Вы тут

«Не расце трава забыцця...»


Ёсць у Рыгора Іванавіча верш «Партызанская маці» з падзагалоўкам «Ля карціны Юзафа Пучынскага». Памятаю, пры знаёмстве з гэтым творам перажыў такое ўражанне, што і не ў сэнс паэтычных радкоў заглыбляюся, а бачу саму карціну, на якой адлюстравана простая беларуская жанчына. Аднак такой яна была ў жыцці мірным, даваенным. Калі ж чорным крылом накрыла родны небасхіл вайна, гэтая сялянская працаўніца стала гераіняй.


Не, сама яна не ваявала. За зброю — вінтоўкі і аўтаматы — узяліся іншыя. Сярод іх і яе сыны. Не здрадзілі Радзіме, не заплямілі сваё сумленне. Інакш і быць не магло. Так выхавала іх Маці. Гэта таксама подзвіг. Маральны, сапраўдны подзвіг беларускага духу. Само гэтае палатно я не бачыў. Аднак уяўленне аб тым, як выглядае, атрымаў. Дзякуючы гэтаму вершу Рыгора Барадуліна: 

Не працэджаны хмар сырадой. 
Ці ня купіны закарэлі? 
Ступні сталі 
Карой цвярдой — 
Ад сырой зямлі закарэлі. 

Пальцаў скручаныя карані 
Намясіліся гною, гліны; 
За сыноў 
(Божа іх барані!) 
Ногі матчыны 
Мацалі міны. 
Не да сноў — 
Сны вяртаюцца зноў. 

Допыты, 
Катаванні, 
Расстрэлы. 
Паправодзіла ўсіх сыноў — 
Аніводнага 
Не сустрэла... 
Не расце трава забыцця 
Пад балючым карчом — 
Пад крэвам. 
Захавальніца дрэва жыцця 
Стала дрэвам...

Калі падзяліўся сваім уражаннем, Рыгор Іванавіч прапанаваў: 
— Хочаце пазнаёміцца з Юзафам Вульфавічам? 
— З задавальненнем, — адказаў я, але ўдакладніў, што гэтым днём заняты... 
— Ісці далёка не трэба, — ён падышоў бліжэй да лімаўскага акна, што вяло ў рэдакцыйны двор. 
— Бачыце двухпавярховік? 
— Каля яго ці не штодня праходжу. 
— У ім, — удакладніў Рыгор Іванавіч, — майстэрні мастакоў. Адна з іх — Пучынскага. Дарэчы, — заінтрыгаваў ён, — у яго нядаўна і кніга прозы выйшла. Няцяжка было здагадацца, што Рыгор Барадулін хацеў, каб я прарэцэнзаваў яе. Магчыма, аб гэтым ужо нават і паведаміў аўтару.
— Трэба неяк дамовіцца аб сустрэчы, — я, па сутнасці, ужо згадзіўся. 
Рыгор Іванавіч усміхнуўся: 
— Дамаўляцца не трэба. Юзаф Вульфавіч сёння працуе да вечара. Я на ўсякі выпадак папярэдзіў яго, што вы можаце зайсці.
— Нават так? 
— А навошта надоўга адкладваць?
— Што ж, — пагадзіўся я, — рэдакцыйныя справы пачакаюць. Пайшлі разам... 
— Разам не атрымаецца. 
— Спяшаецеся? — злёгку пакпіў я, бо ўжо неаднаразова ўпэўніўся, што Барадулін пастаянна ў бегу. 
— Адзін баіцёся? — Барадулін падтрымаў жарт. 
— З вамі было б аўтарытэтней, — я пачаў апранацца. 

З «ЛіМа» выйшлі разам. Рыгор Іванавіч накіраваўся ў метро. Я ж павярнуў у двор да будынка, што знаходзіўся непадалёку ў засені дрэў. Патрэбную майстэрню знайшоў без цяжкасці, бо ў гэтым доме працавала не так і шмат мастакоў. 

Гаспадар яе адразу зрабіў прыемнае ўражанне. Не сказаць, каб надта гаваркі, ён пра сябе расказваў не так і шмат. У гэтым і мая віна. Ведаючы ўжо, што ў яго выйшла кніга прозы, ці не адразу запытаўся пра яе. Атрымаў у дарунак, зразумела, з аўтографам. Недзе ў мяне захавалася. Кніжка не такая і аб’ёмная, у мяккай вокладцы. Выдавецтва «Мастацкая літаратура» выпусціла яе ў 1990 годзе, — «Смоленское шоссе», складаецца з апавяданняў. У ёй вельмі моцныя аўтабіяграфічныя моманты. Пра гэта я пісаў у адным з нумароў «ЛіМа», рэцэнзуючы яе. 

Юзаф Пучынскі

На добры лад, трэба было б напісаць і пра Пучынскага-мастака. І ўвогуле чалавека цікавай біяграфіі. Ды тады пра яго жыццё-быццё шмат не распытаў. Даведаўся пазней, калі Юзафа Вульфавіча ўжо не стала. Ён у 1994 годзе з сям’ёй выехаў у Злучаныя Штаты Амерыкі, памёр у горадзе Чыкага 10 снежня 2007 года. 

А нарадзіўся 19 снежня 1922-га ва Уздзе. У сям’і быў малодшым з пяці дзяцей. Яго бацька, па прафесіі каваль, мусіў ашчаджаць кожную капейку. Аднак, заўважыўшы схільнасць Юзіка да малявання, быў не супраць, каб ён паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча, хоць вучоба ў ім была платная. Вучобу перапыніла вайна. Юзаф Пучынскі прымаў удзел у Сталінградскай бітве, дзе быў цяжка паранены. На шчасце, выжыў, а сям’ю напаткала страшная трагедыя: сёстры і бацькі загінулі ва Уздзенскім гета. Адна з найлепшых у яго творчасці карціна — «Пасля вайны». Гэта і памяць аб тым, пра што ніколі нельга забываць. Але гэта і ўпэўненасць, што жыццё ўсё ж перамагае. На першым плане інвалід. Вобраз яго, безумоўна, збіральны, але з аўтабіяграфічнай падсветкай. І тут жа прыгожая жанчына з букетам кветак... 

Вучыўся Юзаф Вульфавіч у тэатральна-мастацкім інстытуце, цяперашняя Акадэмія мастацтваў, і адначасова працаваў мастаком у газеце «Зорька», пасля мастацкім рэдактарам у часопісе «Работніца і сялянка» (сённяшняя «Алеся»). Большага поспеху дасягнуў у галіне кніжнай графікі. Аформіў больш чым 100 кніг. Але не забываў аб жывапісе, працуючы ва ўсіх яго жанрах. З творчасцю не развітаўся і на чужыне. Яго карціна «Памяць аб ахвярах Халакосту» была змешчана на вокладцы альбома «Never Forget». А партрэт Янкі Купалы Юзаф Вульфавіч падарыў мясцовай царкве.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.