Вы тут

Якая яна, мова пісьменніка? Абмеркавалі навукоўцы і літаратуразнаўцы


Па ініцыятыве Саюза пісьменнікаў Беларусі не так даўно ў Мемарыяльнай зале Дома літаратараў адбылося пасяджэнне круглага стала «Мова пісьменніка», у якім узялі ўдзел літаратары і навукоўцы. Адкрываючы мерапрыемства, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі Ігар Капылоў акрэсліў кола найбольш актуальных на сёння пытанняў і вызначыў такім чынам кірунак размовы. Да ўвагі чытача — вытрымкі з найбольш адметных выступленняў.


Вераніка Курцова і Ігар Капылоў.

Ігар Капылоў: «Мова пісьменніка — неабсяжная тэма, якая выклікае пастаянны інтарэс у прадстаўнікоў розных сфер гуманітарных і сацыяльных ведаў. Вучоных-літаратуразнаўцаў цікавяць моўныя сродкі, якія ўжывае пісьменнік для стварэння вобраза, перадачы характару, унутранага свету героя, яго светабачання і светаадчування, апісання прыроды. Вучоныя-мовазнаўцы даследуюць мову пісьменніка як крыніцу ўзбагачэння лексічнай сістэмы мовы. Вучоныя-філосафы імкнуцца зразумець узаемасувязь паміж мовай і мысленнем. У школьных і ўніверсітэцкіх курсах мастацкія творы выкарыстоўваюцца як дзейны сродак навучання мовам, крыніца папаўнення лексічнага запасу навучэнцаў і засваення імі граматычных і стылістычных асаблівасцей мовы. 

Паняцце мова пісьменніка цесна звязана з паняццем «літаратурная мова». Пры гэтым неабходна памятаць, што літаратурная мова — гэта апрацаваная форма агульнанароднай мовы, якая валодае пісьмова замацаванымі нормамі. З аднаго боку, норма як агульнапрынятая сістэма правіл стрымлівае моўную стыхію. З другога боку, ці зможа пісьменнік рэалізаваць сваю творчую задуму, калі ён пастаянна будзе думаць пра тое, каб не выйсці за межы нормы. А калі і выйсці, то як захаваць тое пачуццё меры, якое не дазволіць творцу разбураць моўную сістэму? Разам з тым неабходна разумець, што норма — гэта ў пэўнай ступені ўмоўнасць. Пад уплывам розных лінгвістычных і экстралінгвістычных фактараў нормы могуць мяняцца. Як сведчаць гістарычныя факты, менавіта пісьменнікі аказвалі вялікі ўплыў як на фарміраванне нормаў літаратурнай мовы, так і на іх дынаміку. 

Калі глядзець на праблему мовы пісьменніка з дзяржаўных пазіцый, неабходна разумець, што пісьменнік, літаратура і мова — тры важныя складнікі, ад якіх залежаць фарміраванне нацыянальнай свядомасці і станаўленне нацыі, дзяржаўнасці, пытанне гуманітарнай і дзяржаўнай бяспекі. Як прыклад можна прывесці ХІХ стагоддзе — вельмі няпросты перыяд у нашай гісторыі, які характарызаваўся адсутнасцю дзяржаўнасці і нацыянальна-культурным заняпадам. Менавіта мастацкая літаратура адыграла ў гэты час выключна важную ролю ў тым, што беларуская мова пачала ўсведамляцца як сродак кансалідацыі грамадства і нацыянальнага адраджэння. Паказальна, што ў гэтым працэсе вылучыліся пісьменнікі, выхаваныя на традыцыях рускай і польскай культур, але якія ўсвядомілі, што нацыянальная мова з’яўляецца не толькі сімвалам культурнага жыцця, але і палітычнага існавання народа і нацыі. Фарміраванне літаратурнай мовы адбывалася на аснове народных гаворак. Гэты працэс напачатку меў стыхійны характар. Ужыванне лексічных або граматычных сродкаў часта залежала ад таго, носьбітам якога дыялекту быў пісьменнік або ад правіл, якіх прытрымлівалася выдавецтва. На працягу ХІХ стагоддзя было апублікавана на беларускай мове ўсяго 75 кніг. Беларуская мова заставалася неўнармаванай і некадыфікаванай, не мела распрацаванай навуковай тэрміналогіі і кніжна-пісьмовых стыляў. Больш плённым быў пачатак XX стагоддзя. З 1906 да 1915 года выходзіла штотыднёвая грамадска-палітычная, літаратурна-мастацкая, навукова-папулярная газета «Наша Ніва», на старонках якой друкаваліся выдатныя майстры мастацкага слова — Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Алесь Гарун, Цётка, Канстанцыя Буйло, Змітрок Бядуля, Максім Гарэцкі. Менавіта ў гэты перыяд беларускае слова прайшло апрацоўку ў творчасці пісьменнікаў і ўзнялося да ўзроўню літаратурнай мовы нацыі. 

