Вы тут

Творчыя агні Віцебска


Адгучалі святочныя акорды ІV Міжнароднага фестывалю-конкурсу «Арт-парад у Віцебску», які сёлета сабраў звыш тысячы ўдзельнікаў з 16 краін свету. Харэаграфічны Гран-пры застаўся ў горадзе на Дзвіне, а вакальны — паехаў у Арменію.


Марыца Цілікян.

Чацвёрты раз Віцебск расчыніў свае дзверы для ўдзельнікаў і гасцей зімовага «Славянскага базару» — так міжнародны конкурс «Арт-парад» празвалі арганізатары. Фестываль і сапраўды стаў зімовым творчым вогнішчам для ўсіх аматараў і прафесіяналаў вакальнага і харэаграфічнага мастацтва. Гісторыя «Арт-парада» пакуль яшчэ не такая вялікая, як у летняй «славянкі», але фестываль ужо карыстаецца папулярнасцю ў творчым міжнародным асяроддзі. Пацвярджэннем гэтага факта з'яўляюцца ўдзельнікі з больш чым паўтара дзясятка краін, некаторыя з якіх асабіста прыехалі на галоўную віцебскую сцэну, бо сёлета конкурс праходзіў афлайн і анлайн.

— Канкурсанты з дзевяці краін выступалі на сцэне, яшчэ з сямі — прыехаць не змаглі, таму даслалі відэазапісы сваіх выступленняў. Прадстаўлены краіны СНД, Егіпет, Ізраіль, Кітай. Толькі з Расіі ў фестывалі ўзялі ўдзел прадстаўнікі больш як з 10 рэгіёнаў: гэта і Масква, і Калінінград, і Сібір, — расказаў дырэктар Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», генеральны дырэктар ДУ «Цэнтр культуры «Віцебск» Глеб Лапіцкі.

На гала-канцэрце, які стаў фінальным акордам «Арт-парада», артысты прадставілі на суд журы найлепшыя нумары, якія былі адабраны па выніках вочнага тура. Лаўрэаты першай ступені змагаліся за два Гран-пры ў вакальнай і харэаграфічнай намінацыях. На самую высокую прыступку падняліся спявачкі з Беларусі і Арменіі, аднак пранізлівая «Балада аб маці» пераважыла чашу шаляў у бок Марыцы Цілікян — галоўны прыз у намінацыі «Вакал» адправіўся ў Арменію.

У харэаграфічнай намінацыі перамаглі віцябчане — народны тэатр-студыя сучаснай харэаграфіі пад кіраўніцтвам Дзіяны Юрчанкі. Аднак танцоры гэтага калектыву ўжо былі заяўлены як удзельнікі ў будучым фестывалі мастацтваў у горадзе на Дзвіне, таму свой шчаслівы квіток на «Славянскі базар» падарылі ўзорнаму ансамблю танца «Натхненне» (Беларусь).

«Арт-парад у Віцебску» — не толькі творчая, але і адукацыйная пляцоўка. Добрай традыцыяй на працягу чатырох гадоў з'яўляецца правядзенне майстар-класаў ад вядомых дзеячаў культуры і мастацтва. Сёлета сакрэтамі вакальнага майстэрства з удзельнікамі фестывалю падзяліліся грузінская спявачка, педагог акадэміі Ларысы Долінай Этэры Берыяшвілі і латвійская спявачка Яна Клявіня. А танцоры наведалі майстар-класы педагога-харэографа заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Тэатра танца «ALEXІS» Аляксандра Зенчанкі і заслужанай артысткі Расіі Марыі Валодзінай.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.