Вы тут

У Баранавічах прайшоў фестываль-кірмаш «Берасцейскія сані»


Гэтаму зімоваму фестывалю, здаецца, хапіла ўсяго, за выключэннем самой зімы. Таму «Сані» ў самыя розных сваіх праяўленнях вымушаны былі рухацца на колах. Але ж навагодні антураж кожнай фестывальнай пляцоўкі захоўваў і падтрымліваў святочны настрой. Было шмат песень і танцаў, самых розных пачастункаў, захапляльных відовішчных мерапрыемстваў. Стары Новы год Баранавічы святкавалі з 13 да 15 студзеня.


Варта аддаць належнае аўтарам навагодняга фэсту. Ён зарадзіўся летась у Брэсце як гарадское мерапрыемства і хутка сабраў столькі водгукаў, адабрэння і прызнання, што непрыкметна стаў абласным набыткам ды атрымаў яшчэ большы размах. Фестываль не застаўся незаўвыжаным нават на рэспубліканскім узроўні. Прывітальны адрас гасцям і ўдзельнікам свята накіравала Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава.

У прывітанні адзначаецца, што ініцыятыва набывае асаблівую значнасць у новым 2023 годзе, аб'яўленым Годам міру і стварэння: «Гэта цудоўная ініцыятыва, якая абуджае інтарэс да самабытнай творчасці і ўкладу жыцця берасцейцаў. Фестываль дае магчымасць прадэманстраваць тысячам беларусаў і гасцям нашай краіны багацце духоўнай і культурнай спадчыны, дасягненні ў прамысловай сферы, аграмадны інтэлектуальны і крэатыўны патэнцыял жыхароў, умацоўваючы дух адзінства на аснове любові да роднай зямлі, павагі да яе гісторыі, гонару за сучасныя поспехі».

Адрас зачытаў старшыня аблвыканкама Юрый Шулейка, адкрываючы фестываль. Таксама ён уручыў старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Міхаілу Бацэнку сертыфікат на 5 тысяч рублёў за перамогу ў абласным конкурсе навагодніх ёлак. Па выніках інтэрнэт-галасавання, баранавіцкая ёлка, устаноўленая на галоўнай плошчы, набрала найбольш прыхільнікаў. Мэр адразу ж паведаміў, што грошы будуць перададзены дзецям, якія маюць патрэбу ў дапамозе.

Самай захаплельнай часткай фестывалю стаў маляўнічы парад-карнавал. На разнастойных грузавіках праехалі цэлыя інсталяцыі, дзе разгортваліся самыя неверагодныя сюжэты. Не дзіва, што параднае шэсце пачаў цягнікі. Баранавічы — горад чыгуначнікаў — паявіўся на карце нашай краіны менавіта як чыгуначны вузел. Трактар цягнуў заапарк мясцовага прадпрыемства «Дыпрыз» з ламамі, янотамі, зайцамі ды іншымі насельнікамі «Парку жывёл», які размешчаны ў прыгарадзе. А на адной з матарызаваных платформаў адбывалася дзея сусветна вядомага балета «Шчаўкунок», прытым не самадзейная пастаноўка, а ў выкананні артыстаў Вялікага тэатра Беларусі. Балет падарыў удзельнікам свята «Савушкін прадукт». Брэсцкі мясакамбінат здзівіў гасцей казачным кутком Лапландыі — радзімы Дзеда Мароза. Не засталіся незаўважанымі платформы Брэсцкага лікёра-гарэлачнага завода, птушкафабрыкі «Дружба», кампаніі «Атлант», прадпрыемства «Баранавічхлебапрадукт», Баранавіцкага баваўнянага аб'яднання ды іншых вытворцаў вобласці. Усе зрабілі свае рухомыя экспазіцыі прывабнымі.

Цікавай атрымалася і нерухомая выстава прамысловых прадпрыемстваў рэгіёна, якая была разгорнута па вуліцы Камсамольскай. Прадпрыемствы, банкаўскія і навучальныя ўстановы аздобілі свае павільёны рознымі забавамі — фотазонамі, бяспройгрышнымі латарэямі, гульнямі. Тут можна было выйграць пару абутку і ўпакоўку пральнага парашку, набыць мэблю, іншыя тавары. Побач дэманстравалі навінкі вытворчасці і частавалі апетытнымі каўбаскамі з грыля. А на эксазіцыі вузла паштовай сувязі прапаноўвалі адправіць паштоўку з эмблемай фестывалю сваім адрасатам.

Свята тым часам набірала абароты на розных пляцоўках горада. Людзі частаваліся каля імправізаваных гандлёвых павільёнаў. На бульвары Штокераў разгарнуўся гандаль таварамі рамеснікаў. Можна было набыць самыя розныя сувеніры і патрэбныя ў гаспадарцы рэчы.

— Такога яшчэ ў горадзе дакладна не было, — падзялілася ўражаннямі баранавічанка Людміла Васільева. — Каб столькі людзей адразу — столькі артыстаў, удзельнікаў, гандляроў! Купіла некалькі мілых сувеніраў.

Людзі гулялі цэлымі сем'ямі, фатаграфаваліся каля розных адметнасцяў. Асабліва шматлюдна было каля ледзянога гарадка. Гэта вам не жартачкі: фактычна вясновым надвор'ем пабудаваць замкі і скульптуры з лёду! Казалі, што на гэту прыгажосць пайшло дзве фуры замарожанай вады, а спецыялісты працавалі каля двух месяцаў. Лядовае царства падарыў фестывалю Брэсцкі мясакамбінат.

Вечарам адбылося лазернае шоу, якое спраектавалі на дзевяціпавярховы будынак гасцініцы «Гарызонт». Такое было ўпершыню ў горадзе, відовішча выклікала буру эмоцый. Завяршыўся другі фестывальны дзень маляўнічым феерверкам і вясёлай дыскатэкай.

Нядзеля, трэці дзень фестывалю, адзначылася лёгкаатлетычным кросам «Вадохрышчанскія забегі», які сабраў некалькі соцень аматараў бегу, удзельнічалі госці і з іншых гарадоў. Спаборніцтва арганізавалі дэмакратычна: для пачаткоўцаў прапаноўвалі тры кіламетры, іншыя маглі выбраць дыстанцыю ў 9 і 15. Былі вызначаны лідары кожнай дыстанцыі. Аднак галоўны вынік усё ж — усеагульны зарад бадзёрасці.

У размове з журналістамі губернатар Брэстчыны Юрый Шулейка заўважыў, што такія масавыя гулянні патрэбныя людзям як узор культурнага адпачынку, практыка наладжвання свят будзе прадоўжана ў розных гарадах:

— Налета «Берасцейскія сані» паедуць у Пінск, каб ужо па новым сцэнарыі душэўна ўвасобіць мару кожнага чалавека пра Новы год.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».