Вы тут

Аргкамітэт фестываля нацыянальных культур атрымаў высокую адзнаку Прэзідэнта


Напрыканцы снежня 2022 года Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам прысуджаны спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва. У ліку лаўрэатаў — аўтарскі калектыў у складзе загадчыцы аддзела традыцыйнай мастацкай культуры Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Яніны Барысевіч, намесніка дырэктара Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры Наталлі Мазепы і старшыні Кансультатыўнага міжэтнічнага савета пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Грыгорыя Елізарана. Спецыяльная прэмія ўручана за ўклад ва ўмацаванне нацыянальнай згоды ў беларускім грамадстве, правядзенні Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.


Фестываль нацыянальных культур стартаваў у Гродне ў 1996 годзе. З тае пары стала традыцыяй кожныя два гады збіраць у горадзе шматлікіх сяброў розных нацыянальнасцяў. У мінулым годзе свята прайшло 13-ы раз і было прысвечана Году гістарычнай памяці. У ім сваімі народнымі здабыткамі падзяліліся каля 30 нацыянальных грамадскіх аб'яднанняў Беларусі. Упершыню быў арганізаваны падворак «Мая Беларусь», дзе кожны рэгіён краіны прадставіў свае традыцыі і культуру. Многія імпрэзы ўжо сталі неад'емнай часткай фестывалю — гэта яскравае шэсце ўсіх удзельнікаў і работа нацыянальных падворкаў.

Член арганізацыйна-рэжысёрскай групы Яніна Барысевіч успамінае, што свята адразу захапіла гродзенцаў і гасцей горада. Адчувалася добрая, сямейная атмасфера. І гэты пасыл прайшоў праз усе наступныя фестывалі.

Паступова свята пашыралася. Каб здзівіць наведвальнікаў, дадаваліся новыя імпрэзы, з'яўляліся адметнасці, увасабляліся задумкі. Але агульны тон, які быў зададзены на старце, толькі ўмацоўваўся. На чарговым ХІІІ фестывалі нават уведзены адпаведны слоган: «У творчым сяброўстве — адзінстве ды згодзе».

Гродна стаў нязменнай сталіцай шматнацыянальнага свята. Але фестывальны рух ахоплівае ўсю Беларусь. Кожная вобласць праводзіць свае адборачныя туры, у выніку якіх і складаецца канцэртная праграма заключных мерапрыемстваў у Гродне.

— Прэтэндэнтаў на ўдзел нямала, — кажа Яніна Барысевіч. — Але кожнае аб'яднанне стараецца прадставіць найлепшыя калектывы. Тут збіраецца суквецце талентаў ад усіх нацыянальнасцяў, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі. Гэта найлепшыя з найлепшых. Мы лічым, што вельмі важна трымаць высокую планку, таму ў фестывалі сталі ўдзельнічаць не толькі аматарскія, але і прафесійныя калектывы нашых нацыянальных аб'яднанняў.

Па словах прадстаўніка аргкамітэта, Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур — важная грамадска-культурная падзея, якая дэманструе еднасць усіх народаў, што пражываюць у Беларусі. Ёсць і іншыя важныя складнікі каларытнага фэсту. Напрыклад, гэта добрая магчымасць прадставіць Беларусь у сферы міжнароднага турызму. Падчас фестывалю Гродна наведваюць шматлікія замежныя дэлегацыі, дзякуючы якім падзея становіцца больш вядомай у свеце.

Аб папулярнасці фестывалю сведчыць і яго пашыраны фармат. Арганізатары палічылі, што двух дзён мала і дапоўнілі яшчэ адным. Трэці дзень праходзіць на Аўгустоўскім канале. Цяпер уладам трэба падумаць над тым, каб удасканаліць інфраструктуру, бо такі фармат будзе працягвацца і надалей.

Аснова брэндавага фэсту закладзена, традыцыі правераны часам, але і новыя ідэі і фарматы вітаюцца.

— Важна, каб фестываль жыў, — упэўнена Яніна Барысевіч. — Ён сапраўды народны, таму што ахоплівае даволі шырокае кола. Добра, што шмат мерапрыемстваў праходзіць з удзелам моладзі. Дзякуючы фестывалю, новае пакаленне знаёміцца з традыцыямі народаў, якія жывуць у Беларусі. Лічу сімвалічным, што новы 2023 год аб'яўлены Годам міру і стварэння. Гэты пасыл яскрава перагукаецца з ідэяй фестывалю — развіваць адзінства і жыць у міры і згодзе.

Арганізатары лічаць, што спецыяльная прэмія Прэзідэнта — высокая ацэнка працы ўсіх, хто прымаў удзел у арганізацыі маштабнага свята. За яго прыгажосцю — праца вялікай колькасці людзей: ад рэжысёраў да рабочых.

— Канцэпцыя кожнага фестывалю нацыянальных культур новая. Рэжысёры пастаянна ўносяць непаўторныя штрыхі, прыдумваюць нешта яркае. Разам з тым — знаёмяць з абрадамі і звычаямі нацыянальных культур. Нязменнай застаецца толькі атмасфера сяброўства, міру і згоды. Таму кожны, хто пабываў тут хоць аднойчы, прыедзе яшчэ не раз, — упэўнена лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта, намеснік дырэктара Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры Наталля Мазепа.

Яна лічыць, што фестываль з амаль 27-гадовай гісторыяй дае добрую магчымасць нагадаць кожнаму жыхару Беларусі, што мы жывём у шматнацыянальным грамадстве. У Гродне для сустрэч з прадстаўнікамі нацыянальных суполак працуе культурны цэнтр «Фестывальны», які з'яўляецца філіялам Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры. Дарэчы, яго адкрыццё адбылося падчас аднаго з фестываляў. Тут можна даведацца аб гісторыі свята, убачыць выстаўку касцюмаў, а таксама фестывальных прызоў. З дапамогай мультымедыйнай сістэмы ёсць магчымасць акунуцца ў жывую атмасферу свята, пабываць на знакамітых падворках, убачыць яскравае шэсце і многае іншае.

Прадстаўнікі нацыянальных суполак збіраюцца тут разам, каб прапанаваць ідэі па правядзенні фестывалю і не толькі. Напрыклад, нядаўна тут адбылася калядная сустрэча з прадстаўнікамі некаторых нацыянальных аб'яднанняў. Сваімі навагоднімі традыцыямі падзяліліся літоўцы, грузіны, армяне, татары, украінцы, рускія, палякі. Не абышлі ўвагай і падрыхтоўку да правядзення чарговага ХІV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Як адзначыла Наталля Мазепа, ідэі прадстаўнікоў суполак заўсёды вельмі слушныя і арганізатары фестывалю гатовы прыступіць да іх рэалізацыі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».