Вы тут

Раніца пачынаецца з... абдымкаў


Святлана Міхайлаўна працуе настаўніцай пачатковых класаў. Пра такіх, як яна, кажуць «педагог ад Бога». Штораз, калі расказвае пра сваіх дзяцей, адчуваецца, як яна іх любіць, шкадуе. Прынамсі, у мяне з галавы не выходзіць гісторыя пра двух брацікаў. Іх бацькі разышліся і стварылі новыя сем'і. Хлопчыкі засталіся жыць з татам і яго новай жонкай — цёцяй Верай. З мамай бачацца толькі па выхадных. «Неяк на ўроку старэйшы з іх сядзіць і плача, — распавядае Святлана Міхайлаўна. — «Ягор, чаму ты плачаш?» — пытаюся. «А ён па маме сумуе», — падказаў хтосьці з дзяцей. «Ну, ідзі сюды», — кажу. Пасадзіла я свайго трэцякласніка на калена, пагладзіла па галаве: «Ведаеш, Ягорка, тыдзень вельмі хутка заканчваецца. Калі ты будзеш сябе добра паводзіць, дык ён яшчэ хутчэй праляціць». Пасля гэтых слоў настрой у дзіцяці прыўзняўся». У класе ў Святланы Міхайлаўны вучацца дзеці з розных сем'яў. «Многім, адчуваецца, дома не хапае ўвагі. Падыдуць, бывае, штосьці спытаць, галаву на плячо пакладуць... Таму я і ўвяла традыцыю — абдымацца кожную раніцу. Заходжу ў клас пасля першага званка са словамі: «Ну, хадзіце, будзем абдымацца». Спачатку ўсе абдымаюцца са мной, потым — паміж сабой. Пасля таго садзяцца за парты задаволеныя, з усмешкамі».


Даказана, што абдымкі не толькі выклікаюць станоўчыя эмоцыі, але і, як вітамінкі, павышаюць імунітэт. Менавіта таму педыятры раяць бацькам абдымаць сваіх дзетак як мага часцей. Не так даўно я слухала чарговы вэбінар на бацькоўска-дзіцячую тэму, дзе псіхолаг папрасіла палічыць, колькі разоў у дзень мы цалуем і абдымаем дзіця, а колькі разоў у дзень сварымся і робім яму заўвагі. Калі колькасць першых і другіх дзеянняў прыкладна аднолькавая, трэба як мага хутчэй мяняць суадносіны на карысць абдымкаў і пацалункаў. Бо дзіця, якое не атрымала патрэбную колькасць пяшчоты, можа вырасці агрэсіўным і замкнёным, няздольным на эмпатыю. Паводле даных статыстыкі, амаль 80 % забойцаў і 75 % гвалтаўнікоў у дзяцінстве былі пазбаўленыя бацькоўскай любові.

21 студзеня ва ўсім свеце адзначаецца адно з самых добрых свят — Міжнародны дзень абдымкаў. Згодна з традыцыяй, удзельнікі руху «Бясплатныя абдымкі» выходзяць на вуліцы гарадоў і прапаноўваюць свае абдымкі мінакам. Я таксама гадоў шэсць таму зусім выпадкова прычынілася да яе: выйшла на абед і сустрэла маладых людзей з плакатамі з надпісамі «Давай абнімемся», «Мяняю абдымкі на ўсмешку!». Пасля тых абдымкаў на душы сапраўды стала неяк сонечна, нягледзячы на тое, што на вуліцы было змрочна і марозна. З'явілася свята ў 2004 годзе, прыдумаў яго аўстраліец Хуан Ман. Аднойчы ён прызямліўся ў Сіднэйскім аэрапорце, але там яго ніхто не сустракаў. Малады чалавек засмуціўся, бо вакол усе абдымаліся. Тады ён напісаў на лісце кардону з абодвух бакоў «Free Hugs» («Бясплатныя абдымкі»). Спачатку людзі пазіралі на яго са здзіўленнем і абыходзілі бокам. Аднак потым падышла жанчына. Яна расказала, што раніцай у яе памёр сабака і ёй вельмі хочацца, каб яе хто-небудзь абняў. Хуан так і зрабіў, і на твары жанчыны з'явілася ўсмешка. З таго дня малады чалавек пачаў прапаноўваць абдымкі тым, хто меў у іх патрэбу. З цягам часу рух «бясплатных абдымкаў» распаўсюдзіўся па ўсім свеце.

«Ведаеце, што непакоіць мяне? Свет без абдымкаў!» — казаў канадскі акцёр і музыкант Раян Гослінг. І, як можа падацца на першы погляд, такая пагроза з'явілася падчас пандэміі, калі з-за страху заразіцца каранавірусам людзі пры сустрэчы перасталі абдымацца. Традыцыя абдымацца на вуліцы з незнаёмцамі і сёння, як для мяне, гучыць не надта актуальна, але ж у кожнага з нас ёсць блізкія людзі. Менавіта іх псіхолагі раяць абдымаць часцей без усялякай нагоды. Дзякуючы абдымкам адносіны з роднымі зробяцца яшчэ больш цёплымі. Дарэчы, у маёй сям'і ёсць добрая традыцыя: каб дзень прайшоў добра, мы з мужам, сынам і двума катамі пачынаем яго з абдымак катоў. Чаго і вам шчыра жадаем. Як мне аднойчы параіў знаёмы псіхатэрапеўт: правядзіце эксперымент, пастарайцеся абдымаць родных некалькі разоў на дзень — праз 30 дзён тэрапіі вы і самі не захочаце адмаўляцца ад гэтага рытуалу.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».