Вы тут

Лукашэнка павіншаваў Старшыню Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіна са Святам Вясны


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Старшыню Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіна са Святам Вясны, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.


«Прыміце самыя цёплыя віншаванні з нагоды Свята Вясны. Мінулы год азнаменаваўся выдатнымі дасягненнямі і дастойнымі перамогамі Кітайскай Народнай Рэспублікі як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне, — адзначаецца ў віншаванні. — Увесь свет стаў сведкам яркіх зімовых Алімпійскіх гульняў у Пекіне, імклівых тэмпаў развіцця касмічнай праграмы Кітая, актыўнага прасоўвання ініцыятыў у галіне глабальнага развіцця і бяспекі, упэўненых крокаў на шляху да адраджэння вялікай кітайскай нацыі і пабудовы сацыялізму з кітайскай спецыфікай, а таксама гістарычных рашэнняў XX з'езда Камуністычнай партыі Кітая».

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, нягледзячы на ўсе цяжкасці, якія прынёс год Тыгра, мы сумеснымі намаганнямі змаглі дабіцца значных поспехаў у нарошчванні беларуска-кітайскага супрацоўніцтва. «На палях саміта ШАС падпісаны вялікі пакет двухбаковых пагадненняў, якія адпавядаюць інтарэсам абедзвюх дзяржаў і дадуць магчымасць яшчэ больш умацаваць дружбу паміж нашымі краінамі. Адносіны Мінска і Пекіна выйшлі на новы ўзровень усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства, — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі. — У індустрыяльным парку «Вялікі камень» дынамічна прасоўваецца праект у галіне традыцыйнай кітайскай медыцыны. Працягвае работу сумеснае прадпрыемства па зборцы легкавых аўтамабіляў «БЕЛДЖЫ».

Беларускі лідар запэўніў кітайскага калегу ў гатоўнасці разам і ў далейшым развіваць увесь комплекс беларуска-кітайскіх адносін, паглыбляць узаемадзеянне на міжнароднай арэне ў мэтах пабудовы справядлівага і мірнага глабальнага парадку. Аляксандр Лукашэнка запрасіў Сі Цзіньпіна наведаць Беларусь, дзе яго ведаюць і цэняць як сапраўднага сябра і дзе яму будзе аказаны самы цёплы і сардэчны прыём.


Трус гукае вясну

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Се СЯАЮН распавёў «Звяздзе» пра кітайскія знакі задыяка і Новы год

— Напярэдадні Новага года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас інтэрв'ю падарыў вядучым тэлепраграмы «Добрай раніцы, Беларусь!» некалькі трусянят, сказаўшы аб тым, што трус з'яўляецца сімвалам 2023 года, і пажадаўшы здароўя і даўгалецця, міру і дабрабыту. Як пасол Кітая ў Беларусі я глыбока захапляюся разуменнем Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам кітайскай культуры і адчуваю шчырую радасць ад таго, што яе ў Беларусі любяць і шануюць, — заўважыў кітайскі дыпламат.

Светлы шлях

— Сёлета 22 студзеня адзначаецца Свята вясны — першы дзень года Труса. Гэтае звераня ў Кітаі лічыцца сімпатычнай, мілай жывёлай, яго вобраз мае багатыя культурныя канатацыі. З выгляду трус рахманы, мілы, наіўны і актыўны. Такія яго паводзіны маюць на ўвазе тое, што год будзе ўлагоджаным і выдатным, прынясе шчасце і здзяйсненне жаданняў, — адзначыў Се Сяаюн. — Па сваёй здольнасці трус спрытна скача, з лёгкасцю пераадольвае перашкоды, што азначае ўменне пераўзыходзіць сябе і пераадольваць цяжкасці. Як вядома, гэтая жывёла звычайна рыхтуе некалькі гнёздаў для хованкі. У Кітаі ёсць выраз «у хітрага зайца тры нары», што азначае розум, пільнасць і ўменне абараніць сябе. Калі казаць аб вымаўленні слова «трус» у кітайскай мове — «тую», то яно з'яўляецца амонімам слова «шлях», што азначае светлую будучыню, рэалізацыю вялікіх поспехаў.

Паводле старажытных кітайскіх легенд, на Месяцы жыве чарадзейны трус, белы, як нефрыт, з галавы да ног, і клічуць яго Юту — «Нефрытавы трус». Ён трымае нефрытавы таўкачык і цэлы дзень расцірае лекі. Звычайныя людзі, якія прынялі гэтыя лекі, могуць стаць бессмяротнымі, таму трус таксама прыносіць здароўе і даўгалецце. Кітайцы лічаць, што людзі, народжаныя ў розныя гады, маюць розныя характары. Той, хто нарадзіўся ў год Труса, як правіла, далікатны, добры, шчыры, нязмушаны і знаходлівы, сціплы і ветлівы, уважлівы да дэталяў і цярплівы, а таксама добрасумленны і адказны, гэта значыць, валодае адным з найлепшых характараў.

