Вы тут

Дваццаць гадоў таму жыццё Таццяны і Дзмітрыя Патапавых набыло новы сэнс


Дваццаць гадоў таму жыццё Таццяны і Дзмітрыя Патапавых набыло новы сэнс. Здзейснілася іх мара — яны сталі бацькамі. Спачатку ўсынавілі Максіма, а праз шэсць гадоў прывезлі з дзіцячага дома дачушку Ангеліну. Таццяна, папярэдне запытаўшы дазволу ва ўжо дарослых дзяцей, падзялілася сваёй гісторыяй, а таксама страхамі, якія доўгі час яе мучылі...


«Ехалі па маленькую дзяўчынку, а прывезлі вялікага хлопчыка»

Таццяна прызналася, што вельмі хацела мець дзяцей. Але вынасіць у самой не атрымлівалася. У яе была пазаматачная цяжарнасць, потым замерлая, выкідыш.

— А гады ідуць... Падумала, а чаму б не ўзяць немаўля з дзіцячага дома? Вось толькі не ведала, як сказаць пра гэта мужу. Было вельмі страшна... Вырашыла, што зраблю гэта так, каб не бачыць яго вачэй — у цемры. Памятаю, леглі спаць, выключылі святло, і я кажу: «Дзіма, а можа, нам узяць малога з дзіцячага дома?..» — «Давай», — пачула ў адказ. Мне так лёгка стала пасля гэтых слоў, быццам камень з душы зваліўся. Ноч не спалі, ніяк не маглі нагаварыцца. Вырашылі, што возьмем дзяўчынку да годзіка. Але... ехалі ў Віцебск па маленькую дзяўчынку, а прывезлі вялікага хлопчыка. Мы ж не ведалі, што там не ўсіх дзетак можна браць. У кагосьці маці на той момант не былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Брацікаў і сястрычак нельга было раз'ядноўваць...

Таццяна Патапава прызналася, што са з'яўленнем у яе сям'і Максіма і Ангеліны жыццё набыло больш глыбокі сэнс.

Спачатку нам прапанавалі дзяўчынку, але яна была вельмі хваравітая. Мы ж жывём у вёсцы, машыны ў нас не было, падумалі, як будзем вазіць яе па клініках? Тады нам сказалі: «А давайце хлопчыка паглядзім». Мы пагадзіліся. Прачыталі адну гісторыю жыцця, другую, трэцюю. У выніку спыніліся на Максімку, якому на той момант было 2,7. «Ну, пойдзем, паглядзім хлопчыка», — кажуць.

У дзяцей якраз быў ціхі час. Падышлі ціхенька да ложачка, адхінулі коўдру, паглядзелі, захінулі коўдру. Пераглянуліся з Дзімам. «Бяром? Бяром!» Першыя дні ён называў мяне «няняй». Мы з Дзімам пачалі звяртацца адно да аднаго «тата» ды «мама», хацелі, каб малы прывыкаў да гэтых слоў. Памятаю, быў выхадны дзень, я, Дзіма і Максім ляжалі на канапе. Максім кліча мяне: «Няня, няня», а я вочы не расплюшчваю. І тут раптам чую доўгачаканае «мама». Я расплюшчыла вочы, плачу ад шчасця. Усё жыццё, напэўна, буду згадваць гэты момант.

Свет круглы. Неўзабаве пасля таго, як усынавілі Максімку, паехалі да свекрыві — знаёміць з унукам. Там быў Дзімаў брат, які працуе ў Наваполацку ў бальніцы, у дзіцячым аддзяленні. Убачыў наш дзядзька Коля Максіма і кажа: «Гм, дык я ж яго ведаю! Ён у мяне амаль год у аддзяленні жыў».

Як у Максіма з'явіўся старэйшы брат

— Мы з мужам адразу вырашылі, што раскажам Максіму праўду пра ўсынаўленне, як толькі ўбачым, што ён гатовы. Але так атрымалася, што ён даведаўся пра гэта ад чужых людзей. Памятаю, мыю посуд (я працавала ў школьнай сталовай кухарам), падбягае на перапынку Максім і пытаецца: «А праўда, што вы мяне з дзетдома ўзялі?» — не без слёз узгадвае Таццяна. — І, не дачакаўшыся адказу, бяжыць далей.

