Вы тут

У iмя сваёй Радзiмы


Пра пражытае і пра новыя аспекты дзейнасці Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі распавядае старшыня аддзялення, празаік, публіцыст, драматург, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Гаўрыловіч. 


— Уладзімір Мікалаевіч, на выніковым сходзе аддзялення прагучала адназначна: у 2022 годзе абласная арганізацыя працавала адказна, мэтанакіравана і творча. Што ў гэтым дапамагала?

— Магу толькі дадаць: усё, чым займаліся творцы, рабілася ў імя роднай Беларусі, у імя нашага чытача... Пісьменнікі рэгіёна сёння выступаюць не толькі як мастакі слова, але і як праваднікі дзяржаўных пазіцый у галіне культуры, традыцый, гісторыі. Іх смела можна назваць народнымі ідэолагамі, настаўнікамі-выхавальнікамі. 

— Завяршыўся Год гістарычнай памяці. З 2021 года на Гомельшчыне працягваўся і Год класічнай літаратуры і чытання. Якія акцэнты тут рабіліся? 

— У першую чаргу ўвага ўдзялялася папулярызацыі кнігі, асабліва сярод моладзі. За год абласным аддзяленнем самастойна, а таксама ў садружнасці з органамі ўлады, культуры, адукацыі, партнёрамі праведзена звыш 150 мерапрыемстваў патрыятычнай тэматыкі, у тым ліку звыш 80 у перыяд падрыхтоўкі і правядзення XXIX Дня беларускага пісьменства ў Добрушы. 

— Зразумела, што многае залежыць ад актыўнасці кожнага прафесіянала... 

— Па індывідуальна-творчай дзейнасці можна засведчыць: 30 выдадзеных кніг агульным накладам 19,8 тысячы экзэмпляраў (што на ўзроўні мінулых гадоў), 1417 сустрэч пісьменнікаў з чытачамі (на 25 % болей, чыму 2020–2021 гадах). Найбольш актыўныя аўтары — Міхась Болсун, Аляксандр Каляда, Юрый Плескачэўскі. Пісьменнікі вобласці актыўна выступалі ў перыядычным друку краіны: апублікавана звыш 540 твораў, у тым ліку і буйных жанраў, паэтычных цыклаў, падборак, на розных электронных рэсурсах змешчана звыш 3,5 тысяч публікацый. Пра дзейнасць Гомельскага абласнога аддзялення і нашых членаў актыўна размяшчаліся інфармацыі ў штотыднёвіку «ЛіМ», за што мы ўдзячны супрацоўнікам выдання. 

— Пра актыўнасць і эфектыўнасць працы гомельскіх пісьменнікаў сведчаць узнагароды, якімі яны адзначаны.

— За сваю творчую і грамадскую працу, за перамогі ў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах пісьменнікі вобласці атрымалі за год 135 грамат і дыпломаў, 15 аўтараў адзначаны медалямі творчых структур Беларусі, Расіі, Украіны. 

— Як адзначалася на сходзе, дасягнуць значных вынікаў было б вельмі цяжка, каб не падтрымка надзейных партнёраў і сяброў аддзялення... 

— Мы не можам спадзявацца толькі на сябе і многае робім у садружнасці з партнёрамі. Так, у 2022 годзе мы актыўна працавалі з упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, Галоўным упраўленнем адукацыі аблвыканкама, аддзеламі адукацыі раёнаў вобласці, сістэмай прафтэхадукацыі і вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Гомельшчыны... Мы адгукаліся на ўсе прапановы партнёраў і нам, звычайна, не адмаўлялі, дапамагалі ў ажыццяўленні праектаў. 

— А як ушаноўвалі памяць класікаў? 