Адметным для развіцця мовы быў пасляваенны перыяд, які характарызуецца актыўным развіццём буйных літаратурных жанраў, у першую чаргу рамана. Менавіта мова чатырох пасляваенных дзесяцігоддзяў была ўзята за аснову пры ўкладанні «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» ў 5 тамах. Гэты слоўнік утрымлівае больш за 97 тысяч лексічных адзінак. У свой час ён знайшоў шырокае выкарыстанне ў моўнай практыцы. Але з выхаду першага тома слоўніка прайшло больш за 40 гадоў. На сучасным этапе ўзнікла вострая неабходнасць у падрыхтоўцы новага акадэмічнага слоўніка. У Інстытуце мовазнаўства зараз вядзецца работа над тлумачальным слоўнікам, аб’ём якога складзе больш за 250 тысяч слоў. Новы «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» будзе адлюстроўваць тыя зрухі ў лексічным складзе беларускай мовы, што адбыліся ў ёй, пачынаючы ад нашаніўскай пары і да нашых дзён. Базай слоўніка паслужылі не толькі мастацкія творы, але ў значнай ступені і публіцыстычныя. Такая ўвага да публіцыстыкі абумоўлена ў першую чаргу тым, што ў адрозненне ад сярэдзіны XX стагоддзя, калі вядучая роля ў развіцці беларускай літаратурнай мовы заставалася за мовай мастацкіх твораў, на сучасным этапе нормы ў значнай ступені фарміруюцца пад уздзеяннем мовы сродкаў масавай інфармацыі. 

Падчас пасяджэння.

Навум Гальпяровіч, паэт, публіцыст, аўтар і вядучы многіх праграм на канале «Культура» Беларускага радыё: «У сваёй публіцыстычнай дзейнасці даводзілася сустракацца з многімі мовазнаўцамі, якія сталі героямі маіх праграм, але ці адкажам мы сёння на пытанне, што такое мова сучаснага пісьменніка і адкуль ён чэрпае моўныя сродкі, інавацыі, адкуль у яго з’яўляюцца новыя словы? Дубоўка, напрыклад, уводзіў неалагізмы, што станавіліся літаратурнымі, але цяпер гэта цяжэй. На што сёння арыентуюцца маладыя пісьменнікі? Глыбокая, арганічная вясковая мова знікае... Вёска перастала быць крыніцай яе напаўнення. Гарадскія пісьменнікі чэрпаюць лексіку са слэнга гаворак і запазычанняў — у выніку атрымліваецца мова, якая не была ўласціва пісьменнікам ХХ стагоддзя... 

Ёсць пытанне, ці з’яўляецца беларускай мовай трасянка. І якая трасянка: што ўзнікла на аснове беларускіх народных слоў ці сапсаванай рускай мовы? Трасянку ў сваіх творах пісьменнікі ўжываюць... 

Што тычыцца мовы СМІ і камунікацыі, тут цяжка гаварыць аб яе літаратурным складніку. Мовазнаўцы павінны вучыць радыёі тэлекарэспандэнтаў правільнаму маўленню. Мова СМІ патрабуе ўдасканальвання, і тут, мне бачыцца, станоўчую ролю адыграў бы большы ўплыў вучоных на яе чысціню і багацце. Толькі тады яна магла б стаць лексічным папаўненнем літаратурнай. 

Часткова рэалізаваць гэтую мэту можна было б і з дапамогай водгукаў на кнігі, што друкуюцца ў літаратурных выданнях. Аўтары допісаў вельмі рэдка звяртаюць увагу на тое, наколькі багатая мова пісьменніка. Мовазнаўцы і літаратуразнаўцы маглі б больш удзельнічаць у літаратурным працэсе. 

