Вы тут

Мерапрыемства з музычнай праграмай, Выстава памяці і іншыя падзеі


Мерапрыемства з музычнай праграмай «Анёл мой»,  Выстава пейзажыста Алега Іларыёнава «Марына», «Не для сцэны», Выстава жывапісу «Калектыўная прытомнасць», Выстава памяці мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева), першага Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі, Героя Беларусі, і памяці святой блажэннай Валянціны Мінскай — штотыднёвая афіша «Звязды».


Мерапрыемства з музычнай праграмай «Анёл мой»

Дзе: г. Мінск, Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, пл. Свабоды, 15

Калі: 14 студзеня

Колькі: 15 BYN — дарослым, 10 BYN — студэнтам/пенсіянерам, 8 BYN — школьнікам 

У 18:00 у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адбудзецца мерапрыемства з музычнай праграмай «Анёл мой», арганізаванае сумесна з вакальнай групай «Камерата» Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь вакальны ансамбль «Камерата» вядомы непаўторнасцю музычнага мыслення, найвышэйшым узроўнем выканання, аўтарскай музыкай, якая ўбірае ў сябе элементы практычна ўсіх вядомых стыляў і кірункаў.

Выканальніцкая манера беларускіх музыкантаў заснавана на выкарыстанні стылю «a capella» ў спалучэнні з тэхнікай «мікрафонавага» спеву з адначасовай апрацоўкай галасоў пры дапамозе электронікі.

У праграме «Анёл мой» прагучаць аўтарскія песні Вольгі Вараб’ёвай і Аляксандра Доўнара, а таксама сусветна вядомыя кампазіцыі Луі Армстранга, Пабла Белтрана Руіза, Майкла Бубла.

Выкананне праграмы адбудзецца ў прасторы выставы «Святасць зямлі беларускай», прысвечанай памяці Мітрапаліта Філарэта і святой блажэннай Валянціны Мінскай. Выстава ўключае ў сябе творы мастакоў і іканапісцаў, створаныя ў рамках III і IV Міжнароднага мастацкага пленэру «Святасць зямлі беларускай». У атмасферы жывапісных работ гледачы пагрузяцца ў яркую вакальную сімфонію гукаў ансамбля «Камерата».


Выстава «Калядныя замалёўкі — 2022»

Дзе: г. Мінск, Музей гісторыі тэатра і музыкі, зав. Музычны, 5

Калі: да 15 студзеня 

Колькі: па ўваходнаму квітку ў музей

У Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры пачала працу выстаыва дзіцячай творчасці «Калядныя замалёўкі—2022».

Выстаўка арганізавана па выніках аднайменнага конкурсу «Калядныя замалёўкі—2022» на лепшы дзіцячы малюнак ці выраб дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У гэтым годзе конкурс адзначае юбілей. Ужо дзесяць гадоў таленавітыя навучэнцы мінскіх школ і мастацкіх аб’яднанняў прадстаўляюць звыш ста арыгінальных, сапраўды мастацкіх конкурсных работ з дзіцячым бачаннем Калядаў і Раства.


Выстава Аляксандра Карпана

Дзе: г. Мінск, Мастацкі музей, вул. Леніна, 20

Калі: да 15 студзеня 

У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь працуе выстава Аляксандра Фёдаравіча Карпана, прысвечаная 70-годдзю з дня нараджэння майстра.

Аляксандр Карпан (06.11.1953–18.08.2016) — адзін з самых знакамітых прадстаўнікоў сусветна вядомай віцебскай школы акварэлі. Выпускнік мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С.М.Кірава, ужо ў канцы 1970-х гадоў ён сам становіцца адным з яркіх педагогаў, выкладае малюнак, жывапіс і кампазіцыю.

На працягу ўсяго творчага шляху мастак працаваў у розных жанрах, хаця і аддаваў перавагу нацюрморту, пейзажу і партрэту. Творы Аляксандра Карпана адрозніваюцца не толькі высокім майстэрствам выканання, але і непаўторнай індывідуальнай стылістыкай.

У апошнія два дзесяцігоддзі А.Карпан атрымаў прызнанне прафесіяналаў і гледачоў на буйных міжнародных акварэльных біенале ў Літве, Кітайскай Народнай Рэспубліцы, Расіі і Беларусі. Творы мастака знаходзяцца ў фондах Полацкага гісторыка-архітэктурнага музея-запаведніка, Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, Арт-цэнтры імя Марка Ротка, а таксама ў шматлікіх прыватных калекцыях.


