Вы тут

Анатоль Федарук. Здольнасць «чытаць» змененую прастору


Працяглы перыяд жыцця звязваў мяне з прафесарам Анатолем Тарасавічам Федаруком. Сустрэўся і пазнаёміўся з навукоўцам падчас падрыхтоўкі і правядзення навуковай канферэнцыі «Садова-паркавае мастацтва Беларусі: прырода і людзі, гісторыя і сучаснасць», якая праводзілася ў 2000 годзе сумесна з навуковай лабараторыяй рэгіянальнай культуры ГрДУ імя Янкі Купалы. У супрацоўніцтве з ёй рыхтавалі канферэнцыю, правядзенне якой запланавана было, у тым ліку, у сценах школы-гімназіі № 30 (цяпер гімназія № 1 імя акадэміка Я. Ф. Карскага г. Гродна).


Анатоль Федарук. Фота Віталя Карнелюка.

Гімназія знаходзіцца на ўскраіне Румлёўскага парку, які ўяўляе сабой рэшткі былой шляхецкай сядзібы XIX ст. і былога «лагернага месца», якім тэрыторыя была з канца XIX да другой паловы ХХ стагоддзя. У той час парк ужо меў статус помніка прыроды. Менавіта гэтыя абставіны сталі падставай звярнуцца да Анатоля Федарука, якога я асабіста тады не ведаў. Меў толькі яго кнігу «Садова-паркавае мастацтва Беларусі». Не згадаю цяпер, дзе знайшоў яго тэлефон. Пэўна, у Вольгі Валяр’янаўны Адорскай, спецыяліста Гродзенскага абласнога ўпраўлення прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якая кантактавала з ім. На маё запрашэнне на канферэнцыю Анатоль Тарасавіч адгукнуўся ахвотна. Папрасіў толькі, каб быў дыяпраектар для дэманстрацыі слайдаў з выявамі паркаў Беларусі. Пасяджаэнне праходзіла ў 121 кабінеце гімназіі — тады класным пакоі (цяпер там музей Я. Ф. Карскага). Выступленне Анатоля Федарука было самым доўгім і захапляльным. Гэта была феерычная чарада ўражанняў ад шматлікіх (больш за 200) слайдаў з выявамі розных аб’ектаў садова-паркавай спадчыны краіны. Ніхто такое ніколі не бачыў.

Потым была экскурсія для ўдзельнікаў канферэнцыі па Румлёўскім парку. Распавядалі пра Румлёва мы, але атрымалася, што даведваліся больш самі ад Анатоля Тарасавіча: пра планіроўку, асаблівасці флоры, гаспадароў-шляхціцаў Румлёўскага маёнтка. Даведаліся і пра ўзрост кляновай алеі, якую А. Т. Федарук датаваў 20-мі гг. ХІХ ст., аб баскетах, інтрадуцэнтах парку.

Сустрэча на канферэнцыі паклала пачатак нашаму з Анатолем Тарасавічам знаёмству. Да тэмы Румлёва мы звярталіся яшчэ неаднойчы. Нейкія пытанні задаваў ён, калі пісаў кнігу «Старыя сядзібы Гродзеншчыны», а ў 2011 годзе, падчас рэалізацыі праекта добраўпарадкавання Румлёўскага парку, мы звярнуліся да Анатоля Тарасавіча з прапановай даць уласную ацэнку парку. І атрымалі адказ, у якім былі і наступныя радкі: «Парк в Румлево относится к числу лучших пейзажных парков Гродненщины. Несмотря на потери и разрушения, в нем в общих чертах достаточно хорошо просматриваются композиционно-стилевые приёмы, выражены основные планировочные оси, места видовых точек…»

У 2003 годзе Анатоль Федарук быў з дачкой Наталляй у Гродне. Абое працавалі ў НГАБ, у бібліятэцы рэдкай кнігі ГДГАМ. Шмат гулялі па горадзе. Мне неаднаразова пашчасціла сустрэцца і пагутарыць з гэтай выдатнай парай — бацькам і дачкой.