— На працягу года на Гомельшчыне актыўна адзначаліся юбілеі беларускіх песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа, 100-годдзе Міколы Гамолкі, ладзіліся юбілеі славянскіх пісьменнікаў — у іх гонар прайшлі ўрачыстыя мітынгі, сходы, святы. Наш творчы калектыў самы актыўны ўдзел прымаў і ў фестывалі кнігі «ЧытайГОМЕЛЬ». Дарэчы, сёлета сузаснавальнікам рэгіянальнага фестывалю стане і Саюз пісьменнікаў Беларусі, таму літаратурных падзей будзе больш.

— Цікавыя і карысныя для чытачоў і пісьменнікаў традыцыйныя літаратурныя фестывалі. Якімі былі самыя значныя падзеі?

— З 31 жніўня да 5 верасня праходзілі Міжнародны фестываль-свята «Славянскія літаратурныя дажынкі», IV абласны фестываль літаратуры «На зямлі Кірылы Тураўскага», V Форум маладых літаратараў. Усяго ў іх рамках праведзена 47 літаратурных мерапрыемстваў. А самымі значнымі ў грамадска-культурным і асветніцкім плане былі наступныя фестывальныя падзеі: І Міжнародны конкурс перакладаў «Сожскія берагі дружбы», міжнародныя прэс-канферэнцыя і круглы стол па праблемах славянскай літаратуры і прэзентацыя беларуска-рускага перакладчыцкага праекта «Зямля — наш агульны дом. Анталогія сучаснай сусветнай паэзіі», высадка Літаратурнай алеі на Замкавай гары Мазыра, арганізацыя канцэртных праграм ганаровага госця фестываляў — народнага артыста Беларусі, члена СПБ Эдуарда Ханка, конкурс песеннай культуры «Беларусь мая мова і песня» і многае іншае. Час фестываляў — вельмі цяжкі перыяд для нас, але мы вельмі радуемся і самі, калі нас падтрымліваюць улады, калі чытачы, юныя і дарослыя, рады сустрэчам з пісьменнікамі. Гэта стымулюе ісці наперад. 

— Па ацэнцы пісьменніцкай грамадскасці і не толькі, ХХІХ Дзень беларускага пісьменства быў самым цёплым і запамінальным. У гэтым ёсць і заслуга пісьменнікаў-гамяльчан... 

— Аддзяленне напоўніцу паказала свой твар, кожны літаратар знайшоў сваё месца ў прасторы рэспубліканскага свята, актыўна ўключыліся ў агульную размову з чытачом і аматарскія аб’яднанні, якімі кіруюць пісьменнікі-прафесіяналы. Так, за нашу працу не сорамна ні перад кім. Працавалі сумленна. Хаця грамадскай арганізацыі многае ажыццявіць самастойна было вельмі складана. Дзякуй вялікі тым, хто падтрымаў. 

— Савет абласнога аддзялення з мэтай папулярызацыі творчасці класікаў і сучасных беларускіх пісьменнікаў правёў шэраг акцый і конкурсаў... Гэта ж вельмі няпроста! Якія найбольш значныя для падрастаючага пакалення? 

— Нам падаецца, што ўсе яны важныя, бо прывучаюць любіць сваю Айчыну... Можна нагадаць пра конкурсы «Захаваем свет разам!» альбо памяці Васіля Ткачова, Міколы Гамолкі. Ці «Незабыўны подзвіг. Міша Мароз». Альбо «Сэрца на далоні. Іван Шамякін». Такія праекты-конкурсы нялёгка арга-
нізоўваць, але яны неабходныя для развіцця пачуцця патрыятызму, любові да літаратуры і мовы ў нашай будучыні — школьнікаў. 

— Аддзяленнем арганізоўваюцца і ўрокі патрыятызму...

