«100 ідэй для Беларусі», «Валанцёр года», «Уладар вёскі», «Фермер-пачатковец», «Студэнт года», «Аднаўленне святынь Беларусі», «Сіла закона»... Усе гэтыя праекты даўно сталі візітнай карткай Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Віншуючы маладзёжную арганізацыю з 20-годдзем, Прэзідэнт нашай краіны адзначыў, што яна стала стартавай пляцоўкай для многіх ініцыятыў і сапраўдным сацыяльным ліфтам для юных талентаў.
Паўтара года таму найбуйнейшае маладзёжнае аб’яднанне краіны ўзначаліў выпускнік Камандна-інжынернага інстытута МНС, кадравы афіцэр МНС, кандыдат тэхнічных навук Аляксандр Лук’янаў. Трэба заўважыць, што такому крутому павароту ў яго кар’еры папярэднічаў... праект БРСМ «100 ідэй для Беларусі», дзякуючы якому ў таленавітага хлопца з’явілася магчымасць гучна заявіць пра сябе, прычым не толькі ў Беларусі. Пасля перамогі ў конкурснай намінацыі «Хімія і нафтахімія» жыццё завіравала — яму сталі паступаць запрашэнні на іншыя конкурсы і мерапрыемствы ў Маскве, Шанхаі, Пекіне, Алматы. Аляксандр удзельнічаў у Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў у Сочы. Яму прапанавалі прадстаўляць БРСМ у Маладзёжнай палаце пры Парламенцкім сходзе Беларусі і Расіі. Двойчы станавіўся ўладальнікам Усебеларускай маладзёжнай прэміі «За справу»: у 2018-м і 2020-м. Сёння ён першы госць нашай новай рубрыкі «Плеяда маладых».
— Аляксандр, а як вы адрэагавалі на прапанову ўзначаліць Саюз моладзі? Ці доўга разважалі?
— Спачатку за маю кандыдатуру галасавалі на галіновай выбарачнай канферэнцыі ў НДІ МНС. Прызнаюся, я чалавек амбіцыёзны, таму калі калегі прапанавалі вылучыць маю кандыдатуру на 44-м з’ездзе БРСМ, я не моцна супраціўляўся, для мяне гэта было адначасова і гонарам, і вялікай адказнасцю. Але я ведаў, што ў нас у краіне ёсць вельмі шмат паспяховых тэрытарыяльных і галіновых арганізацый БРСМ і шмат годных кандыдатаў на пасаду першага сакратара. Але абралі ўсё ж такі мяне, і я лічу гэта вялікім авансам даверу.
З’езд БРСМ стаў той кропкай адліку, пасля якой жыццё крута змянілася: я ўсвядоміў, што на мяне ўскладзена сур’ёзная місія, і ад майго разумення пастаўленых задач і меры адказнасці залежыць будучыня тых людзей, якія мне давяраюць, і я не маю права іх падвесці. Я параўнаў бы свае адчуванні з першым маім выездам яшчэ ў якасці курсанта на пажар. Там хутка прыходзіць разуменне, што трэба не проста вырашыць пастаўленую задачу, а яшчэ і захаваць асабовы склад. Ніхто не павінен пацярпець. Ты разумееш, што калі падвядзеш свайго таварыша, калегу, то сітуацыя можа скласціся па-іншаму…
Канешне, мая цяперашняя адказнасць — іншага характару. Першыя вынікі мы чакаем ужо ў найбліжэйшы час, але некаторыя рэчы закладваем на гады наперад. Усё, што датычыцца моладзі, як паказалі апошнія гады, мае прынцыповае значэнне для будучыні нашай дзяржавы…
— Прафесія ратавальніка — для моцных мужчын. У вашым жыцці былі людзі, на якіх вы хацелі б раўняцца?
— Усё ідзе з сям’і. Бацькі стараліся выхаваць мяне чалавекам, за якога ім не будзе сорамна. Я нарадзіўся ў сям’і афіцэра-ратавальніка, таму мая прафесійная будучыня была, напэўна, прадвызначана (усміхаецца. — Аўт.). Я з дзяцінства памятаю пах дыму ад свайго бацькі, які вяртаўся з пажараў. Менавіта ён прывіў мне любоў да спорту. Зімой мы разам маржавалі, абліваліся халоднай вадой, купаліся ў палонцы. Спачатку ў мяне быў шок пасля акунання ў ледзяную ваду, а потым я вельмі ганарыўся тым, што не кожны зможа гэта паўтарыць.
