Вы тут

Эліксір для даўгалецця


Пачатак года ў Брэсце ўжо даўно асацыіруецца з фестывалем «Студзеньскія музычныя вечары». Быў час, калі оперныя дзівы прыбывалі да нас у гэтую пару ў раскошных футрах, бо стаяла сапраўдная зіма. Цяпер пейзажы іншыя — ні намёку на снег альбо мароз, а аркестр каля акадэмічнага тэатра ў дзень адкрыцця іграе пад дробным дажджом. Што ж, зімы няма, а фестываль ёсць — на радасць аматарам высокага мастацтва.


Дамінга Стасі і Расана Патэнца. Фота Валерыя КАРАЛЯ.

Напачатку тыдня Міжнародны фестываль класічнай музыкі «Студзеньскія музычныя вечары» адкрыў заслону 35-ы раз. На гэты раз у «Вечарах» прынялі ўдзел музыканты і выканаўцы з Беларусі, Балгарыі, Босніі, Грузіі, Італіі, Расіі, Сербіі і Сірыі. Як заўсёды, цырымонія ўрачыстага адкрыцця адбылася ў Акадэмічным тэатры драмы.

У прывітальным слове намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Вадзім КРАЎЧУК адзначыў, што фестываль даўно стаў не толькі брэндам Брэста і рэгіёна, але і нашай краіны. «Сюды прыязджаюць сусветна вядомыя спевакі і музыканты, некаторыя пабывалі ўжо шмат разоў. І ўсё дзякуючы непаўторнай атмасферы фестывалю, якую стварыла ад самага пачатку заслужаны дзеяч мастацтваў Лілія Батырава», — сказаў Вадзім Краўчук. Пад апладысменты залы Ліліі Рыгораўне перадалі букет ад імя старшыні аблвыканкама Юрыя Шулейкі.

І калі «Вечары» можна назваць брэндам рэгіёна, то брэндам фестывалю, несумненна, з'яўляецца яго заснавальнік, дырэктар, галоўны рэжысёр, лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За развіццё міжнародных культурных сувязяў» Лілія Батырава. Лілія Рыгораўна некалькі гадоў таму адзначыла 85-годдзе, але па-ранейшаму з'яўляецца душой фестывалю, яе ведаюць і любяць артысты, здаецца, з усяго свету, на яе запрашэнні адгукаюцца і прыязджаюць падарыць брастаўчанам незабыўнае свята высокай музыкі.

Як заўсёды, асабліва хвалюючым становіцца вечар-адкрыццё. Праграму першага вечара сёлета адкрыў Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам дырыжора і мастацкага кіраўніка, народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава. Прагучала ўверцюра да оперы Вагнера «Нюрнбергскія мейстэрзінгеры» і ўверцюра да оперы Глінкі «Руслан і Людміла». Разам з народным артыстам Беларусі прафесарам Ігарам Алоўнікавым музыканты выканалі першую частку фартэпіяннага канцэрта Чайкоўскага.

Слухачы цёпла прымалі італьянскіх гасцей — салістку італьянскай оперы Расану Патэнца і саліста оперных тэатраў Дамінга Стасі, а таксама першую флейту оперных тэатраў Мілана і Рыма Антонія Амендуні. Ганна Саўкіна з Санкт-Пецярбурга выканала канцэрт для скрыпкі з беларускім аркестрам і была ўзнагароджана бурнымі апладысментамі.

Італьянскія выканаўцы спявалі і паасобку, і дуэтам — цудоўнае сапрана Расаны з тэнарам Дамінга стварала чаканую атмасферу, слухачы ўсміхаліся, зараджаліся энергіяй музыкі. А калі аб'явілі арыю «Заздароўную» з оперы Вердзі «Травіята», і Дамінга Стасі адкрыў бутэльку шампанскага, зала адгукнулася адабральным гулам, цалкам запанаваў святочны настрой.

Адным з найбольш чаканых аматарамі фэсту было выступленне тэатра «Маскоўская аперэта». Загадкавы містэр Ікс у выкананні Паўла Іванова, несумненна, пакарыў публіку. Марыя Варажэйкіна ў ролі Тэадоры таксама была чароўнай. Адным словам, спатканне з творам Імрэ Кальмана, правільней сказаць, спектаклем у дзвюх дзеях, атрымалася надзвычай цёплым, пранікнёным.

У трэці дзень «Вечароў» па традыцыі прайшоў калядны баль у тэатры драмы. Гэты баль не мае жорсткіх патрабаванняў да дрэс-коду, таму аматараў класічных танцаў прыйшло нямала. У вальсе і танга прыгожа кружылі пары ў тым ліку трэцяга ўзросту.

Адметнасцю сёлетняга фестывалю названы дабрачынны канцэрт для медыцынскіх работнікаў Брэста і Брэсцкага раёна. Як заявілі арганізатары, мерапрыемства стала знакам увагі да прадстаўнікоў самай гуманнай прафесіі, да людзей, якія працуюць у выхадныя і святы. Усяго было раздадзена каля 400 запрашальных білетаў. І зала Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Р. Шырмы ўвечары 11-га аказалася поўная.

У кулуарах фестывалю артысты дзяліліся ўражаннямі з журналістамі. Маэстра Аляксандр АНІСІМАЎ пахваліў брэсцкую публіку:

— Прыемна бачыць у зале людзей, якія з году ў год прыходзяць на канцэрты «Вечароў». Ведаю, што некаторыя з іх даязджаюць не толькі ў Мінск, але нават у Маскву і Піцер, каб сустрэцца з высокім мастацтвам. Мы рады выступаць у Брэсце, шчаслівыя сустрэчамі з сапраўднымі аматарамі класічнай музыкі.

Улюбёнец брэсцкай публікі італьянскі флейтыст Антоніа Амендуні сказаў так:

— Мне прыемна зноў вярнуцца ў Брэст, дарэчы, сёмы раз выступаю на «Вечарах». Упершыню прыехаў сюды 15 гадоў таму. Для мяне ваш горад ужо крыху родны. Публіка тут цудоўная. Прыемна паслухаць іншых выканаўцаў. Я ўдзячны спадарыні Ліліі і ўсім арганізатарам фестывалю за запрашэнне і добрую арганізацыю.

Скрыпачка Ганна Саўкіна — таксама даўні сябар фестывалю, яна прыязджае ў Брэст сёмы раз:

— Я палюбіла Брэст за цёплыя сустрэчы, за добрую атмасферу. Гэта цудоўна, што фестываль праходзіць штогод і збірае артыстаў вельмі высокага ўзроўню. Таму ў сваім даволі шчыльным канцэртным графіку заўсёды знаходжу акенца для «Вечароў». З многімі калегамі-інструменталістамі пазнаёмілася менавіта тут, з некаторымі працягваем стасункі, абменьваемся інфармацыяй, творчым вопытам. Рада выступаць з беларускім дзяржаўным акадэмічным аркестрам пад кіраўніцтвам маэстра Анісімава. Музыканты цудоўна іграюць.

Напрыканцы парада ад Ліліі Батыравай: «Любіце музыку, адчувайце яе. Хто слухае класічную музыку, жыве доўга».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».