Вы тут

Сустрэча як жанр


«Памятныя сустрэчы» — так назвала сваю новую кнігу, зборнік нарысаў-эсэ, пісьменніца з Гродна Алена Руцкая. Алену Вітальеўну ведаюць як дасведчанага педагога-метадыста, заслужанага настаўніка Беларусі, аўтара шматлікіх навуковых, літаратуразнаўчых артыкулаў. Яе твор прызнаны найлепшым у намінацыі «Публіцыстыка і краязнаўства» IV Абласнога конкурсу рукапісаў імя Цёткі. 


Старонкі кнігі — у значнай ступені старонкі біяграфіі пісьменніцы, поўныя падзей і ўражанняў скрыжаванні жыццёвых дарог. «Памятныя сустрэчы»... Кнігі з такой назвай з’яўляюцца рэгулярна, з інтэрвалам у некалькі дзесяцігоддзяў. Дзякуючы такой тыпізацыі само паняцце важнай для творцы, лёсавызначальнай сустрэчы можа прэтэндаваць на статус літаратурнага жанру, сінанімічнага нарысу альбо эсэ. Па-жаночы пяшчотны, кранальны мастацкі позірк Алены Руцкай у мінулае стаў данінай павагі да гісторыі айчыннай літаратуры, да вобразаў класікаў, папярэднікаў, а таксама да сучаснага чытача, так званага «новага чалавека». Аўтар запрашае яго далучыцца да дыялогу пакаленняў, каб быць паслядоўным, больш поўна ўсведамляць сваю сучаснасць і прагрэсіўнасць. 

Героі «Памятных сустрэч» Алены Руцкай — славутыя класікі, знакамітыя пісьменнікі і навукоўцы: Цётка (Алаіза Пашкевіч), Максім Багдановіч, Максім Танк, Зоська Верас (Людвіка Сівіцкая), Анатоль Іверс (Іван Міско), Аляксей Карпюк, Алег Лойка, Іван Лепешаў, Ігар Жук, Аляксей Пяткевіч. Згадваецца і Уладзімір Бутрамееў, празаік, драматург, сёння вядомы больш у Расіі. Гэтыя постаці пакінулі след у сэрцы гродзенскай пісьменніцы, у той ці іншай ступені паўплывалі на яе лёс і справу ўсяго жыцця. Напрыклад, казку Максіма Танка «Конь і леў» яна вывучыла на памяць, калі яшчэ не ўмела чытаць. Зоську Верас наведвала ў яе Лясной хатцы ў складзе студэнцкай дэлегацыі. З Уладзімірам Бутрамеевым жыла па суседстве, на адной вуліцы ў Слоніме, дзе ў той час быў яе бацькоўскі дом, а таму некаторыя творы аўтара чытала яшчэ ў рукапісах. 

Колькасць асоб, якія ўдзельнічаюць у сустрэчах, акрамя галоўных герояў, даволі вялікая: Валянціна Коўтун, Серафім Андраюк, Уладзімір Калеснік... Кожнаму адведзена свая роля ў сюжэтах успамінаў. Пісьменніца, як і належыць сапраўднаму навукоўцу, вядзе завочную палеміку са сваімі калегамі; як метадыст грунтоўна аналізуе некаторыя падыходы да вывучэння творчай спадчыны класікаў; як філосаф аб’ектыўна даследуе некаторыя зрухі ў свядомасці, у сістэме каштоўнасцей людзей. Публіцыстычны характар дыялогу адкрывае яго розныя бакі. Сустрэчы-нарысы Алены Вітальеўны адыгрываюць ролю і яе аўтапартрэтаў, і гістарычных экскурсаў. Адбыліся і зафіксаваны яны ў розныя гады жыцця, у розныя гістарычныя эпохі. Таму ў гэтым дынамічным падарожжы па часе чытач перажывае цэлы спектр адчуванняў. Гэта панарамны, рэтраспектыўны погляд на жыццё і мастацтва, што значыць, і на самога сябе — чалавека з кнігай у руках. 