Выстава светлавых фігур

Дзе: г. Мінск, Мінскі заапарк, вул. Ташкенцкая, 40

Калі: да 15 студзеня 

Колькі: 12 BYN

З 15 снежня па 15 студзеня на тэрыторыі Мінскага заапарка будуць устаноўлены светлавыя фігуры жывёл, выкананыя з шаўковай тканіны і падсветленыя знутры шматлікімі лямпачкамі, а таксама рухомыя фігуры звяроў Афрыкі, падсветленыя звонку. Выстава падзелена на тры зоны розных відаў жывёл і працуе штодня з 19.00 да 23.00. 

Па цане звычайнага білета ў заапарк можна прагуляцца па яго тэрыторыі і паглядзець не толькі на звычайных жывёл, але і на іх рукатворныя копіі. Некаторыя светлавыя фігуры аб’яднаны ў захапляльныя кампазіцыі, якія суправаджаюцца гукавымі эфектамі.


Выстава рэпрадукцый карцін «Залаты пацалунак. Клімт. Муха. Тулуз-Латрэк»

Дзе: г. Мінск, «Артэль», пр-т Незалежнасці, 58/1

Калі: да 15 студзеня 

Колькі: 11-17 BYN

Выстава прысвечана стылю мадэрн у жывапісу і аб’ядноўвае працы трох знакамітых мастакоў-мадэрністаў, кожны з якіх вялікі або нават геніяльны ў сваёй творчасці: Густаў Клімт, Анры дэ Тулуз-Латрэк і Альфонс Муха.

Густаў Клімта — аўстрыйскі жывапісец, графік і дэкаратар. Яго імя, як правіла і асацыюецца са стылем мадэрн. «Пацалунак» — самая вядомая і вельмі характэрная карціна мастака, якая і дала назву выставе.

Анры дэ Тулуз-Латрэк — найбольш вядомы майстар Ар Нува (назва мадэрна) у Францыі. Плакаты Анры дэ Тулуз-Латрэка выдатна рабілі тое, для чаго і прызначаліся — рэкламавалі глянец парыжскага паўсвету. Менавіта плакаты прынеслі мастаку жаданую вядомасць.

Альфонс Муха, якога яшчэ пры яго жыцці наракалі геніяльным мастаком, цяпер называлі б хутчэй геніяльным дызайнерам. Бо справядлівасці дзеля варта сказаць, што яго жывапісныя карціны, у тым ліку і знакамітая серыя «Славянская эпапея» і блізка не былі такімі папулярнымі, як тыражуюцца вобразы рамантычных прыгажунь з афіш і этыкетак.

На выставе будуць прадстаўлены карціны ў тэхніцы жыкле, постэраў і малюнкаў мастакоў, забяспечаных апісаннем сюжэтаў і гісторыяй стварэння карціны.

Для гасцей будуць дзейнічаць экскурсіі. На памяць можна набыць сувенірную прадукцыю.

Тэхніка «жыкле», у якой будуць прадстаўлены работы на выставе, дазваляе цалкам узнавіць несмяротныя шэдэўры на натуральным палатне, Прайграць усе нюансы колеру і святлаценю, перадаць характар і фактуру мазка. Такім чынам, лічбавая мастацкая рэпрадукцыя — не імітацыя, а дакладнае, факсімільнае ўзнаўленне арыгінала.

Для наведвальнікаў будуць дзейнічаць экскурсіі ў групах па папярэднім запісе.


Інтэрактыўна-пазнавальная праграма «Калядныя цуды»

Дзе: г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 13.

Калі: да 22 студзеня 

Колькі: 3 BYN

У перыяд зімовых свят можна наведаць святочную інтэрактыўна-пазнавальнаю праграму «Калядныя цуды». Праграма прысвечана традыцыям святкавання Калядаў на Беларусі.

Удзельнікі даведаюцца, чаму ў гадавым коле народных абрадаў і свят Каляды займалі першае месца, як варажылі, якія песні спявалі і якія стравы гатавалі на свята іх продкі, пазнаёмяцца з абрадавымі каляднымі гульнямі і забавамі. Кожны юны ўдзельнік атрымае салодкі пачастунак ад партнёраў праграмы — кандытарскіх фабрык «Спартак» і «Красный Пищевик».

А яшчэ падчас праграмы будзе магчымасць патрапіць у «калядную майстэрню» і ўласнаручна зрабіць незвычайную елачную цацку-сюрпрыз.

Да ўдзелу ў святочнай праграме запрашаюцца групавыя і сямейныя наведвальнікі малодшага і сярэдняга школьных ўзростаў.

Працягласць — каля 60 хвілін. Абавязковы папярэдні запіс па тэлефоне: +375 17 363-56-21.


