Вы тут

Пад аховай кошкі


2023 год, згодна з кітайскім месячна-сонечным календаром, пройдзе пад знакам Кошкі. У папярэдні раз гэта было ў 2011 годзе. Адпаведна кітайскаму гараскопу год пад заступніцтвам кошкі пачнецца ўжо 22 студзеня. Гэтая жывёла — адна з самых распаўсюджаных на Зямлі. Па розных падліках на планеце жыве каля 600 мільёнаў кошак.


Катавасія

З гэтай нагоды Музей гісторыі горада Мінска сумесна з арт-галерэяй «Катавасія» 28 снежня распачаў выстаўку «Гэта ўсё коткі...». У выставачнай зале наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з гісторыяй вобраза коткі ў мастацтве праз арт-аб’екты. Творы дэкаратыўна-прыкладнога і выяўлечага мастацтва, незвычайныя прадметы побыту і падарункі з усяго свету красамоўней за мноства кніг.

Арт-галерэя «Катавасія» вось ужо на працягу некалькіх гадоў вабіць і аб’ядноўвае аматараў сямейства каціных. За стагоддзі, пакуль кошкі існуюць побач з чалавекам, вобраз жывёл аброс шматлікімі сэнсамі, стаў сімвалам, гербамі і неад’емнай часткай агульначалавечай культуры.

У Старажытным Егіпце кошкам пакланяліся як багам і прыносілі ахвяры. Сярэднявечныя інківізітары змагаліся з катамі, бо тыя лічыліся фамільярамі і спадарожнікамі ведзьмаў, але цалкам іх не вынішчалі, бо тыя лавілі пацукоў і шчуроў. У беларускай культуры каты асацыіраваліся з жытлом і бяспекай. Дагэтуль застаўся звычай на ўлазіны першым запускаць у дом ката.

Трапіў вобраз гэтай жывёлы і ў навуковую тэрміналогію. Немагчыма ўявіць развіццё квантавай фізікі без ката Шродзінгера. Менавіта ён быў выкарыстаны ва ўяўным эксперыменце, што прапанаваў аўстрыйскі фізік-тэарэтык, заснавальнік квантавай механікі Эрвін Шродзінгер, якім хацеў паказаць непаўнату квантавай тэорыі.

Заснавальнікам незвычайнай галерэі з’яўляецца Васіль Супрунюк, які больш за 20 гадоў калекцыяніруе прадметы, звязаныя з катамі. Пачынаючы з 2016 года калекцыя дэманструецца публіцы. Сродкі, атрыманыя з выстаўкі і арт-галерэі, ідуць на лячэнне і ўтрыманне бадзяжных жывёл. Калекцыя «Катавасіі» складае больш за 7000 прадметаў, 300 з якіх прадстаўлены на святочнай выстаўцы «Гэта ўсё коткі...».

Вытанчаныя жывёлы заўсёды цікавілі мастакоў і творцаў, нават натхнялі. Значная частка экспанатаў — цалкам унікальныя работы, якія збіраліся на працягу мноства гадоў. Сярод аўтараў прадстаўленых у экспазіцыі — вядомыя беларускія скульптары, графікі і мастакі: Валерый Славук, Лілія Нішчык, Лізавета Пастушэнка і іншыя.

Сімвал і знак

Жанчына-Кошка з коміксаў аб Бэтмэне, Бегемот з «Майстра і Маргарыты» М. Булгакава, Чашырскі Кот з «Алісы ў Краіне цудаў» Л. Кэрала, Кот у ботах з аднайменнай казкі Ш. Перо — толькі малая частка знакавых катоў у культуры. Апошняму герою прысвечана немалая частка экспазіцыі.

Вобраз вынаходлівага і хітрага прайдзісвета з’явіўся раней за твор французскага пісьменніка. Лічыцца, што ён класічны герой італьянскіх казак, характарыстыкі якога канчаткова сфарміраваліся ў XVI стагоддзі. Харызматычны звер скарыў і дарослых, і дзяцей. Ды працягвае рабіць гэта і цяпер. На выстаўцы «Гэта ўсё коткі...» можна ўбачыць адмысловыя рэтра-цацкі і статуэткі. У прадметах — пазнавальны вобраз культавага героя ў касцюме мушкецёра.

Кошкі рабіліся і героямі тэматычных прадметаў. Так, на выстаўцы асобная зона прысвечана калекцыі ёлачных цацак, а таксама сувеніраў і падарункаў на тэму традыцыйных зімовых свят. Арганізатары звяртаюць увагу на вінтажныя музычныя скрыначкі «Kitty Cucumber» з персанажамі амерыканскай дзіцячай казкі ў святочных касцюмах.

Падобныя да людзей

Яшчэ адна шырока распаўсюджаная галіна калекцыяніравання — выявы катоў-музыкантаў. У мастацкай традыцыі можна сустрэць самыя розныя варыянты адлюстравання жывёл. Адной з самых вядомых карцін з такім сюжэтам з’яўляецца работа невядомага мастака Ламбардскай школы «Каціны аркестр пад кіраўніцтвам савы-дырыжора», датаваная 1700 годам. На выстаўцы прадстаўлены выявы з цэлым сімфанічным аркестрам катоў і кошак у фраках і святочных сукенках, якія граюць на самых разнастайных музычных інструментах. Можна пабачыць і больш рэдкія карціны з вулічнымі музыкантамі, якія выступаюць, спадзеючыся атрымаць рыбку — галоўны ласунак прадстаўнікоў сямейства каціных.

Разынкай выстаўкі варта лічыць экспанаты, якія ўяўляюць сабой самыя разнастайныя прадметы побыту, зробленыя ў выглядзе ката. Наведвальнікі змогуць даведацца, як можна ў выглядзе котак стварыць парасон, кран, чайнік, мыльніцу, шахматы і нават гіру. Такія экспанаты чарговы раз падкрэсліваюць непарыўнасць кошак з людзьмі. Нельга акрэсліць межы чалавечай фантазіі і любові да катоў. А чорная кошка, што перабегла дарогу, не прадказвае няўдачу. Яна нагадвае, што некаторыя жывёлы заўсёды побач з чалавекам.

Выстаўка працуе да 28 лютага.

Яна ЦЭГЛА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?