У кнізе шмат чорна-белых архіўных фота. І чым далей мінулае ад нас, тым вышэй каштоўнасць ілюстрацый — надзвычай важнага элемента ў змесце публіцыстычнай кнігі. Немагчыма не адчуць унікальную атмасферу гэтых кранальных, шчырых успамінаў. Разам з пісьменніцай вы трапляеце на філфак БДУ 1960-х гадоў, на базе якога дзейнічае студэнцкае літаб’яднанне «Узлёт». Сярод тагачасных яго членаў ёсць мноства тых, хто і сёння вызначае шляхі беларускай літаратуры, а сярод выкладчыкаў — многія знакамітыя беларускія літаратары. Вы акунаецеся ў бурнае літаратурнае жыццё Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР пад кіраўніцтвам легендарнага Аляксея Карпюка. Кнігу Алены Вітальеўны рэкамендую прачытаць моладзі ў выхаваўчых (самавыхаваўчых) мэтах — каб правільна паводзіць сябе ў пачатку творчага шляху ў зносінах са старэйшымі, з педагогамі, з калегамі; каб берагчы і культываваць у сабе галоўнае — чалавечую годнасць (без яе адоранасць, талент, творчае майстэрства сваю важкасць, на жаль, губляюць). Я таксама раю прачытаць гэтую кнігу ўсім, ад каго залежыць вывучэнне літаратуры ў школах і іншых установах адукацыі Беларусі. З мэтай развіцця кампетэнцый, пашырэння кругагляду. Яшчэ я прапаную зборнік тым, ад каго ў значнай ступені залежыць лёс самой беларускай літаратуры, як кажуць, «перспектывы развіцця». Вас чакае не сухое навуковае чытво з мноствам тэрмінаў і паняццяў, а лёгкая сяброўская гутарка. Так размаўляюць людзі, якім цікава разам. Падтрымліваць цікавасць гэтай сустрэчы з чытачом ад першай старонкі да апошняй — сапраўднае майстэрства. І Алена Руцкая пацвярджае сваё валоданне ім. 

Кожны раз, калі знаёмлюся з новай кнігай або расказваю пра яе, разважаю аб месцы і ролі выдання ў нашым жыцці. Нягледзячы на ледзь прыкметны энцыклапедычны арэол (аналогія, напрыклад, з кнігамі серыі ЖЗЛ), кнігу «Памятныя сустрэчы» можна ахарактарызаваць як феномен рэгіянальнай літаратуры, развіццю якой прысвечаны намаганні многіх прадстаўнікоў літаратурнай Гродзеншчыны. Культура асобна ўзятага рэгіёна займае месца непаўторнага, аўтэнтычнага  элемента ў арнаменце нацыянальнай культуры. У нарысах-эсэ Алены Руцкай мы бачым шматлікія тапонімы, анамастыку і іншыя маркеры Прынёманскага краю. Гучаць галасы ўраджэнцаў Гродзеншчыны, якія ўзбагацілі, узнеслі да новых вышынь нашу нацыянальную культурную скарбніцу, на ўвесь свет праславілі вобразы Беларусі і беларуса. Як педагог і вучоны Алена Вітальеўна прапануе чытачу падмацаваць любоў да роднай зямлі ведамі пра яе культуру і гісторыю. 

У кнігі ёсць яшчэ адзін значны матыў, пра які варта сказаць асобна. Імя яму — памяць. Як чароўны камертон, апісанню вочных і завочных сустрэч пісьменніцы з героямі кнігі памяць надае кранальнае, пранізлівае гучанне. Матыў памяці азначае толькі адно: жыццё не вечнае — вечнае толькі мастацтва. Паводле аўтара кнігі, калі мастацтва слова ёсць жыватворная крыніца духу чалавечага, пра яго варта памятаць, гутарыць, пісаць. У літаратуразнаўстве ёсць вельмі цікавае паняцце — памяць жанру. Памятныя сустрэчы як літаратурны жанр са з’яўленнем кнігі Алены Руцкай выконваюць функцыю лекаў для душы ў маштабе цэлага грамадства. Нездарма ў прадмове «Ад аўтара» вобраз кнігі ў сучасным свеце пісьменніца іранічна параўноўвае з вакцынай. 

І ўсё ж новае публіцыстычна-краязнаўчае выданне — глеба для самастойных разваг і высноў, сродак для арыентацыі чалавека ў часе і ў вечнасці. Тым больш што многія ўдзельнікі гэтага вялікага поліфанічнага дыялогу сёння могуць адказаць толькі адтуль. Таму адрознівае стыль аўтарскага выказвання максімум далікатнасці, карэктнасці і такту. Адзіна магчымая філасофская стратэгія кнігі — магістральны пазітывізм. Нярэдка ў аўтарскіх тэкстах пісьменніца выкарыстоўвае кампліментарныя інтанацыі: «прыцягвае ёмістасцю думак, філасофскай глыбінёй і грунтоўнасцю даследавання»; «уражвае сваімі абсягамі, глыбінёй, адметнасцю поглядаў, талентам»; «уразілі пранікнёнай шчырасцю»; «нейкі самабытны дар апавядальніка» і г. д. Я перакананы, што аўтар таксама заслугоўвае кампліментаў: выдатная навуковец, творца, настаўніца і сябра, яна абавязкова павінна стаць гераіняй адной з кніг гэтага, спадзяюся, бясконцага эпічнага цыкла выданняў розных аўтараў, аб’яднаных адной назвай — «Памятныя сустрэчы». 

Дзмітрый РАДЗІВОНЧЫК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.