З тымі шпацырамі па горадзе звязаны эпізод, калі Анатоль Тарасавіч выказаў слушную (і гэта пацвердзіў час) крытыку добраўпарадкавання берагоў ручая Юрыдыка. Па схіле яго правага берага былі шчыльна пасаджаны разнастайныя расліны, часам вельмі экзатычнага выгляду. Было лета, усё цвіло і выглядала быццам бы нядрэнна. Але Анатоль Тарасавіч з горыччу заўважыў, што гэтыя расліны праіснуюць адзін сезон і загінуць, таму што, па-першае, пасаджаны занадта шчыльна і перашкаджаюць адна адной, а па-другое, проста не вельмі прыстасаваны да мясцовасці.

Анатоль Федарук. Фота Уладзіміра Багданава.

Улетку 2004-га атрымалася паўдзельнічаць у палявой «вылазцы» з Анатолем Федаруком. Гэта стала магчымым дзякуючы дапамозе Аляксандра Ільіча Кроя, краязнаўцы і настаўніка гімназіі. На яго машыне мы паехалі ў вёскі Котра, Мігова, Коматава. Падчас гэтага палявога даследавання, якое ажыццяўляў Федарук, мы сталі сведкамі эрудыцыі і вопыту, якія ён спакойна, добразычліва і з прыкметным уласным захапленнем ад пейзажаў дэманстраваў. Анатоль Тарасавіч у вёсцы Котра па ледзь заўважных прыкметах расліннасці — дрэў, кустоўя, падросту — змог убачыць сляды планіроўкі былой сядзібы. Ён натуральным чынам «чытаў» змененую амаль цалкам прастору населенага пункта і бачыў зусім іншыя дэталі ўшчэнт знішчанага садовапаркавага комплексу.

Падчас гэтай паездкі Аляксандр Крой паказаў нам свае родныя мясціны і іх славутасці: Царкву ў гонар Праабражэння Гасподняга ў Коматаве, знакі старадаўніх могілак. Расказаў пра адпачынак у Мігове акадэміка Е. Ф. Карскага.

Наступная падобная «вылазка» была зноў на аўтамабілі Аляксандра Кроя, падчас чарговага візіту Анатоля Федарука ў Гродна. Было гэта ў 2006 ці 2007 годзе. Мы адправіліся ў вёску Гарны Гродзенскага раёна, у наднёманскія мясціны, якія належалі ў свой час прадстаўнікам роду Брыенаў дэ Лясі. Анатоль Тарасавіч тады абышоў усю алею, якая засталася ад маёнтка Гарны, палічыў яе крокамі, сфатаграфаваў з розных бакоў. Потым зафіксаваў на камеру сцены былых стайняў. І прыемна здзівіў нас (мы тады яшчэ не прывыклі да такіх імправізаваных адкрыццяў навукоўцы) узнаўленнем дэталяў таго, што было на месцы цяперашніх сажалкі і вакольнага хмызняку. На гэтым «востраве» пасярод поля даследчык заўважыў месца былога палацавага дома і дзвюх (!) сажалак. Пацвярджэннем слоў Анатоля Тарасавіча стаў аповед мясцовага жыхара, які іх помніў. І пацвердзіў не толькі факт існавання пабудовы, але і даволі дэталёва апісаў. Гэтае апісанне супадала з тымі словамі, якія мы толькі што чулі ад навукоўцы.

Выступленне на канферэнцыі. Фота Віталя Карнелюка.

Адчуванне гістарычных крыніц, якімі для Анатоля Тарасавіча былі і матэрыяльныя аб’екты, пабудаваныя або спланаваныя чалавекам, і раслінны свет, які спалучае мясцовыя пароды і экзоты для нашай мясцовасці, заўважалася ў ім на кожным кроку нашых палявых выхадаў. Гэтая якасць навукоўцы выразна выявілася і падчас чарговага знаёмства з быццам бы вя­домай мясцовасцю — раёнам вуліцы Рэпіна ў Гродне. Усім вядома, што тут некалі знаходзілася адна з сядзіб Станіслава Аўгуста Панятоўскага — Аўгустова. Цяпер ад яе засталіся толькі капліца і гаспадарчая пабудова, а таксама рэшткі алеі ўздоўж самой вуліцы. Прагулка з Анатолем Федаруком па тых месцах у кампаніі біёлага і краязнаўцы Віталя Станіслававіча Гуменнага дазволіла паглядзець на гэтую цалкам змененую з часоў XVIII ст. прастору іншымі вачыма. Анатоль Тарасавіч сваім «трэцім вокам» заўважыў чараду кустоў і паказаў на яе як на былую лінію дрэў, што вялі да сядзібы манарха Рэчы Паспалітай. Адзначым, што на тым месцы, куды паказваў прафесар, быў кальцавы прыпынак аўтобуса, і нішто не нагадвала аб сядзібе. Тым не менш, пералічваючы яшчэ шэраг ускосных прыкмет, Анатоль Тарасвіч даволі доказна давёў, што тут знаходзіўся цэнтр сядзібнага комплексу.

