Вы тут

Дзецям аб прыродзе


Любоў да радзімы пачынаецца з любові да яе прыроды. Ісціна агульнавядомая. Тым не менш пра яе ўвесь час неабходна памятаць, асабліва калі маеш справу з маладым пакаленнем. 


Усё жыццё працуючы са студэнтамі, я пераканалася, што сучасная моладзь прыродай не цікавіцца. Маладыя 
не ходзяць у паходы, як у свой час мы, не ведаюць назваў дрэў і нават кветак, не кажучы пра птушак, ставяцца да прыродных аб’ектаў прагматычна, тыпу паездак «на шашлыкі». Прыродныя, каляндарныя змены іх не хвалююць, народныя святы, у сувязі з ліквідацыяй на факультэце шмат якіх культуралагічных дысцыплін, ім невядомыя. Пры чытанні класікаў апісанні прыроды прапускаюць. Жывуць у віртуальнай рэальнасці: перапісваюцца праз гаджэты, ставяць падабайкі, глядзяць модных блогераў. Толькі калі пачынаеш пастаянна пра прыроду і народную культуру, неаддзельную ад календара, гаварыць, то некаторыя, і тое на старэйшых курсах, усведамляюць, наколькі духоўна беднае іх жыццё. Але ў гэтым няма віны маладых, а выключна недагляд бацькоў і настаўнікаў. Безумоўна, ёсць сем’і, дзе прынята выязджаць разам з дзецьмі ў грыбы і ягады, на рыбалку. І ўсё ж іх меньшасць. Гаворкі пра патрыятычнае выхаванне павінны напоўніцца рэальнымі, канкрэтнымі дзеяннямі.

Але з чаго пачынаць? Як заўсёды, са слова, бо «ў пачатку было Слова». Таму можна ўхваліць ініцыятыву выдавецтва «Мастацкая літаратура», якое ў асобе Аксаны Спрынчан, выхаванкі нашага філалагічнага факультэта БДУ і ўжо вопытнага рэдактара, падрыхтавала зборнічак для дзяцей малодшага школьнага ўзросту «Ад вясны да зімы. Творы пра поры года».

Падборка празаічных тэкстаў пачынаецца з вясны, з яе відавочных прыкмет. Першая замалёўка Якуба Коласа — «Прылёт птушак». Сам Я. Колас найбольш любіў вясну і ўмеў апісваць яе чароўнымі слоўнымі фарбамі: «Ціхая раніца. Сонейка толькі што ўзышло. У полі яшчэ ляжыць снег. Толькі ўзгоркі чарнеюць. Лужынкі сцягнуліся за ноч лядком. Але ўжо чуваць вясна, і ўсё пазірае па-вясенняму. Выйшаў маленькі Ясь на двор. Весела так яму, лёгка на сэрцы. Прыгрэе зараз сонца, добра будзе гуляць на дварэ». 

Кароткія, але ёмістыя па змесце сказы ўтвараюць выразную карціну. Твор пра абуджэнне прыроды і адказ на гэта дзіцячай душы. У прыродзе радасць і радасць у сэрцы Яся. Слова «радасць» паўтараецца неаднаразова. Твор і пазнавальны: сцісла, лаканічна, з любасцю да аб’ектаў адлюстравання, расказваецца, у якой чарзе прылятаюць на Беларусь з поўдня птушкі. Лёгкая, музычная, аптымістычная проза Я. Коласа задае тон усяму зборніку.

Наступны твор Клаўдзіі Каліны натуральна працягвае навелу Я. Коласа і называецца «Красавік». Аповед пераводзіцца ў казачны план — месяц красавік персаніфікуецца. Як зімою Дзед Мароз апранае прыроду ў белую вопратку, так Красавік размалёўвае ўсё наваколле шматлікімі фарбамі. Апісваюцца розныя дрэвы. Але асаблівая ўвага — на бярозу: тлумачыцца, чаму яна белая з чорнымі плямамі. 

Яшчэ адзін класік заканчвае раздзел пра вясну — Максім Зарэцкі ў замалёўцы «Пела вясна». Стыль зусім іншы, чым у папярэдніх творах. Кароткія сказы перамяжоўваюцца з дастаткова разгорнутымі, што ўтвараюць рамантычную хвалю. Тон узнёслы. Пісьменніку ўдалося паэтычна перадаць гукі прыроды вясною.

Раздзел пра лета будуецца па тым жа прынцыпе, што і папярэдні. Пачынаецца ён з замалёўкі «Лета» Якуба Коласа. Зноў-такі ўсёахопная карціна, разнастайны, багаты пейзаж. Ён ствараецца перадачай фарбаў, гукаў прыроды, рухаў розных жывых істот. У іх назвах пераважаюць памяншальна-ласкальныя суфіксы: «дзеткі», «матылёчкі», «пчолкі». 

Пісьменнік у замілаванні ад усіх праяў жывога. Чытаючы ўслых гэты твор дзецям, неабходна звярнуць увагу на эмоцыі аўтара і на яго ўпэўненасць, што шчодрасць прыроды і радасць у душы чалавека — дары Божыя: «Шчырай рукою ўбрала лета ўвесь Божы свет». 

Наступны твор К. Каліны «Ліпень» напоўнены казачнасцю. Не толькі месяцы, але і само лета персаніфікуюцца. Галоўныя героі гэтай навелы — пчолы. Лета дапамагае ім збіраць з кветак мёд. Ліпень прадстаўлены як самы шчодры месяц.