Ужо даўно яна думала пагаварыць на гэту тэму з сынам. Але ніяк не магла падабраць момант. У выніку жыццё падабрала яго само. У той жа дзень Таццяна прызналася васьмігадоваму Максіму, што дзевяць месяцаў ён жыў у жывоціку іншай мамы, пасля апынуўся ў дзіцячым доме, адкуль яго і забралі. Размова прайшла вельмі лёгка, мабыць, таму што Максім быў яшчэ маленькі. А магчыма, і таму, што пра дзіцячыя дамы і пра дзетак, якія растуць там без мамы і таты, чуў не ўпершыню.

— Тады часта па тэлевізары круцілі ролікі пра дзіцячы дом. І Максім пытаўся, што гэта такое. Я расказвала яму, што дзіця ў сям'і можа з'явіцца па-рознаму. Галоўнае, каб сям'я была дружная. Казала, што ўсынаўленне — шчасце для ўсіх, бо дзіця знайшло маму і тату, а яны, у сваю чаргу, доўгачаканага сына і дачку. Нават мара ў Максіма была: прасіў, каб мы прывезлі з дзіцячага дома маленькага браціка, — кажа Таццяна. — Страшна падумаць, якая магла б быць яго рэакцыя, калі б ён даведаўся праўду ад чужых людзей у падлеткавым узросце.

...Калі афармлялі дакументы на ўсынаўленне, я, прызнаюся, памяняла дзень нараджэння Максіма — зрабіла яго на два тыдні маладзейшым. Ён нарадзіўся напрыканцы 1999-га, а па маіх дакументах — на пачатку 2000-га. Баялася: раптам знойдуцца яго родныя бацькі ці сваякі і захочуць хлопчыка забраць? А потым перажывала з-за гэтага, шкадавала. Перад тым, як Максіму атрымліваць пашпарт, паехала да юрыста даведвацца, ці можна вярнуць яго сапраўдны дзень нараджэння. Сказалі, што нельга. Таму цяпер у яго два дні нараджэння: сапраўдны і несапраўдны. Але тое, чаго я так баялася ўсё адно здарылася.

Неяк Таццяне пазваніла яе маці і кажа: «Дачушка, ты газету бачыла? Там нашага Максіма бабуля шукае». Разгубленая жанчына ўся ў слязах адразу ж пабегла да сяброўкі Святланы — хроснай Максіма, якая выпісвала тую газету. Там сапраўды быў фотаздымак. А на ім — хлопчык, вельмі падобны да Максіма. Бабуля пісала, што часта хварэе і баіцца, што ўнук застанецца адзін на гэтым свеце. Аказалася, яна забрала з дзіцячага дома толькі Максімавага брата Сашу. Баялася, што дваіх не «пацягне». Але на душы ўвесь час было неспакойна, таму вырашыла знайсці малодшага ўнука, каб дзеці ведалі, што яны ёсць адзін у аднаго.

— Мы са Святланай паплакалі разам і вырашылі, што трэба тэлефанаваць, бо інакш рана ці позна гэта зробіць «добразычлівая» суседка. У вёсцы ж усе як на далоні. Бабуля вельмі ўзрадавалася майму званку, запрасіла прыехаць пазнаёміцца. Перад тым, як ехаць, я пасадзіла на калені Максіма, разгарнула газету: «Сынок, глядзі, у цябе ёсць старэйшы брат, ён жыве у іншым месцы з тваёй бабуляй». «Мама, дык, у мяне цяпер тры бабулі і сапраўдны брат! Глядзі, у яго мае вушы». Максім першы час хадзіў задраўшы нос і ўсім расказваў, што ў яго ёсць старэйшы брат, — усміхаецца Таццяна. — Саша прыязджаў да нас на канікулах, вазілі ў Наваполацк і Максімку. Бабуля сказала, што цяпер лічыць мяне сваёй дачкой. Пра біялагічную ж маці і бабуля, і Саша згадвалі неахвотна. Яна п'е, гуляе, а неяк падпільнавала Сашу каля пад'езда і клянчыла грошы.

Дзве мамы — Таццяна і Святлана (хросная Максіма і Ангеліны) —  разам са сваімі дзецьмі.

Дарэчы, гэтым летам Максім упершыню ўбачыў сваю біялагічную маці, пра што расказаў мне сам. У той дзень, калі я размаўляла з Таццянай, Максім якраз прыехаў у вёску на выхадныя з Наваполацка, дзе зараз жыве і працуе, праведаць маму з сястрой.