Аднойчы, падчас нашых вандровак па рэчышчы ракі Ласасянкі — раёна былога Кунсштадта (запланаванага горада Майстроў) часоў А. Тызенгаўза, даследчык звярнуў увагу на невялікія парасткі бэзу, а таксама нейкія травяністыя расліны і адзначыў, што тут раней былі двары, прычым заможных гаспадароў: гэтыя расліны былі менавіта ў такіх дварах, патлумачыў Ана­оль Тарасавіч. І далей ішоў шэраг прыкладаў з розных садова-паркавых месцаў краіны.

Неаднойчы Анатоль Федарук завітваў у Гродзенскую гімназію № 1 імя акадэміка Я. Ф. Карскага. Першы раз гэта было ў 2011-м. Тады ён выступіў на чарговай навукова-практычнай канферэнцыі па праблемах школьнага краязнаўства і рэгіяналістыкі «Румлёўскія чытанні» з дакладам «Эпоха барочнага класіцызму ў сядзібным дойлідстве Гродзеншчыны». Усе, хто ўпершыню меў магчымасць слухаць яго, адзначалі рэдкі талент прамоўцы Анатоля Тарасавіча. Гэта быў талент зараджаць сваёй захопленасцю.

Другі раз навуковец прыехаў у нашу гімназію з публічнай лекцыяй для ўдзельнікаў 2-й абласной краязнаўчай вучнёўскай канферэнцыі «Край Гарадзенскі». Было гэта ў красавіку 2014 года. Візіт Анатоля Федарука супаў з выхадам яго кнігі аб старадаўніх сядзібах Гродзеншчыны. Анатоля Тарасавіча чакалі, трымаючы ў руках яго кнігу, каб атрымаць аўтаграф вядомага даследчыка. Выступленне перад вучнямі, настаўнікамі, выкладчыкамі і краязнаўцамі горада і вобласці (каля 300 чалавек) доўжылася амаль паўтары гадзіны. Да гэтага часу многія ўспамінаюць тую прамову.

Сядзіба Багудзенькі. Фота Андрэя Дыбоўскага.

І яшчэ два эпізоды, якія нельга не згадаць. Першы — аб сціпласці прафесара. Падчас аднаго з візітаў навукоўцы ў Гродна будынак нашага чыгуначнага вакзала быў на капітальным рамонце. І некаторы час білетныя касы і месца (залай гэта не назавеш) чакання размяшчаліся ў вагончыку побач з будынкам. Ведаючы, што Анатоль Тарасавіч павінен быў з’ехаць дадому, я патэлефанаваў увечары, каб нешта перапытаць. «А я яшчэ ў Гродне, — пачуў я ў трубцы голас Федарука. — Пераблытаў расклад і вось чакаю. Праз паўгадзіны будзе чарговы цягнік». — «Дзе чакаеце?» — «А тут, у вагончыку на станцыі».

Другі эпізод — сведчанне выключнай патрабавальнасці даследчыка як да сябе, так і да тых, з кім супрацоўнічаў. Неяк яго запрасілі на біялагічны факультэт нашага ўніверсітэта. Выступаў у былой актавай зале па вуліцы Даватара. Вялікія вокны няшчыльна завесілі, і з-за святла карцінка на экране была невыразнай. Выступленне адбылося. Але Анатоль Тарасавіч настолькі перажываў з-за кепскай якасці візуалізацыі сваёй лекцыі, што нават захварэў. І больш на гродзенскім біяфаку не выступаў...

Цяпер засталася толькі памяць. І кнігі. Чарговая, дзякуючы намаганням удзячных спадкаемцаў і калег, убачыла свет у 2022 годзе. На яе старонках — цуд палацавага мастацтва Свіслацкага і Слонімскага раёнаў. Чакаюць свайго часу яшчэ расповеды Анатоля Федарука пра Смаргонскі і Шчучынскі раёны Гродзеншчыны.

Віталь КАРНЯЛЮК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.