Вы тут

Аднойчы пад Новы год...


Многія людзі не ўяўляюць сабе зімовую пару, пару свят і ўрачыстасцей без тэматычнага кінасеансу, а праславуты навагодні настрой шукаюць менавіта на фабрыцы мрояў. І іх лёгка зразумець! Ды чаго грэх хаваць — мы і самі належым да ліку апошніх! У рэшце рэшт марозным вечарам што можа быць лепшым за цёплы плед, кубачак гарбаты ў руцэ і ўтульнае калядна-навагоднее «сінемарыва»? Спецыяльна для аматараў бавіць канікулы перад экранам мы зрабілі падборку цікавых беларускіх фільмаў на адпаведную тэму: як для сямейнага прагляду, так і для дарослых.


«Страказіныя крылы»
(1968, рэж. Кузьма Красніцкі)

Адкрывае падборку найбольш ранні ігравы навагодні фільм, які нам удалося знайсці ў калекцыі нацыянальнай кінастудыі. «Страказіныя крылы» — дзіцячая тэленавела, пастаўленая Кузьмой Красніцкім, які пазней праявіць сябе як дакументаліст, а славу займее на ніве анімацыі: чытачам могуць быць знаёмы яго мультфільмы «Непаседа» (1983), «Як дзед па дождж хадзіў» (1986), «Хлопчык і праменьчык» (1987), «Мая маці чараўніца» (1989). Варта адзначыць, тэма Новага года сапраўды амаль не распрацавана айчыннымі кінематаграфістамі, і «Страказіныя крылы» — вельмі ўдалае выключэнне.

Працавалі над кароткаметражнай стужкай сапраўдныя мэтры (няхай сабе на той момант яны і былі яшчэ маладымі аўтарамі з адным-двума радкамі ў партфоліа). Так, сцэнарыстам выступіў дзіцячы пісьменнік Юрый Якаўлеў (актыўна супрацоўнічаў з «Беларусьфільмам», аўтар сцэнарыяў «Пушчык едзе ў Прагу» (1965), «Мы з Вулканам» (1969), «Зімародак» (1972) і інш.), аператарам — Алег Аўдзееў («Дзяўчынка шукае бацьку» (1959), «Крыніцы» (1964), «Воўчая зграя» (1975)), а кампазітарам значыцца не хто-небудзь — будучы народны артыст СССР Яўген Глебаў («Я родам з дзяцінства» (1966), «Вянок санетаў» (1976), «Дзікае паляванне караля Стаха» (1979)). Дадайце сюды яшчэ адмысловае «анімацыйнае» бачанне рэжысёра — ну проста нятленны твор!

Генадзь Лосеў у ролі Пекі

Хочаце верце, хочаце не — а відовішча надзвычай цікавае... Хлопчык Пеця па мянушцы Пека (Генадзь Лосеў) закаханы ў сваю аднакласніцу Алачку (Вольга Рабцава) — яна ж так прыгожа танцуе на каньках! Зрэшты, нягледзячы на ўсе яго старанні і нават выкленчаную ў прадаўшчыцы хрызантэму (Алачка любіць кветкі), дзяўчынка не жадае вадзіцца з такім абадранцам. Гэтая ва ўсіх адносінах мілая гісторыя аб першым каханні (і першым жа расчараванні), якая разгортваецца ў дэкарацыях пераднавагодніх канікул, завяршаецца сцэнай карагода (у ім галоўны герой топіць свае сумненні), што, трэба думаць, сімвалізуе няспыннасць жыцця. Някепска для просценькай дзіцячай замалёўкі, праўда?

