Вы тут

Як развіваецца персаніфікаваная сістэма ўліку?


Даведацца, ці плаціць ваш работадаўца ўзносы ў фонд сацыяльнай абароны, што дае вам права на будучую пенсію, а таксама пра свой працоўны стаж хутка можна будзе праз мабільны дадатак. Ён з'явіцца ўжо ў гэтым месяцы і дазволіць атрымаць усе звесткі пра сваю працоўную біяграфію — перыяды работы, прафесію і займаную пасаду, у якога работадаўцы вы працавалі, а таксама па якіх падставах было звальненне.


Як кантраляваць работадаўцу?

У дадатку — інфармацыя за апошнія 20 гадоў: з 1 студзеня 2003 года, калі, уласна кажучы, і пачала дзейнічаць персаніфікаваная сістэма ўліку.

— Дадатак дазволіць без электроннага лічбавага подпісу прайсці ідэнтыфікацыю праз банкаўскую сістэму, калі ў вас маецца мабільны банкінг. Акрамя сваёй працоўнай біяграфіі — перыядаў работы, прафесіі, пасады, у якога работадаўцы вы працавалі і на якіх падставах было звальненне, — можна атрымаць інфармацыю пра страхавыя ўзносы. Тут кожны грамадзянін можа не проста цікавіцца, а са свайго боку кантраляваць работадаўцу, ці налічваюцца ўзносы ў фонд сацыяльнай абароны ў поўным аб'ёме, — расказала кіраўнік Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Юлія БЕРДНІКАВА.

На падставе тых звестак, якія назапашаны за 20 гадоў, можна будзе разлічыць і свой страхавы стаж — колькі гадоў, месяцаў і дзён будзе ўлічана для будучай працоўнай пенсіі. Нагадаем, што для яе атрымання ёсць мінімальны парог. Сёлета ён складае 19 гадоў страхавога стажу. І кожны год павялічваецца на паўгода, пакуль не дасягне 20 гадоў у 2025-м.

Атрымаць пералічаныя звесткі з сістэмы персаніфікаванага ўліку можна яшчэ двума спосабамі. Традыцыйны шлях — звярнуцца ў тэрытарыяльны орган фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Спатрэбіцца дакумент, які сведчыць асобу, і заява. Вам выдадуць выпіску з індывідуальнага рабочага рахунку з інфармацыяй, у якога наймальніка вы працавалі, перыяды ўплаты ўзносаў у бюджэт фонду і пашыраную інфармацыю, ідэнтычную той, што маецца ў працоўнай кніжцы. Летась такім спосабам скарысталася 35 тысяч чалавек.

Больш сучасны спосаб — атрымаць звесткі на адзіным партале электронных паслуг. Такая магчымасць з'явілася ў 2016-м і з кожным годам набірае папулярнасць. Але ёй можна скарыстацца пры наяўнасці электроннага лічбавага подпісу. Летась органамі фонду сацыяльнай абароны аказана больш за пяць мільёнаў электронных паслуг. Часта людзі не самі іх выкарыстоўваюць, а звяртаюцца ў банкаўскую ўстанову для атрымання мікракрэдытаў. Тая, у сваю чаргу, са згоды грамадзяніна атрымлівае даныя ў фондзе.

4,5 мільёна беларусаў працуюць, 2,4 мільёна атрымліваюць пенсіі

Сістэме персаніфікаванага ўліку 1 студзеня споўнілася 20 гадоў. Яе вядзеннем займаецца фонд сацыяльнай абароны. Такім чынам у 2003 годзе на кожнага працуючага грамадзяніна ў органы фонду паступілі даныя аб адкрыцці індывідуальных асабовых рахункаў. Тады аднамомантна іх было адкрыта 4,5 мільёна.

Цяпер у сістэме персаніфікаванага ўліку маецца больш чым 8,3 мільёна індывідуальных асабовых рахункаў. З іх летась індывідуальнымі звесткамі папаўняліся 4,5 мільёна — менавіта столькі грамадзян ажыццяўлялі працоўную дзейнасць летась. Астатнія асабовыя рахункі адкрыты на грамадзян, якія ўжо дасягнулі адпаведнага ўзросту, атрымліваюць пенсіі і не ажыццяўляюць працоўную дзейнасць. Атрымальнікаў — каля 2,4 мільёна.

Аднак нават у выпадку смерці асабовы рахунак не закрываецца, бо інфармацыя з яго можа спатрэбіцца пры прызначэнні пенсіі па страце кармільца. І тут істотным з'яўляецца той факт, што кармілец быў застрахаваны.

Якая інфармацыя ёсць на асабовым рахунку?

На кожнага пры ўладкаванні на першае рабочае месца адкрываецца індывідуальны асабовы рахунак, які суправаджае яго ўсю працоўную дзейнасць. Звесткі, якія на яго заносяцца, у будучыні, пры афармленні пенсіі, дазволяць без папер пацвердзіць права на яе. Акрамя перыядаў работы, даты прыёму і звальнення, адлюстроўваюцца перыяды працы і памеры штомесячнага заробку, на які налічваліся і плаціліся абавязковыя ўзносы. Сёння гэта 29 %, з іх 1 % утрымліваецца з заработнай платы, а 28 % уплачвае работадаўца.