Выстава «У крохкім шары чароўны свет»

Дзе: г. Мінск, Галерэя Міхаіла Савіцкага, пл. Свабоды, 15

Калі: да 22 студзеня 

Колькі: 2,5–5 BYN

У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага пачалапрацу выстава «У крохкім шары чароўны свет» з калекцыі ёлачных упрыгожванняў Наталлі Кавалёвай (г. Віцебск).

Наталля Кавалёва — калекцыянер і рэстаўратар ёлачных цацак, у мінулым — настаўнік замежных моў. Займаецца калекцыяніраваннем на працягу 13 гадоў. На сённяшні дзень у яе калекцыі налічваецца больш за пяць тысяч асобнікаў ёлачных упрыгожванняў рознай тэматыкі

Выстава дэманструе, як на працягу пяці дзесяцігоддзяў мяняўся матэрыял — ад цяжкага таўстасценнага шкла так званых «крамлёўскіх цацак» да лёгкага, практычна бязважкага шкла і, нарэшце, небіткага пластыка.

Дэкор і сюжэты размаляваных шароў адлюстроўваюць важныя гістарычныя падзеі: усталяванне савецкай улады — шары з сімволікай, партрэтамі правадыроў рэвалюцыі; развіццё паветраплавання і засваенне космасу — мантажныя цацкі ў форме спадарожнікаў, ракет, касмічных аб’ектаў.

Асаблівую цікавасць выклікаюць цацкі часоў Вялікай Айчыннай вайны, калі ў якасці шара выкарыстоўваліся звычайныя электрычныя лямпачкі, распісаныя ўручную. Гірлянды вырабляліся з тонкай меднай дроту, фальгі або каляровай паперы.

Навагоднія інсталяцыі, прыбраная ёлка, фігуры Дзеда Мароза і Снягуркі дапаўняюць экспазіцыю ёлачных упрыгожванняў, напаўняюць атмасферу радаснымі ўспамінамі з дзяцінства.


Выставачны праект «Сусветны поп-арт: ад Уорхала да Бэнксі»

Дзе: г. Мінск, НЦСМ, пр-це Незалежнасці, 47

Калі: да 22 студзеня 

Колькі: 8-12 BYN

Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў і галерэя FARBA адкрылі новы выставачны праект «Сусветны поп-арт: ад Уорхала да Бэнксі». Публіцы будзе прадстаўлена каля 80 твораў: ад папулярных серый «Мэрылін» і слоікаў супу «Кэмпбэл» Эндзі Уорхала да такіх бліскучых, але спрэчных сучасных прадаўжальнікаў поп-арта, як Рычард Раян і вобраз стрыт-арта Бэнксі.

Выстава ўяўляе сабой мноства сабраных разам, часам спрэчных і нават супярэчлівых дыялогаў паміж творцамі, гледачамі і крытыкамі. Нябачная, але адчувальная прысутнасць мастакоў дапамагае кожнаму, хто ўключыўся ў працэс, асэнсаваць гэтую з’яву.

Выстава традыцыйна ўяўляе і працы беларускіх аўтараў, творчасць якіх дапоўніць асноўную экспазіцыю. Гэта творы Вольгі Анашкінай, Паўла Асмакоўскага, Аляксандры Баўтрук, Вікторыі Богуш, Святланы Варабей, Міхаіла Дайлідава, Аляксандры Ягоравай, Валерыі Жылінскай і іншых мастакоў з фонду Нацыянальнага Цэнтра Сучасных Мастацтваў.

Арганізатары падрыхтавалі некалькі сюрпрызаў, каб зрабіць наведванне выставы яшчэ больш запамінальным. Кожны наведвальнік зможа прайсці тэматычны квэст, які дазволіць у займальнай форме пазнаёміцца з экспазіцыяй. У прасторы выставы вы знойдзеце арыгінальныя фотазоны, дзе проста немагчыма не зрабіць кадр на памяць.


Выстава «А. Я. Архіпаў і майстры Саюза рускіх мастакоў»

Дзе: г. Мінск, Мастацкі музей, вул. Леніна, 20

Калі: да 22 студзеня 

У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь пачала працаваць выстава «А. Я. Архіпаў і майстры Саюза рускіх мастакоў». Новы выставачны праект прымеркаваны да 160-годдзя з дня нараджэння выдатнага мастака, жывапісца А. Я. Архіпава і 120-годдзя з даты заснавання «Саюза рускіх мастакоў» — найбуйнейшай выставачнай творчай арганізацыі ў гісторыі рускай мастацкай культуры першай чвэрці XX стагоддзя.

Шырокая юбілейная экспазіцыя ўзнаўляе мастацкую атмасферу выстаў «Саюза рускіх мастакоў», якія аб’ядналі практычна ўсіх найбуйнейшых дзеячаў рускага выяўленчага мастацтва пачатку XX стагоддзя.