Я родам з Магілёва. Мы жылі каля Буйніцкага поля. І калі раніцай рабілі з бацькам прабежкі, наш шлях заўсёды пралягаў побач з мемарыялам і каменем у гонар славутага пісьменніка Канстанціна Сіманава, які апісаў падзеі лета 1941-га ў сваім рамане і завяшчаў развеяць свой прах менавіта ў гэтым месцы. Ведаеце, гэта таксама пакінула моцны адбітак.
На жаль, я быў яшчэ зусім малы, калі сышоў з жыцця мой легендарны прадзед Барыс Рыгоравіч Лук’янаў. Ён быў прызваны ў Чырвоную Армію ў 1939 годзе, удзельнічаў у савецка-фінляндскай вайне, потым у Вялікай Айчыннай, быў паранены пад Кёнігсбергам, затым працягнуў службу на Далёкім Усходзе. На яго лёс выпалі фактычна тры вайны. Пасля службы вярнуўся ў сваю родную вёску Пінюгі ў Быхаўскім раёне, быў бортнікам, плотнікам і, як цяпер кажуць, моцным гаспадаром. Калі ў яго цікавіліся, як яму ўдалося выжыць, прадзед казаў, што прытрымліваўся наступных традыцый. Па-першае, перад боем ён заўсёды хрысціўся (Барыс Рыгоравіч быў глыбока веруючым чалавекам), а па-другое, 100 грамаў, якія выдавалі салдатам перад наступленнем, ён амаль ніколі не ўжываў. Казаў, што трэба было мець гарачае сэрца і халодную галаву, каб застацца жывым... Шкада, што я не змог асабіста паслухаць яго аповеды пра вайну. Адчуваю вялікі гонар за свайго легендарнага прадзеда і лічу сваім абавязкам захаваць і перадаць памяць пра яго сваім дзецям.
— Аляксандр, але ж вы займаліся не толькі спортам, а яшчэ і танцамі... Як удавалася сумяшчаць гэтыя захапленні?
— Чым я толькі ні займаўся ў падлеткавым узросце (усміхаецца. — Аўт.): і лёгкай атлетыкай, і гімнастыкай, і народнымі танцамі. Прыкладна ў 9 класе ў мяне праявіліся сур’ёзныя спартыўныя амбіцыі, я захапіўся тайландскім боксам і паралельна займаўся пажарным спортам. Вяртаўся дадому вельмі позна і ўрокі рабіў па начах. Я ніколі не пашкадаваў, што займаўся харэаграфіяй, таму што гэта дапамагае мне цяпер пераадольваць бар’ер падчас публічных выступленняў. Але спорт у выніку перамог. Я мог на кулаках адціснуцца больш разоў, чым старэйшыя за мяне хлопцы. Я і зараз магу гэта зрабіць. Літаральна нядаўна мы сустракаліся з вучнямі 29-й сталічнай гімназіі. Разам з хлопцамі восьмых — дзясятых класаў я выйшаў на сцэну, і мы зрабілі 60 адцісканняў.
На жаль, з-за вялікай занятасці ў маім жыцці застаецца ўсё менш месца для спорту, але спартыўны характар дапамагае ставіць мэты і дасягаць іх. Спартыўны стрыжань яшчэ і дысцыплінуе. Я разумею, што толькі асабістым прыкладам магу прапагандаваць здаровы і спартыўны лад жыцця, таму стараюся падтрымліваць у належным стане сваю фізічную форму.
— БРСМ лічаць правапераемнікам камсамола. Але асабіста вы ўжо не засталі камсамольскіх часоў. Скажыце, а што вас аб’ядноўвае з вашымі папярэднікамі? Усё ж і краіна, і моладзь моцна змяніліся. У чым праяўляецца сувязь пакаленняў?
— Я стараюся цікавіцца гісторыяй. Нават будынак, дзе сёння размяшчаецца Рэспубліканскі дом моладзі і дзе мы з вамі сустракаемся, мае адметную гісторыю. У кіруючых органах камсамола працавала шмат людзей, якія былі ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, Героямі Сацыялістычнай Працы. Гэта славутыя сыны беларускай зямлі, якія жылі ў імя гэтай краіны, і вынікамі іх працы мы карыстаемся сёння.