— У той дзень мы з напарнікам неслі ахову грамадскага парадку на вуліцах горада. Затрымалі мужчыну з жанчынай, якія каля крамы распівалі піва. Прывезлі ў аддзяленне. Напарнік афармляе іх, пытаецца прозвішчы. Чую — прозвішча жанчыны супадае з братавым. Я адразу ж зразумеў, што гэта мая біялагічная маці. Падышоў і кажу ёй: «Як там ваш сын Аляксандр?» — «А вы што, ведаеце мяне?» — «Ну так, — кажу, — начуты». Думаю, цікава, ці памятае яна мяне. Пытаюся: «А як малодшы?» — «Гэта, напэўна, ты, Максім?» Яна не спытала ў мяне, дзе я, што я, як я. Перада мной стаяла жанчына з пустымі вачыма. Ёй было ўсё адно. Пасля гэтага яшчэ аднойчы яе бачыў, таксама ў аддзяленні міліцыі, калі яе затрымалі чарговы раз. І больш не хацелася б.

Гэты фотаздымак зроблены падчас аднаго з шасці спатканняў з Ангелінай у дзіцячым доме.

— Потым, калі Максім прыехаў дадому, я запыталася ў яго: «Што ты адчуў, калі яе ўбачыў?», і пачула ў адказ: «Ды нічога асаблівага, звычайная алкагалічка. Яна мне чужы чалавек. У мяне адна мама — ты».

«Прысніўся сон, што будзе дзяўчынка на літару А»

— Калі мы вырашылі ўзяць другое дзіця, Максіму было 12 гадоў. Нам па тэлефоне сказалі, што ёсць дзяўчынка Наташа. Прыехалі ў дзіцячы дом. Выводзяць гэту дзяўчынку. Харошанькая такая. Мы гасцінцы ёй прывезлі, пагулялі з ёй дзве гадзіны, развіталіся, выйшлі. «Вы ведаеце, — кажу, — ну не адчула я гэта дзіця». — «Значыць, не ваша». Пасля гэтых слоў мне стала лягчэй. Мы вярнуліся дадому і чакаем зноў. Тут Дзіма кажа: «Мне сон прысніўся, што будзе дзяўчынка на літару «А». Я хуценька на тэлефон, званю ў дзіцячы дом, а мне кажуць: «Учора быў суд, адну маці пазбавілі бацькоўскіх правоў. Дзяўчынку завуць Ангеліна». Мы з Дзімам адразу зразумелі, што гэта наша дачушка.

Памятаю, калі прыехалі першы раз на сустрэчу з Ангелінай, дзеці, убачыўшы нас, падбеглі, абшчапілі з усіх бакоў, — са слязамі на вачах згадвае Таццяна. — А наша не падыходзіць, стаць убаку. Малая, худая, адны вочы. «Ангеліна, глядзі, да цябе мама з татам прыехалі», — звярнулася да яе выхавальніца. Калі Дзіма ўзяў яе на рукі — дзяўчынка заплакала. Аказалася, яна панічна баялася мужчын. Відаць, у яе была нейкая дзіцячая траўма. У мяне на руках яна супакоілася. Мы шэсць разоў прыязджалі на спатканне з Ангелінай, бавілі з ёй час. Больш як месяц жылі ад выхадных да выхадных. Думалі, якія ёй гасцінцы прывезці. Перад тым як забраць яе дадому, я павяла яе на гаршчок. Нейкі хлопчык падбег да мяне, і я яму дапамагала заправіць майку ў штаны. Ангеліна гэта ўбачыла, прыжмурыла вочкі і кажа: «Мая мама прыехала». Мы яе ўзялі ў 2,7, як і Максіма.

У выніку Ангеліна стала татавай любіміцай. Як толькі бачыла, што Дзіма вяртаецца з працы, заўсёды бегла яму насустрач. Ён садзіў яе на плечы і нёс дадому. Суседскія жанчыны дзіву даваліся: маўляў, колькі дзяцей у вёсцы, але ні аднаго бацьку ніхто так не сустракае. Дзіма ўмеў знайсці падыход да дзяцей, і яны цягнуліся да яго. Прыходзіў з работы, ніколі не ленаваўся, гуляў з малымі ў двары, будаваў крэпасці... Максім ганарыўся, што ў яго такі тата. На жаль, Дзімы цяпер няма побач з намі, ён сышоў у лепшы свет.