Прадстаўленыя на выставе творы жывапісу, графікі і скульптуры са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь знаёмяць з творчай спадчынай больш трыццаці выдатных майстроў рускага выяўленчага мастацтва, у тым ліку А. Я. Архіпава, М. А. Урубеля, А. М. Васняцова, К. А. Каровіна, С. Ю. Жукоўскага, Ф. А. Малявіна, П. І. Пятровічава, А. А. Рылова, А. С. Сцяпанава, Л. В. Туржанскага, К. Ф. Юона і іншых майстроў. 

Дапоўняюць экспазіцыю рэдкія выданні пачатку XX стагоддзя і каталогі выстаў аб’яднання.


Фотавыстава Марыны Бацюковай «Мары Марыны. Мінск»

Дзе: г. Мінск, Нацыянальная бібліятэка, пр-т Незалежнасці, 116

Калі: да 23 студзеня 

У галерэі «Панарама» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (22-гі паверх) працуе фотавыстава Марыны Бацюковай «Мары Марыны. Мінск», прымеркаванай да 955-годдзя горада.

Марына Бацюкова — удзельніца і куратар шматлікіх выставак і праектаў у Беларусі і за мяжой, член Беларускага саюза мастакоў, Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў.

У кругавароце фотавобразаў фотамастачкі — дзіцячыя ўспаміны, пырскі фантанаў, шум тралейбусаў, доўгія цені будынкаў, спякотнае лета і расколіны на асфальце пад пякучым сонцам сталіцы. Дапаўняюць панарамы горада мудрагелістыя формы каранёў-асацыяцый, якімі прасякнуты вуліцы, і дэталёвыя мініфатаграфіі будынкаў. Праз фотааб’ектыў уласнага ўспрымання аўтара Мінск паўстае горадам-марай, горадам, сатканым з гісторый і сноў.

Выстава арганізавана Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з Беларускім саюзам мастакоў.

Дата заканчэння працы экспазіцыі можа быць зменена.


«Музей ёлачных цацак»

Дзе: г. Мінск, Нацыянальны гістарычны музей, вул. К. Маркса, 12

Калі: да 23 студзеня

Колькі: 11 BYN — дарослым, 8 BYN — школьнікам/пенсіянерам, дзецям да 6 гадоў — бясплатна

У Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь ужо сёмы раз адкрылся дзверы навагодняга выставачнага праекта «Музей ёлачных цацак»! Традыцыйна праект праходзіць сумесна з Заводам ёлачных цацак «ГРАЙ» («Ганарыся Рэчамі АЙчыны!»).

Выстава — частка найбуйнейшай сусветнай калекцыі ёлачных цацак, якая штогод папаўняецца новымі ўнікальнымі прадметамі з розных краін. Экспазіцыя раскажа гісторыю вытворчасці шкляных шароў і іншых упрыгажэнняў з сярэдзіны XIX стагоддзя да нашых дзён. Пазнаёміць з традыцыямі навагодніх святаў, як еўрапейскіх, так і экзатычных краін (Конга, Перу, Інданезія, Новая Зеландыя, Паўночная Карэя). Любімыя і знаёмыя большасці бацькоў навагоднія цацкі савецкага перыяду дазволяць расказаць дзецям традыцыі навагодніх святаў са свайго дзяцінства. Адным з акцэнтаў праекта будзе традыцыйны інтэрактыўны мініяцюрны калядны гарадок.

Шпацыруючы ўздоўж вітрын са старадаўнімі ўпрыгожваннямі для елак, каляровымі шарамі і вінтажнымі цацкамі, госці музея адчуюць атмасферу і цеплыню зімовых святаў, натхняцца на пошукі незвычайных падарункаў для сваіх блізкіх!

Навагодняя цацка — гэта не толькі святочнае ўпрыгожванне елкі, але і прадмет гонару калекцыянераў. У апошні час з’явілася традыцыя — падаваць незвычайныя ёлачныя шары ў якасці навагодняга падарунка.

У рамках праекта будзе працаваць фірменны магазін фабрыкі «ГРАЙ».


Выстава Валянціна Губарава, Наталлі Івановай і Рыгора Іванова «Кот пад Новы год»

Дзе: г. Мінск, пл. Свабоды, 15

Калі: да 26 студзеня

Колькі: 8 BYN — дарослым; 5 BYN — дзецям, бясплатна — дзецям да 3 гадоў

Незвычайная арт-пляцоўка Мінска «Малінавы кот» прадставіць выставу Валянціна Губарава, Наталлі Івановай і Рыгора Іванова «Кот пад Новы год».