Можна па-рознаму ставіцца да камуністычнай ідэалогіі і да Савецкага Саюза, але важна, што менавіта ў гэтай дзяржаве Беларусь набыла свае цяперашнія абрысы. Мы імкнёмся адрадзіць пераемнасць паміж піянерскай арганізацыяй і БРСМ. Адсочваем фарміраванне маладога чалавека на ўсіх этапах, і цяпер з піянераў у БРСМ пераходзяць ужо не 50 працэнтаў, а больш за 80 працэнтаў падлеткаў. Мы іх адразу падхопліваем, бяром пад сваё крыло. Падчас святкавання 20-годдзя ўтварэння БРСМ у парку Марата Казея ў Мінску мы прэзентавалі новую цырымонію пераемнасці — развітанне з піянерскім гальштукам.
Для моладзі савецкіх часоў быў уласцівы калектывісцкі дух. Мы таксама да гэтага імкнёмся. Аднавілі дзейнасць студатрадаў. Для таго, каб студатрадаўскі рух быў менавіта рухам, сістэмным, са сваімі традыцыямі (а мы бяром за ўзор камсамольскія студэнцкія атрады), прадумваем яго ідэалогію, працуем над сімволікай, атрыбутыкай, пішам песні. На мой погляд, калектывісцкія каштоўнасці знаходзяць водгук у сучасных маладых людзей. Каб трапіць у многія студатрады, нават існуе конкурс. Студатрадаўскі рух перадае традыцыі дзелавых і чалавечых адносін, фарміруе сапраўдных патрыётаў, якія становяцца датычнымі да навейшай гісторыі незалежнай Беларусі.
Але мы пайшлі наперад. Укараняем новыя традыцыі. І пераходны сцяг па выніках трэцяга працоўнага семестра ўручаем цяпер ужо не толькі найлепшаму атраду, але і найлепшаму наймальніку. Сцяг цэлы год нагадвае, як добра ўсе разам папрацавалі, а для астатніх арганізацый, якія прымаюць студатрады, гэта прыклад і добры матыватар.
— Мы бачым сваю задачу не толькі ў стварэнні ўмоў для ўсебаковага развіцця моладзі і яе самарэалізацыі, але і ў захаванні памяці пра наша гістарычнае мінулае. У захаванні генетычнага кода беларусаў, бо ў глабальным свеце пры магутным уплыве сацыяльных сетак дастаткова складана захаваць сваю самаідэнтычнасць. Год гістарычнай памяці яскрава паказаў, што акрамя Вялікай Айчыннай вайны, якая закранула літаральна кожную беларускую сям’ю, ёсць яшчэ шмат гістарычных падзей, на якія абапіраецца беларуская дзяржаўнасць. І наша місія — адчыніць маладому пакаленню ўсе дзверы, дапамагчы самаідэнтыфікаваць сябе ў гэтым стракатым свеце менавіта як беларуса, як чалавека, гатовага ўзяць адказнасць за будучыню сваёй краіны. Гістарычная памяць патрабуецца не столькі дарослым, колькі маладым... Мы павінны садзейнічаць выхаванню моладзі на аснове патрыятычных і духоўна-маральных каштоўнасцяў.
Вельмі важна разумець, якая гістарычная місія ўскладзена на сённяшняе пакаленне маладых людзей: не згубіць патэнцыял, захаваць дынаміку, умацаваць нашу краіну. Мы глядзім у будучыню і дакладна бачым канфігурацыю грамадзянскай супольнасці з апорай на моладзь у якасці Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.
Не думаю, што сэнс, які мы ўкладаем ў паняцце «быць патрыётам», змяніўся. І раней, і сёння быць патрыётам азначае суадносіць уласныя інтарэсы і інтарэсы беларускай дзяржавы.
— Саюз моладзі выступіў з ініцыятывай аб наданні рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу «Хатынь» статусу Усебеларускай маладзёжнай будоўлі. Падзяліцеся, што было зроблена актывістамі вашай арганізацыі на гэтым аб’екце?
