Вы тут

Па адрасе невядомай сядзібы


Веру Данілаўну Міцкевіч усе, хто цікавіцца гісторыяй беларускай літаратуры, добра ведаюць як дасведчанага коласазнаўца. Унучка народнага песняра Беларусі, яна шмат зрабіла для ўшанавання памяці стваральніка «Новай зямлі», «На ростанях» і іншых неўміручых твораў. Вера Міцкевіч таксама з’яўляецца аўтарам многіх адметных артыкулаў пра атачэнне Якуба Коласа, мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю класіка беларускай літаратуры. 


Можа быць, якраз па гэтай прычыне і неспадзяванай падалася яе кніга «Сядзіба Качэрычы: шляхамі Ланеўскіх-Ваўкоў, фон Гоераў і іх нашчадкаў», якая пабачыла свет на дзвюх мовах — беларускай і рускай. Сядзіба Качэрычы Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер — на тэрыторыі сучаснага горада Кіраўска Магілёўскай вобласці) звязана з дваранскімі родамі Ланеўскіх-Воўкаў і фон Гоераў — продкамі літаратараў, сярод якіх была вядомая расійская пісьменніца-гумарыстка Надзея Тэфі. Заўважым, што назву Кіраўск напрыканцы 1934 года атрымалі хутары каля вёскі Старцы і сяло Качэрычы. На пачатку 1935 года быў утвораны Кіраўскі раён. 

Інфармацыя пра гаспадароў маёнтка Качэрычы адсутнічае нават у такім грунтоўным выданні, як энцыклапедычны шматтомнік «Гарады і вёскі Беларусі». Хаця старадаўні парк на тэрыторыі колішняга маёнтка часткова захаваўся. Цяпер тут працуе санаторый імя К. П. Арлоўскага, ураджэнца гэтых мясцін, Героя Савецкага Саюза і Героя Сацыялістычнай Працы, чалавека ў Беларусі і ў Савецкім Саюзе добра вядомага. Санаторый пасля рэканструкцыі 2011 года мае новы выгляд і сучасную лячэбную базу. І вось што піша на першых старонках кнігі Вера Міцкевіч: «Кіраўнік санаторыя, выдатны арганізатар сваёй справы Вольга Усеваладаўна Гаршкова расказвала мне, што акрамя прозвішча апошняга гаспадара былога маёнтка Качэрычы — фон Гоер, — пра гэтыя мясціны невядома, а хацелася б ведаць болей і стварыць невялікі экскурс для тых, хто тут адпачывае. Шчыра кажучы, добразычлівыя адносіны ўсяго персаналу санаторыя, прафесійнае выкананне абавязкаў, зацікаўленасць, а таксама захаванасць і таямнічасць велічнага парку падштурхнулі мяне адгукнуцца і распачаць пошукі». 

Аўтар кнігі прасачыла радаводную лінію Ланеўскіх-Ваўкоў. Сярод іх — вельмі цікавыя асобы. У тым ліку — і Даніэль, які атрымаў у спадчыну маёнтак Нястанавічы Мазырскага павета, меў у пажыццёвым валоданні маёнтак Некрашы Мазырскага павета, служыў у войску літоўскім, быў дэпутатам Галоўнага трыбунала ВКЛ (1702), паслом ад навагарудскага ваяводства да караля Станіслава Ляшчынскага і караля шведскага Карла XII, падчас Паўночнай вайны шматразова абіраўся на пасады паслоў, суддзяў у Мазырскім павеце. Таксама Мікалай, палкоўнік, шамбялян. Валодаў маёнткам Косічы Быхаўскага павета, рагачоўскі павятовы маршалак (1797–1799). Ды і іншыя, не меней цікавыя асобы. Што да фон Гоераў, то даследчыцы асобныя факты іх жыцця на беларускіх землях удалося адкрыць дзякуючы ўнучцы Аляксандра і Надзеі фон Гоераў — Надзеі Лахвіцкай (дачка Варвары), якая стала пісьменніцай — «...непараўнальнай Тэфі». Выходзіць, што Надзея Тэфі (Надзея Аляксандраўна Бучынская. Дзявочае прозвішча Лохвіцкая, 1872, Санкт-Пецярбург — 1952, Парыж), як і яе сёстры, па лініі маці паходзіць не толькі з нямецкага роду фон Гоер, але і з беларускага шляхетнага роду Ланеўскіх-Ваўкоў. З Качэрычаў родам іх бабуля Надзея Феліцыянаўна. Дарэчы, вядома, што пасля нараджэння першай дачкі Тэфі разам са сваім першым мужам Уладзіславам Бучынскім пасялілася ў яго маёнтку пад Магілёвам. У 1910 годзе ў выдавецтве «Шиповник» выйшла першая кніга вершаў Тэфі — «Семь огней». Пісьменніца ўваходзіла ў штат пастаянных супрацоўнікаў славутага часопіса «Сатирикон». Прыхільнікам Тэфі быў імператар Мікалай II. Імя пісьменніцы было выяўлена на цукерках. Надзею Тэфі называлі першай рускай гумарысткай пачатку XX стагоддзя. Сястра Тэфі — паэтэса Марыя Лахвіцкая (1869–1905), заснавальніца рускай «жаночай паэзіі», якая адкрыла шлях да чытача Ганне Ахматавай і Марыне Цвятаевай. У 1897 і 1905 гадах — двойчы! — атрымала Пушкінскую прэмію. Крытыкі пісалі пра Лахвіцкую: «...Яна была адна з першых жанчын, якая так адкрыта гаварыла пра каханне з жаночага пункту гледжання, як раней гаварылі пра яго, са свайго боку, толькі паэты...» Так, паэтэса парушыла межы паэзіі, дазволіла сабе тое, што было адно толькі пад уладай пісьменнікаў-мужчын... 

