Вы тут

Жывапіс і графіка сучаснікаў. Выстаўка «Зімовая» ў НББ


Выстаўка «Зімовая» працуе ў галерэі «Ракурс» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У экспазіцыі прадстаўлены жывапіс і графіка сучаснікаў. Работы аб’яднаны тэмай зімы і святкавання і сабраны разам для таго, каб прадэманстраваць гледачам разнастайную панараму вобразаў, звязаных, апроч іншага, з Новым годам і Калядамі. У розных тэхніках аўтары-ўдзельнікі, сябры Беларускага саюза мастакоў, прадстаўнікі секцый «Верасень», «Традыцыя», «Жывапіс», «Графіка» адлюстравалі сваё бачанне гэтай працяглай пары года. Працуе выстаўка ўсю зіму — ажно да 27 лютага.


Андрэй Карпянкоў «Белы пейзаж», 2022 г.

Цікавымі ў экспазіцыі падаліся творы, якія можна аднесці да так званага наіўнага мастацтва. Сярод іх — «Снег ідзе» Веранікі Вяткоўскай (2004) і «Зімовы вечар» (2017) Святланы Рыжыкавай, поўныя яркіх колераў і немудрагелістых вобразаў. Сустрэлася і пара «паўабстрактных» твораў, у якіх усю ўвагу на сябе ўзяў, натуральна, колер. У ліку падобных работ ёсць акварэль «Зімнія прыцемкі» Наталлі Шабуневіч: гэта той выпадак, калі задума выдатна супала са спосабам стварэння твора. Між тым змешчаны ў экспазіцыю, здаецца, незапамінальныя сумніўныя кампазіцыі, напрыклад, «Добры леў» (2019) Ірыны Дансковай, «Бег» (2022) Юліі Шамкуць або «Іншы час» (2019) Наталлі Шапавалавай. Работы, відавочна, вельмі асабістыя, але менавіта з-за гэтага меней цікавыя. 

Як зразумела, выстаўка атрымалася даволі разнамаснай, аднак кожны зможа знайсці для сябе нешта блізкае. Напрыклад, тым, каму цікава рэлігійная сімволіка, будуць даспадобы работы «Адлюстраванне» (2022) Наталлі Авяр’янавай, «Першы снег» (2022) Вольгі Крупянковай, «На Каляды» (2004) Ігара Марачкіна, «На забытай дарозе» (2021) Паўла Хадаровіча, «Цішыня. Люты. Гродна» (2022) Дзяніса Барсукова. Кожны з твораў — роздум аб ціхім прыстанку, пошук месца сілы, знайсці якое наканавана далёка не ўсім. 

Алена Шлегель «Ёлка. Гофман. Шчаўкунок», 2019 г.

Пейзаж на выстаўцы такога роду — самы натуральны складнік. Часцей за ўсё ён вясковы, аднак сустракаюцца і гарадскія, прыродныя, а таксама лірычныя пейзажы. Большасць з твораў гэтага кірунку распавядаюць пра спакой і ціхамірнасць звычайнага зімовага дня нават у тых выпадках, калі маштаб, які ахопліваецца, даволі буйны і колькасць герояў перавышае звыклую для сціплага краявіду колькасць. Яркія прыклады — гульня ў хакей на афорце «Зіма» (год стварэння не пазначаны) Леаніда Марчанкі і мітусня гараджан на акварэлі «Дыялог Мінска і Казімежа» (2022) Багдана Даўгялы. Дзякуючы асаблівасцям кампазіцыі глядач назірае за персанажамі крыху адхілена, бясстрасна, у гэты момант ён схільны да ідэалізацыі ўбачанага, дадумвання і прыхарошвання кантэксту, як гэта часта бывае з падобнымі сюжэтамі савецкага перыяду. 

Між тым даволі моцна ў многіх творах гучыць матыў адзіноты: кампазіцый, дзе не выяўлена ніводнага героя, хоць яго (ці іх) прысутнасць напрошваецца, даволі шмат. Замест такіх часта сустракаюцца жывёлы і птушкі, якіх глядацкі погляд нібыта напалохаў, якім нібыта перашкодзіў. Выдатна паказаў такое «ўмяшанне» Леанід Вялічка («Першы снег», «Зімняя казка» 2022 года). І ўсё ж такі самота займае значнае месца ў пейзажах сучаснікаў. Часам яна толькі частка буйной кампазіцыі, а недзе апаноўвае ўсё палатно. А можа, і трэба паглыбіцца ў гэты стан, адчуць усе вартасці і недахопы знаходжання ў ім, паблукаць па тых сцежках, якія настойліва прапаноўваюць нам многія айчынныя мастакі і знайсці адказы на пытанні, якія падаюцца вырашанымі? 

Васіль Касцючэнка «Навагодні паднос» (з серыі «Навагоднія вокны»), 2010 г.

Многія карціны на выстаўцы «Зімовая» адлюстроўваюць першы снег — вобраз, які дорыць надзею на новае і лепшае. Снег на вачах хавае тое, што надакучыла, пазбаўляе вострых вуглоў, тоіць у дальняй шафцы ўсё недарэчнае, крыўднае і несправядлівае. Так, ён дапамагае настроіцца на іншы лад, толькі варта не забываць (і беларускія зімы пра гэта ўпарта нагадваюць): калі снег кладзецца на гарады і вёскі, на бляклыя рэшткі зелені і тонкі лёд азёр, ён нядоўга застаецца такім жа ідэальным, як на карціне. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».