Вы тут

Абеліскі параненай зямлі. Сімвалы гістарычнай памяці


Чаму беларусы ніколі не змірацца з тым, што ў Еўропе зносяцца помнікі воінам-вызваліцелям, і што робіцца для таго, каб імя салдата, які доўгі час лічыўся зніклым без вестак, было вернута сваякам.


Помнік ахвярам генацыду у Чонкаўскім лесе пад Гомелем.

У той час, як у краінах, якіх мы называем суседзямі, фальсіфікуюцца падзеі Другой сусветнай вайны, разбураюцца помнікі воінам-вызваліцелям, а адпаведна, падрываюцца маральныя ўстоі грамадства, у Беларусі свята захоўваецца памяць аб найбольш трагічным перыядзе ў сусветнай гісторыі. У кожным раёне — помнікі, абеліскі, мемарыялы, якія сведчаць аб тым, колькі пакут прынеслі нацысты на беларускую зямлю. Прычым усе яны — у добрым стане: і абсалютна няважна, знаходзяцца памятныя знакі на цэнтральнай плошчы горада або ў лесе, на месцы былой вёскі, якую фашысты бязлітасна сцерлі з геаграфічнай карты. Больш за тое, мы не толькі шануем і даглядаем тыя пастаменты, якія ў нас ужо даўно ёсць. Мы ўзводзім новыя сімвалы нашай гістарычнай памяці, якая з кожным годам толькі мацуецца і перадаецца з пакалення ў пакаленне.

У дэбютным выпуску нашага новага праекта «Абеліскі параненай зямлі» мы пагутарылі з начальнікам упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войн Узброеных Сіл палкоўнікам Сяргеем ВАРАНОВІЧАМ, які расказаў, колькі воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр войн знаходзіцца на дзяржаўным уліку, хто за іх адказвае. Акрамя таго, пагаварылі пра дзейнасць унікальнага падраздзялення — 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных Сіл, які праводзіць вялікую работу па выяўленні няўлічаных пахаванняў воінаў і мірных жыхароў, вяртае імёны з небыцця — гэтым самым скарачаючы спіс тых, хто загінуў без вестак.

— Сяргей Мікалаевіч, вы, як чалавек ваенны, напэўна, эмоцыі праяўляеце нячаста. Аднак ці можна змірыцца з тым, як здзекуюцца з памяці савецкіх воінаў у еўрапейскіх краінах?

— Улады, якія змагаюцца з помнікамі, на мой погляд, адчуваюць сваю слабасць. Знішчаючы абеліскі і мемарыялы, яны паказваюць сваю ўяўную перавагу перад кімсьці, бо іншых спосабаў не знаходзяць. І калі прыбіраюцца памятныя знакі — паўбяды, але ж апаганьваюцца месцы, дзе знаходзяцца астанкі людзей, — гэта ўвогуле блюзнерства. Гэтыя людзі або не ведаюць гісторыі, або проста не разумеюць, што робяць. У Рэспубліцы Беларусь, Расійскай Федэрацыі такое нават уявіць немагчыма. Наадварот, жыхары нашых краін, калі ведаюць аб няўлічаных пахаваннях, усё робяць для таго, каб гэта месца было як мінімум абазначана. Праз беларускую зямлю прайшлі шматлікія войны. І гэта не толькі Вялікая Айчынная. Да нашай тэрыторыі мелі дачыненні і падзеі 1812 года, найбольш кровапралітныя баі Першай сусветнай вайны адбыліся менавіта на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Увекавечанне памяці загінулых, якія абаранялі сваю Айчыну ў розныя гістарычныя перыяды, даніна павагі да іх — адметная рыса беларусаў. Таму, вядома, мы ніколі не змірымся з тым, што адбываецца ў тых краінах, дзе зносяцца помнікі салдатам-вызваліцелям.

— У зоне адказнасці ўпраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войн — вядзенне ўліку воінскіх пахаванняў...

