Вы тут

Чаму ў некаторых жанчын не прачынаюцца мацярынскія пачуцці?


Здаецца, што гэта аксіёма — любоў да свайго дзіцяці закладзена ў кожнай жанчыне самой прыродай. Аднак у рэальным жыцці часам сустракаеш тых, хто сваімі паводзінамі абвяргае гэта сцвярджэнне, і гісторыя ведае дастаткова прыкладаў «халодных маці». Добра вядома, што Надзея Восіпаўна Пушкіна не адчувала цяпла і пяшчоты да свайго геніяльнага сына Аляксандра. Выдатная паэтка Марына Цвятаева любіла старэйшую дачку Арыядну, сына Георгія і была зусім абыякавая да дачкі Ірыны. Гала (Алена Дзьяканава) — муза і жонка Поля Элюара і Сальвадора Далі — вызначалася поўнай адсутнасцю пачуццяў да адзінай дачкі Сесіль Элюар, якую не пажадала ўбачыць нават напярэдадні смерці. Актрыса, вядомая абаронца жывёл Брыжыт Бардо, прызнавалася, што ніколі не адчувала жадання быць маці і пасля нараджэння сына Нікаля лёгка пераклала ўсе клопаты аб ім на сваякоў.

Чым тлумачыцца такое стаўленне да сваіх нашчадкаў? Высвятляем гэта з псіхолагам Таццянай Шарандай.


— Сучасная навука сцвярджае, што мацярынскага інстынкту няма, а ёсць біялагічны фіксаваны комплекс дзеянняў у адказ на прад'яўленне ключавога стымулу — дзіцяці. «Запуск» любові пачынаецца з моманту родаў, калі плод праходзіць па матчыных трубах і актывізуе выпрацоўку гармонаў аксітацыну і пралакціну, — кажа спецыяліст. — Менавіта гэтыя нейрамедыятары выклікаюць жаданне
абняць, накарміць і аблашчыць немаўля. Цікава, што догляд нованароджанага актывізуе ў прадстаўніц прыгожага полу магутны выкід гармонаў задавальнення. Дадайце да гэтага яшчэ чароўныя шчочкі, вялікія вочкі, «завязачкі» на пухленькіх ножках і ручках. Усё гэта і абуджае матчыны пачуцці. Разам з тым існуе і адваротны механізм. Калі па нейкай прычыне адбываецца гарманальны збой і пачуцці ў жанчыны «не запальваюцца», то можна назіраць сіндром «мёртвай маці».

— Але матчыны пачуцці не вычэрпваюцца фізіялогіяй?

— Не. Хоць гэтыя пачуцці генетычна абумоўлены, але фарміруюцца задоўга да зачацця. Сацыяльнае асяроддзе, у якім расце і выхоўваецца дзяўчына, можа істотна паўплываць на яе стаўленне да будучых нашчадкаў. Былі перыяды, калі ў адносінах да дзяцей дамінаваў падыход: «Бог даў — Бог і забраў». Раней нараджалі шмат дзяцей і не смуткавалі з нагоды іх смерці. Часам нараджэнне дзіцяці ўспрымалася нават як пакаранне — лішні рот. Асабіста ведала жанчыну, якая праз усё жыццё пранесла боль ад слоў маці: «У іншых дзеці паміраюць, а ў мяне ўсе жывыя». І ў сучасным грамадстве дастаткова прыкладаў жорсткага абыходжання з уласнымі сынамі і дочкамі.

— Адмова жанчынамі дзетароднага ўзросту мець патомства — гэта збой нейкага біялагічнага механізму або своеасаблівы модны трэнд?

— Рух чайлдфры ўзнік у сярэдзіне XX стагоддзя ў заходніх краінах, а сёння дабраўся ўжо да ўсходу. Рынкавыя адносіны сфарміравалі такую сістэму каштоўнасцяў, што ў ёй амаль не засталося месца для дзіцяці. Кар'ерны рост, матэрыяльныя інтарэсы, падарожжы — усё гэта для многіх сучаснікаў выглядае значна больш важным і патрэбным, чым малыя, якія патрабуюць шмат часу, сіл, увагі. І калі пад маркай таго, што «гадзінічкі цікаюць» прымусіць жанчыну нараджаць, гэта можа сумна скончыцца як для яе самой, так і для нашчадкаў. Без псіхалагічнай гатоўнасці любоў да дзіцяці можа прачнуцца са спазненнем ці не прачнуцца наогул.

— Што адрознівае любячую маці ад той, якая не ведае гэтага пачуцця? Ці ёсць нейкія аб'ектыўныя прыкметы, маркеры?

