Вы тут

На Віцебшчыне сустрэліся з грамадзянамі «залатога ўзросту»


Да рэспубліканскай акцыі «Ад усёй душы», арганізатарамі якой выступілі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і Міністэрства адукацыі сумесна з грамадскімі аб'яднаннямі «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя», далучылася Віцебшчына. Напярэдадні Раства намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў сустрэўся з грамадзянамі «залатога ўзросту» і работнікамі сацыяльнага абслугоўвання паўночнага рэгіёна.


«У Віцебскай вобласці пражывае звыш 260 тысяч пажылых людзей, звыш 20 тысяч адзінокіх і 140 тысяч, якія жывуць асобна. Многія з іх, нягледзячы на ўзрост, займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю і гатовы перадаць свае веды і жыццёвы вопыт маладому пакаленню. Прыемна, што і моладзь у сваю чаргу ідзе насустрач такому ўзаемадзеянню. Таму я ўпэўнены, што акцыя «Ад усёй душы» і далей будзе актыўна падтрымлівацца і знойдзе самае шырокае распаўсюджанне», — адзначыў у прывітальным слове Вячаслаў Віктаравіч.

У зале Віцебскага аблвыканкама напярэдадні свята сабралася больш як 100 гасцей: пенсіянеры-актывісты, дырэктары тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, прадстаўнікі саветаў пажылых грамадзян, грамадскіх арганізацый і аб'яднанняў. Амаль кожны не прамінуў адзначыць непарыўную сувязь акцыі «Нашы дзеці» і «Ад усёй душы»: пераемнасць пакаленняў заўсёды была адным з інструментаў будаўніцтва сацыяльнай палітыкі нашай краіны. У святочныя дні становіцца добрай традыцыяй акружаць клопатам і ўвагай не толькі дзяцей — нашу светлую будучыню, але і тых, хто сваёй працай доўгія гады складаў моцны падмурак для іх шчаслівага дзяцінства.

Аб сінтэзе жыццёвай мудрасці людзей «залатога ўзросту» і моладзевага запалу, вынікам якога з'яўляецца выхаванне падрастаючага пакалення на любові да сваёй радзімы, на асаблівым вопыце ведае старшыня савета пажылых грамадзян Віцебскага раёна Людміла Нікіціна. Пад яе кіраўніцтвам у аграгарадку Заронава ўжо 37-мы год працуе народны комплексны музей «Гісторыя Заронаўскага краю», вядомы не толькі ў рэспубліцы, але і ва ўсіх рэгіёнах былога Савецкага Саюза. Пераемнасць пакаленняў ва ўстанове зараджалася разам з музеем у далёкім 1986 годзе: навучэнцы мясцовай школы пад кіраўніцтвам Нікіцінай даглядалі воінскі мемарыял, на якім пахавана звыш 10 тысяч воінаў, займаліся вяртаннем з небыцця імён герояў-вызваліцеляў, вялі экскурсіі, дапамагалі мясцовым ветэранам вайны і працы. Гэта добрая традыцыя доўжыцца і па сённяшні дзень, на змену падрастаючаму ў музеі пакаленню прыходзяць новыя экскурсаводы, выхаваныя на вывучэнні гісторыі роднага краю і патрыятызме. На краязнаўчай ніве Людміле Канстанцінаўне сёння дапамагае сын Станіслаў, разам яны з'яўляюцца захавальнікамі музейных каштоўнасцяў.

Старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Аляксандр Хрыстафораў на сустрэчы падкрэсліў, што ўся сацыяльная работа ў вобласці накіравана на паляпшэнне якасці жыцця ветэранаў, пажылых грамадзян і людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Зараз на Віцебшчыне працуюць 254 сацыяльныя мабільныя пункты, якія створаны з мэтай аказання паслуг жыхарам аддаленых населеных пунктаў. Функцыянуюць 157 аддзяленняў дзённага знаходжання, у якіх пенсіянеры займаюцца ў гуртках па інтарэсах: спяваюць, асвойваюць камп'ютары, займаюцца фітнесам. Для многіх адзінокіх пажылых грамадзян аддзяленні дзённага знаходжання становяцца другім домам, месцам, дзе можна сабрацца разам з сябрамі і адчуць сябе патрэбным.

Прадстаўнікі Расонскага ТЦСАН выказалі надзею, што акцыя «Ад усёй душы» атрымае шырокае распаўсюджанне, актывізуе работу з пажылымі людзьмі, дапаможа адчуць ім смак жыцця. Лідар абласной маладзёжнай арганізацыі Уладзімір Бабічаў запэўніў, што моладзь паклапоціцца аб фізічнай і маральнай падтрымцы, члены БРСМ ужо правялі звыш 50 дабрачынных мерапрыемстваў у навагоднія дні, наведаўшы з канцэртамі і падарункамі многія сацыяльныя ўстановы Віцебшчыны.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота: «Витебские вести»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?