— Усе яны — а гэта каля 8300 воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр войн шматлікіх гістарычных перыядаў — знаходзяцца пад аховай дзяржавы. Штогод сумесна з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі наша ўпраўленне ставіць на дзяржаўны ўлік каля 100–120 воінскіх пахаванняў. Гэта вялізная работа, якая яшчэ раз сведчыць аб тым, што жыхары Беларусі неабыякавыя да сваёй гісторыі. Людзі памятаюць аб тых падзеях і не жадаюць, каб тое, што адбылося на нашай зямлі звыш васьмі дзесяцігоддзяў таму, калі-небудзь паўтарылася.

— У якім рэгіёне Беларусі найбольшая колькасць воінскіх пахаванняў?

— Вялікая колькасць баёў адбылася ў 1943–1944 гады, калі лінія судакранання паміж бакамі, якія ваююць, трымалася каля дзевяці месяцаў і калі пачалася беларуская наступальная аперацыя «Баграціён». Найбольшая колькасць воінскіх пахаванняў знаходзіцца ў Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай і Мінскай абласцях.

— Колькі ў нашай краіне помнікаў, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны?

— Звыш 7200 помнікаў. Больш як 5600 з іх устаноўлена на пахаваннях воінаў рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі, звыш 1600 помнікаў увекавечвае памяць мірнага насельніцтва, якое загінула ў выніку злачыннай дзейнасці акупантаў. За кожным пахаваннем мясцовымі ўладамі замацаваны адказныя. Як правіла, гэта прадпрыемствы, калгасы, арганізацыі, установы адукацыі. Усе пахаванні знаходзяцца пад нашым кантролем. Штогод да 9 Мая або 3 ліпеня адміністрацыі райвыканкамаў інфармуюць нас аб тым, у якім стане на дадзены момант знаходзіцца кожнае пахаванне ў іх раёне. Дарэчы, на добраўпарадкаванне пахаванняў і падтрыманне іх у належным стане дзяржавай выдзяляюцца грашовыя сродкі. Адна з тэндэнцый апошняга часу — устанаўленне на воінскіх пахаваннях QR-кодаў, дзякуючы якім можна даведацца гісторыю канкрэтнага пахавання. Такі інфармацыйны сладнік проста неабходны сучаснаму чалавеку, які жадае на месцы даведацца аб тым, што ён убачыў.

— Улічваючы, што расследаванне па крымінальнай справе аб генацыдзе ў дачыненні да беларускага народа працягваецца, а адпаведна, выяўляюцца новыя ахвяры нацысцкага рэжыму, помнікаў стане яшчэ больш...

— Ахвяр генацыду мы перазахоўваем у тыя пахаванні, дзе ўжо спачываюць мірныя жыхары. Калі гэта вялікі ўчастак, дзе пахавана ад ста і больш ахвяр, абазначаем межы пахавання, не падымаючы астанкі. Перавага аддаецца ўзбуйненню тых пахаванняў, якія ўжо ёсць, а не памнажэнню новых. Выканаўчыя і распарадчыя органы ўлады па тэрытарыяльным прынцыпе імкнуцца знойдзеныя астанкі падзахоўваць ва ўжо створаныя пахаванні. Аднак пажадана, каб гэта было ў межах адной тэрытарыяльнай адзінкі. Падобныя пытанні ў любым выпадку ўзгадняюцца з намі, каб не было такога, што воін або ахвяра вайны загінулі ў адной мясцовасці, а пахавалі іх у іншым раёне. Гэта, напэўна, будзе гістарычна няправільна.

— Ці з’явіцца адзіны помнік ахвярам генацыду беларускага народа?