Мы на канале «Культура» Беларускага радыё гаворым пра пісьменнікаў, у якіх багатая мова, і стараемся паказаць яе глыбіню ў творах Віктара Карамазава, Вячаслава Адамчыка, Казіміра Камейшы і іншых. Гэта тое, на што трэба арыентавацца. Калі мовазнаўца разбярэ гэтыя залацінкі і пакажа, наколькі багатая мова ў пісьменніка, маладому пакаленню будзе на чым вучыцца... 

І тут узнікае пытанне: што для чалавека матчына мова і як ён да яе прыйшоў, як да яе ставіцца і якое месца яна займае ў яго жыцці. Кожны павінен ведаць, якая мова гучыць сёння з вуснаў людзей — хто, як не пісьменнікі і навукоўцы, павінны быць прыкладам, эталонам развіцця мовы? 

Алена Пісарэнка і Валянціна Русак.

Вельмі важная і рэдактарская работа з тэкстам. На аснове багацця мовы дапамагчы пісьменніку знайсці лепшы выраз — вось прынцып работы рэдактара з аўтарам, таму супрацоўнік рэдакцыі павінен быць абазнаны ў мове..." 

Віктар Праўдзін, празаік: «Мы, пісьменнікі і вучоныя, цяпер у той сітуацыі, калі нам трэба вучыцца адно ў аднаго. Я, напрыклад, быў бы рады, калі б мовазнаўцы стварылі слоўнік, якім можна пастаян¬на карыстацца падчас напісання твораў, і часцей публікавалі б навукова-папулярныя артыкулы пра мову мастацкай літаратуры, на якія можна было б арыентавацца. Артыкулы, якія выходзяць з-пад пяра гэтых вучоных, павінны быць даступнымі для ўсіх без выключэння чытачоў, хто зацікаўлены ў тым, каб павысіць свой узровень валодання мовай. Сённяшні час вымагае кансалідацыі паміж носьбітамі беларускага слова: усе ў сацыякультурнай прасторы, каму неабыякавы лёс роднай мовы, павінны шчыльна супрацоўнічаць». 

Валянціна Русак, загадчык аддзела сучаснай беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі: «У артыкуле Якуба Коласа „Развіваць і ўзбагачаць літаратурную мову“ (1950) ёсць проста залатыя словы, на якія неабходна звярнуць увагу: „Наша літаратурная мова знаходзіцца ў працэсе тварэння. Тварэц мовы — народ. Задача ж пісьменніка — у фарміраванні, адборы найлепшага, у прывядзенні мовы да літаратурных норм. Як бачым, задача немалая. Мы павінны мець мову прыгожую, гучную, простую, але гнуткую і выразную“. Колас звяртаў увагу на тое, што „толькі сумеснымі намаганнямі пісьменнікаў як непасрэдных стваральнікаў мовы, і вучоных, якія распрацоўваюць мову навукова, савецкай інтэлігенцыі, якая карыстаецца мовай, пашырае яе, мы здолеем узняць нашу мову на высокую ступень, што будзе адпавядаць узроўню нашай вялікай эпохі“. 

У прыведзеных выказваннях выяўляецца канцэпцыя развіцця і ўзбагачэння мовы, а менавіта тое, што гэта грамадскі працэс, у якім задзейнічаны, па сутнасці, увесь народ — стваральнік мовы: пісьменнікі фарміруюць літаратурную мову шляхам адбору найлепшага, а задача вучоных — навукова апрацоўваць мову і кадыфікаваць яе. Апрацаваную навукоўцамі мову выкладчыкі нясуць у аўдыторыі. Такім чынам устанаўліваюцца пераемнасць і ўзаемадзеянне». 

Вераніка Курцова, загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі: «Так, глыбокі знаўца народнай мовы Якуб Колас звяртаў увагу на тое, што, перш чым уводзіць слова чужое ці навастворанае, трэба „пашарыць у кішэнях сваёй памяці“, гэта значыць, у скарбах беларускай народнай мовы. Сёння літаратурная мова адлюстроўвае ў сваіх слоўніках тое, што ўжываюць пісьменнікі ў творчай працы. Адпаведна, калі мы не будзем выкарыстоўваць дыялекты, 
то пазбавім літаратурную мову вялікага нацыянальнага багацця». 

Валянціна Мароз.

