Вы тут

Будні і святы палкоўніка ратавальнай службы Анатоля Шчукі


Дзень ратавальніка Беларусі, лічы, нарадзіўся на вачах Анатоля Пятровіча. Прэзідэнт краіны зацвердзіў гэта свята ў 2000 годзе, працоўная ж біяграфія палкоўніка пачалася значна раней.


Першыя крокі на прафесійным шляху ён зрабіў у далёкія 1970-я. Выпускніка Ленінградскага пажарна-тэхнічнага вучылішча накіравалі ў Бялыніцкі аддзел унутраных спраў на пасаду інспектара дзяржаўнага пажнагляду. У раёне ён доўга не затрымаўся, ужо праз год пераехаў у Магілёў. Там малады спецыяліст узначаліў вельмі адказны ўчастак работы — быў прызначаны начальнікам варты ваенізаванай пажарнай часці № 9 на тэрыторыі вытворчага аб’яднання «Хімвалакно». Стараннасць і працавітасць адказнага супрацоўніка не засталіся без увагі, у 1975 годзе ён у якасці старшага інжынера быў пераведзены ў аддзяленне дзяржпажнагляду аддзела пажарнай аховы ўпраўлення ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама. А ў 1980-м, калі было створана новае нарматыўна-тэхнічнае аддзяленне, яго выбіраюць начальнікам. На той момант ён ужо маёр унутранай службы.

У кампетэнцыю аддзела ўваходзіла ўсё, што звязана з будаўніцтвам: выдача заключэнняў, кантроль за выкананнем супрацьпажарных норм пры складанні праектнай дакументацыі і ў працэсе ўзвядзення аб’ектаў, прыёмка іх у эксплуатацыю. Работа вельмі адказная, патрабуе вялікай аддачы.

— Гэта быў перыяд актыўнага развіцця прамысловасці, буйныя заводы з’яўляліся адзін за адным, — успамінае суразмоўца. — Мы адсочвалі, наколькі паўнавартасна выконваліся супрацьпажарныя мерапрыемствы. Ці ўсё было прадугледжана ў дачыненні да пажарнай аўтаматыкі, або, напрыклад, супрацьпажарнага водазабеспячэння. Уважліва правяралі, як гэта выканана на аб’екце. Часта тое, што датычылася бяспекі, будаўнікі пакідалі на апошні дзень. А там выбухованебяспечныя зоны, ужыванне хімічных рэчываў, фарбавальныя камеры, гаручае асяроддзе...

Калі акт прыёмкі ўгаворвалі падпісаць як бы авансам, даводзілася дзейнічаць катэгарычна. Цвёрда стаяў на сваім. У жыцці я чалавек даволі мяккі, але тут я быў непахісны. Я казаў як ёсць, разумеючы ўсю сур’ёзнасць сітуацыі. А раптам загінуць людзі?! Што тады? Чаму я павінен быць вінаваты перад імі і перад сабой? І гэтыя аргументы рабілі сваю справу.

Штогод правяраліся і праектныя арганізацыі. Маглі праверыць некалькі праектаў на прадмет супрацьпажарных патрабаванняў. Аддзел займаўся вялікай тлумачальнай работай, арганізоўваліся семінары, дзе мы расказвалі пра новаўвядзенні, тыповыя памылкі, дзяліліся актуальнай інфармацыяй.Ветэран добра памятае 1986 год, калі здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Анатолю Пятровічу давялося забяспечваць пажарную бяспеку ў раёнах вобласці, якія сталі радыеактыўна забруджаныя. На яго вачах адны вёскі цалкам высяляліся, другія спецыяльна будаваліся для перасяленцаў.

Анатоль Пятровіч быў ужо ў адстаўцы, калі яго запрасілі на працу ў Цэнтр прапаганды і навучання пры Магілёўскім абласным упраўленні МНС. Прапрацаваў спачатку старшым інспектарам, потым — галоўным спецыялістам.

— У цэнтры мы вучылі кіраўнікоў і працаўнікоў арганізацый па дзяржаўнай сістэме папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароне, — удакладняе ратавальнік. — Мы і метадычныя рэкамендацыі распрацоўвалі, і водгукі збіралі, каб улічыць заўвагі, выправіць недахопы. І дагэтуль мой вопыт запатрабаваны. У магілёўскім філіяле Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта перыядычна чытаю лекцыі на курсах павышэння кваліфікацыі, пішу артыкулы для тэматычных друкаваных выданняў па праблематыцы арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў пры забеспячэнні пажарнай бяспекі. Сачу за зменамі ў гэтай галіне, але інакш ніяк — мая інфармацыя павінна быць дакладнай. Таму звяртаюся па дапамогу да цяперашніх спецыялістаў, калег з упраўлення, цікаўлюся, кансультуюся, даведваюся пра навіны. І калегі дапамагаюць, ніколі не адмаўляюць.

На правах ратавальніка са стажам Анатоль Шчука раіць сваім маладым калегам заўсёды быць прынцыповымі і сумленна выконваць свае абавязкі. Нельга нават у паўсядзённым жыцці расслабляцца. Сваякі, суседзі, знаёмыя і нават незнаёмыя людзі па аднаму чалавеку могуць сфарміраваць меркаванне пра цэлае ведамства.

— Анатоль Пятровіч заўсёды займаў і займае прынцыповую службовую і жыццёвую пазіцыі, — расказвае пра палкоўніка старшы інспектар Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых. — Яму ўласцівыя такія рысы, як высокі прафесіяналізм, працавітасць, вялікая адказнасць, дысцыплінаванасць, сумленнасць, прыстойнасць, павага да сваёй прафесіі. Больш за дзесяць год ён з’яўляўся нязменным старшынёй першаснай прафсаюзнай арганізацыі Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС. Адзін з першых яшчэ ў 2003 годзе ўступіў у ветэранскую арганізацыю, і цяпер актыўна ўдзельнічае ў рабоце абласнога аддзялення. На працягу сямнаццаці гадоў выбіраецца намеснікам старшыні Савета ветэранаў абласнога аддзялення БГА «Ратавальнік».

— Я вельмі часта ў думках вяртаюся да сваёй службы ў ведамстве, — прызнаецца ветэран. — Як працаваў, з чаго пачынаў... І чым больш думаю, тым ясней усведамляю: мацней за ўсё мяне ўразілі людзі, якія знаходзіліся тады побач. Людзі адданыя, сумленныя і адказныя. Тыя, з якіх бяруць прыклад. Яны мяне вучылі быць прыстойным. І праз столькі гадоў успамінаю сваіх калег і сяброў з вялікай удзячнасцю.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».