— У нас створана межведамасная камісія па ўвекавечанні памяці ахвяр генацыду беларускага народа, якую ўзначальвае Міністэрства абароны. Я з’яўляюся намеснікам старшыні гэтай камісіі. Адно з пытанняў, якімі займаецца камісія, звязана са стварэннем адзінага мемарыяльнага помніка (знака), прысвечанага ахвярам генацыду. Спачатку мы планавалі, што створым яго на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Хатынь». Аднак камісія паглядзела, што ва ўсіх абласцях, дзе адбываліся гэтыя жудасныя здзекі з мірных грамадзян, ёсць свая гісторыя, свае сімвалічныя месцы, звязаныя з генацыдам, які ў дачыненні да беларусаў праводзілі нацысты. Таму вызначылі, што ў кожнай вобласці павінны быць створаны адметныя памятныя знакі. Над праектамі працуе Міністэрства культуры сумесна з Генеральнай пракуратурай. Эскізы памятных знакаў узгадняюцца, у некаторых рэгіёнах над імі ўжо вядзецца актыўная работа. Напрыклад, у Гомельскай вобласці памятны знак ахвярам генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўсталяваны каля населенага пункта Чонкі Гомельскага раёна, у Брэсцкай вобласці ён з’явіцца каля ўрочышча Стасіна Столінскага раёна. На поўначы Беларусі адпаведным чынам будзе мемарыялізавана тэрыторыя каля аднаго з дамоў па вуліцы Крылова ў Віцебску. На Гродзеншчыне для гэтых мэт вызначаны мемарыяльны комплекс у мікрараёне Фолюш у абласным цэнтры, на Магілёўшчыне — мемарыял паблізу аграгарадка Палыкавічы, што ў Магілёўскім раёне. Натуральна, на тэрыторыі Міншчыны найбольш яскравым прыкладам правядзення палітыкі генацыду ў дачыненні да беларускага народа з’яўляецца мемарыяльны комплекс «Хатынь», у Мінску — тэрыторыя мемарыяльнага комплексу «Трасцянец». Плануецца, што адзіныя памятныя знакі будуць устаноўлены сёлета да 9 снежня, калі будзе адзначацца Міжнародны дзень памяці ахвяр генацыду.

— Сяргей Мікалаевіч, вайскоўцы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна рыхтуюцца да новага пошукавага сезона. А з якімі вынікамі вы завяршылі мінулы год?

— За 2022 год упраўленнем па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войн Узброеных Сіл у аўтаматызаваны банк даных «Кніга памяці Рэспублікі Беларусь» мы ўнеслі звесткі аб больш як 9000 загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны. На дзяржаўны ўлік паставілі 57 воінскіх пахаванняў і 122 пахаванні ахвяр войн. У пошукавай дзейнасці нам дапамагалі восем рэгіянальных пошукавых грамадскіх аб’яднанняў з Расійскай Федэрацыі (Рэспубліка Татарстан, Маскоўская, Ніжагародская, Пензенская, Ульянаўская вобласці), пошукавікі з Казахстана, а таксама дзесяць рэгіянальных пошукавых грамадскіх аб’яднанняў Беларусі. Летась мы правялі пошукавыя работы на 105 пошукавых аб’ектах, у тым ліку на 26 — у межах крымінальнай справы, узбуджанай Генеральнай пракуратурай па фактах генацыду. У ходзе пошукавых работ паднялі з зямлі і перадалі для перапахавання 1685 астанкаў ваеннаслужачых Чырвонай Арміі і астанкі 642 ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя таго, былі выяўлены 19 салдат Расійскай імператарскай арміі перыяду Першай сусветнай вайны і пяць удзельнікаў Супраціўлення. Устаноўлены звесткі аб 122 загінулых. Па Першай сусветнай вайне сталі вядомыя імёны 77 салдат, па Другой сусветнай — 45 вайскоўцаў. У 13 з іх устаноўлены сваякі. Астанкі траіх загінулых перапахаваны на радзіме — у Яраслаўскай, Ульянаўскай і Арэнбургскай абласцях Расіі. Таксама мы абазначылі межы пахаванняў ста ваеннаслужачых Першай сусветнай вайны і 717 ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.

— Устанаўленне межаў не прадугледжвае раскопак?

— Дзякуючы актам Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, якая вяла расследаванне злачынстваў нацыстаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, па некаторых пахаваннях нам вядомая колькасць астанкаў, якая ў іх утрымліваецца. Каб іх не падымаць, мы робім раскопы па перыметры пахавання і абазначаем яго. У такім выпадку нам няма неабходнасці весці палявыя пошукавыя работы, бо дзякуючы дакументам мы ведаем колькасць загінулых.

— Колькі пошукавых экспедыцый запланавана на гэты год?

— На цяперашні момант ва ўпраўленне паступіла звыш 150 інфармацыйных лістоў па Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі і звыш 120 — у межах расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе. Пошукавыя работы будзем праводзіць ва ўсіх абласцях і раёнах Беларусі. Раскопкі, як заўсёды, пачнуцца ў красавіку і працягнуцца да кастрычніка. Калі будуць прыдатныя ўмовы надвор’я, то палявыя пошукавыя работы завершацца ў лістападзе.

