Многія людзі не ўяўляюць сабе зімовую пару, пару свят і ўрачыстасцей без тэматычнага кінасеансу, а праславуты навагодні настрой шукаюць менавіта на фабрыцы мрояў. І іх лёгка зразумець! Ды чаго грэх хаваць — мы і самі належым да ліку апошніх! У рэшце рэшт марозным вечарам што можа быць лепшым за цёплы плед, кубачак гарбаты ў руцэ і ўтульнае калядна-навагоднее «сінемарыва»? Спецыяльна для аматараў бавіць канікулы перад экранам мы зрабілі падборку цікавых беларускіх фільмаў на адпаведную тэму: як для сямейнага прагляду, так і для дарослых.
>
Адкрывае падборку найбольш ранні ігравы навагодні фільм, які нам удалося знайсці ў калекцыі нацыянальнай кінастудыі. «Страказіныя крылы» — дзіцячая тэленавела, пастаўленая Кузьмой Красніцкім, які пазней праявіць сябе як дакументаліст, а славу займее на ніве анімацыі: чытачам могуць быць знаёмы яго мультфільмы «Непаседа» (1983), «Як дзед па дождж хадзіў» (1986), «Хлопчык і праменьчык» (1987), «Мая маці чараўніца» (1989). Варта адзначыць, тэма Новага года сапраўды амаль не распрацавана айчыннымі кінематаграфістамі, і «Страказіныя крылы» — вельмі ўдалае выключэнне.
Працавалі над кароткаметражнай стужкай сапраўдныя мэтры (няхай сабе на той момант яны і былі яшчэ маладымі аўтарамі з адным-двума радкамі ў партфоліа). Так, сцэнарыстам выступіў дзіцячы пісьменнік Юрый Якаўлеў (актыўна супрацоўнічаў з «Беларусьфільмам», аўтар сцэнарыяў «Пушчык едзе ў Прагу» (1965), «Мы з Вулканам» (1969), «Зімародак» (1972) і інш.), аператарам — Алег Аўдзееў («Дзяўчынка шукае бацьку» (1959), «Крыніцы» (1964), «Воўчая зграя» (1975)), а кампазітарам значыцца не хто-небудзь — будучы народны артыст СССР Яўген Глебаў («Я родам з дзяцінства» (1966), «Вянок санетаў» (1976), «Дзікае паляванне караля Стаха» (1979)). Дадайце сюды яшчэ адмысловае «анімацыйнае» бачанне рэжысёра — ну проста нятленны твор!
Хочаце верце, хочаце не — а відовішча надзвычай цікавае… Хлопчык Пеця па мянушцы Пека (Генадзь Лосеў) закаханы ў сваю аднакласніцу Алачку (Вольга Рабцава) — яна ж так прыгожа танцуе на каньках! Зрэшты, нягледзячы на ўсе яго старанні і нават выкленчаную ў прадаўшчыцы хрызантэму (Алачка любіць кветкі), дзяўчынка не жадае вадзіцца з такім абадранцам. Гэтая ва ўсіх адносінах мілая гісторыя аб першым каханні (і першым жа расчараванні), якая разгортваецца ў дэкарацыях пераднавагодніх канікул, завяршаецца сцэнай карагода (у ім галоўны герой топіць свае сумненні), што, трэба думаць, сімвалізуе няспыннасць жыцця. Някепска для просценькай дзіцячай замалёўкі, праўда?
Здаецца, дадзеная карціна ў прадстаўленнях патрэбы не мае. Без яе не абыходзіцца, бадай, ніводны спіс найлепшых беларускіх фільмаў. Увенчваючы сабой залаты фонд айчыннага кіно, стужка «Дзікае паляванне караля Стаха» ў той жа час уваходзіць у залаты фонд кіно агульнасавецкага, займае і тут далёка не апошняе месца. Як ні круці, перад намі першы ў гісторыі савецкага кінематографа містычны трылер з усімі адпаведнымі прыкметамі. На экране разгортваецца дэтэктыўны сюжэт, у цэнтры якога рамантычны персанаж — чалавек розуму Андрэй Беларэцкі (Барыс Плотнікаў), збіральнік фальклору, які захрасае ў палескай глушы ў канцы XIX стагоддзя ў гатычным замку.
Замак, па ўсіх канонах, поўны таямніц: тут вам і патаемныя праходы, і замураваныя пакоі, і галаснікі, праз якія па начах даносяцца дзіўныя гукі, і, само сабой, прывід белай дамы, і нават карлік, які любіць гуляць па калідорах, пакуль усе спяць… Ды пераказваць сюжэт класічнай аповесці Уладзіміра Караткевіча (паводле яе і пастаўлены фільм) — справа марная. Зрэшты, камусьці, напэўна, будзе незразумела, якім бокам тут Новы год і зімовыя канікулы. Папершае, на наш сціплы погляд, больш «атмасферны» і чароўны за містыку вопыт не дорыць нішто: у рэшце рэшт Каляды і Новы год — гэта яшчэ і час цудаў, час чараўніцтва. Па-другое, героі і напраўду ў фінале карціны сустракаюць навагоддзе.
Асобныя з тых, хто даўнавата глядзеў кіно альбо чытаў кніжку, цяпер, магчыма, разгублена пачухаюць патыліцу: «Здаецца, не было там такога! А калі і было, то, відавочна, на задворках сюжэту». Тлумачым: дзеянне кінакарціны, як ужо згадвалася, пераносіцца ў канец XIX стагоддзя, а эпілог яе ўвогуле мае месца ў першы дзень стагоддзя наступнага, разам з тым літаратурны арыгінал апавядаў пра часы крыху ранейшыя — 1888 год. Аўтары сцэнарыя (яго напісалі сам Уладзімір Караткевіч і рэжысёр стужкі Валерый Рубінчык) зрабілі так наўмысна: гэткае завяршэнне павінна было падкрэсліць сыход былой эпохі, эпохі цемрашальства, а не навукі, эпохі пачуццяў, а не думак. Ну і, канешне ж, снег, калядныя абрады і атмасфера свята… Не сумнявайцеся, тут гэтага хапае!