Вялікія гадзіны

— Знакі задыяка таксама называюць каляндарнымі жывёламі года нараджэння, а менавіта «Цзы-Пацук», «Чоў-Бык», «Інь-Тыгр», «Маа-Трус», «Чэнь-Дракон», «Сы-Змяя», «У-Конь», «Вэй-Авечка», «Шэнь-Малпа», «Ю-Курыца», «Сюй-Сабака» і «Хай-Свіння». Існуе мноства легенд і паданняў аб парадку і паходжанні дванаццаці знакаў задыяка, — распавёў кітайскі дыпламат. — У адным з іх гаворыцца аб тым, што легендарны Нябесны імператар абраў дванаццаць жывёл у якасці знакаў задыяка і арганізаваў спаборніцтва па бегу. Кот папрасіў Пацука дапамагчы падаць яго заяўку на ўдзел, але той забыўся гэта зрабіць, так гэтыя жывёлы і сталі ворагамі. Бык быў самым старанным, ён раней за ўсіх прачнуўся і накіраваўся ўдзельнічаць у спаборніцтве, думаючы, што першы. Але і не падазраваў, што Пацук ужо ўпотай залез на яго спіну, каб паспаць, а калі Бык ужо амаль дабраўся да фінішу, ён саскочыў і атрымаў першае месца. Свіння была самая лянівая і бегла павольней за ўсіх, таму яна змагла заняць толькі апошняе месца.

У дадатак да міфаў і легенд іншае больш рэалістычнае сцвярджэнне складаецца ў тым, што знакі задыяка з'явіліся ў выніку аб'яднання жыццёвага досведу старажытнай кітайскай земляробчай цывілізацыі. Дванаццаць знакаў задыяка спарадкавалі ў адпаведнасці з дванаццаццю «вялікімі гадзінамі» аднаго дня. Такім чынам, «шычэнь»: ноччу з 23.00 і да 1.00 наступнага дня — гэта першая «вялікая гадзіна» — час «Цзы». У гэты час пад покрывам ночы актыўна ходзяць пацукі, таму яго называлі «Цзы-Пацук». З 1.00 да 3.00 — час «Чоў». Быкі прывыкалі пасвіцца ўначы, і сяляне прачыналіся глыбокай ноччу, каб іх пакарміць, таму называлі «Чоў-Бык». З 3.00 да 5.00 — час «Інь». Тыгры хаваюцца днём і лютуюць ноччу, старажытныя людзі часта ў гэты час чулі іх роў, таму называлі «Інь-Тыгр». Перыяд на світанку з 5.00 да 7.00 — гэта час «Маа». Трусы любяць есці траву з ранішняй расой, адсюль і назва «Маа-Трус». З 7.00 да 9.00 раніцы — час «Чэнь». У гэты час часта назіраецца туман. Кітайская легенда распавядае, што цмок любіць катацца на аблоках і тумане, таму называлі «Чэнь-Цмок». З 9.00 да 11.00 надыходзіць час «Сы». Калі туман рассейваецца, змеі вылазяць са сваіх нор у пошуках ежы, таму звалі «Сы-Змяя». З 11.00 да 13.00 — час «У». Апоўдні дзікія коні заўсёды бегаюць і ржуць, таму называлі «У-Конь». З 13.00 да 15.00 пасля апоўдня надыходзіць час «Вэй». У гэты час пастухі часта адчыняюць агароджу, каб пасвіць авечак, таму звалі «Вэй-Авечка». Прамежак з 15.00 да 17.00 называецца часам «Шэнь». У гэты час сонца глядзіць на захад, крычаць малпы, таму называлі «Шэнь-Малпа». З 17.00 да 19.00 — час «Юй». Калі сонца садзіцца, курыца кружыцца перад гняздом, таму называлі «Ю-Курыца». З 19.00 да 21.00 — час «Сюй». Людзі працавалі не складаючы рук увесь дзень, а пасля замыкалі дзверы і рыхтаваліся да адпачынку, а сабакі ляжалі перад дзвярыма, ахоўваючы ўваход, таму называлі «Сюй-Сабака». З 21.00 да 23.00 надыходзіў час «Хай». У начной цішыні можна было пачуць тое, як штурхалі свае карыты свінні, таму называлі «Хай-Свіння».

Дванаццаць сімвалаў

— Колькі б ні было розных легенд пра паходжанне дванаццаці знакаў задыяка, адно несумненна: выбар гэтых духоўных «жывёл-сімвалаў» яскрава адлюстроўвае прыхільнасць кітайскай культуры да адзінства прыроды і чалавека, а таксама светаўспрыманне сяброўскага абыходжання з жывёламі і мірнага суіснавання, — падкрэсліў Се Сяаюн. — Як толькі сфарміравалася сістэма дванаццаці знакаў задыяка, яна не толькі аб'ектыўна адыграла ролю ў займальным летазлічэнні і ў кіраўніцтве вытворчасцю і паўсядзённым жыццём фермерскага грамадства, але і хутка спарадзіла багатыя і маляўнічыя культурныя і мастацкія выразы, якія ўзбагацілі кітайскую культуру.

