Вы тут

На беларускай зямлі


Таварыства беларуска-малдаўскай дружбы падвяло вынікі работы за мінулы год і акрэсліла напрамкі дзейнасці ў новым. Малдаўская дыяспара, напэўна, — адна з найбольш шматлікіх і актыўных у краіне. 


Разам з беларусамі гэты народ схіляе галовы каля помнікаў героям Вялікай Айчыннай вайны. Апошнім часам знойдзены 52 магілы, дзе знайшлі апошні прытулак 60 малдаван, якія загінулі на беларускай зямлі. Імя Героя Савецкага Саюза Іона Солтыса прысвоена сярэдняй школе № 223 г. Мінска.

— Варта працягнуць пошук імён малдаван, хто ў трагічныя часы нёс вызваленне нашым народам, — з гэтага пачаў пасяджэнне Таварыства дружбы «Беларусь — Малдова» яго старшыня, пасол Рэспублікі Малдова ў Рэспубліцы Беларусь з 2016 да 2020 года Віктар Сарачан. — Усім нам гэта надзвычай патрэбна дзеля таго, каб помніць, якой цаной далася перамога і як неабходна берагчы мір. 

Віктар Васільевіч, як вядома, стаў ініцыятарам правядзення ў лістападзе 2022 года патрыятычнага форуму «Адзінай памяці верныя» ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, прысвечанага вяртанню да агульных гістарычных вытокаў краін СНД. 

Адным з найбольш важных пытанняў на пасяджэнні стала абмеркаванне правядзення храмавага свята малдаўскай дыяспары ў Троіцкім храме (на тэрыторыі Усіхсвяцкага храма ў Мінску). Такая прапанова ўзнікла ўпершыню, хаця насамрэч храмавыя святы з’яўляюцца культурным феноменам Малдовы. 

А вось фестываль «Вянок сяброўства» стаў традыцыйным. Першыя сустрэчы адбыліся на сядзібе малдаваніна з беларускай прапіскай Васіля Семенюка ў вёсцы Баравікі Дзяржынскага раёна. Двойчы фестываль праходзіў у Дзяржынску, летась — у Мінску. Сёлета «Вянок сяброўства» пашырыць геаграфію. Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянцін Семяняка абяцае запрасіць удзельнікаў у адзін з гарадоў сваёй выбарчай акругі. 

Акрамя таго, таварыства «Беларусь — Малдова» мяркуе ладзіць літаратурныя вечары, фестываль нацыянальнай музыкі краін СНД. У планах і дабрачыннасць — правядзенне кірмашу са зборам сродкаў хворым дзецям. 

Марыя ЛІПЕНЬ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.