Вы тут

Кнігу ВД «Звязда» пра жонку Якуба Коласа прэзентавалі ў Доме кнігі «Светач»


12 студзеня ў Мінску ў «Доме кнігі «Светач» адбылася прэзентацыя кнігі аб Марыі Каменскай, жонцы Якуба Коласа, «Табой я жыў, табой жыву...», якая выйшла ў свет у выдавецкім доме «Звязда».


У творы сабраны ўспаміны блізкіх, сваякоў, фрагменты сямейнай перапіскі, дакументы, а таксама рэдкія фатаграфіі.

Кнігу прадставілі аўтары-складальнікі — унучка і праўнучка класіка: навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вера Міцкевіч, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Васіліна Міцкевіч.

— Па адукацыі я сацыёлаг, кандыдат сацыялагічных навук, выкладала ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Больш за адзінаццаць гадоў таму назад памяняла працу. Праца ў музеі — гэта мой усвядомлены выбар, падтрыманы маімі роднымі: займацца захаваннем спадчыны класіка беларускай літаратуры, народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Штодня працуючы з рукапісамі, дакументамі, фатаграфіямі, чытаючы ўспаміны сучаснікаў Песняра — складана перадаць свае пачуцці і эмоцыі да патаемнага, блізкаму да сэрца — спадчыне майго прадзеда. Аснову нашай кнігі склалі дакументы з фондаў музея, у якіх захоўваюцца яшчэ нямала дакументаў, дзе раскрываюць глыбіню асобы Якуба Коласа, — распавяла Васіліна Міцкевіч.

— Праца над кнігай у нас заняла прыкладна паўгода. У кнізе, якую мы прадстаўлялі сёння, чытачы маюць магчымасць упершыню азнаёміцца з дакументамі з сямейнага архіва і фондаў музея, — адзначыла Вера Міцкевіч. — Мы ўдзячныя выдавецкаму дому «Звязда» за падтрымку і рэалізацыю нашага сённяшняга выдання, спадзяемся і на сумесную працу над новымі праектамі ў будучым.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел навучэнцы дзяржаўнай установы адукацыі «Мінскі гарадскі педагагічны каледж».

Віктар ІВАНЧЫКАЎ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.