На выставе прадстаўлены работы знакамітых і вельмі розных ў творчых праявах беларускіх жывапісцаў, якія натхняюцца катамі. Мудрыя і добрыя, загадкавыя і смешныя каты аб’ядналі мастакоў, для кожнага з якіх характэрныя дзіцячая непасрэднасць у спалучэнні з талентам высокай пробы і дзіўная шчырасць.

Наведванне выставы «Кот пад Новы год» стане незабыўным падзеяй у чарадзе навагодніх мерапрыемстваў і падорыць вялікім і маленькім гледачам пазітыўны погляд на свет, адчуванне гармоніі і душэўнае цяпло.


Выстава пейзажыста Алега Іларыёнава «Марына»

Дзе: г. Мінск, вул. Чырвоназорная 31

Калі: да 29 студзеня

«Марына» — персанальная выстава мастака, кераміста Алега Іларыёнава, марскія пейзажы і ўсе тыя куткі свету, дзе жыве яго сэрца.

Аўтар шырока вядомы публіцы апошняй з прадстаўленых выстаў «Над Таўрыдай» якая прайшла ў пачатку лютага адыходзячага года.

Мастак — нястомны творца, удзельнік шматлікіх пленэраў у Беларусі і за яе межамі, на гэты раз прадставіць гасцям выставу пейзажнага жывапісу «Марына». Карціны прысвечаны марской прыгажосці ўзбярэжжа Крыму.

Сакавітымі фарбамі аўтар рэалістычна перадае стану прыроды праз спакойную кампазіцыю перманентных формаў. Пленэрныя палотны гучаць натуральнай гармоніяй святла і паветра, паглынальных ў сябе марыва велічэзных скалістых гор, пераплаўлены сонцам у предзакатную далеч.

Ураўнаважанасць кампазіцыі, стрыманасць каларыту ў карцінах запрашаюць гледача праз пачуцці прыгажосці і гармоніі да сузірання і разважання аб патаемнай цішыні ўнутры і звонку.


Выстава «Чакайце нас, зоркі!» 

Дзе: г. Мінск, НЦСМ, вул. Някрасава, 3

Калі: да 29 студзеня

Колькі: 7 BYN — поўны; 3 BYN — ільготны

Маштабны выставачны праект «Чакайце нас, зоркі!» пачаў сваю працу ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь.

Адпраўной кропкай стварэння экспазіцыі сталі архіўныя фота- і відэаматэрыялы, плакаты савецкага часу, прысвечаныя космасу і развіццю навуковых тэхналогій, перыяду, калі гэтыя тэмы былі звязаны з актыўным рухам у новы свет навукі і тэхнічнага прагрэсу, а масавае захапленне космасам было часткай працэсу фарміравання мары аб светлай гуманістычнай будучыне. 

У экспазіцыі прадстаўлены работы вядучага касмічнага мастака СССР Андрэя Сакалова і касманаўта Аляксея Лявонава. Адзін з альбомаў іх творчага саюза — «Чакайце нас, зоркі!» — паслужыў назвай дадзенай выставы.

На выставе прадстаўлены творы з фондаў Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, Музея-запаведніка Ю.А.Гагарына (Расійская Федэрацыя), Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Музея гісторыі горада Мінска, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, а таксама творы сучасных беларускіх аўтараў.

Таксама экспазіцыя праекта ўключае ў сябе плакаты, відэа-арт, саўнд-арт, скульптурныя аб’екты, інсталяцыі, фотаздымкі, жывапісныя і графічныя работы.

У межах выставачнага праекта наведвальнікаў чакае насычаная суправаджальная праграма: экскурсіі, майстар-класы, адукацыйныя мерапрыемствы і прэзентацыі. 


Выстава «Экзатарыум»

Дзе: г. Мінск, Музей прыроды і экалогіі, вул. Багдановіча, 9А

Калі: да 29 студзеня

Колькі: 6 BYN — дарослым, 5 BYN — студэнтам/пенсіянерам, навучэнцам/дзецям — 4 BYN, дзецям да 3 гадоў — бясплатна

У экспазіцыі госці выставы змогуць паназіраць за насельнікамі джунгляў і пустыняў, палюбавацца іх грацыёзнасцю, убачыць гібрыд каралеўскага пітона і суматранского пітона, полаза Байрда, насатага полаза Буланжэ, пацучынага полаза, жабу-рагатку, амурскага полаза, а так жа многіх іншых. Разнастайныя прадстаўнікі Азіі, Афрыкі і Амерыкі — яркія і экзатычныя — ўразяць сваім выглядам і звычкамі.

Выстава зацікавіць як дарослых, так і дзяцей. Для маленькіх наведвальнікаў будзе арганізавана інтэрактыўная зона.