— Яны, як правіла, проходзілі ў школах, дзіцячых садах, бібліятэках. Летась па ўзгадненні з Галоўным упраўленнем адукацыі і сумесна з абласной бібліятэкай намі была створана пазакласная навучальная ўстанова «Школа міру, мужнасці і патрыятызму». У першых дзвюх чвэрцях настаўнікамі працавалі творцы, якія маюць педагагічную ці журналісцкую адукацыю. Тэмы ўрокаў — «Беларусь — краіна герояў», «Тую вайну нельга забыць...», 
«Мая гісторыя Вялікай Перамогі», «Беларусь — мая зямля». Хачу адзначыць, што арганізацыя Школы — адзін з этапаў стварэння і абласнога літаратурнага аб’яднання «Слова». 

— А дзеля чаго яно ствараецца? 

— «Слова», як мы задумалі, аб’яднае ўсіх, хто піша, аматараў прыгожага пісьменства, асабліва творчую моладзь, з усёй вобласці, і, як думаецца, будзе спрыяць росту іх прафесіяналізму. Паэты і празаікі аддзялення будуць працаваць як метадысты, настаўнікі-дарадцы для творчай моладзі, а секцыі паэзіі і прозы папаўняцца за кошт таленавітых маладых аўтараў, членаў аматарскіх аб’яднанняў і клубаў. Будуць распрацаваны цікавыя семінары. Думаецца, што мы на правільным шляху...

— Гомельскае аддзяленне СПБ актыўна працуе і ў кірунку развіцця міжнародных творчых кантактаў...

— Найперш, вялікае значэнне мае фармат тэлемастоў. Дзякуючы шматгадоваму ўдзелу ў міжнародных перакладчыцкіх праектах у нашым аддзяленні больш за два дзясяткі літаратараў-паэтаў дасягнулі ўзроўню прафесійных перакладчыкаў. Гэта вельмі сур’ёзны вынік! Летась споўнілася 10 гадоў супрацоўніцтву паміж гомельскімі і растоўскімі і краснадарскімі пісьменнікамі. У знак гэтага арганізатары «Славянскіх літаратурных дажынак» разам з расійскімі партнёрамі — актывам Міжнароднага фестывалю «Берагі дружбы» — пайшлі далей традыцыйных конкурсных заданняў для моладзі і прафесіяналаў у фарматах форумаў: ажыццявілі паэтычныя пераклады твораў як вядомых, так і маладых аўтараў з усяго свету на рускую і беларускую мовы. Адзначу, што такім быў водгук беларускіх і рускіх пісьменнікаў на прапанову аб супрацоўніцтве з боку міжнароднага літаратурнага руху «Свет без сцен». Вынікам агульнай працы сталі два тамы кнігі «Зямля — наш агульны дом. Анталогія сучаснай беларускай паэзіі» на рускай і беларускай мовах. У рамках міжнароднага праекта «Берагі дружбы» выйшлі яшчэ 8 кніг перакладаў, у стварэнні якіх удзельнічалі гомельскія паэты. На беларускай мове кнігі выходзяць у Расіі! Яны выдадзены ў Растоўскай вобласці, падораны бібліятэкам нашай краіны і аўтарам-перакладчыкам. Усе арганізацыйна-творчыя моманты паспяхова вырашаў Савет абласнога аддзялення СПБ. Тут не радуе адно: у нас няма сродкаў, каб наведваць расійскія фестывалі... 

— Вельмі балючае пытанне — сыход таленавітых творцаў. Якія робіце захады, каб памяць пра пісьменнікаў доўжылася? 

— Летась аддзяленне панесла сур’ёзныя страты. Нас назаўжды пакінулі Іван Лосікаў, Міхаіл Дзедавец і Васіль Ткачоў. Дзеля ўшанавання памяці калег публікуюцца артыкулы ў нашых альманахах, у СМІ. Асаблівы след у мастацкай літаратуры пакінуў Васіль Ткачоў — лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі за кнігу «Характары». Савет аддзялення прыняў рашэнне аб правядзенні гумарыстычнага конкурсу ў яго гонар, падведзены вынікі ўжо другога. У студзені 2023-га на фасадзе дома, дзе жыў творца, усталявана інфармацыйная дошка — наша ініцыятыва знайшла падтрымку ў гарвыканкаме, за што мы ўдзячны яго былому старшыні Пятру Кірычэнку і новаму кіраўніку Уладзіміру Прывалаву, а таксама кіраўніцтву завода ліцця і нармаляў «Гомсельмаша». Паспрабуем правесці конкурс казкі ў гонар казачніка Анатоля Караленкі, які рана пайшоў з жыцця…

