Вы тут

Сяброўства ўратуе свет


Вобразы ахоўнікаў жытла — дамавікоў — у культуры славянскіх краін распрацаваны надзвычай яскрава. Ні хрысціянства, ні развіццё навукі не змаглі знішчыць перакананне ў тым, што нехта жыве побач з чалавекам у кватэры ці доме і нябачна дапамагае.


Аднак для пісьменніка Ягора Конева хатнія духі маюць асаблівае значэнне і застаюцца скразной тэмай творчасці. Упершыню да беларускага фальклору аўтар звярнуўся ў 2006 годзе, калі паводле яго п’есы «Дамавічкі» быў пастаўлены аднайменны спектакль у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі.

Рэжысёрам-пастаноўшчыкам выступіў Сяргей Кавальчык, які цяпер з’яўляецца мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага. Сцэнаграфію стварала Алена Ігруша, а жанр быў пазначаны як «музычная казка».

Напрыканцы 2022 года ў якасці каляднага падарунка выйшла кніга «Дамавічкі Шушык і Жуля», са старонак якой вядомыя персанажы звяртаюцца да маленькіх чытачоў і дзеляцца сваімі сакрэтамі.
Асаблівай згадкі патрабуе мастацкае афармленне. Мастачка Аксана Аракчэева дакладна ведае, як зацікавіць юных чытачоў. 

У прадстаўленым выданні ілюстратарка зрабіла стаўку на яркія фарбы, вольны стыль малявання і нацыянальныя матывы. Апошнія асабліва прасочваюцца ў адзенні дамавічкоў. Можна ўбачыць не толькі кашулі з арнаментам, але і саламяныя брылі і нават наміткі (старажытны традыцыйны жаночы галаўны ўбор украінак і беларусак, што ўяўляе сабой паласу з вельмі тонкага белага кужэльнага льнянога палатна).

Увагі заслугоўвае і мова, якой напісана кніга. «Дамавічкі Шушык і Жуля» — яскравы прыклад грунтоўнай працы над моўнай эстэтыкай і пераасэнсаваннем багацця беларускай культуры.

Ягор Конеў выкарыстоўвае мноства прыказак, прымавак, фразеалагізмаў і нават праклёнаў для адной пэўнай мэты — падкрэсліць асаблівае паходжанне дамавікоў. Негледзячы на маладосць галоўных герояў, яны з’яўляюцца носьбітамі старажытных традыцый і таму лёгка і ўдала жангліруюць устойлівымі выразамі.

Фантастычна глыбокая мова дамавікоў асабліва заўважна падчас размоў з людзьмі. Дарослыя людзі іх убачыць не могуць. А галоўным «амбасадарам» чалавечай расы з’яўляецца сын гаспадароў Пятрок. У параўнанні з Шушыкам яго гаворка нашмат прасцейшая, бліжэйшая нам. Ды і ці магчыма ўявіць чалавека, які заўсёды б выказваўся толькі з дапамогай прымавак і жартаў? 
А вось для міфічных істот, ахоўнікаў жытла, якія працягваюць традыцыі сваіх продкаў, нясуць шматвяковую мудрасць, такія паводзіны цалкам натуральныя. Таму што дамавікі, захоўваючы спадчыну, маюць за плячыма сапраўдны скарб, якім можна карыстацца бясконца. Гэта адчуваецца ў тым, што на 120 старонках гісторыі ніводнага разу ані Шушык, ані Жуля не паўтарыліся, штораз выдумляючы новыя выразы.

Пагаворым падрабязней пра галоўных герояў і тое, з чым ім давялося сутыкнуцца. Шушык, малады дамавічок, руплівы і дбайны. Любіць парадак, гаспадароў, а асабліва іх сына Петрука, з якім сябруе з самага маленства. Жуля, маладая дамавушка, гарэзлівая і гуллівая. Любіць танцаваць і добра апранацца. Акрамя ўсяго, у дамавушкі няма гаспадарскага дома, дзе б яна жыла. За гэтым хаваецца вялікая таямніца...

У пошуках новага прытулку Жуля і заходзіць да Шушыка. Маючы непакорлівы характар, дамавушка насуперак дамавіку вырашае застацца. А ўсім вядома: два дамавічкі пад адным дахам ужыцца не могуць. Доўга змагаюцца Жуля і Шушык. І словамі адно у аднаго кідаюцца, і вёдрамі —ваююць.

Ад разгорнутага пасярод хаты фронту пакутуюць больш за хатніх духаў гаспадары. Толькі вось ніхто не можа ўтаймаваць міфічных істот. Паспрабаваў Пятрок — зразумеў, што не можа выгнаць дамавушку. Паспрабаваў Стары Дамавік — прызнаўся, што шкадуе іх дваіх.

Як тое і бывае, вырашыць усё дапамагло гора. З’явілася ў вёсцы Марэна — жахлівая жанчына ў чорным плашчы, замест скуры — голы чэрап. Не хапае толькі касы. Міфалагічная істота здаўна вядома ў польскім і беларускім фальклоры і звязваецца са сконам прыроды, падрыхтоўкай да зімы.

Агульная бяда вымушае Шушыка і Жулю шукаць пагаднення. Абое яны прывязаліся да гаспадароў і не хочуць, каб Марэна, якая выкошвае цэлыя вёскі і гарады, прынесла пакуты і слёзы і ў іх паселішча. Толькі агульныя намаганні, веды і ўзаемадапамога могуць супрацьстаяць смерці. Нагадвае пра гэта і Лесавік, гаспадар лесу. 

Дамавічкі Шушык і Жуля — міфічныя істоты беларускага фальклору, але ў творы Ягора Конева яны ўвабралі ў сябе найлепшыя рысы беларускага народа, па якім вызначаюць нас сярод іншых нацый. 

Яна ЦЭГЛА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.