— З красавіка і па сёння ў работах па рамонце і рэканструкцыі аб’ектаў мемарыяльнага комплексу «Хатынь» прынялі ўдзел больш як 1600 чалавек: гэта актывісты БРСМ, у тым ліку Цэнтральнага апарата, байцы будаўнічых і педагагічных атрадаў з усіх рэгіёнаў краіны, работнікі МАЗа, «БелДжы», Беларускага металургічнага завода, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, міністэрстваў, Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі, Маладзёжнага савета пры Нацыянальным сходзе, члены Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Беларускага саюза жанчын, Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, хакейнай зборнай каманды Прэзідэнта, слухачы БДУ з М’янмы, грамадзяне Германіі, міжнародны атрад валанцёраў з Пскоўскай вобласці і Латвійскай Рэспублікі «Хатынь-2022». Пра што гэта сведчыць? Пакуль недзе перапісваюць гісторыю і знішчаюць гістарычную памяць, мы даём магчымасць далучыцца да яе захавання маладым людзям з іншых дзяржаў. Беларусь з’яўляецца фарпостам захавання аб’ектыўнай гістарычнай памяці.
Ва Усебеларускай маладзёжнай будоўлі бяруць удзел актывісты рознага ўзросту і палітычных перакананняў. У нас працавала моладзь ад ліберальнай да камуністычнай, ад школьнікаў да студэнтаў.
У рамках Усебеларускай маладзёжнай будоўлі «Хатынь» на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу былі выкананы работы па дэмантажы, ачыстцы і ўстаноўцы мемарыяла «Могілкі вёсак», земляныя работы на тэрыторыі музея, які будуецца, дэмантаж абліцовачнай пліткі і гідраізаляцыйныя работы каля адміністрацыйнага будынка мемарыяльнага комплексу і многае іншае.
Кіраўніцтва краіны аказала нам высокі давер, даручыўшы выканаць задачу па абнаўленні мемарыяльнага комплексу. І мы разам з Прэзідэнтам краіны шчыравалі на суботніку. Вядома, размова не ідзе аб будоўлі дзеля будоўлі. Перш за ўсё тут прысутнічае выхаваўчы момант. Маладыя людзі, якія абнаўляюць манумент і ўносяць свой уклад, становяцца часткай гісторыі. Гэта падзея застанецца з імі на ўсё жыццё, і яны з гонарам будуць расказваць пра яе сваім дзецям.
У нас ёсць думка зрабіць такую працу ў дачыненні да гістарычных аб’ектаў сістэмнай... Калі, напрыклад, будуць узводзіць на Буйніцкім полі музей, моладзь павінна быць і там.
— Якія поспехі ў развіцці валанцёрства?
— Валанцёрскі рух БРСМ «Добрае Сэрца» стаў паўнапраўным партнёрам дзяржавы ў вырашэнні сацыяльных праблем і задач. Яго візітнымі карткамі з’яўляюцца дабрачынны марафон «Усе фарбы жыцця для цябе», дабрачынная акцыя «У школу з добрым сэрцам», «Дзень абароны дзяцей з БРСМ», праект «Мы выбіраем дапамогу пажылым людзям». У гэтым годзе будзем адзначаць ужо дзесяцігоддзе Міжканфесійнага дабрачыннага праекта «Аднаўленне святынь Беларусі». У Год гістарычнай памяці ў праекце прынялі ўдзел 3600 валанцёраў руху «Добрае Сэрца». Пад дэвізам «Нас аб’ядноўвае гісторыя і вера» маладыя людзі добраўпарадкавалі 274 святыні.
У валанцёраў «Добрага Сэрца» ёсць «уласны твар»: свой лагатып і гімн руху. Ёсць структура, якая аб’ядноўвае больш як 1900 атрадаў: гэта школьная, студэнцкая і працоўная моладзь. Валанцёрскі рух ахоплівае больш за 33 тысячы хлопцаў і дзяўчат. Дзякуючы сваёй структуры мы можам у кароткія тэрміны аператыўна рэагаваць на сацыяльныя выклікі, можам арганізаваць работу валанцёраў па любой праблематыцы: ковід, расчыстка снегу, нарыхтоўка дроў, дапамога бежанцам…
На пастаяннай аснове ў нас праводзіцца вучоба і інтэнсівы, што дазваляе пашыраць сацыяльныя кампетэнцыі нашых валанцёраў. У мінулым годзе напрамкі валанцёрскай дзейнасці БРСМ пашырыліся: акрамя сацыяльнага, працоўнага, экалагічнага і спартыўнага валанцёрства ў нас з’явіліся два новыя адгалінаванні дзейнасці — валанцёрства заалагічнае і культурна-патрыятычнае, у тым ліку археалагічнае. У жніўні мінулага года мы разам з Саветам маладых вучоных НАН рэалізавалі археалагічны праект — валанцёры разам з навукоўцамі ўдзельнічалі ў раскопках на гарадзішчы на рацэ Менцы — там, дзе, як мяркуецца, размяшчаўся далетапісны Мінск. Мы заключылі пагадненне з Інстытутам гісторыі НАН, каб і надалей рэалізоўваць падобныя сумесныя праекты. Гэта ўжо не проста валанцёрства, а яшчэ і патрыятычнае выхаванне моладзі, далучэнне яе да гісторыі…
— Нядаўна ўся краіна абмяркоўвала законапраекты аб Усебеларускім народным сходзе і змены ў Выбарчым кодэксе. БРСМ таксама не застаўся ўбаку, арганізоўваў дыялогавыя пляцоўкі «Сіла закона». Як вы лічыце, беларуская моладзь цікавіцца палітыкай? Наколькі эфектыўныя маладзёжныя дыялогавыя пляцоўкі?