Далей ідзе замалёўка Уладзіслава Галубка «Навальніца». Апісанне каларытнае, візуальна ўяўляльнае. Твор пра пагібель магутнага дуба, спаленага маланкай. Але, на самай справе, бяда здарылася з-за чарвячкоў, што падточвалі карані дуба. Карціна песімістычная, але разумныя бацькі і настаўнікі, можна спадзявацца, данясуць да дзяцей важную думку: уся сіла любой з’явы, любой рэчы — у карэнні, гэта значыць, у аснове, падмурку. А аснова — сям’я, дзяржава, традыцыі,
каштоўнасці.

Такім чынам, апісанні першых пор года будуюцца па пэўнай схеме: пачатак кожнай пары — у рэалістычных замалёўках Я. Коласа, далей — паглыбленне ў казачнасць К. Каліны, а затым паэтычнае і філасофскае як бы падагульненне, зноў-такі, аднаго з класікаў. Можна было спадзявацца, што і далей схема паўторыцца. Але не, яна змяняецца. Раздзел пра восень складаецца з чатырох навел.

Першай стаіць замалёўка Івана Навуменкі «Пачыналася восень». І. Навуменка — у многім паслядоўнік Я. Коласа 
і ўмее таксама, як і класік, намаляваць яскравую карціну. Ён апісвае пераходны стан: ад лета да восені, абазначаючы найбольш характэрныя прыкметы кожнай пары года. Такім чынам, складальнік зборніка палічыла патрэбным перадаць адчуванні, якія ўзнікаюць у любога чалавека, у пераходны перыяд яго жыцця. І тут найлепшая аналогія — якраз змена пор года. Прычым пісьменнік лічыць, што жыццё ў гэты час «не замірае, а нараджаецца. Яно проста стаіць перад пачаткам новага, яшчэ шырэйшага круга».

А вось наступны твор — «Адлёт птушак» — ужо вяртае да Я. Коласа. І зноў абуджаецца пазнаваўчы інтарэс: куды адлятаюць птушкі? Далей па звыклай схеме: навела К. Каліны «Кастрычнік». Найбольш відавочнае, прыгожае праяўленне гэтага месяца, на думку аўтара, серабрысты кужаль павуціння на палях. 

Заканчвае раздзел бліскучая навела Янкі Сіпакова «Восень». Стыль яе як быццам цяжкаваты для ўспрымання дзяцей 8–10 гадоў. Але калі ўчытацца, то відавочна, што аўтар робіць дасягальным для дзіцячага розуму 
ўзровень філасофскага асэнсавання. Ды і шмат чаго, зноў-такі, залежыць ад уважлівых і праніклівых дарослых каментатараў.

Раздзел «Зіма» пачынаецца з навелы Я. Коласа «Зімнія халады» пра тое, як пачувае сябе прырода, а таксама 
і людзі ў моцныя маразы. Наступная навела — «Выпаў снег» Івана Грамовіча. Адкрыццём для дзяцей будзе думка аўтара: рэзкая перамена ў прыродзе — якраз выпадзенне снегу. І пры гэтым усё наваколле, а таксама нават жыллё людзей напаўняюцца святлом. Заканчваецца раздзел навелай Я. Коласа «Канец зімы». Для Коласа характэрна фенаменальнае адчуванне жыцця, і таму паглыбленне ў яго творчасць ніколі не бывае залішнім. Ён перадае ўсе прыкметы набліжэння вясны, ад чаго свет напаўняецца радасцю. 

Кола замкнулася.

Аповеды, змешчаныя ў зборніку, невялікія, зручныя для чытання дзецьмі. Безумоўна, у падручніках па роднай літаратуры таксама нямала прырода-апісальных твораў. Але іх патрабуецца яшчэ больш — каб вобразы роднага краю трывала ўвайшлі ў свядомасць кожнага дзіцяці. 

Нельга не звярнуць увагу на афармленне кнігі мастаком Міхаілам Дайлідавым. Шмат ілюстрацый суправа-
джае расповед пра кожную пару года. Зроблены малюнкі ў адметнай манеры — дастаткова абагуленай, буйнымі мазкамі. У дадзеным выпадку гэта правамерна — неабходна перадаць уражанне ад кожнай пары года, эмацыянальны настрой, занатаваны ў прозе.

Выдавецтва «Мастацкая літаратура» наладзіла выпуск і іншых невялікіх зборнікаў рознай тэматыкі для дзяцей. Але варта было б працягваць серыю і каляндарна-прыродаапісальную, бо ў нашых пісьменнікаў цудоўных навел аб прыродзе шмат. 

Такі матэрыял можна выкарыстоўваць у навучальным працэсе, калі распрацаваць на аснове мастацкіх твораў заданні, рэбусы, сканворды. Яшчэ неабходна, каб настаўнікі і бацькі абавязкова прапаноўвалі дзецям нешта намаляваць паводле прачытанага матэрыялу. Гэта развівае назіральнасць, памяць, прымушае працаваць фантазію. Заўсёды да месца будуць конкурсы, выставы такіх малюнкаў. У ідэале было б карысна чытаць навелы на прыродзе. Разам з дзецьмі паглядзець згаданыя дрэвы, кветкі, птушкі, розныя пейзажы ў інтэрнэце. Але менавіта разам з дзецьмі, каб тлумачыць ім яшчэ і асаблівасці жывапісу ці фатаграфіі.

Выдавецтва можа нават выпускаць дадаткі да прыродаапісальных зборнікаў — альбомчыкі з малюнкамі флоры і фаўны Беларусі. Прыйшла пара больш актыўна працаваць з нашымі літаратурнымі шэдэўрамі.

Таццяна ШАМЯКІНА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.