Таксама існуе мноства легенд і паданняў, якія насамрэч улічвалі характэрныя асаблівасці розных жывёл, яны напоўнены мноствам алегорый. Пацук сімвалізуе бясконцае жыццё і росквіт. У старажытным Кітаі існаваў выраз: «Пацукі ў амбары — лішак збожжа ў доме». Сэнс гэтага выказвання ў тым, што, калі пацукі ўпотай з'елі збожжа ў нейкай сям'і, значыць, тут яго даволі, людзі жывуць у добрым здароўі. Бык з'яўляецца неад'емнай часткай традыцыйнай кітайскай фермерскай супольнасці. Кітайцы маюць глыбокую прыхільнасць да гэтай жывёлы, надзяляючы яе шматлікімі добрымі якасцямі, такімі як працавітасць, дабрыня, сумленнасць, прастата і гэтак далей. Тыгр — цар звяроў, ён з'яўляецца шчаслівым сімвалам адвагі, непахіснасці і аховы спакою. Дракон мае нязменны статус сярод кітайцаў. Яны называюць сябе «нашчадкамі дракона». У адрозненне ад заходніх драконаў, кітайскі з'яўляецца сімвалам шчаслівага прадвесця і высакароднасці. Змяя ідзе за драконам і вядомая як «маленькі дракон», сімвалізуючы настойлівасць і гнуткасць. Конь са старажытных часоў быў добрым сябрам чалавека. Ён сімвалізуе адвагу, стойкасць, вернасць і добрасумленнасць, а таксама ўвасабляе імкненне да мэты. Кітайцы таксама часта называюць людзей, якія валодаюць адмысловымі навыкамі ці здольнасцямі, «цяньліма», што значыць «хуткаходны скакун, які прабягае ў дзень 500 кіламетраў». Авечкі, рахманыя і добрасардэчныя, сімвалізуюць у кітайскай культуры ўрадлівы год, а таксама прыязнасць і мір, прыносяць багацце. Малпа разумная і пільная, надае вялікае значэнне сяброўству, любіць справядлівасць. Вядомы ў Кітаі і за мяжой Вялікі Мудрэц, Роўны Небу, Цар малпаў Сунь Укун, з'яўляецца такім тыповым вобразам. Курыца сімвалізуе адвагу і дбайнасць, а таксама ўвасабляе добрасумленны і скрупулёзны падыход да працы. Сабака — увасабленне вернасці, надзейнасці, працавітасці і адданасці справе, а свіння — пакорлівасць, прастата, шчодрасць і велікадушнасць. Дванаццаць знакаў задыяка не толькі ўвасабляюць спазнанне і ўспрыманне кітайскімі продкамі прыроды і саміх сябе, але таксама з'яўляюцца квінтэсэнцыяй мудрасці і мар кітайскага народа, поўныя імкнення да шчаслівага жыцця і пажаданняў дабрабыту.

Масты сяброўства

— Кітай усё больш і больш адкрываецца свету і выходзіць на глабальную арэну. На ўсіх кантынентах адзначыліся кітайцы. Свята вясны паступова ператвараецца ў глабальнае свята. Дванаццаць знакаў задыяка таксама больш не з'яўляюцца проста кітайскай традыцыяй, а сталі мастом для сяброўскіх узаемаадносін кітайскага народа і народаў усяго свету. З таго часу, як Пошта Кітая выдала першы выпуск памятных марак «Залатая малпа» да Свята вясны 1980 года, які атрымаў шырокае прызнанне, Паўднёвая Карэя, Японія, Манголія і іншыя азіяцкія краіны таксама наперабой пачалі выпускаць серыі марак з выявамі жывёл кітайскага задыяка, а далей гэтая мода распаўсюдзілася ў Еўропе і ЗША. Цяпер кітайскія знакі задыяка даўно ўжо выйшлі з Азіі і набылі папулярнасць па ўсім свеце, іх ведаюць і любяць людзі ва ўсіх кутках планеты, у тым ліку і ў Беларусі.

Мінулы год быў годам Тыгра. Кітайска-беларускія адносіны чарговы раз павысілі сваю якасць і перайшлі на новы ўзровень на аснове існуючага добрага падмурка, здзейсніўшы гістарычны скачок. У верасні мінулага года Старшыня Сі Цзіньпін і Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падчас двухбаковай сустрэчы ў Самаркандзе прынялі рашэнне павысіць кітайска-беларускія адносіны да ўзроўню ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства, надаўшы новы імпульс кітайска-беларускаму супрацоўніцтву ў розных галінах. Упэўнены, што дзякуючы стратэгічнаму кіраўніцтву і агульнаму клопату кіраўнікоў дзвюх дзяржаў, а таксама сумесным намаганням органаў улады і сяброў з розных колаў грамадства дзвюх краін, у Свята вясны года Труса кітайска-беларускае ўсепагоднае і ўсебаковае стратэгічнае партнёрства, несумненна, сустрэне яшчэ больш чароўную вясну, — перакананы кітайскі дыпламат, — а кітайска-беларускае супрацоўніцтва ў розных галінах, несумненна, адкрые шырэйшыя перспектывы развіцця.

Падрыхтаваў Мікалай ЛІТВІНАЎ

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.