«Не для сцэны»

Дзе: г. Мінск, пр. Незалежнасці, 50

Калі: да 31 студзеня

12 студзеня, у дзень нараджэння Уладзіміра Мулявіна, музей У. Г. Мулявіна прадставіць экспазіцыйны комплекс, прысвечаны «не сцэнічнага» жыцця артыста.

Для большасці вобраз Уладзіміра Мулявіна звязаны з творчасцю — канцэрты, выступленні, ансамбль «Песняры»... Аднак жыццё артыста не абмяжоўваецца сцэнай. У гардэробе музыканта не толькі касцюмы для выступленняў, а ў скрынях стала не заўсёды ляжаць ноты і партытуры. Экспазіцыйны комплекс пад назвай «Не для сцэны» дазволіць усім нам праз прадметы з фондаў музея і архіва сям’і Уладзіміра Геагрыевіча ўбачыць «іншага» У. Мулявіна.

Праект стане часткай існуючай стацыянарнай экспазіцыі і будзе даступны для ўсіх наведвальнікаў музея У. Г. Мулявіна да канца студзеня.


Навагодні Сезон у Музеі Ката

Дзе: г. Мінск, Музей ката, вул. Інтэрнацыянальная, 23

Калі: да 31 студзеня

Колькі: 12 BYN — дарослым, 10 BYN — студэнтам/дзецям

Гэтай зімой музей будзе рады падарыць Вам ўтульную і цёплую атмасферу, а таксама настрой навагодняга чараўніцтва. Вас чакае забаўляльны час з прыязнымі катамі і кошкамі, творы мастацтва, і шмат іншых забавак на кашэчую тэматыку.

Коцікі, якія жывуць у Музеі Ката, у мінулым бяздомныя. Пасля ператрымкі і ветэрынарнага агляду яны трапляюць у музей, а затым прыбудоўваюцца ў добрыя рукі.

Катакавярня, размешчанае ў Музеі Ката, дае кожнаму наведвальніку гарачыя напоі і прысмакі ў падарунак.


Выстава жывапісу «Калектыўная прытомнасць»

Дзе: г. Мінск, «Галерэя ДК», вул. Герцэна 2а

Калі: да 9 лютага 

Колькі: 7 BYN — поўны, 5 BYN — ільготны 

Важным элементам экспазіцыі з’яўляецца спроба сумясціць буйнафарматны жывапіс і дзённікавыя пошукі, стварыць сітуацыю камбінавання розных модуляў. Гэта становіцца часткай сэнсаўтвараючага элемента пра нараджэнне грандыёзнай містэрыі з шэпту, фарміраванне вялікага ў камернай сітуацыі.

Як мы перажываем тыя ці іншыя станы, знаходзячыся ўнутры супольнасці? Што застаецца ад нашай асобы, калі мы знаходзімся ва ўладзе калектыўнай эйфарыі? Людзі, аб’яднаныя ў сумесным дзеяннем сакрамэнце або рытуале, набываюць зусім не містычны вопыт, не толькі вопыт змененага стану, але і пасвячэння ў таемнае веданне. Датычнасць нараджае ўзаемнае падабенства.


Выстава памяці мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева), першага Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі, Героя Беларусі, і памяці святой блажэннай Валянціны Мінскай

Дзе: г. Мінск, Галерэя Міхаіла Савіцкага, пл. Свабоды, 15

Калі: да 10 лютага 

Колькі: бясплатна 

У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага пачала працу духоўна-асветніцкая выстава, прысвечаная памяці Мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева), першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Героя Беларусі, і памяці святой блажэннай Валянціны Мінскай, кананізацыя якой адбылася пры садзейнічанні архіпастыра.

Выстава ўключае фотаматэрыялы, якія адлюстроўваюць зямны шлях Мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева), творы мастакоў і іканапісцаў з Беларусі, Расіі і Малдовы, створаныя ў рамках III і VI Міжнароднага мастацкага пленэра «Святасць зямлі беларускай», работы лаўрэатаў Усебеларускага конкурсу дзіцячых малюнкаў на тэму гісторыі і сучаснасці Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Галоўнай тэмай мастацкіх твораў выставы з’яўляецца духоўнасць. Арганічным дадаткам праекта з’яўляецца выстава партрэтных і сюжэтных фатаграфій першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, створаных у розныя гады. Кожная фатаграфія адлюстроўвае шматграннасць гэтага чалавека: яго веліч і прастату, міласэрнасць і строгасць, пакора і адвагу, высакароднасць і шчырасць. У ліку аўтараў фатаграфій Беларускія фотамастакі: Аксана Кнаўс, Аляксандр Мізей, Таццяна Амеліна, Андрэй Пугач і Леанід Шчаглоў.