— Акрамя грамадскіх аб’яднанняў, якія традыцыйна падказваюць вам месцы, дзе могуць знаходзіцца астанкі, адкуль яшчэ паступае інфармацыя?

— Ад грамадзян, якія шукаюць сваіх сваякоў, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Яшчэ засталіся жыхары, якія ведаюць, дзе прыблізна на тэрыторыі іх населенага пункта могуць быць няўлічаныя пахаванні. Яны звяртаюцца ў ваенны камісарыят або ў райвыканкам па месцы жыхарства для складання інфармацыйнага ліста. Як правіла, гэтыя людзі і паказваюць пошукавікам канкрэтнае месца. Інфармацыя пацвярджаецца прыкладна ў 80 % выпадках. Калі пошукавыя работы не прыносяць выніку, гэта не азначае, што мясцовыя жыхары нас дэзынфармавалі. Людзі проста не ведаюць, што ў пасляваенны перыяд праводзіліся ўзбуйненні воінскіх пахаванняў — адпаведна раскопкі ва ўказаных імі месцах былі ажыццёўлены раней, астанкі загінулых перапахавалі ў іншыя месцы.

— Як так атрымліваецца, што сведак тых падзей з кожным годам становіцца ўсё менш, а колькасць палявых пошукавых работ толькі павялічваецца?

— Рассакрэчаны многія архіўныя матэрылы. Людзі пачалі актыўна працаваць у архівах, цікавіцца гісторыяй свайго роду. У выніку ў іх з’яўляецца інфармацыя, з якой насельніцтва звяртаецца да нас. Некаторыя людзі цікавяцца гэтым гістарычным перыядам, самастойна вывучаюць баявы шлях пэўных падраздзяленняў — і без нашай дапамогі ім таксама не абысціся. Так, сведак тых падзей з кожным годам становіцца ўсё менш, але архіўная даследчая работа не дае нам сядзець без справы.

— Ці вялікі шанц падчас раскопак устанавіць імя загінулага?

— Невялікі. У 1942 годзе медальёны, у якіх захоўвалася інфармацыя аб ваеннаслужачым, адмянілі. На змену ім прыйшлі чырвонаармейскія кніжкі. Потым было павер’е, што калі запоўніць медальён, то яго ўладальнік абавязкова загіне. Адпаведна многія салдаты іх і не запаўнялі. Некаторыя хавалі ў медальёны махорку. Як правіла, з дзесяці медальёнаў, якія знаходзім, толькі тры ўдаецца прачытаць. І гэта нядрэнны вынік. Нават запоўненыя медальёны, якія праляжалі ў зямлі некалькі дзясяткаў гадоў, не заўсёды ўдаецца аднавіць: адкрываеш медальён, а ўкладыш рассыпаецца. Устанавіць імя загінулага таксама могуць дапамагчы спадарожныя знаходкі. Часам знаходзім з астанкамі кацялок, флягу або лыжку, на якіх пазначана прозвішча вайскоўца. Бывае, што імя адлюстравана на рамяні. Што датычыцца дакументаў, то за столькі часу, якія яны праляжалі ў зямлі, ідэнтыфікаваць іх практычна немагчыма. Аднак бываюць і выключэнні: не так даўно пад Пінскам з балота выцягвалі загінулага лётчыка. Дык ён усе гэтыя гады быццам знаходзіўся ў скафандры: і яго цела, і дакументы захаваліся ў добрым стане.

— Адна справа — устанавіць імя салдата. А ці лёгка знайсці яго сваякоў?

— На жаль, гэта адбываецца не так часта. Робім запыты ў ваенкаматы па месцы прызыву: удакладняем, ці пражываюць у гэтай мясцовасці блізкія або далёкія сваякі гэтага чалавека. Калі знаходзім, то сваякі прымаюць рашэнне, дзе вайсковец будзе перапахаваны: або на сваёй радзіме, або на тэрыторыі нашай краіны. Адбываецца з гэта з адпаведнымі рытуаламі — беларусы ўмеюць быць удзячнымі тым, хто некалі цаной свайго жыцця абараняў Айчыну.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».