«Дзікае паляванне караля Стаха» 
(1979, рэж. Валерый Рубінчык)

Здаецца, дадзеная карціна ў прадстаўленнях патрэбы не мае. Без яе не абыходзіцца, бадай, ніводны спіс найлепшых беларускіх фільмаў. Увенчваючы сабой залаты фонд айчыннага кіно, стужка «Дзікае паляванне караля Стаха» ў той жа час уваходзіць у залаты фонд кіно агульнасавецкага, займае і тут далёка не апошняе месца. Як ні круці, перад намі першы ў гісторыі савецкага кінематографа містычны трылер з усімі адпаведнымі прыкметамі. На экране разгортваецца дэтэктыўны сюжэт, у цэнтры якога рамантычны персанаж — чалавек розуму Андрэй Беларэцкі (Барыс Плотнікаў), збіральнік фальклору, які захрасае ў палескай глушы ў канцы XIX стагоддзя ў гатычным замку.

Замак, па ўсіх канонах, поўны таямніц: тут вам і патаемныя праходы, і замураваныя пакоі, і галаснікі, праз якія па начах даносяцца дзіўныя гукі, і, само сабой, прывід белай дамы, і нават карлік, які любіць гуляць па калідорах, пакуль усе спяць... Ды пераказваць сюжэт класічнай аповесці Уладзіміра Караткевіча (паводле яе і пастаўлены фільм) — справа марная. Зрэшты, камусьці, напэўна, будзе незразумела, якім бокам тут Новы год і зімовыя канікулы. Па-першае, на наш сціплы погляд, больш «атмасферны» і чароўны за містыку вопыт не дорыць нішто: у рэшце рэшт Каляды і Новы год — гэта яшчэ і час цудаў, час чараўніцтва. Па-другое, героі і напраўду ў фінале карціны сустракаюць навагоддзе.

Асобныя з тых, хто даўнавата глядзеў кіно альбо чытаў кніжку, цяпер, магчыма, разгублена пачухаюць патыліцу: «Здаецца, не было там такога! А калі і было, то, відавочна, на задворках сюжэту». Тлумачым: дзеянне кінакарціны, як ужо згадвалася, пераносіцца ў канец XIX стагоддзя, а эпілог яе ўвогуле мае месца ў першы дзень стагоддзя наступнага, разам з тым літаратурны арыгінал апавядаў пра часы крыху ранейшыя — 1888 год. Аўтары сцэнарыя (яго напісалі сам Уладзімір Караткевіч і рэжысёр стужкі Валерый Рубінчык) зрабілі так наўмысна: гэткае завяршэнне павінна было падкрэсліць сыход былой эпохі, эпохі цемрашальства, а не навукі, эпохі пачуццяў, а не думак. Ну і, канешне ж, снег, калядныя абрады і атмасфера свята... Не сумнявайцеся, тут гэтага хапае!

«Шляхціц Завальня, альбо Беларусь у фантастычных апавяданнях» 
(1994, рэж. Віктар Тураў)

Яшчэ адна экранізацыя беларускай літаратурнай класікі — толькі на гэты раз твора (ці, праўдзівей, зборніка 
твораў) у поўным сэнсе рамантычнага, выдадзенага ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Ян Баршчэўскі, фактычна збіраючы той самы фальклор (наўпрост як герой папярэдняй карціны), здолеў стварыць сапраўдную энцыклапедыю, якая ўтрымлівае сам дух нашага краю і якая нароўні з некаторымі іншымі творамі была ўдастоена гонару трымаць падмурак беларускай нацыянальнай ідэі. Відавочна, у кінакарціны 1994 года не атрымалася паўтарыць поспех сваёй першакрыніцы ці хаця б наблізіцца да яе велічы. Увогуле, стужку Віктара Турава прынята лічыць па меншай меры няўдалай экранізацыяй ды, 
мякка кажучы, не самым лепшым фільмам майстра.

Як бы там ні было, а «Шляхціц Завальня...» не пазбаўлены свайго адмысловага шарму, дакладна нельга адмовіць апошняй рабоце рэжысёра і ў майстэрстве. Больш за тое, карціна за кошт сваёй таямнічай (зноў жа) 
атмасферы дорыць цікавыя ўражанні. Так, героі ў сцюжу замыкаюцца ў карчме і, каб пацешыць адзін аднаго, пачынаюць расказваць містычныя гісторыі, сведкамі або ўдзельнікамі якіх яны станавіліся. Святло ачага, свечкі, поўны стол і мяцеліца за акном робяць сваю справу — навагодні настрой вам забяспечаны. Да таго ж Завальню іграе Уладзімір Гасцюхін, якому, заўважым, пасуе гэты вобраз.

