Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава прыняла ўдзел у пасяджэнні Лепельскага райвыканкама Віцебскай вобласці. Падчас сустрэчы з актывам раёна былі ўзняты пытанні рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады» і падведзены вынікі работы назіральных камісій за 2022 год.
Лепельшчына — маляўнічы куток нашай краіны, наскрозь працяты воднымі артэрыямі. Тут размяшчаюцца беларускія здраўніцы: ваенны санаторый, дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Жамчужына», горад мае выгаднае геаграфічнае становішча, адным словам, усе фактары садзейнічаюць не толькі замацаванню кадраў, але і паляпшэнню дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне. Галоўная задача кіраўніцтва — забяспечыць маладых спецыялістаў жыллём і добрай зарабатнай платай, стварыць камфортныя ўмовы працы.
Аб тым, што замацаванне ўрачоў у Лепельскім раёне знаходзіцца на высокім узроўні — паказчык складае 100 працэнтаў — на пасяджэнні райвыканкама далажыў галоўны ўрач Лепельскай цэнтральнай раённай бальніцы Аляксей Пракоф’еў. Ён таксама адзначыў, што гэты ж паказчык сярод астатняга медперсаналу значна ніжэйшы — прыкладна 70 працэнтаў, — што абумоўлена міграцыяй кадраў у іншыя ўстановы медыцынскага абслугоўвання Лепельшчыны, аднак усе медработнікі застаюцца ў межах раёна. З мэтай падтрымкі маладых спецыялістаў кіраўніцтва прадастаўляе арэнднае жыллё, так у мінулым годзе ўрачы засяліліся ў чатыры новыя арэндныя кватэры, усяго за апошніх два гады медработнікам было прадастаўлена 26 кватэр і месцаў у інтэрнаце.
Наталля Качанава адзначыла важнасць правядзення рэальнай работы па дыспансерызацыі насельніцтва без бюракратызму і пацікавілася, якая работа з насельніцтвам праводзіцца па гэтым пытанні. «Абавязковая штогадовая дыспансерызацыя насельніцтва — ідэя выдатная, заканадаўча замацаваная. Важна на месцах прадумаць стратэгію яе эфектыўнай рэалізацыі. Вы маеце права самастойна абраць найбольш прыдатную для раёна схему працы, каб было зручна і людзям, і лекарам, і галоўнае — дзейсна», — падкрэсліла Наталля Іванаўна.
Пакуль у Лепельскай раённай бальніцы складаюць аптымальную сістэму працы з насельніцтвам, магчыма, яўка на дыспансерызацыю для грамадзян будзе абрана месяцам нараджэння.
Старшыня Савета Рэспублікі абазначыла праблемы ў сферы аховы здароўя раёна, на якія варта звярнуць увагу: дэмаграфічная сітуацыя, павышэнне смяротнасці грамадзян па прычыне сардэчна-сасудзістых захворванняў, высокі працэнт людзей, якія злоўжываюць алкаголем. «Да вырашэння апошняга пытання павінны падключыцца не толькі ўрачы, а ўсе арганізацыі і службы. Мы не маем права адкідаць каго-небудзь, гэта ўсе нашы людзі».
Людзі, якія пакутуюць ад алкагольнай залежнасці, міжволі зніжаюць паказчык не толькі сферы аховы здароўя, але і бяспекі. Так, у 2022 годзе ад знешніх прычын у Лепельскім раёне загінулі 19 чалавек, 12 з якіх знаходзіліся ў стане ап’янення. З 36 пажараў 25 адбыліся па прычыне невыканання правілаў бяспекі жыццядзейнасці катэгарыраванымі грамадзянамі. З мэтай зніжэння колькасці дарожна-транспартных здарэнняў, на якіх летась загінулі 4 чалавекі, было ўстаноўлена шэсць штучных няроўнасцяў і абсталявана пяць пешаходных дарожак. Траса М3, якая з’яўляецца галоўнай транспартнай артэрыяй Лепеля, адначасова з’яўляецца і месцам павышанай небяспекі: недастатковае асвятленне, дзікія звяры, якія выходзяць на дарогу. «Сёлета пачнуцца рамонтныя работы на лепельскай трасе, ужо з бюджэту выдзелены сродкі», — адзначыла Наталля Качанава.
Падводзячы вынік сустрэчы з актывам раёна, старшыня верхняй палаты парламента яшчэ раз звярнула ўвагу на адказнасць кожнага кіраўніка на месцах за фарміраванне ўстойлівай эканомікі і пазітыўнага іміджу рэгіёна. «Калі ўсе пачнуць займацца агульнай справай, гэта абавязкова дасць добры вынік».
Аляксандра ГВОЗДЗЕВА
Аб іншых адрасах паездкі Наталлі Качанавай на Лепельшчыну — у бліжэйшым выпуску «Мясцовага самакіравання»
Фота: ТГ-канал Савета Рэспублікі
Відэаназіранне, празмерныя запыты, публічнае распаўсюджванне.
Ацяпляльныя «лайфхакі» вяскоўцаў.