Вы тут

У Пінскім раёне ўрачыста адкрылі буйны свінагадоўчы комплекс


Студзеньская непагадзь не перашкодзіла святочнаму настрою шматлікіх удзельнікаў мерапрыемства на поўдні Пінскага раёна. Чырвоную стужку, якая дала зялёнае святло важнаму аб’екту ў справе харчовай бяспекі, перарэзалі пад дружныя апладысменты прысутных. Гэтая ганаровая місія выпала старшыні Брэсцкага аблвыканкама Юрыю Шулейку, міністру энергетыкі краіны Віктару Каранкевічу, намесніку міністра сельскай гаспадаркі і харчаванння Уладзіміру Гракуну, гаспадарам комплексу.


Пабудавалі гэты сельскагаспадарчы аб’ект у рэкордна кароткія тэрміны. Распараджэнне «Аб рэалізацыі інвестыцыйнага праекта» было падпісана кіраўніком дзяржавы 26 студзеня 2022 года, і ўжо вясной на пляцоўку паміж Малымі і Вялікімі Дзікавічамі прыйшлі будаўнікі. Адразу быў узяты надзвычай высокі тэмп работы. На аб’екце адначасова працавала некалькі соцень чалавек. Летам тут шчыраваў будатрад, комплекс быў аб’яўлены абласной маладзёжнай будоўляй. Пры нарматыўных тэрмінах будаўніцтва ў 18 месяцаў рабочыя і спецыялісты дзяржаўнага аб’яднання «Брэстаблсельбуд» справіліся з работай менш чым за год.

Як паведаміў генеральны дырэктар будаўнічай кампаніі Уладзімір Вабішчэвіч, для ўзвядзення аб’екта быў выбраны праект, што прадугледжвае самыя сучасныя тэхналогіі:

—Узялі на ўзбраенне дацкі вопыт. Абсталяванне запраграмавана так, што лішнія корм і вада падавацца не будуць, паступае роўна столькі, колькі будзе ўжывацца жывёлай.

Комплекс належыць Пінскаму камбінату хлебапрадуктаў і разлічаны на 24 тысячы галоў свіней. Камбінат ужо мае падобную ферму каля населенага пункта Бакінічы, атрымлівае там 4,7 тысячы тон мяса ў год замест 3,5 тысячы праектных. Васіль Невар, дырэктар Пінскага камбіната хлебапрадуктаў, не без гонару адзначае, што існуючы комплекс самы прадуктыўны ў краіне. Самую высокую сярэднесутачную прыбаўку ў вазе атрымліваюць менавіта ў Бакінічах.

Такую ж колькасць свініны плануюць атрымліваць на новым комплексе. Такім чынам, у Пінскім раёне замахнуліся на вытворчасць у год каля дзевяці тысяч тон мясной сыравіны. Тады поўнасцю будуць задаволены патрэбы Пінскага мясакамбіната, бо перапрацоўчае прадпрыемства вымушана купляць сыравіну ў Расіі. Паралельна комплекс стане свайго роду сыравіннай страхоўкай для іншых прадпрыемстваў рэгіёна. На долю рэгіёна прыходзіцца амаль палова вытворчасці каўбасных вырабаў і траціна — мясных паўфабрыкатаў ад агульнай колькасці па рэспубліцы.

На рэалізацыю інвестыцыйнага праекта патрачана 55,5 мільёна рублёў. З іх 25 мільёнаў — з пазабюджэтнага цэнтралізаванага фонду Міністэрства энергетыкі. Зараз завершана ўзвядзенне ўсіх вытворчых будынкаў, на завяршаючай стадыі мантаж абсталявання і добраўпарадкаванне тэрыторыі.

Камплектацыя свінапагалоўя будзе весціся пачынаючы з наступнага месяца. Ужо закуплена 10 галоў высокапрадуктыўных кныроў у Даніі, жывёлы знаходзяцца на каранціне перад засяленнем у новы свінакомплекс. А ўжо ў сярэдзіне лютага ферма-рэпрадуктар будзе запоўнена пяцістамі свінаматкамі. Плануецца, што да жніўня колькасць іх вырасце да 1400 галоў. Усяго на комплексе штомесяц будзе ўтрымлівацца да 16 тысяч свіней. На праектную магутнасць у 24 тысячы плануецца выйсці ў наступным годзе.

Як адзначыў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка, у ходзе рэалізацыі гэтага інвестыцыйнага праекта дасягнуты адзіны тэхналагічны ланцужок — ад вытворчасці камбікорму да вырошчвання свіней у межах аднаго прадпрыемства:

— І не ў гэтым адным пастаўлены своеасаблівы рэкорд. Рэкорднымі былі тэмпы будаўніцтва, калі на пэўным прамежку часу тут працавала да 600 чалавек. Сёння гэта самы новы ў плане тэхналогій комплекс па вытворчасці свініны, якая так патрэбная нашай перапрацоўчай галіне.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота: ТГ-канал Палеская праўда

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?