Валянціна Мароз, галоўны навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі: «Паняцце культуры мовы арыентавана на нормы, якія выпрацоўваюцца ў практыцы і замацоўваюцца ў даведніках і слоўніках. Культура мовы вызначаецца па крытэрыях арыентацыі на ўстаялую норму правілаў. Тут можна прымяніць прынцып: гэта правільна, добра, але вось гэта — лепш. Прынцып «добра і лепш» якраз і з’яўляецца крытэрыем адбору і ацэнкі моўных з’яў у творчасці таго ці іншага літаратара ці спецыяліста ў беларускай мове. Калі ісці ад пытання пра ролю мастацкай літаратуры ў развіцці літаратурнай мовы, хацелася б звярнуць увагу на тое, што мы, беларусы, у сваёй гісторыі ўжо ў XIV–XV стагоддзях мелі літаратурна-пісьмовую форму мовы, якая была шматфункцыянальнай, арыентаванай на тую ролю, якую ў любы гістарычны перыяд выконвае літаратурная ўнармаваная мова: яна ахоплівала ўсю тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага — ад Балтыйскага мора да Чорнага. Функцыя мовы як аб’яднальнага фактару і цяпер працуе на кансалідацыю нацыі — у гэтым яе сутнаснае значэнне... 

У нас ёсць гістарычны слоўнік беларускай мовы ў 37 выпусках, дзе абагульнены слоўны запас мовы ад XIV да XVIII стагоддзя ўключна — тое, што з’яўляецца нашым маяратам на ўсе наступныя часы. 

Сёння беларуская мова развіваецца як нацыянальная ў дзвюх формах: літаратурнай і народна-дыялектнай. Прычым літаратурная вызначаецца як узорная, апрацаваная майстрамі слова, мова літаратуры і навукі. У гэтым плане і ў сістэме адукацыі, і ў сістэме творчага развіцця асобы вельмі важнае значэнне маюць аўтарытэтныя ў літаратуры асобы, класікі. Некаторыя з іх спалучалі талент пісьменніка і мовазнаўцы, напрыклад, як Фёдар Янкоўскі. Ён увёў у мовазнаўчую практыку лінгвістычны тэрмін «гаваркія словы», якія не проста называюць з’явы свету, а даюць станоўчую ці адмоўную характарыстыку: патрэбнік — непатрэбнік, штукар — назола, мілоснік — пустадомак, кніжнік — цёмнік. 

Адкуль з’яўляецца пісьменнік? Вядома ж, не з космасу. Талент развіваецца ў спрыяльных і затухае ў неспрыяльных умовах. Ці быў бы ў нас Янка Купала, калі б ім не апекаваўся прафесар Браніслаў Эпімах-Шыпіла? Так і сучасныя пісьменнікі ўзрастаюць на ніве адукацыі, удасканальваюць свой талент праз самаадукацыю, набываюць творчы вопыт у кантактах з людзьмі«. 

Алена Пісарэнка (Багамолава), загадчык кафедры беларускай і замежнай філалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, паэтка: «Вярнуўшыся да гутаркі пра культуру мовы, хацелася б нагадаць, што гаворка ідзе не толькі пра нарматыўнасць мовы — паняцце гэта больш шырокае, тут шмат іншых складнікаў: лагічнасць, дарэчнасць, дакладнасць, багацце і разнастайнасць маўлення і экспрэсіўнасць — якасць, якая найбольш праяўляецца ў стылі мастацкай літаратуры і дазваляе аўтару падтрымліваць увагу чытача. Доўгі час лічылася, што яна забяспечваецца толькі вобразнымі сродкамі мовы лексічнага і сінтаксічнага ўзроўню. Сёння даказалі, што ёсць і іншыя сродкі стварэння экспрэсіўнасці мастацкага стылю. Кожны ўзровень мовы мае сваю сістэму сродкаў выразнасці, якія працуюць на тое, каб прыцягнуць увагу чытача і прымусіць задумацца над вобразам. Гэтым і фарміруецца культура маўлення — праз яго выразнасць. Наколькі ж багатая ў гэтым плане мова мастацкай літаратуры! Напрыклад, у „Слоўніку эпітэтаў“ у слова „сонца“ 166 эпітэтаў! 

У літаратурных творах могуць быць элементы дыялектнай і прастамоўнай лексікі, калі ідзе стылізацыя, калі гэта апраўдана маўленчай сітуацыяй. Адпаведныя рэплікі ёсць і ў Мележа, і ў Пташнікава, і ў Дударава. Гэтыя словы стылізуюць маўленне персанажа і ствараюць нацыянальны каларыт». 

