомніць назву гульні альбо студыі, якая яе рабіла. Толькі атмасферу сутыкнення з цікавай гісторыяй і акунання ў чароўны новы свет. Эфект непаўторны.

Як адзначаюць шматлікія крытыкі, пісьменніца Ірына Карнаухава здольна простай мовай распавесці аб вечных каштоўнасцях — шчырасці, любові, сяброўстве, дабрыні, чалавечай годнасці, справядлівасці. Не стала выключэннем і кніга «Байкальскі сонцаварот». 

Сама пісьменніца прызнавалася, што штуршком да пачатку літаратурнай дзейнасці для яе стала нараджэнне ўнукаў. Таму нездарма з’яўляецца вобраз бабулі, якая прыязджае да Сцяпана і Сафіі з далёкай Беларусі ва Усходнюю Сібір, дзе знаходзіцца возера Байкал. На фоне маляўнічых краявідаў Іркуцкай вобласці і Рэспублікі Бурація адбываюцца шчырыя і чалавечыя размовы з унукамі.

Без перабольшання, «Байкальскі сонцаварот» — кніга-экскурсія. Ірына Карнаухава скрупулёзна і адказна падыходзіць да факталагічнай часткі кнігі. Так, мыс Хабой (з бурацкай — клык) — сапраўдны геаграфічны аб’ект на выспе Альхон (з бурацкай — невялікі лес). Звяртае ўвагу аўтар і на рэдкіх жывёл і расліны — эндэмікаў байкальскай экасістэмы.

Байкал — не проста самае глыбокае возера ў свеце, а месца жыхарства мноства плямён, энергетычны цэнтр і месца сілы бурацкага народа. Упершыню возера пад назвай «Бэйхай» згадваецца ў 110 годзе да нашай эры ў кітайскіх пісьмовых крыніцах. З таго часу вадаём з чыстай прэснай вадой стаў культавым і таямнічым месцам, поўным легенд і паданняў.

Пра возера пісалі і захапляліся яго краявідамі падарожнік Курбат Іваноў, рэлігійны дзеяч, пратапоп Авакум, пісьменнік 
Антон Чэхаў. 

Самыя вядомыя легенды, звязаныя з Байкалам, падкрэсліваюць яго ўзаемасувязь з рэкамі, якія ўпадаюць у возера, — Селенга, Ангара, Баргузін. Так, па адной з іх, у Байкала-бацькі было 336 сыноў-рэк і адна дачка Ангара. Тая закахалася ў Енісея і стала выносіць воды ў бок каханага, каб злучыцца з ім. 

Да ачалавечвання слыннага возера звяртаецца і Ірына Карнаухава. Толькі не прама, а праз жывёл-ахоўнікаў, якія з’яўляюцца перад Сцяпанам у выглядзе падводных цмокаў. Яны — стварэнні касмічнай цывілізацыі, якая распачалася на блакітнай планеце Гуато-Веценія. З’явіліся цмокі-ахоўнікі не проста так, а праз экалагічныя праблемы Байкала. З сярэдзіны мінулага стагоддзя востра стаіць пытанне захавання непаўторных флоры і фаўны мясцовасці. 

Акрамя тэмы беражлівага стаўлення да прыроды, бабуля Сцяпана і Сафіі ўздымае і праблему ўзаемаадносін паміж людзьмі. А галоўны сродак стварэння адносін — мова. Сталай жанчыне невыносна чуць з вуснаў унука словы накшталт «ситуёвина», «блин» і іншае. На яе думку, мова павінна адлюстроўваць унутраны свет чалавека, падкрэсліваць яго і напаўняць цеплынёй душы ўсё навокал. 

Станоўчым прыкладам для бабулі з’яўляецца японскі народ. Нібыта ў нейкі момант жыхары японскага архіпелага адмовіліся выкарыстоўваць слова «не», і ад таго людзі сталі жыць да ста гадоў. Аднак у японцаў гэта даўняя традыцыя, якая носіць іншы характар, і замест слова «не» яны могуць выкарыстаць маўчанне, ігнараванне і згоду без выканання.

Вартая ўвагі і думка аўтара пра каштоўнасць слоў. «Калі б людзі змоўклі на пяць гадоў, то пасля гэтага да размовы ўсе паставіліся б інакш», — кажа бабуля ўнукам. Сучасныя людзі прывыклі да бясконцых размоў, ліставанняў, інфарамацыі. Такая плынь не дае розуму расслабіцца і адчуць жыццё, якое адбываецца тут і зараз.

Новая кніга Ірыны Карнаухавай «Байкальскі сонцаварот» цалкам адпавядае сваёй назве. Напоўненая святлом сямейнай сустрэчы, яна раскрывае для беларускіх чытачоў невядомыя і загадкавыя старонкі гісторыі старажытнага возера Байкал. 

Валянцін САЛОМА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».