Вы тут

У Мастоўскім раёне аднаўляюць старажытную сядзібу ХVIII стагоддзя


Пакуль што аб’ект не вельмі вядомы ў турыстычным плане. Знаходзіцца ён убаку ад магістраляў, у вёсцы Вялікая Рагозніца Мастоўскага раёна, і належыць мясцовай сельгасгападарцы. Менавіта тут і расказалі аб яго даўнішняй і цікавай гісторыі. Больш таго, у гаспадаркі вялікія планы па аднаўленні старажытнай сядзібы. Плануецца не толькі адрамантаваць сам будынак, але і разбіць на тэрыторыі вялікі «белы» парк. 


Тут адраджаецца унікальная палацавая архітэтура і ландшафтны дызайн.

Нядаўна давялося пабываць у камандзіроўцы ў Мастоўскім раёне. Адной з кропак нашага рэдакцыйнага маршрута стала вёска Вялікая Рагозніца. І недарэмна. Тут захаваўся даволі прывабны будынак, у якім зараз месціцца кантора мясцовага сельгаспрадпрыемства. Адразу перад вачыма паўсталі карціны з мінулых часоў. Будынак сапраўды старажытны. Супрацоўнікі сельгаспрадпрыемства добра ведаюць яго гісторыю. 

Аказалася, што сядзібу яшчэ напрыканцы ХVIII стагоддзя заклаў уласнік гэтых мясцін, вядомы на той час дзяржаўны дзеяч Антоній Сухадольскі. Цікава, што ў сеймах Рэчы Паспалітай ён выступаў за тое, каб у склад ваеннай камісіі ўваходзілі не толькі палякі, але і беларусы. 

Старажытны парк памятае усіх гаспадароў былой сядзібы.

Сама сядзіба пабудавана ў стылі класіцызма з адным паверхам і порцікам на цэнтральным фасадзе. Ёсць нямала архітэктурных асаблівасцяў. Напрыклад, верх порціка, ці, больш дакладна, франтон, упрыгожаны гірляндай і карнізам. Раней тут былі і бронзавыя вазы, але іх, па даведкам, знялі яшчэ падчас Першай сусветнай вайны. Пазней, дзесьці напрыканцы ХІХ стагоддзя, быў прыбудаваны балкон з калоннамі. 

Памяшканні, кажуць, былі даволі пышнымі і раскошнымі. Праўда, зараз ад былой велічы нічога не засталося, акрамя высокіх столяў і старажытных сцен. А калісьці тут стаяў камін з белага мармура з люстэркам, круглая печ з белай кафлі, сцены ўпрыгожвала багатая калекцыя жывапісу. На жаль, пра арыгінальныя інтэр’еры старажытнай сядзібы мала што вядома. Маёнтак часта мяняў уладальнікаў. Але ёсць звесткі, што тут гасцяваў апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У яго нават быў свой «каралеўскі» пакой — самае ганаровае месца ў маёнтку. 

Адноўлены фрагмент старога будынка уражвае дасканаласцю ліній.

Наступным уладальнікам сямейнай сядзібы і Рагозніцы стаў сын Антонія Сухадольскага — Ян. Ён, як і бацька, служыў пры высокім двары, а ў 1794 годзе быў удзельнікам паўстання разам з Тадэвушам Касцюшкам. Двое другіх сыноў пайшлі па творчаму шляху — адзін з іх стаў паэтам, другі — мастаком. Януарыя Сухадольскага нават лічаць першым беларускім мастаком-баталістам. Неяк расійскі імператар Мікалай І запрасіў яго ў Пецярбургскую Імператарскую акадэмію мастацтваў, каб той напісаў карціну пра прыгнечанне паўстання 1831 года. Але ці пісаў Януарый такую карціну, невядома. Затое ёсць звесткі, што імператар падараваў мастаку пярсцёнак. 

Калі прасачыць далейшы лёс сядзібы, можна ўбачыць, што яна ў хуткім часе змяніла гаспадароў. Рагозніца перайшла да сям’і Шабанскіх. Малады гаспадар прымаў удзел у паўстанні 1863 года і загінуў каля вёскі падчас бітвы паўстанцаў з казакамі. Дарэчы, на месцы бітвы ўстаноўлены валун, які сведчыць аб гэтай гістарычнай падзеі. Не так даўно яго аднавілі. 

 — Каменныя сцены складзеныя ў мінулым мы захоўваем як музейныя экспанаты, — кажа намеснік кіраўніка гаспадаркі Таццяна Крэўская.

Уласнікам напачатку ХХ стагоддзя стаў Оскар Мештовіч, які валодаў Рагозніцай да пачатку 40-х гадоў. Адметна, што за гэты час ён паспеў пабудаваць даволі велічны касцёл у неараманскім стылі. Зараз гэта адна са славутасцяў гэтых мясцін, як і сядзіба. Акрамя маёнтка захавалася і ўязная брама. 

Гэтыя лічбы пад дахам нагадваюць пра «біяграфію» вёскі.

Зараз сядзіба належыць КСУП «Імя Адама Міцкевіча». Праўда, за савецкі перыяд тут шмат што перабудавана, але сам фасад і ўязная брама знаходзіцца ў адносна задавальняючым стане, хаця і патрабуюць рамонта. Гэтымі работамі якраз і плануюць заняцца ў сельгаспрадпрыемстве. Напрыклад, зараз праведзены работы па рамонту даха. У гэтым годзе пачнецца рамонт самога фасада. Зменіцца і колер сядзібы: ён будзе падбірацца ў адпаведнасці з гістарычнай выявай будынка. Па словах кіраўніка гаспадаркі Уладзіміра Пісарэвіча, прыступіць да аднаўлення старажытнай сядзібы стала магчымым, дзякуючы прыбытку ад вытворчай дзейнасці сельгаспрадпрыемства. Сродкі патрабуюцца даволі значныя. Але ў гаспадарцы пайшлі на гэта. Тут мяркуюць, што аб’ект стане яшчэ адной турыстычнай славутасцю Мастоўскага раёна. 

Кветнік і газон парад фасадам старажытнай пабудовы добраўпарадкаваюць з улікам іх першапачатковага выгляда.

Аднаўленне датычыць не толькі самога будынка, але і вялікага газона. На яго ў кіраўніка гаспадаркі свае планы. Уладзімір Пісарэвіч марыць разбіць тут так званы «белы сад». Гэта значыць, што большасць раслін будзе мець белы колер. Работы па іх пасадцы ўжо вядуцца. Над распрацоўкай ландшафта працуе дызайнер. Магчыма, першыя вынікі белага сада можна будзе ўбачыць ужо вясной, як і часткова адноўлены маёнтак. 

Кіраўнік КСУП «Імя Адама Міцкевіча» Уладзімір Пісарэвіч.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».