Алена Боганева, загадчык сектара этналінгвістыкі і фальклору Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі: «Спецыфіка нашай работы такая, што мы шмат ездзім па сёлах збіраць фальклорны матэрыял. На жаль, у навучанні гарадскіх дзяцей няма фальклорнага складніка. Між тым у вёсках фальклор да сённяшняга дня з’яўляецца жывой спадчынай, у кожнай экспедыцыі, якія ў нас ладзяцца па некалькі разоў на год у розныя куткі Беларусі, мы запісваем казкі, легенды, паданні, якія па-сапраўднаму ўражваюць сваёй багатай вобразнасцю, разнастайнасцю варыянтаў, незвычайнымі і часам нечаканымі паваротамі сюжэта. Усе запісы мы расшыфроўваем і публікуем з захаваннем дыялектаў. Так, з 2002 да 2013-га была выдадзена серыя з 10 кніг „Традыцыйная мастацкая культура беларусаў“ па гісторыка-этнаграфічных рэгіёнах Беларусі. 

Віктар Праўдзін і Навум Гальпяровіч.

Уклад пісьменнікаў у папулярызацыю фальклорнай спадчыны цяжка пераацаніць: Янка Купала, Якуб Колас, Кузьма Чорны, Уладзімір Караткевіч і многія іншыя творцы шырока выкарыстоўвалі народнае дыялектнае маўленне, матывы і вобразы беларускай народнай культуры. Увогуле, тэматыка „Фальклор і нацыянальная літаратура“ магла б разглядацца на мэтавым мерапрыемстве (круглы стол, семінар, навукова-практычная канферэнцыя і г. д.)». 

Алена Васілевіч, загадчык аддзела выданняў і тэксталогіі Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі: «За апошняе дзесяцігоддзе супрацоўнікі нашага аддзела прымалі ўдзел у падрыхтоўцы Збораў твораў Якуба Коласа ў 20 тамах, Івана Шамякіна ў 23 тамах і Янкі Брыля ў 10 тамах. Тэксталагічнае даследаванне і зверка тэкстаў з усімі даступнымі крыніцамі істотныя і цікавыя найперш таму, што заўжды відаць, як пісьменнік працаваў са словам. Безумоўна, мова ўсіх пісьменнікаў розная. Мяне асабіста ўразіла, наколькі ашчадна і цярпліва працаваў са словам Янка Брыль. Калі ён рыхтаваў твор да выдання, то праглядаў усё, што ў яго маецца датычна гэтага твора. Так, зазвычай па кожным творы ў яго было сабрана безліч папак з самымі рознымі матэрыяламі і дакументамі. Гэта ўнікальны выпадак сярод пісьменнікаў. Іван Антонавіч рабіў праўкі непасрэдна перад здачай у выдавецтва і пасля таго, як выходзіў зборнік, праглядаў і правіў наноў, а ў сваім літаратурным завяшчанні папрасіў улічыць яго праўкі, заўвагі і прапановы, калі будзе рыхтавацца Збор твораў...» 

Ніна Сянкевіч, навуковы супрацоўнік аддзела славістыкі і тэорыі мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі: «Сучасная беларуская літаратурная мова пачала фарміравацца ў ХІХ ста¬годдзі як мова мастацкай літаратуры. Менавіта на гэтым этапе роля асобы пісьменніка была найвялікшай. Літаратурная дзейнасць не была масавай. Толькі адзінкавыя аўтары стваралі мастацкія творы, і ў кожным з іх прасочвалася сувязь з гаворкай, якой валодаў пісьменнік. Унёсак тагачасных майстроў слова ў працэс станаўлення літаратурнай мовы можна вызначыць праз усебаковы аналіз мовы іх твораў. Аднак да гэтага часу такі аналіз не быў праведзены. Дый наогул ХІХ стагоддзе з’яўляецца найменш даследаваным перыядам у гісторыі беларускай мовы, што можна патлумачыць недаступнасцю тэкстаў літаратурных твораў. Як вядома, у другой палове ХІХ стагоддзя было забаронена ўжыванне беларускай мовы і выданне беларускамоўных кніг. У выніку творы часта перадаваліся вусна, многія засталіся ў рукапісах, іншыя зніклі, і шанцаў знайсці іх амаль не засталося. 

