Вы тут

Жывога жыцця летапісец


Алегу Ждану — 85


Зусім нядаўна прачытаў: «…Некалькі гадоў назад крытык Сяргей Белякоў заўважыў, што з рускай прозы знік “просты чалавек з народа” <…> Сапраўды — знік… З-за адсутнасці ў празаікаў цікавасці да таго свету, які іх атуляе. Што робіць і саму прозу некалькі аўтычнай і не вельмі цікавай…» Прачытаў у кнізе з назвай, відавочна, правакацыйнага характару — «Як забіць літаратуру».

У нататцы да юбілею Алега Ждана, лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі, наўрад ці правільна развіваць гэтую тэму і шукаць з’явы і «воінаў», якія ўдзельнічаюць у «забойстве літаратуры». Адно варта заўважыць, што пісьменнікі такога маштабу, як празаік Алег Ждан (жывучы многія дзесяцігоддзі ў Беларусі, ён піша на рускай мове, на добрай рускай мове, што толькі спрыяе яму ў мностве публікацый у расійскай літаратурна-мастацкай перыёдыцы), — сярод абаронцаў, а можа быць, і воінаў у сцвярджэнні сапраўдных мастацкіх прыярытэтаў. Заўважым: тых прыярытэтаў, што вынікаюць з жыцця, што пабудаваны на пісьменніцкім веданні навакольнай рэчаіснасці. Гэтая рыса прозы нашага таленавітага сучасніка выявілася яшчэ на пачатку яго творчых дарог. У самай першай публікацыі, якой стала апавяданне «Санька, Туся і брыгадзір», надрукаванае ў 1963 годзе ў газеце «Литературная Россия».

Вядомасць прынесла аповесць, якую ўдалося змясціць у «Юности» — «Во время прощания». Родам з Магілёўшчыны, Мсціслава, пісьменнік, перад тым, як прыйсці да сваіх першых кніг, паспеў змяніць нямала рабочых прафесій. Пасля заканчэння гісторыка-геаграфічнага факультэта Магілёўскага педагагічнага інстытута ў 1960 годзе працаваў слесарам, дыспетчарам на будаўніцтве Карагандзінскага металургічнага камбіната ў Цеміртау, затым у Прыташкенцкай геафізічнай партыі, на Брацкім лесапрамысловым комплексе. У 1963 годзе вярнуўся ў Мінск. Працаваў амаль дзесяць гадоў — з 1963 да 1972-га — на Мінскім трактарным заводзе: абрубшчыкам, грузчыкам, выбівальшчыкам, наждачнікам, начальнікам змены. Паралельна завочна вучыўся ў Літаратурным інстытуце імя М. Горкага, які скончыў у 1969 годзе. А яшчэ былі Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве… І першая кніга пабачыла свет толькі ў 1975 годзе — «Во время прощания». Адна за другой пачалі з’яўляцца публікацыі ў часопісах «Нёман», «Новый мир», «Знамя», «Дружба народов», «Юность». І за ўсёй гэтай працай стаяла жывое жыццё, героямі ў яго творы, у яго кнігі прыйшлі простыя людзі. Сведчаннем таго і самі назвы кніг Алега Ждана: «У гасцях і дома», «Знаёмы», «Па абодва бакі прахадной», «Самастойнае жыццё»… За кнігу «Геній» (назву ёй дала невялікая аповесць, ужо сама часопісная публікацыя якой у «Нёмане» ў час, у самы пік страты многіх мастацкіх каштоўнасцей, нармальных уяўленняў пра літаратуру, захапіла чытацкую свядомасць, нагадала і чытачу, і крытыцы, што літаратуру «забіць» не так і проста) Алег Ждан адзначаны Нацыянальнай літаратурнай прэміяй Беларусі. Іншых узнагарод у пісьменніка, здаецца, няма… Хаця… У Алега Ждана ёсць самая галоўная ўзнагарода, якая, пэўна, дае яму сілы ісці ад кнігі да кнігі, рабіць новыя адкрыцці, — шырокае прызнанне чытача. Часопісы з яго публікацыямі, яго кнігі не залежваюцца ў кнігарнях, прыцягваюць увагу ў бібліятэках…

Некаторы час назад неспадзяваным адкрыццём для чытача сталі гістарычныя творы пісьменніка — «Князь Мстиславский», «Государыня и епископ». Герой рамана пастаўлены перад выбарам. Князь адчыняе вароты перад маскоўскім войскам, каб не было кровапраліцця. І затым пакутліва разважае, каму, якому цару прысягу на вернасць даць… Раман быў надрукаваны ў часопісе, двойчы выдадзены ў кніжным фармаце. Не відаць яго нават у букіністычных крамах. Як мне падаецца, твор мог бы стаць асновай цікавага, даволі дынамічнага мастацкага кінафільма. Шукаюць жа кінематаграфісты, прадзюсары вартых твораў для ўвасаблення ў кіно!.. Агледзьцеся, прачытайце!.. Не пашкадуеце. Упэўнены, у такога фільма будзе глядач не толькі ў нашай краіне…

Алег Ждан выявіў свае таленты і ў дзіцячай літаратуры. У апошнія дзесяць-пятнаццаць гадоў з’явіўся цыкл яго аповесцей, адрасаваных юнаму чытачу рознага ўзросту. Ізноў ён, пісьменнік-рэаліст, наперадзе. Такіх твораў, як «Прынцэса: маленькая аповесць з прызнаннем і загадкай», сапраўды не хапае сённяшнім школьнікам. Твор, дарэчы, перакладзены і на беларускую мову. А літаральна днямі ў Выдавецкім доме «Звязда» пабачыла свет кніга Алега Ждана «Урод», ізноў жа адрасаваная юнаму чытачу.

…Доўгі час Алег Аляксеевіч працаваў рэдактарам аддзела прозы часопіса «Нёман». Пра яго рэдактарскую патрабавальнасць да рукапісаў, да прынесеных у рэдакцыю аўтарытэтнага часопіса апавяданняў, аповесцей, раманаў і зараз ходзяць легенды. І ў гэтым — увесь Алег Ждан, патрабавальны і да сябе, да плёну тых мастацкіх пошукаў, якімі жыве больш як паўстагоддзя.

Раман СЭРВАЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.