Са славутага роду фон Гоераў, і пра гэта піша Вера Міцкевіч, — Соф’я Аляксандраўна Давыдава (1842–1915). Яна з’яўляецца аўтарам многіх прац, прысвечаных рускаму карункаваму мастацтву. У тым ліку і даследавання «Рускія карункі і рускія каруначніцы» (1892 год). 

Шукаючы розныя архіўныя, крыніцазнаўчыя матэрыялы, Вера Міцкевіч высветліла, што ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі знаходзіцца рарытэтны экзэмпляр зборніка Тэфі «Книга Июнь» (1931 года выдання) з аўтографам пісьменніцы, адрасаваным Міхаілу Асаргіну (1878–1942), расійскаму пісьменніку, масону. 

Брат пісьменніцы — Мікалай Аляксандравіч Лохвіцкі (1867–1933), рускі генерал, георгіеўскі кавалер, падчас Першай сусветнай вайны камандаваў Рускім экспедыцыйным корпусам у Францыі і быў узнагароджаны крыжам Ганаровага легіёна. Адзін з апошніх уладальнікаў Качэрычаў — Леў Віктаравіч фон Гоер (1875, Мінск — 1939, Парыж). Юрыст, фінансіст, сапраўдны стацкі саветнік, пісьменнік, масон, банкір, ранцье. Быў членам Праўлення Руска-Кітайскага банка, працаваў фінансавым агентам Міністэрства фінансаў Расійскай імперыі ў Кітаі і Японіі. З 1920 года — у эміграцыі ў Кітаі. Займаў пасаду дырэктара Руска-Азіяцкага банка ў Манчжурыі і Шанхаі. Аўтар работ, прысвечаных Далёкаму Усходу. У Парыжы выйшаў шэраг кніг Льва фон Гоера масонскай тэматыкі. Адно з выданняў з аўтографам пісьменніка знаходзіцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Не чужым для мастацкага слова быў і апошні гаспадар Качэрычаў — Уладзімір Віктаравіч фон Гоер (1874—?). У 1909 годзе ў Бабруйскай друкарні выйшла яго п’еса «Акультысты» ў чатырох дзеях на 189 старонках. 

Выдатна, што кніга В. Міцкевіч дапоўнена перакладам на рускую мову. Тэму Качэрычаў і іх гаспадароў даследуюць у розных краінах свету. Магчыма, і ў працы Веры Данілаўны будзе болей шырокі працяг. Кніга пра сядзібу на тэрыторыі сучаснага райцэнтра Кіраўск нагадвае, што па-за ўвагай мясцовых краязнаўцаў знаходзяцца многія і многія тэмы, як патрэбны асобныя выданні пра многія старадаўнія сядзібы. Будзем спадзявацца на руплівасць аўтараў, даследчыкаў гісторыі роднага краю, якія працуюць у рэгіёнах. Тым больш што многія адрасы, у прыватнасці, на Гродзеншчыне, Берасцейшчыне, Міншчыне, ім падкажуць грунтоўныя кнігі доктара біялагічных навук Анатоля Тарасавіча Федарука, прысвечаныя старадаўнім сядзібам. 

Кнігу «Сядзіба Качэрыцы...» можна набыць у Мінску па адрасе: праспект Незалежнасці, 72, кнігарня «Акадэмкніга». 

Раман СЭРВАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».