Разам з памяццю пра калег дбаем пра будучыню, пра пашырэнне творчых радоў. Прыняты ў арганізацыю тры яркія празаікі і публіцысты — Уладзімір Міроненка, Наталля Шастакова і Максім Шастакоў. Спадзяёмся, падтрымалі сапраўдныя таленты. 

— На сходзе таксама быў зроблены аналіз новых мастацкіх кніг. Якія з іх можна адзначыць асобна? 

— Тут можна гаварыць пра многіх маіх калег... Але ж здзейсненае Соф’яй Шах — кніга «Дыядэмная споведзь. Вянок вянкоў вянкоў санетаў» — адназначна творчае дасягненне. Яркія кнігі выйшлі і ў пераможцаў Х абласнога конкурсу на саісканне прэміі імя Тураўскага. Гэта выдатная паэзія Ніны Шкляравай, цудоўная публіцыстыка Тамары Кручэнкі, шматгранная проза і паэзія для дзяцей Яўгена Калашнікава. Цудоўным адкрыццём года стала проза раманіста-непрафесіянала Жанэты Сычовай — медыка па адукацыі. Спадзяюся, што на многія пытанні сённяшняга жыцця адказвае чытачу і мая кніга «Там, дзе цячэ Пуць-рака»... 

— Што чакае абласную пісьменніцкую супольнасць у 2023 годзе? 

— Галоўнае — стварэнне высокамастацкіх твораў, сугучных нашаму жыццю і нашым рэаліям, падтрымка дзяржаўнасці Беларусі і яе канстытуцыйных норм у грамадстве. Кожны пісьменнік павінен быць прапагандыстам міру і згоды ў Беларусі. Жыць разам з народам і не падзяляць яго думы, перажыванні, не радавацца яго дасягненням — злачынства для пісьменніка. Новае гучанне набудзе Міжнародны фестываль «Славянскія літаратурныя дажынкі» — ён пройдзе ў фармаце 10 творчых аўтарскіх вечароў вядомых пісьменнікаў Беларусі, Расіі і Украіны (форум будзе прысвечаны 85-годдзю Гомельскай вобласці і 85-годдзю Анатоля Грачанікава). Пісьменніцкая арганізацыя прыняла рашэнне аб аб’яўленні на Гомельшчыне Года сучаснай беларускай патрыятычнай літаратуры, які прыйдзе на змену Году класічнай літаратуры і чытання. 

— А ці застанецца ў пісьменніка Уладзіміра Гаўрыловіча час на працяг рамана «Па веры вашай...»? 

— Калі атрымаю божае блаславенне, то напішацца новы твор з ужо добра вядомымі чытачу героямі. Хачу гэта зрабіць, зразумела. Але не стану загадваць. Бо кіраваць суполкай і арганізоўваць творчыя справы нялёгка. Адно радуе, што маю шмат аднадумцаў (актыў аддзялення, бібліятэкары, настаўнікі...) і іх своечасовую падтрымку. Ведаю: нашы асветніцкія клопаты падзяляе старшыня аблвыканкама Іван Крупко, а ў асобе новага намесніка старшыні па сацыяльных пытаннях Дзмітрыя Алейнікава мы бачым надзейнага партнёра ва ўсіх творча-грамадскіх пачынаннях. Для іх, як і для нас, пісьменнікаў, няма другасных пытанняў. Ні ў чым! 

Гутарыла Валянціна КАНСТАНЦІНАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».