Вы тут

Дзіцячыя ўзорныя студыі прадставілі свае творы на выставе ў Гродне


У экспазіцыі, якая атрымала назву «Душы і рук стварэнне», больш за 80 работ, многія з якіх на калядную тэматыку. Тут можна ўбачыць персанажаў калядных забаў, батлейку, сняжынкі-выцінанкі, елачкі, зімовыя пейзажы і іншыя цікавыя творы. Выстава працуе ў абласным метадычным цэнтры народнай творчасці, і ўпершыню яе выставачная зала поўнасцю аддадзена дзецям.


У самым пачатку экспазіцыі наведвальнікаў сустракае… вялізная каза. Вядома, гэта муляж, але не толькі. Яна яшчэ і персанаж тэатралізаваных прадстаўленняў. Галава ў казы здымаецца і выкарыстоўваецца як маска. З такім разлікам зроблены і касцюм Механошы, тут жа незвычайная калядная зорка — гатовы рэквізіт для вясёлых забаў. Лялькі-марыянеткі таксама каляднай тэматыкі. З імі дзеці выступаюць у студыйным лялечным тэатры Ашмян.

Загадчыца аддзела традыцыйнай мастацкай культуры метадычнага цэнтра Яніна Барысевіч спыняецца каля батлейкі:

— Бачыце, як дасканала выкананы персанажы? Усе яны зроблены з пап’е-машэ. Вось святое сямейства, вось ідуць тры каралі з падарункамі. Мабыць, адтуль і пайшла гэта традыцыя — віншаваць на Каляды адзін аднаго.

Чаго тут толькі ні ўбачыш! Вось незвычайная елачка з лёну, вясёлая козачка з фольгі на шкле, вырабы з воўны. Зімовы пейзаж выкананы ў тэхніцы грунтаванага тэкстылю. Многія работы маюць аўтарскія малюнкi і тэхнічнае ўвасабленне. Бярэцца за аснову традыцыйная тэхніка і выкарыстоўваецца па-свойму. Атрымліваецца арыгінальны твор. Напрыклад, роспіс на цагліне. Альбо батык у 3D вымярэнні: калі павярнуць карціну ў розныя бакі, яе сюжэт мяняецца. Яшчэ студыйцы прыдумалі зрабіць з кудзелі выявы жывёлаў. Такі вось мастацкі эксперымент.

Непадалёку ад велічнай каляднай казы размясціўся каларытны міфічны персанаж. Як расказала Яніна Барысевіч, гэта дух зямлі, які прыйшоў з глыбіні стагоддзяў у выглядзе невысокага, амаль у метр ростам, барадатага вандроўніка. Адзеты ён проста — як звычайны селянін, але не варта яго злаваць, бо ён можа наслаць дрэннае надвор’е, якое сапсуе ўраджай: залье яго дажджом ці паб’е градам. Таму старажытныя сяляне стараліся яго задобрыць. Праводзілі спецыяльныя абрады перад сяўбой і жнівом. Як, дарэчы, робяць гэта і зараз.

— Выстава «Душы і рук стварэнне» — справаздача дзейнасці Ашмянскага цэнтра дзяцей і моладзі, — адзначае арганізатар. — Прадстаўлены дзве ўзорныя студыі — «АртМір» і «Чароўны куфэрак». Яны паказваюць свае напрацоўкі. Наша зала традыцыйна прымае справаздачныя выставы. Але да гэтага часу сваю творчасць прадстаўлялі толькі дарослыя майстры. Творы дзяцей дэманструюцца ўпершыню. І так супала, што экспазіцыя адпавядае святочнай тэме.

У выставачнай зале размясцілася каля 80 работ у розных тэхніках дэкаратыўна-выяўленчага мастацтва. Мастацкая апрацоўка лёну, тэкстыль, скульптура са штучнага футра, выцінанка, жывапіс, графіка, мастацкія вырабы з паперы, разьба па гіпсу, мастацкі роспіс, бацік і іншае. Тэматыка шырокая — калядныя сюжэты, народна-бытавыя матывы, архітэктурныя пейзажы...

Узорныя студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «АртМір» і «Чароўны куфэрак» створаны амаль 10 год таму. Кожную наведваюць 20 школьнікаў. 

Студыйцы — пастаянныя ўдзельнікі і прызёры абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, у тым ліку рэспубліканскага конкурсу «Калядная зорка», агляда-конкурсу «Здравствуй, мир» і іншых. Экспазіцыя ў выставачнай зале ў Гродне — першы вялікі праект.

Маргарыта УШКЕВІЧ 

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?