— Прававое выхаванне — гэта новы, але вельмі важны напрамак, прапісаны ў стратэгіі развіцця нашай арганізацыі. Часта моладзь ведае свае правы, але не ведае сваіх абавязкаў. Сёння мы выхоўваем прававую культуру ў маладых грамадзян. Як кажуць, папярэджаны — значыць, узброены. І моладзь зацікаўлена ў прававой асвеце. Напрыканцы года прайшоў фінал другога прававога турніру «Сіла закона». У праекце прынялі ўдзел 25,6 тысячы старшакласнікаў, а гэта на 9 тысяч больш, чым у першым турніры. Вельмі важна, калі нашы школьнікі ўжо з’яўляюцца экспертамі ў сваіх узроставых катэгорыях у плане ведання асноў Канстытуцыі.
Колькасць удзельнікаў турніру расце, пашыраецца іх геаграфія, павышаецца ўзровень ведаў і падрыхтоўкі канкурсантаў. І гэта не з’яўляецца для нас нейкім адкрыццём. У ходзе шырокамаштабнай работы па абмеркаванні праекта Канстытуцыі Беларусі на дыялогавых пляцоўках і праекта закона аб Усебеларускім народным сходзе моладзь, старшакласнікі — навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі — былі ў авангардзе. Яны па-сапраўднаму актыўныя, ад іх паступіў шэраг канкрэтных і канструктыўных прапаноў па дадзеных пытаннях.
Абмяркоўваючы на адкрытых дыялогах закон аб Усебеларускім народным сходзе, маладыя людзі разумеюць, што ўмовы, створаныя для іх рэалізацыі, маюць цалкам прадметны характар. І самае папулярнае пытанне, якое задавала моладзь падчас такіх абмеркаванняў, гучала так: «Як стаць дэлегатам УНС?». Маладых цікавіць, і як можна стаць дэпутатам, каб удзельнічаць у заканатворчай дзейнасці. Гэта здаровыя канструктыўныя палітычныя амбіцыі. Моладзь павінна мець не толькі магчымасць абмяркоўваць, але і быць удзельнікамі такога ўнікальнага фарміравання, як Усебеларускі народны сход. Зараз адбываецца змена пакаленняў, змена кіраўнікоў арганізацый, прадпрыемстваў, навуковых школ. І трэба ўсім цікавіцца, каб не застацца за бортам.
А мы падчас дыялогаў атрымліваем зваротную сувязь. Аналізуем пытанні, якія агучвае моладзь, і такім чынам выбудоўваем вектар працы не толькі БРСМ, але і ўсёй маладзёжнай палітыкі. Вельмі хочацца падзякаваць актыўным і неабыякавым маладым людзям, якія ўдзельнічаюць у абмеркаванні вельмі прафесійна. Верагодна, яны атрымліваюць юрыдычную адукацыю або вельмі сур’ёзна паглыбленыя ў гэтыя пытанні. Ім цікава, як будзе развівацца краіна, і яны жадаюць, каб былі захаваныя стабільнасць і пераемнасць.
Дыялогавыя пляцоўкі і тэматычныя абмеркаванні законапраектаў кансалідуюць не толькі моладзь, але і ўсю краіну ў цэлым. Дарэчы, узнагароджанне пераможцаў прававога турніру «Сіла закона» мы правялі ў Музеі беларускай дзяржаўнасці невыпадкова. Мы кажам падлеткам, што кожны з іх можа папоўніць экспазіцыю музея сваімі дасягненнямі.