«Свежына з салютам»
(2001, рэж. Іван Паўлаў)

Незамыславатая, але не пазбаўленая абаяння пацешка на вясельны сюжэт, да стварэння якой прыклала руку мноства паважаных людзей — вось кароткае апісанне гэтай забаўнай карціны, плоць ад плоці свайго часу. У адной беларускай вёсцы жывуць два даўнія сябры — аматар рыбалкі і гора-паляўнічы Язэп (Яўген Лявонцьеў) ды майстар на ўсе рукі Сцяпан (Генадзь Аўсяннікаў). На Куццю ў вёску з намерам ажаніцца з прыгажуняй Любай (Алеся Леснікова), унучкай кемлівай бабкі Ганны (Валянціна Петрачкова), з войска на тры дні вяртаецца сын Сцяпана армейскі лейтэнант Анатоль (Аляксандр Паўлаў).

Уласна, тут усё і закручваецца! Родныя маладых пачынаюць у аўральным рэжыме рыхтавацца да вясковага вяселля. На шляху да шчаслівага (абавязкова) фіналу гледачу давядзецца разблытаць не адну сюжэтную перыпетыю, а таксама сустрэць мноства каларытных персанажаў, з кожным з якіх звязаны пэўныя забаўныя казусы і анекдатычныя сітуацыі. Добрая і цёплая калядная гісторыя вельмі палюбілася беларускім тэлегледачам, стаўшы па-сапраўднаму народнай камедыяй (як ахрысцілі яе ў прэсе). Раней стужку нярэдка трансліравалі ўзімку, напярэдадні свят, вось і мы, ствараючы падборку, не сталі арыгінальнічаць.

Мультыплікацыя

Не лішнім будзе разбавіць нашу падборку анімацыйнымі карцінамі. Да таго ж у айчыннай анімацыі навагодняя тэма нашмат больш распаўсюджана, чым у ігравым кіно. Бадай, ніхто з беларускіх мультыплікатараў не зрабіў на гэтай ніве больш, чым чароўная Ірына Кадзюкова. Так, ужо з ранніх узораў яе рэжысёрскай творчасці вылучаецца дыптых «Калядныя аповеды» (1994), у якім Ірына Валянцінаўна зрабіла першую частку пад назвай «Каляднае» (паводле верша Сашы Чорнага). Разам з пазнейшымі «Дзіўная вячэра на Куццю» (1999) і «Прытча пра Раство» (2000) мультфільм утварае своеасаблівую «калядную» трылогію. Да месца будзе згадаць тут і некаторыя іншыя творы аўтаркі, падобныя па настроі («Дзяўчынку з запалкамі» (1996), «Легенду пра лэдзі Гадзіву» (2004) і, напрыклад, навелу пра Шапэна з цыкла «Казкі старога піяніна» (2014)).

Зрэшты, Ірына Кадзюкова не адзіная асвойвала навагодне-калядную тэму ў беларускай анімацыі. Пакідаючы за кадрам шматлікія творы, для якіх зіма і ўсё, што з ёй звязана, — толькі фон (напрыклад, «Не баюся цябе, мароз!» (1979), «Лагодны воўк» (2018) альбо «Ваўчышка» (2018), сканцэнтруемся выключна на тых карцінах, якія непасрэдна працуюць з тэмамі зімовых свят. Тут не абысціся без згадак аб «Зімоўі звяроў» (1999; не блытаць з аднайменным мультфільмам 1981 года!), «Чарадзейнай краме» (2006) і аб найноўшых стужках «Неяк раз пад Новы год» (2009), «Чарадзейная кніга» (2021), «Сон у зімовую ноч» (2022).

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.