На выставе таксама прадстаўленыя ўборы і некаторыя асабістыя рэчы архіпастыра. Арганізатары праекта — Беларуская Праваслаўная Царква, ТАА «БелінжынірынгбудІнвест».


Літаратурна-дакументальная экспазіцыя «...І зноў на хвалі часу. Нязгасныя знічкі «Полымя»»

Дзе: г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13.

Калі: да 25 лютага

Колькі: 1,5–3 BYN

Літаратурна-дакументальная экспазіцыя «...І зноў на хвалі часу. Нязгасныя знічкі «Полымя» ствараецца ў межах выставачна-асветніцкага праекта па ўшанаванні памяці літаратараў міжваеннага пакалення «На хвалі часу, у плыні жыцця», створанага ў адпаведнасці з пагадненнем аб супрацоўніцтве паміж Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і ўстановай «Выдавецкі дома «Звязда».

У 2022 годзе святкуе 100-гадовы юбілей беларускі часопіс «Полымя». Сёлета гэтая дата і стане «адпраўнай кропкай» выставы. Назва цалкам змяшчае і плануемы экспазіцыйны змест. Амаль для ўсіх маладых літаратараў таго часу (у т.л. і «палыменцаў») своеасаблівай «творчай калыскай» з’явіўся «Маладняк», адкуль яны ўвайшлі ў буйны літаратурны свет. У пэўны час у пэўным месцы літаратурнае аб’яднанне «Маладняк» стала той самай свежай плынню ў беларускай савецкай літаратуры і дало жыццё іншым літаратурным суполкам. У яго шэрагах выхавалася цэлая плеяда маладых паэтаў, празаікаў, драматургаў, крытыкаў, публіцыстаў, журналістаў, прапагандыстаў роднага слова. У 2022 г. мы адзначаем юбілейныя даты 14-ці пісьменнікаў міжваеннага перыяду (большасць з іх — «маладнякоўцы»), агляд жыцця і творчасці якіх таксама прадстаўлены на экспазіцыі.

Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Цішка Гартны, Міхась Зарэцкі, Пятрусь Броўка, Максім Танк, Іван Шамякін, Іван Мележ, Янка Брыль... Гэтыя і іншыя вядомыя імёны засталіся ўпісанымі ў гісторыю часопіса «Полымя». Нават у сваім салідным 100-гадовым узросце «Полымя» не спяшаецца падводзіць вынікі, бо актыўна жыве і рухаецца наперад. Агульная інфармацыя пра часопіс «Полымя» даступная і ў інтэрнэце, і ў бібліятэках. Мы паспрабуем «ажывіць» час, тыя грамадска-культурныя абставіны, калі ўзнікла «Полымя», 1920-я — 1930-я гады, паглядзець на даўнія факты па-новаму.


Выстава «Гэта ўсё кошкі...»

Дзе: г. Мінск, вул. Ракаўская, 17

Калі: да 26 лютага

Колькі: 2,5–4 BYN

Музей гісторыі горада Мінска сумесна з арт-галерэяй «Катавасія» прадстаўляе выставу «Гэта ўсё кошкі...». Можна будзе ўбачыць арт-аб’екты, творы дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва, а таксама незвычайныя прадметы побыту і сувеніры з усіх куткоў свету, прысвечаныя гэтым жывёлам.

Галоўнымі героямі новай выставы выступаюць каты, кошкі і кацяняты. Гэтыя грацыёзныя жывёлы заўсёды суправаджалі і натхнялі майстроў мастацтва. Значная частка экспанатаў на выставе — зусім унікальныя працы, вырабленыя на заказ або набытыя ў мастакоў. Сярод аўтараў ёсць вядомыя беларускія жывапісцы, графікі і скульптары: Валерый Слаўк, Лілія Нішчык, Лізавета Пастушэнка і іншыя.

Сярод персанажаў-катоў вылучаецца ўсім знаёмы Кот у ботах. Асобную зону экспазіцыі займае калекцыя ёлачных цацак і сувеніраў на тэму зімовых святаў. Асабліва чароўныя вінтажныя музычныя скрыначкі «Kitty Cucumber» з персанажамі амерыканскай дзіцячай казкі ў святочных дэкарацыях.

Вельмі папулярная тэма ў калекцыянераў — каты-музыканты. І гэта не толькі цэлыя сімфанічныя аркестры катоў і кошак ў фраках і прыбраных сукенках, якія авалодалі мастацтвам гульні на разнастайных музычных інструментах, але і вулічныя музыкі, якія выступаюць за рыбку.

Але самыя незвычайныя экспанаты — гэта разнастайныя прадметы побыту ў каціным абліччы.