— Ці ёсць кропкі росту ў міжнародным супрацоўніцтве?
— Апошнім часам у нас выразна прасочваецца ўсходні вектар. Так, нашым новым партнёрам стаў Саюз моладзі Турцыі. Мы заключылі пагадненне з Усекітайскай федэрацыяй моладзі. Калі святкавалася 20-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін з КНР, арганізавалі відэамост, дзе абмеркавалі фармат нашага супрацоўніцтва ў сацыяльнай, навуковай, гуманітарнай і творчай сферы.
БРСМ з’яўляецца нацыянальным аператарам, які будзе забяспечваць фарміраванне маладзёжнай павесткі Беларусі ў Маладзёжным савеце краін ШАС. Мы спадзяёмся, што з адступленнем пандэміі зноў зможам вярнуцца да ўзаемных абменаў і наведвання міжнародных маладзёжных летнікаў. Будзем накіроўваць туды самых перспектыўных і творчых хлопцаў і дзяўчат.
Мацнеюць нашы традыцыйныя сувязі па лініі СНД і ЕАЭC. Увогуле, з краінамі СНД у нас вельмі цесныя партнёрскія ўзаемаадносіны, можна сказаць, нават братэрскія.
7 снежня на пляцоўцы Дзелавога і культурнага комплексу Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі ў Маскве адбылося першае пасяджэнне дыскусійнага клуба «Моладзь Беларусі і Расіі: погляд у будучыню». Стварэнне маладзёжнай дыскусійнай пляцоўкі было ініцыіравана Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі і падтрымана Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі.
Палажэнне аб маладзёжным дыскусійным клубе падпісалі арганізацыі — партнёры Саюза моладзі: «Маладая Гвардыя Адзінай Расіі», «Расійскі саюз сельскай моладзі», Маладзёжны парламент пры Дзяржаўнай Думе Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі, Маладзёжны парламент Ліберальна-дэмакратычнай партыі Расіі.
Галоўная мэта клуба — арганізацыя дыскусійнай пляцоўкі па актуальных пытаннях маладзёжнага парадку дня Саюзнай дзяржавы. Плануецца, што месцам правядзення пасяджэнняў клуба стане Дзелавы і культурны комплекс Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі.
Вельмі радуе, што мы пачалі развіваць супрацоўніцтва і з асобнымі рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі. Пашыраецца і геаграфія дзейнасці нашых студэнцкіх атрадаў у Расіі. Сёлета беларускія хлопцы працавалі ўжо на касмадроме «Усходні» ў Амурскай вобласці. Гэтым летам ў Расіі ў складзе студатрадаў былі задзейнічаны 600 беларускіх хлопцаў і дзяўчат, а на наступны год, спадзяёмся, іх будзе ўжо каля тысячы.
Развіваем і ўмацоўваем узаемадзеянне з Арменіяй, Узбекістанам, Казахстанам. Нашы калегі неаднаразова адзначалі, што для беларускай моладзі ствараюцца ўнікальныя ўмовы: пачынаючы ад абавязковага атрымання першага працоўнага месца да грантавай падтрымкі інавацыйнага прадпрымальніцтва. Дарэчы, у маі Мінск будзе прымаць фінал праекта «100 ідэй для СНД». Гэты праект нарадзіўся ў Саюзе моладзі, але атрымаў прызнанне на міжнародным узроўні.
— Падчас нашай першай сустрэчы адразу пасля вашага абрання на пасаду першага сакратара ЦК БРСМ мы з вамі разважалі, якім павінен быць маладзёжны лідар, што стаць ім у пераломны час — сур’ёзная адказнасць. Скажыце, ці ўдаецца вам знайсці агульную мову з усімі? Вы падзяляеце моладзь на сяброў БРСМ і тых, хто не мае членскага білета?
