Вы тут

Чараўніцтва каляднай ночы. Песні, танцы, варажба і уяўленні


Калядная ноч у народных уяўленнях абрастала паданнямі і легендамі. Нават біблейскі сюжэт дзякуючы фантазіі нашых продкаў-беларусаў дапаўняўся цікавымі дэталямі.


«Народная казка не страчвае і ніколі не страціць актуальнасці, таму што ў ёй, у яе чороўным змесце, духоўнасці заўсёды быў настрой на дабро, — заўважыў дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Аляксандр Лакотка на адкрыцці навукова-практычнага семінара «Калядныя цуды: легенды і казкі». — За казкай схавана шмат: народны светапогляд, філасофія, культура».

Да нашага часу дайшло 580 казачных сюжэтаў, ніхто з суседніх народаў не мае столькі! Усе гэтыя здабыткі сёння даследчыкам трэба абагуліць, выдаць, данесці да наступных пакаленняў, на што звярнуў увагу Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Уладзімір Гусакоў.

Але Каляды — не толькі казкі. Хаця, бясспрэчна, зімовымі вечарамі на іх раслі і выхоўваліся нашы продкі. Каляды — гэта і песні, танцы, варажба, уяўленні.

Адзін з асноўных матываў зімовага часу звязаны са стварэннем свету. Калі зазірнуць у калядныя тэксты, песні, павер'і, казкі, можна сустрэць сюжэты, якія якраз адкрываюць такія ўяўленні. Адзін з іх — аб з'яўленні свету ад свячной іскры, слязы Бога ці святога. Часта сустракаюцца «згадкі» пра будаўніцта хаты ці царквы. Яе могуць ствараць Бог, галубы ці пчолы. Хатка тая незвычайная: у кожным аконцы — сонца, зоркі, месяц, хмары — усе прыкметы сусвету.

Гэтымі назіраннямі падзяліўся кандыдат гістарычных навук Зміцер Скварчэўскі. Ён жа распавёў і пра сюжэты, звязаныя з каляднай зоркай. На Беларусі ў самую доўгую ноч людзі згадвалі не толькі пра Віфлеемскую зорку. Не забываліся і пра Венеру, якая звалася «Вечарніцай», і пра сузор'е Пояс Арыёна, у народзе «Тры каралі», і на зорку Капэлу, якую звалі «Казой», што таксама з'яўлялася на Каляды. Даследчыкі нават мяркуюць, што казачны сюжэт пра ваўка і казлянят таксама звязаны з космасам. Маўляў, месяц (воўк) закрывае сабой сем зорак Плеяд (казлянят), а праз некаторы час адпускае іх.

Народная фантазія магла ператвараць нябесныя свяцілы ў адну сям'ю, маўляў, у сонца і месяца дзеткамі былі зоркі.

А ведаеце, чаму на Беларусі вераць, што павука нельга забіваць? Па адной з версій, ён заснаваў свет, па другой — дапамагаў хавацца святому сямейству — заплятаў уваход у пячору (яму), дзе знаходзілася Божая Маці з немаўляткам.

Наогул, з Калядамі звязана багата адказаў на казачныя пытанні. Чаму асіна дрыжыць? — пабаялася хаваць святое сямейства.
Чаму елка іголкі не скідае? Раней, расказвалі ў беларускіх вёсках, яна не была вечна зялёнай і галінкі яе раслі ўгару. Калі елка засланіла сабой святое сямейства, за гэта набыла новыя якасці. Таму яе і ўпрыгожваюць на Каляды. У Лунінецкім раёне даследчыкі запісалі, што, навагоднюю ёлку нельга выкідаць — толькі спальваць: дым ад яе будзе ісці прама да Бога.

Дарэчы, у Евангеллі ўцёкам святога сямейства прысвечана ўсяго два радкі, а ў народнай культуры — гэта ўжо захапляльная чароўная гісторыя. Пра гэта распавяла загадчыца сектара этналінгвістыкі і фальклору Алена Боганева. Святое сямейства па розных версіях хавалася ў пустыні, у пячоры, у хаце, у яме, у дупле, пад елкай, пад ядлоўцам пад бярозай, пад ляшчынай, у цыган (за што апошнім дазволена красці). Ляшчына за дапамогу абзавялася смачнымі пладамі. У час уцёкаў Божая Маці закідала немаўлятка травой, а тая пасля ператварылася ў півоні. Сабака не пускаў у хату, дзе хаваліся Хрыстос і яго маці, кот папрасіў для іх хлеба. Таму ката і сабаку нельга біць. А зязюля кувае і дзетак не гадуе за тое, што дапамагала воінам Ірада ў пошуку ўцекачоў.

Сюжэт нараджэння Хрыста таксама ў народзе звязаны з пэўнымі ўяўленнямі. Ад таго, як сябе паводзілі жывёлы, склалася іх далейшае жыццё. Так, конь еў сена з-пад Хрыста, таму ён увесь час не можа наесціся. А карова сагравала немаўлятка сваім дыханнем, таму ёй асаблівая пашана ад селяніна — сам есці не сядзе, пакуль не накорміць скаціну...

У вёсках яшчэ схавана багата калядных сакрэтаў. Людзі сапраўды ўяўлялі гэтыя перыяд як час цудаў. Так, на Піншчыне прынята было бегаць да калодзежа лічылася, што ў гэты час вада ператвараецца ў віно. Чароўныя сюжэты можна ўбачыць у песнях ці нават яшчэ і пачуць ад вяскоўцаў. Так, у некаторых вёсках старыя людзі расказваюць, што ў ноч перад Раством дрэвы цвітуць. Вось толькі пабачыць тыя цуды сёння наўрад ці каму ўдаецца.

Наогул, Каляды — цэлы чароўны сусвет напоўнены падзеямі, весялосцю, абрадамі, якія неслі надзею на тое, што ўсё ў гэтым годзе павінна добра скласціся. Адным з найлепшых падарункаў на свята ў нашых продкаў была песня, праз якую калядоўшчыкі якраз і настройвалі на добрыя думкі. Можа, таму і мерапремства, арганізаванае вучонымі, атрымалася незвычайным. Супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук падрыхтавалі багата сюрпрызаў, сярод якіх — майстар-клас па вырабе павукоў, візіт калядоўшчыкаў, сустрэча з батлеечнікамі і артыстамі, выстаўка старажытных абразоў з выявамі Божай Маці.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».