Яшчэ адна экранізацыя беларускай літаратурнай класікі — толькі на гэты раз твора (ці, праўдзівей, зборніка твораў) у поўным сэнсе рамантычнага, выдадзенага ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Ян Баршчэўскі, фактычна збіраючы той самы фальклор (наўпрост як герой папярэдняй карціны), здолеў стварыць сапраўдную энцыклапедыю, якая ўтрымлівае сам дух нашага краю і якая нароўні з некаторымі іншымі творамі была ўдастоена гонару трымаць падмурак беларускай нацыянальнай ідэі. Відавочна, у кінакарціны 1994 года не атрымалася паўтарыць поспех сваёй першакрыніцы ці хаця б наблізіцца да яе велічы. Увогуле, стужку Віктара Турава прынята лічыць па меншай меры няўдалай экранізацыяй ды, мякка кажучы, не самым лепшым фільмам майстра.
Як бы там ні было, а «Шляхціц Завальня…» не пазбаўлены свайго адмысловага шарму, дакладна нельга адмовіць апошняй рабоце рэжысёра і ў майстэрстве. Больш за тое, карціна за кошт сваёй таямнічай (зноў жа) атмасферы дорыць цікавыя ўражанні. Так, героі ў сцюжу замыкаюцца ў карчме і, каб пацешыць адзін аднаго, пачынаюць расказваць містычныя гісторыі, сведкамі або ўдзельнікамі якіх яны станавіліся. Святло ачага, свечкі, поўны стол і мяцеліца за акном робяць сваю справу — навагодні настрой вам забяспечаны. Да таго ж Завальню іграе Уладзімір Гасцюхін, якому, заўважым, пасуе гэты вобраз.
Незамыславатая, але не пазбаўленая абаяння пацешка на вясельны сюжэт, да стварэння якой прыклала руку мноства паважаных людзей — вось кароткае апісанне гэтай забаўнай карціны, плоць ад плоці свайго часу. У адной беларускай вёсцы жывуць два даўнія сябры — аматар рыбалкі і горапаляўнічы Язэп (Яўген Лявонцьеў) ды майстар на ўсе рукі Сцяпан (Генадзь Аўсяннікаў). На Куццю ў вёску з намерам ажаніцца з прыгажуняй Любай (Алеся Леснікова), унучкай кемлівай бабкі Ганны (Валянціна Петрачкова), з войска на тры дні вяртаецца сын Сцяпана армейскі лейтэнант Анатоль (Аляксандр Паўлаў).
Уласна, тут усё і закручваецца! Родныя маладых пачынаюць у аўральным рэжыме рыхтавацца да вясковага вяселля. На шляху да шчаслівага (абавязкова) фіналу гледачу давядзецца разблытаць не адну сюжэтную перыпетыю, а таксама сустрэць мноства каларытных персанажаў, з кожным з якіх звязаны пэўныя забаўныя казусы і анекдатычныя сітуацыі. Добрая і цёплая калядная гісторыя вельмі палюбілася беларускім тэлегледачам, стаўшы па-сапраўднаму народнай камедыяй (як ахрысцілі яе ў прэсе). Раней стужку нярэдка трансліравалі ўзімку, напярэдадні свят, вось і мы, ствараючы падборку, не сталі арыгінальнічаць.
Не лішнім будзе разбавіць нашу падборку анімацыйнымі карцінамі. Да таго ж у айчыннай анімацыі навагодняя тэма нашмат больш распаўсюджана, чым у ігравым кіно. Бадай, ніхто з беларускіх мультыплікатараў не зрабіў на гэтай ніве больш, чым чароўная Ірына Кадзюкова. Так, ужо з ранніх узораў яе рэжысёрскай творчасці вылучаецца дыптых «Калядныя аповеды» (1994), у якім Ірына Валянцінаўна зрабіла першую частку пад назвай «Каляднае» (паводле верша Сашы Чорнага). Разам з пазнейшымі «Дзіўная вячэра на Куццю» (1999) і «Прытча пра Раство» (2000) мультфільм утварае своеасаблівую «калядную» трылогію. Да месца будзе згадаць тут і некаторыя іншыя творы аўтаркі, падобныя па настроі («Дзяўчынку з запалкамі» (1996), «Легенду пра лэдзі Гадзіву» (2004) і, напрыклад, навелу пра Шапэна з цыкла «Казкі старога піяніна» (2014)).
Зрэшты, Ірына Кадзюкова не адзіная асвойвала навагодне-калядную тэму ў беларускай анімацыі. Пакідаючы за кадрам шматлікія творы, для якіх зіма і ўсё, што з ёй звязана, — толькі фон (напрыклад, «Не баюся цябе, мароз!» (1979), «Лагодны воўк» (2018) альбо «Ваўчышка» (2018), сканцэнтруемся выключна на тых карцінах, якія непасрэдна працуюць з тэмамі зімовых свят. Тут не абысціся без згадак аб «Зімоўі звяроў» (1999; не блытаць з аднайменным мультфільмам 1981 года!), «Чарадзейнай краме» (2006) і аб найноўшых стужках «Неяк раз пад Новы год» (2009), «Чарадзейная кніга» (2021), «Сон у зімовую ноч» (2022).
Мікіта ШЧАРБАКОЎ
У лясніцтвах ужо тыдзень кіпіць работа.
«Адно немагчыма без другога».
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.