Выстава «Зімовая»

Дзе: г. Мінск, Нацыянальная бібліятэка, пр-т Незалежнасці, 116

Калі: да 27 лютага 

Колькі: па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра

У экспазіцыі — жывапіс і графіка сучасных беларускіх мастакоў, работы якіх аб’яднаны агульнай тэмай — святочнай пераднавагодняй зімой. У розных тэхніках, манерах аўтары-ўдзельнікі выстаўкі прадстаўляюць сваё бачанне адметнай пары года — казачнай і напоўненай марамі, поўнай надзей і ўсмешак.

«Зімовая» выстаўка прадэманструе гледачам разнастайную панараму пераднавагодніх вобразаў, калейдаскоп святочных пажаданняў, традыцый, успамінаў і асацыяцый. Аматары Калядных гулянняў, цудаў Раства, выканання жаданняў у навагоднюю ноч змогуць памроіць і зарадзіцца выдатным настроем

Дата заканчэння працы экспазіцыі можа быць зменена.


Літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Насустрач жыццю, насустрач будучыні»

Дзе: г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13

Калі: да 30 сакавіка

У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры працуе часовая літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Насустрач жыццю, насустрач будучыні», прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння беларускай пісьменніцы Алены Васілевіч.

Алена Васілевіч — з тых аўтараў, якіх рэкамендуюць чытаць у школе, чые творы перакладзеныя на многія мовы свету. Дыяпазон творчай дзейнасці пісьменніцы ўражвае і захапляе: празаік, крытык, эсэіст, публіцыст, перакладчык. Але найважнейшая сфера яе дзейнасці — мастацкая проза, з яе нехрэстаматыйным, яркім, дынамічным і прыцягальным светам.

На выставе будуць прадстаўлены матэрыялы з фондаў музея, а таксама асабістыя рэчы, рэдкія выданні, фатаграфіі, мастацкія працы з сямейнага архіва, прадстаўленыя сынам пісьменніцы, аўтарам фундаментальных даследаванняў па фальклоры і этнаграфіі Уладзімірам Аляксандравічам Васілевічам. Экспазіцыю аздобяць ілюстрацыі мастакоў з выданняў тэтралогіі «Пачакай, затрымайся...».

Галоўным мастацкім вобразам экспазіцыі стане сімвалічнае Дрэва жыцця Алены Васілевіч. Якое упрыгожаць і дапоўняць вобразы і сімвалы з твораў пісьменніцы: дабрыні, сумленнасці, адказнасці, сяброўства, чуласці, кахання, беражлівых адносін чалавека да прыроды, да гісторыі краіны.


Выстава «Почырк майстра»

Дзе: г. Мінск, Музей гісторыі беларускага кіно, вул. Свярдлова, 4

Калі: да 31 сакавіка

Колькі: 5 BYN — дарослым, 3 BYN — студэнтам/пенсіянерам, 2,5 BYN — дзецям

У выставачнай зале Музея гісторыі беларускага кіно, філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, пачала працу персанальная выстава «Почырк майстра», арганізаваная да 100-годдзя з дня нараджэння мастака-пастаноўшчыка кінастудыі «Беларусьфільм» Яўгена Ганкіна.

Адзін з першых прадстаўнікоў бліскучай плеяды беларускіх мастакоў кіно пасляваеннага перыяду за амаль 50 гадоў служэння «дзясятай музе», з 1946 па 1993 гады, удзельнічаў у стварэнні больш за два дзесяткі мастацкіх фільмаў, многія з якіх увайшлі ў «залаты фонд» беларускага кіно («Паўлінка», «Нашы суседзі», «Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Я родам з дзяцінства», «Белыя Росы», «Яго батальён» і інш.). 

Эскізы дэкарацый і касцюмаў да большасці з гэтых карцін (з акцэнтам на кінакамедыю, ваенную драму і гістарычны фільм) і складаюць аснову экспазіцыі выставы. 

Каля 100 аўтарскіх работ у спалучэнні з багатым дататковым матэрыялам (фатаграфіі, малюнкі, асабістыя рэчы) утвараюць своеасаблівую панараму жыцця і творчасці Я. Ганкіна, фарміруюць вычарпальнае ўяўленне аб непаўторным «ганкiнскiм» почырку. 

Экспазіцыю істотна ўзбагачаюць тэматычныя інсталяцыі «У майстэрні мастака савецкага кіно і «Кадр з фільма», разнастайны відэаматэрыял: у рэжыме нон-стоп дэманструюцца падборка характэрных (з пункту гледжання мастацкага почырку майстра) фрагментаў з асноўных фільмаў Я. Ганкіна, а таксама дакументальная стужка пра мастака «Легендамі не карануйце нас... »

Афіцыйнае адкрыццё выставы адбудзецца 27 снежня ў 17:00.


Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.