А тры гады таму памёр мой тата, і я паехала ў Наваполацк, каб арганізаваць пахаванне. Ангеліне на той момант было дзевяць гадоў. Вяртаюся дадому, тэлефануе мне калега з працы: «Таня, у сталовую прыйшлі дзяўчынкі і кажуць: «А вы ведаеце, нам сказалі, што Ангеліну з дзіцячага дома ўзялі?» Думаю, папярэджу цябе, каб ты ведала, што дзеці ў школе ўжо ў курсе». Тым вечарам я сказала Ангеліне, што «мы з татам вельмі доўга марылі пра дзяўчынку і ўзялі цябе з дзіцячага дома, ты нам так спадабалася!» Я гаварыла і плакала. Ангеліна таксама плакала. «Дачушка, ты пытайся што хочаш, — казала ёй, — толькі не маўчы. Не трымай у сабе. Максіма мы таксама ўзялі з дзіцячага дома». Я ўсё чакала, што Ангеліна будзе задаваць пытанні. Але яна нічога не пыталася. Потым яшчэ і Максім пагаварыў з ёй. Пазней Ангеліна прызналася: «А я здагадвалася, што вы мяне ўзялі, бо чаму ў Максіма брат ёсць, а ў мяне няма?»

«Слухайце выключна сваё сэрца!»

— Таццяна, як вы лічыце з вышыні свайго досведу, ці трэба захоўваць тайну ўсынаўлення? І калі і расказваць дзіцяці праўду, то ў якім узросце?

— Універсальнага рэцэпта няма. Усе дзеці розныя. Але гаварыць трэба абавязкова. Чым раней, тым дзіця ўсё гэта ўспрыме лягчэй. Мы ж усе глядзім перадачы, калі праўду даведваюцца ў пераходным узросце ці ўжо дарослымі... І тады пачынаюцца крыўды, пошукі кроўных бацькоў...

— Што можаце параіць людзям, якія хацелі б усынавіць дзіця?

— Гады два таму мне напісала ў «Аднакласніках» адна жанчына. Маўляў, Таня, парайце, што мне рабіць. У яе ёсць адна кроўная дачка, а яна хацела б усынавіць яшчэ і хлопчыка, але муж быў супраць. Я пераканана, што ўсынаўленне павінна быць узаемным жаданнем мужа і жонкі. Калі ёсць яшчэ дзеці, то іх меркаванне таксама трэба ўлічваць. Калі хтосьці адзін супраць, не трэба нават пачынаць, траўміраваць дзіця, ды і свая сям'я можа разбурыцца ў выніку.

Мне неяк сястра сказала: «Таня, навошта ты аформіла ўсынаўленне? Узяла б апякунства, дык дзецям былі б нейкія льготы пры паступленні». У мяне ж ніколі такіх думак не было. Я хацела, каб яны былі мае. Я і зараз бы так зрабіла. Ні аб чым не шкадую. Таму вось мая парада: нікога не слухайце. Ні родных, ні сяброў. Яны хутчэй за ўсё будуць адгаворваць... Казаць пра гены ці яшчэ штосьці... Трэба слухаць выключна сваё сэрца.

Чуткі па вёсцы хутка расходзяцца. Чаго толькі людзі не гаварылі! І што дзеля грошай мы дзяцей узялі. Усім было цікава: а якія ў іх бацькі, якое сапраўднае прозвішча... Ніколі не забудуся, як зімой везла Максімку на саначках. А тут цёця Маня якраз з дому выйшла і кажа: «Ой, які ж харошанькі хлопчык! На вашага мужа падобны». І так цёпла стала мне ад тых яе слоў. Хацелася б, каб людзі былі больш добразычлівымі, тактоўнымі, каб падтрымлівалі прыёмных бацькоў.

Ведаеце, я не раз чула ад людзей: «Як гэта — палюбіць чужое дзіця?» Але ў мяне такога пытання ніколі не ўзнікала. Думаю, усё залежыць ад чалавека. Мы ж з Дзімам, як толькі прывезлі дзетак дадому, адразу зразумелі, што мы іх бацькі і цалкам нясём за іх адказнасць.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота з сямейнага альбома гераіні матэрыялу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.