— Мацярынская любоў — гэта безумоўнасць і адказнасць, цеплыня адносін, жаданне даглядаць, абараняць сваё дзіця. Сінонімы матчынай нелюбові — абыякавасць і холаднасць. Вызначыць «мёртвую маці» выключна па паводзінах складана, таму што ўсе яе адметныя прыкметы можна лёгка пераблытаць са звычайнай стомленасцю, выгараннем. Самы аб'ектыўны маркер такіх жанчын — жыццёвы сцэнарый дзяцей. Напрыклад, існуе меркаванне: менавіта «халодныя» мамы прыводзяць хлопчыкаў і дзяўчынак у экстрэмальныя віды спорту, а у падлеткавым узросце дзеці такіх жанчын самі выбіраюць віды спорту з вялікай верагоднасцю траўматызму. Часам «мёртвая» маці ўгадваецца па відавочным імкненні паскорыць развіццё дзіцяці — хутчэй адправіць яго на ўласны хлеб. Часам задумваешся над пачуццямі мамы, якая разглядае сына ці дачку пераважна як «праект». Часта нават не ўлічваецца фізіялагічны патэнцыял нашчадка — маці вырашыла, што трэба ісці ў гімназію, значыць, трэба!

— Як патлумачыць прычыны матчынай нелюбові? Ці можа такую адсутнасць пачуццяў выклікаць пасляродавая дэпрэсія?

— Так, такое здараецца. Расстанне з бацькам дзіцяці, здрада мужчыны, страта блізкага чалавека могуць прывесці у цяжарнай да стрэсу. У выніку жанчына не адчувае ніякай радасці ад нараджэння немаўляці і пачынае лічыць сябе дрэннай маці. На шчасце, сёння пасляродавая дэпрэсія лечыцца.

— Ці могуць маці не любіць дзяцей з-за таго, што яны не апраўдваюць чаканняў, якія ўскладаюцца на іх? Напрыклад, жанчына бачыць свайго сына ў будучыні бізнесменам, а той не мае ніякай схільнасці да гэтага, расце творчай асобай.

— Гэта можа выклікаць незадавальненне прагматычнай, амбіцыйнай жанчыны, але пра сіндром «мёртвай» маці тут гаворкі няма. Звычайна адсутнасць матчыных пачуццяў выяўляецца з моманту нараджэння дзіцяці. Калі жанчына першапачаткова рада маленькаму, то яна, як правіла, будзе любіць яго потым усякім: і ў пераходным узросце, і ў няшчасці, і калі ён акажацца няўдзячным. Не выключаны крыўды, прэтэнзіі, стомленасць, але не абыякавасць, не сапраўдны холад.

— Ці заўсёды наркатычная і алкагольная залежнасці вядуць да страты матчыных пачуццяў?

— Не. Сярод жанчын, якія пакутуюць ад залежнасці, дастаткова тых, якія па-свойму любяць дзяцей. Справа ў іншым — з часам такія сур'ёзныя хваробы непазбежна адбіваюцца на фізічным, эмацыянальным, сацыяльным стане жанчыны, і гэта здольна разбурыць асобу, прывесці ў выніку да страты матчыных пачуццяў.

— Ці можна казаць аб матчынай нелюбові ў тых выпадках, калі жанчына ўспрымае дзіця як перашкоду на шляху ўладкавання асабістага жыцця?

— Можна. «Прычэпам» дзіця лічаць тыя маці, у якіх няма эмацянальйнай сувязі з ім, а ёсць татальны эгаізм і празмерная любоў да сябе.

— Ёсць меркаванне: некаторыя жанчыны не любяць дачок, таму што неўсвядомлена зайздросцяць ім, раўнуюць да мужа і іншых мужчын. Згодны з гэтым?

— Часам мужчына, не атрымліваючы цяпла ад жонкі, знаходзіць яго ў дачкі, і ў іх складаюцца вельмі гарманічныя даверлівыя адносіны. Гэта можа выклікаць рэўнасць, крыўду, незадаволенасць нават у любячай маці і ў выніку сапсаваць адносіны. У чыстым выглядзе зайздрасць і рэўнасць да дачкі можа адчуваць толькі ўлюбёная ў сябе жанчына.

— Калі б да вас на прыём прыйшла кліентка, якая не хоча мець дзяцей, вы б яе пераконвалі змяніць сваё меркаванне? Бо, нараджаючы дзіця, жанчыны нярэдка мяняюць свае погляды і становяцца добрымі маці.

— Пераконваць — значыць браць на сябе адказнасць. У маёй практыцы нямала выпадкаў, калі мужчыны звяртаюцца з просьбай угаварыць іх спадарожніц нарадзіць дзіця. Гэта складана. Многае залежыць ад таго, чым прадыктавана нежаданне мець дзяцей. Адна справа, калі гэта тлумачыцца захворваннямі жанчыны, турботай за здароўе будучага нашчадка, сумненнямі ў здольнасці яго забяспечыць, і зусім іншае, калі прычына — эгаізм, імкненне жыць выключна ў сваё задавальненне. Мацярынства мае на ўвазе ахвярнасць. Калі ў жанчыне яе няма, то пераканаць стаць душэўна шчодрай, навучыцца аддаваць, думаю, не па сілах ніводнаму псіхолагу. На мой погляд, сёння мала гавораць аб псіхалагічнай гатоўнасці да мацярынства. Яшчэ Іаан Залатавуст казаў: «Дайце мне пакаленне добрых маці-хрысціянак, і я змяню свет». Мацярынства — вельмі адказная місія. А мы, на жаль, пра гэта часта забываемся.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Загаловак у газеце: Як айсберг у акіяне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».