— На сваіх і чужых мы моладзь не падзяляем, а працуем з усімі. Арганізацыя павінна стаць цікавай, каб малады чалавек да яе далучыўся. Бывае, маладым людзям цікавая наша праектная дзейнасць, яны жадаюць стаць часткай праекта і часткай каманды, але пры гэтым не з’яўляюцца членамі Саюза моладзі. Калі ласка, далучайцеся. Мы адкрытыя для ўсіх. Прымушаць і выкарыстоўваць адміністрацыйныя метады, каб павялічыць працэнт ахопу моладзі членствам у БРСМ, — не наша гісторыя. У доўгатэрміновай перспектыве, на якую мы працуем, такія метады нічога добрага не прынясуць. Лічу, што калі ты сам верыш у тое, што робіш, то зараджаеш сваёй верай іншых. Тыя хлопцы і дзяўчаты, якія не знайшлі сваё месца ў арганізацыі, гэта нашы кропкі для росту. Трэба думаць, куды нам трэба развівацца, каб быць цікавымі для ўсіх.
Мы праводзім канструктыўную палітыку, накіраваную на тое, каб арганізацыя была апорай, дапамагала вырашаць канкрэтныя праблемы, і мы рады, што, паводле апошняга сацыялагічнага даследавання, дзейнасць БРСМ атаясамляецца ў моладзі ўжо не толькі з культурна-масавымі мерапрыемствамі, якія таксама важныя, але і з валанцёрскай дзейнасцю, з арганізацыяй другаснай занятасці моладзі.
— А як выглядае звычайны дзень лідара самай буйной маладзёжнай грамадскай арганізацыі? Вы можаце дазволіць сабе адключыць тэлефон, каб пабыць з сям’ёй?
— Нягледзячы на тое што ў апошні час я цалкам паглыбіўся ў грамадскую работу, я застаюся бацькам для сваёй дачкі і сынам для сваіх бацькоў, якія з’яўляюцца і маімі балельшчыкамі, і маімі крытыкамі. Мой рабочы дзень можа распачацца вельмі рана і скончыцца вельмі позна. І я нават не заўсёды ведаю, дзе магу апынуцца цягам дня. Адпачынку ў мяне фактычна не было. Таму я вельмі ўдзячны сваёй мудрай жонцы, якая дапамагае мне не выпасці з жыцця дзіцяці. У некаторых паездках яны мяне суправаджаюць. Раніцай я стараюся асабіста адвесці дачку ў школу. Яна ў мяне першакласніца. А вось адключыць свой тэлефон не магу. У мяне адкрыты ўсе акаўнты ва ўсіх сацыяльных сетках і месенджарах. Я не магу закрыцца ад людзей, гэта было б дзіўным. Магу толькі дазволіць сабе не адрэагаваць імгненна на штосьці, што можа пачакаць. Але пазней я абавязкова адкажу.
— Аляксандр, вы навучаліся ў Камандна-інжынерным інстытуце. А ці хапае вам атрыманых ведаў на цяперашняй рабоце?
— Яшчэ падчас навучання ў Камандна-інжынерным інстытуце я захапіўся навукай. Абараніў кандыдацкую па тэме «Вогнетрываласць поліэфірных матэрыялаў». Выкладаў, займаў пасаду начальніка аддзела даследаванняў у галіне ліквідацыі надзвычайных сітуацый Навукова-даследчага інстытута пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый МНС. Але цудоўна разумею, што трэба развівацца пастаянна. Што ўсе адкрыцці робяцца зараз на стыку навук у міждысцыплінарных камандах. Разумею, як важна ведаць гісторыю, і ў стратэгіі развіцця нашай арганізацыі трэба абапірацца менавіта на яе. Вельмі хацелася б захапіць гісторыяй усю беларускую моладзь. А зараз я навучаюся ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «Дзяржаўнае кіраванне і ідэалогія». Зноў стаў студэнтам. Шчыра скажу: гэта новы цікавы вопыт…
— А ці ёсць у вас жыццёвае крэда або нейкі выраз, які адлюстроўвае вашы прынцыпы па жыцці?
— Гэты выраз неаднойчы паўтараў кіраўнік нашай дзяржавы. І мы ў межах узаемадзеяння з піянерскай арганізацыяй заклалі яе ў аснову ўрачыстага абяцання, якое будуць даваць піянеры, уступаючы ў БРСМ: «Толькі разам і толькі наперад!».
Гутарку вяла Надзея НІКАЛАЕВА
Фота Лізаветы ГОЛАД і з архіва героя
Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года
«Мадэлі жыцця грамадства мы павінны вызначаць самі ў рамках нашай духоўнай славянскай традыцыі».
Высветлілі карэспандэнты «МС».