Паколькі гэтыя звесткі акумулююцца ў электронным выглядзе толькі з 2003 года, то пакуль што пры афармленні пенсіі дзейнічае гібрыдная сістэма. Калі рабочая дзейнасць ажыццяўлялася да 1 студзеня 2003 года, яе перыяды трэба пацвердзіць працоўнай кніжкай і папяровымі даведкамі аб памеры заробку. Калі да часу дасягнення пенсіённага ўзросту арганізацыя, у якой вы працавалі да 2003 года, ліквідавана, ва ўстаноўленым парадку звесткі запрошваюцца ў архіўных установах. З 2003 года звесткі пацвярджаюцца выпіскай з індывідуальнага асабовага рахунка, гэта адбываецца без удзелу грамадзяніна.

Сёння даныя, якія ўлічваюцца ў асабовых рахунках, накіраваны не толькі на тое, каб захаваць пенсіённыя правы. Яны з'яўляюцца пацверджаннем і сацыяльных гарантый, што прадстаўлены цэлым комплексам дапамог. На сацыяльнае страхаванне ўплачваецца 6 % заробку. З іх акумулююцца сродкі, якія з'яўляюцца крыніцай выплат дапамог па часовай непрацаздольнасці (бальнічных), сямейных дапамог, у прыватнасці, аднаразовай у сувязі з нараджэннем дзіцяці, па доглядзе малога да трох гадоў. Усе звесткі таксама паступаюць на асабовы рахунак і ўлічваюцца.

Сведчаннем таго, што ваш індывідуальны асабовы рахунак існуе, з'яўляецца наяўнасць у вас пасведчання дзяржаўнага пенсіённага страхавання — зялёнай пластыкавай карткі. І пры выкананні работы па працоўным ці грамадзянска-прававым дагаворы ці прадпрымальніцкай дзейнасці на ваш асабовы рахунак адразу паступаюць і захоўваюцца звесткі, неабходныя як для прызначэння пенсіі, так і выплаты дапамог.

Як зменіцца парадак налічэння бальнічных?

Сістэма персаніфікаванага ўліку паступова ўдасканальваецца. У прыватнасці, з 1 ліпеня 2019 года даныя, якія характарызуюць працоўную дзейнасць, істотна пашырыліся. Акрамя даты прыёму і звальнення, паступае інфармацыя, якая адлюстроўвае назву прафесіі і пасады, па якой працуе грамадзянін, форму рабочых адносін, інфармацыю аб прысвоеным класе, разрадзе, кваліфікацыйнай катэгорыі, падставы, па якіх грамадзянін звольнены. Гэта дазваляе максімальна наблізіць інфармацыю на індывідуальным рахунку да той, што маецца ў працоўнай кніжцы.

З 1 красавіка 2022 года былі зменены тэрміны падавання інфармацыі аб руху працоўных рэсурсаў. І сёння фонд сацыяльнай абароны валодае ёй у рэжыме рэальнага часу. Калі грамадзянін прымаецца на работу, то работадаўца не пазней за 5 каляндарных дзён дае інфармацыю аб гэтым. Пры звальненні звесткі паступаюць не пазней за дзень.

З 1 студзеня 2024 года зменіцца парадак налічэння бальнічных і дапамог пры цяжарнасці і родах. Даныя персаніфікаванага ўліку стануць асноўнымі пры іх разліку.

— Сутнасць новаўвядзенняў у тым, што цяпер дзяржава бярэ на сябе адказнасць за правільнасць разліку двух параметраў, — тлумачыць Юлія Берднікава. — Першы (ён існаваў і раней) — вызначэнне памеру сярэднядзённага заробку, з якога будзе налічвацца дапамога. Калі раней яго самастойна разлічвала бухгалтарская служба, то з 2024 года ён будзе разлічвацца па тых даных, якія ўлічаны ў індывідуальным асабовым рахунку грамадзяніна. Другі параметр — працягласць удзелу грамадзяніна ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання (за які час уплачваліся ўзносы ў сістэму дзяржаўнага сацыяльнага страхавання). Мы іх разлічым і выдадзім бухгалтарскай службе для разліку дапамогі.

Другі параметр — новы, ён з'явіўся ў сувязі са змяненнем палажэння аб парадку прызначэння працоўных дапамог па часовай непрацаздольнасці, цяжарнасці і родах. Калі працягласць уплаты ўзносаў складзе 10 гадоў і больш, то з першага дня захворвання грамадзяніну ў памеры 100 % будзе кампенсаваны страчаны заробак. Калі працягласць да 10 гадоў, то памер дапамогі будзе налічаны ў памеры 80 % страчанага заробку. Сёння дапамога не залежыць ад працягласці ўплаты ўзносаў у бюджэт фонду і разлічваецца наступным чынам: 80 % з 1 да 12-га дня хваробы і з 13-га дня — 100 % страчанага заробку.

Змяняецца і разліковы перыяд, на падставе якога вылічваецца дзённы заробак, у яго будзе ўваходзіць 18 апошніх месяцаў, нават калі за гэты час было некалькі месцаў работы. Прычым з улікам больш працяглага перыяду сам заробак будзе павялічвацца, бо будуць улічвацца ўсе выплаты, на якія налічваюцца абавязковыя страхавыя ўзносы.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.