Вы тут

Згода рэальнага і казачнага


Шэраг святочных выставак Нацыянальнага мастацкага музея ў хуткім часе скончыць працу. Зазірнулі на некаторыя з іх, каб расказаць, як музей адзначыў Новы год і Каляды, на якія значныя даты скіраваў увагу грамадскасці і чым прывабліваў жыхароў і гасцей сталіцы. 


Адна з найбольш маштабных (і па задуме, і па напаўненні) экспазіцый прысвечана 160-годдзю выдатнага мастака Абрама Архіпава і 120-годдзю з даты заснавання «Саюза рускіх мастакоў» — найбуйнейшай выставачнай творчай арганізацыі ў гісторыі рускай мастацкай культуры першай чвэрці XX стагоддзя. Прыгажосць прыроды, асаблівасці тагачаснай рэчаіснасці былі ў цэнтры ўвагі мастакоў, аднак, калі браць шырэй, іх болей цікавіла гісторыя, карані тых ці іншых традыцый. Натуральна, сёння прадстаўленыя творы ў пэўнай ступені падаюцца архаікай. Тут гаворка і пра матывы, што пануюць у большасці твораў, і пра стылявую накіраванасць, і пра асаблівасці адлюстраванага. Аднак гэтым выстаўка і цікавая. «Масква. Крэмль прыцемкам» (1910-я) Канстанціна Юона, «Іван Каліта абыходзіць дубовыя сцены Крэмніка ў 1340 годзе. (Імаверны від Масквы пры Іване Каліце.)» (1917) Апалінарыя Васняцова, «Да вянца. Баярскае вяселле» (1910) Леанарда Туржанскага — найбольш выразныя і яркія работы канкрэтнай тэматыкі. 

Абрам Архіпаў «Сялянская дзяўчына», 1917 г.

На выстаўцы хапае твораў, якія ўяўляюць цікавасць для даследчыкаў і гледачоў. Між тым вывучаеш, напрыклад, «Вясну ў вёсцы» (год стварэння не пазначаны) Аляксея Сцяпанава (1858–1923), і такія катэгорыі, як актуальнасць, своечасовасць, надзённасць, жаданне згадваць і тым больш разважаць пра іх знікае. Адлюстраваны ўсё тыя ж маркота, запусценне, шэрасць. Для пазнавання сучасным гледачом нават ніводнага колеру змяняць не трэба. 

Экспазіцыю склалі творы жывапісу, графікі і скульптуры са збору НММ. Творчасць галоўнага героя — Абрама Архіпава — прадстаўлена ў асобнай зале. Вядома, што ў зборы музея знаходзіцца невялікая калекцыя мастака, якая налічвае шаснаццаць работ і ахоплівае перыяд з 80-х гадоў XIX стагоддзя да другой паловы 20-х гадоў мінулага. Упершыню глядач бачыць яе цалкам. «Вясковая паэзія», як сам аўтар называў штодзённасць жыцця вёскі («Раданіца», першая палова 1890-х; «Зваротны», 1896), захапленне сціпласцю прыроды («Селянін, які сядзіць каля ракі», 1890-я; «Рыбак», 1900-я), чалавек і яго лёс («Маладая сялянка ў чырвоным», 1925; «Дзяўчына, якая ўсміхаецца», 1920-я; «Сялянская дзяўчына», 1917; «У бальніцы», 1890-я) — той тэматычны абсяг, які мы назіраем у творчасці майстра. 

Станіслаў Жукоўскі «Першыя прадвеснікі вясны. Падснежнікі», 1910 г.

Дапаўняюць экспазіцыю рэдкія выданні пачатку XX стагоддзя і каталогі выставак аб’яднання. Убачыць усе гэтыя экспанаты можна да 22 студзеня. 

Святочны настрой, бясспрэчна, стварае персанальная выстаўка гродзенскай мастачкі Валянціны Шобы «Калядныя карункі» (працуе да 23 студзеня). Прадстаўлена каля 50 графічных работ майстра, большасць з якіх створана сёлета спецыяльна для праекта ў Нацыянальным мастацкім музеі, як, напрыклад, цыклы «Упрыгажэнні на Каляды» і «Дванаццаць». 