Ніна Сянкевіч і Алена Боганева.

Найлепшым інструментам даследавання мовы пісьменніка з’яўляецца слоўнік мовы яго твораў. Складанне такого слоўніка — гэта працаёмкі працэс. Так, «Слоўнік мовы Янкі Купалы» ствараўся цэлым калектывам на працягу 30 гадоў. А ўсяго мы маем толькі чатыры адпаведныя даведнікі: слоўнікі мовы Францыска Скарыны, Янкі Купалы, Якуба Коласа (некаторыя аспекты), Максіма Багдановіча. Дапамагчы ў гэтай справе могуць камп’ютарныя тэхналогіі, якія дазваляюць апрацоўваць вялікія масівы тэкстаў. Зручнай формай прадстаўлення вынікаў такой апрацоўкі з’яўляецца канкарданс — даведнік, дзе пералічаны ўсе без выключэння словы тэксту разам з іх адрасамі, частотамі і тэкставымі ілюстрацыямі. У 1985 годзе такі даведнік быў створаны ў нашым інстытуце на базе корпуса, які ўключаў 283 аўтэнтычныя тэксты літаратурных твораў, напісаных на беларускай мове ў ХІХ стагоддзі. Канкарданс у машыннай раздрукоўцы займаў 12 тамоў вялікага фармату. Зразумела, што папяровае выданне такога даведніка было нерэальным. Калі стала магчымым выдаць яго ў электронным варыянце, выявілася, што за гэтыя некалькі дзесяцігоддзяў даследчыкі знайшлі шмат новых твораў, якія заставаліся ў архівах. Быў створаны новы корпус, які павялічыўся амаль удвая — 515 тэкстаў, і на яго базе новы канкарданс. Даведнік быў выдадзены ў 2015 годзе. Ён змяшчае яшчэ і асобныя аўтарскія канкардансы тых пісьменнікаў, якія зрабілі найбольшы ўнёсак у развіццё літа¬ратурнай мовы: Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, Яна Чачота, Аляксандра Ельскага, Янкі Лучыны, Адама Гурыновіча, Каруся Каганца. 

Канкарданс можна выкарыстоўваць як базу для стварэння іншых лексікаграфічных даведнікаў, а таксама як самастойны інструмент для даследавання беларускай мовы. Ён дазваляе прасачыць гісторыю з’яўлення слова ў літаратурнай мове: хто першы ўжыў тое ці іншае слова, у чыіх яшчэ творах яно сустракаецца, прааналізаваць лексіку з пункту гледжання семантыкі«. 

Былі і іншыя цікавыя выступленні навукоўцаў, якія расказвалі пра свае даследаванні літаратурнай мовы і разважалі пра сучаныя асаблівасці яе функцыянавання. Так, Вячаслаў Мартысюк, малодшы навуковы супрацоўнік сектара камп’ютарнай лінгвістыкі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі падзяліўся досведам па фарміраванні электроннай базы літаратурных тэкстаў перыяду 1918–1941 гадоў. Пэўныя думкі пра стан сучаснай лінгвістыкі выказаў і Уладзімір Кошчанка, загадчык сектара камп’ютарнай лінгвістыкі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі. 

У рабоце круглага стала прынялі ўдзел студэнты літаратурнага гуртка «БУКет» пры Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў Андрэй Балкоўскі, Паліна Шут і Кацярына Мяркулава. Маладыя літаратары прыйшлі, каб пачуць пра вопыт сталых калег, пра задачы, якія ставяцца перад сучасным пісьменнікам падчас работы з літаратурным словам, пра магчымыя крыніцы ўзбагачэння слоўнікавага запасу і фарміравання эстэтычнага густу. Яны выказалі шчырыя словы падзякі за магчымасць узяць удзел у пасяджэнні, за набыццё адпаведных ведаў і спадзяванне на далейшае супрацоўніцтва. 

У выніку пасяджэння круглага стала «Мова пісьменніка» было вызначана кола найбольш важных праблем для далейшых абмеркаванняў падчас сустрэч пісьменнікаў і навукоўцаў на розных дыялогавых пляцоўках з мэтай развіцця літаратурнай мовы і пашырэння сферы яе ўжывання і ўплыву. 

Матэрыял падрыхтавалі Наталля ЯКАВЕНКА і Аліса БРАТКА 

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.