Хараство, міф, таямнічасць, казачнасць, крышачку магіі — усё гэта злучыла ў сваёй творчасці Валянціна Шоба. За ўсім пералічаным хаваюцца вера ў цуд, пошук доказаў чараўніцтва, імкненне расказаць пра асабістыя сакрэты. Графіка творцы надзвычай гарманічная, нягледзячы на наўмысную неўраўнаважанасць, схільнасць да пэўнага абстрагавання. Між іншым у ёй счытваецца поўнае прыняцце навакольнага свету, у якім можа быць столькі спякоты і холаду, празрыстасці і туману, святла і цемры... Найбольш ярка гэтыя станы перакрыжоўваюцца, ствараюць асаблівую сімфонію ў цыкле «Зімовыя домікі» (2018–2022). Тут аўтар імкнецца прывесці да згоды казку і рэальнасць, ствараючы тым самым асаблівую прастору пошукаў і знаходак для гледача, што надзвычай важна. Між тым такія неабходныя шуканні  ажыццявіць даволі складана — творчасць Валянціны Шобы зусім не простая для ўспрымання: тут напластаванне шматлікіх падтэкстаў, гульня з разнастайнымі карункамі і арнаментамі, зварот да сюжэтаў з паўсядзённасці, у чым выяўляецца эмацыянальнасць і сапраўдная любоў да жыцця, на якое мастачка глядзіць з дзіцячай зачараванасцю... Ці гэта толькі прыгажосць у вачах таго, хто глядзіць? 

Валянціна Шоба. З цыкла «Упрыгажэнні на Каляды» (2022).

Трэба адзначыць, экспазіцыі Валянціны Шобы ў Мінску сталі ледзь не традыцыйнымі менавіта ў зімовыя святы. Не першы год гаспадары розных выставачных пляцовак схіляюцца да таго, што атмасферу радасці і шчасця ў самыя цёмныя дні ў годзе здольны прыўнесці якраз работы Валянціны Шобы, нягледзячы на выбраныя ёй колеры, светлыя і натхняльныя. Творца вылучаецца вялікай працавітасцю, таму, відавочна, новыя пошукі і знаходкі не прымусяць сябе чакаць. 

Крыху неспадзяванай ў Нацыянальным мастацкім музеі падаецца выстаўка, прысвечаная 70-годдзю з дня нараджэння Аляксандра Карпана. Мастак лічыцца адным з самых таленавітых беларускіх акварэлістаў канца XX — пачатку XXI стагоддзя. Знакаміты прадстаўнік віцебскай школы акварэлі не толькі ствараў, але і выкладаў: выпускнік мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С. Кірава, з канца 1970-х гадоў — яго педагог (выкладаў малюнак, жывапіс і кампазіцыю). Мастак працаваў у розных жанрах, аднак схіляўся — і выстаўка гэта дэманструе — да нацюрморта, пейзажа і партрэта. Вядома, што ў апошнія два дзесяцігоддзі жыцця Аляксандр Карпан атрымаў прызнанне прафесіяналаў і гледачоў на буйных міжнародных акварэльных біенале ў Беларусі і Расіі, Літве, Кітайскай Народнай Рэспубліцы. 

Аляксандр Карпан «Вечар», 2006 г.

Творы мастака характарызуюцца выразнасцю і лёгкасцю. Асаблівасць — у эфектнай індывідуальнай манеры акварэльнага пісьма. Відаць, што мастак, нібы навукоўца, дэтальна прадумваў кожную кампазіцыю і шукаў адпаведнае каларыстычнае рашэнне. Калі разважаць пра апошні пункт, адразу згадваюцца нацюрморты: «Белыя хрызантэмы» (2000), «Куст бэзу» (2001), «Астраханскі кавун» (2012), «Вясновы нацюрморт» (2012), «Нацюрморт з гароднінай» (2012), «Маладое віно» (2014), «Белыя півоні» (2015)... Гэта сапраўдны калейдаскоп, праз які можна ўбачыць самае простае і знаёмае, толькі скрозь смугу аўтарскага бачання. Што кідаецца ў вочы — аднолькавы ракурс, падобнае асвятленне адлюстраваных прадметаў, нязменнасць адлегласці паміж імі. У гэтым знарочыстым падабенстве выяўляецца як вернасць абранай канцэпцыі, так і некаторая абмежаванасць. 

Аляксандр Карпан «Нацюрморт з кошыкам», 2016 г.

Нягледзячы на аўтарскую цікавасць да чужой гісторыі і замілаванне краявідамі розных краін (гаворка пра шэраг тэматычных твораў на выстаўцы), мастак быў адданы радзіме — Віцебшчыне (хоць нарадзіўся Аляксандр Карпан ва Украіне). Натуральна, прысутнічаюць творы, прысвечаныя самому Віцебску, а таксама вясковыя пейзажы, якія падаюцца вяршыняй творчасці мастака. Ужо згаданыя выразнасць і лёгкасць, а таксама яснасць, з якімі творца адлюстроўваў прыроду, вельмі збліжаюць яго з многімі беларускімі і рускімі мастакамі, асабліва — з Вітольдам Бялыніцкім-Бірулем. Параўнаць і знайсці блізкасць і адрозненні можна на выстаўцы Аляксандра Карпана, якая будзе працаваць да 15 студзеня. 

Яўгенія ШЫЦЬКА, 

фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.