Вы тут

Рэпартаж з самай халоднай кропкі Беларусі


А ці ведаў ты, паважаны чытач, што ў Беларусі ёсць свой паўночны полюс? Вядома, без белых мядзведзяў і паўночнага ззяння, але са сваімі рэкордамі надвор'я. Самая халодная кропка нашай краіны знаходзіцца ў гарадскім пасёлку Езярышча, што ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці. Прапаную здзейсніць разам са «Звяздой» віртуальнае падарожжа на самую поўнач.


Фота: Sb.by

Што гэта — Запаляр'е?

Езярышча, дзе сёння пражывае звыш 1300 чалавек, знаходзіцца амаль на самай граніцы з Расійскай Федэрацыяй, найбліжэйшы гарадок-сусед — Невель. Пагранічны статус беларускага гарпасёлка пакінуў моцны адбітак на ладзе жыцця мясцовых жыхароў і інфраструктуры населенага пункта. Яшчэ ў даковідны час праз трасу М8, уздоўж якой і расцягнулася Езярышча, штодзень праходзілі дзясяткі велікагрузаў і легкавых аўтамабіляў. Цяпер машынны паток сцішыўся. Адсюль і даволі развіты сэрвіс: некалькі кафэ, пляцоўка для адстою фур і нават гасцініца, якія цяпер, на жаль, не карыстаюцца высокім попытам.

Пагранічнае сяброўства Езярышча і Невеля ў большасці сваёй заключаецца ў «абмене кадрамі»: мясцовыя жыхары ездзяць на расійскі бок працаваць, адтуль таксама прыязджаюць спецыялісты ў галіне сельскай гаспадаркі ўладкоўвацца на беларускія комплексы жывёлагадоўлі. Ну і, вядома, двухбаковы шопінг таксама развіты: беларусы едуць па лекі, прадукты харчавання, расіяне — па беларускую мяса-малочную прадукцыю, абутак нашых знакамітых флагманаў, вырабы з лёну.

«Жамчужына» пасёлка

Галоўнай славутасцю Езярышча, безумоўна, з'яўляецца метэастанцыя, якая і фіксуе ўсе рэкорды надвор'я Гарадоччыны і ўвогуле Віцебшчыны. Але адзначыць трэба адразу: надвор'е на гэтай станцыі не прагназуюць, а толькі перадаюць звесткі сіноптыкам у Белгідрамет.

Вяскоўцы памятаюць нават першы снег у верасні і зімовыя маразы за мінус 40, але цяпер расказваюць, нібыта нешта ў клімаце зламалася — самай халоднай кропцы краіны і пахваліцца няма чым. На сцюдзёныя зімы шмат дзесяцігоддзяў таму ўказваюць нават назвы вёсак побач: Студзёнка, Мехавое, Марозава, Дрыжакі. А яшчэ ў пасёлку ёсць возера Іса, назва якога з першага погляду не мае нічога агульнага з холадам, аднак мясцовымі краязнаўцамі было знойдзена, што «исс» — гэта руна, якая азначае лёд.

Езярышчынская метэастанцыя (падобных на Віцебшчыне — звыш 10) — самая паўночная як у вобласці, так і ва ўсёй краіне. Аб'ект працуе з 1926 года, амаль 30 гадоў станцыя размяшчалася ў вёсцы Бычыха, непадалёку ад пасёлка. Знешне будынак нічым не адрозніваецца ад жылых дамоў, аднак метэанакіраванасць выдаюць прыборы на тэрыторыі, у іх ліку — аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма Vaіsala, якая ў кругласутачным рэжыме фіксуе тэмпературу паветра, глебы, атмасферны ціск, вадкія ападкі і іншае. Чалавек толькі дапаўняе, аналізуе. Ці ведалі вы, што значаць міліметры ападкаў, якія рэгулярна фігуруюць у зводках надвор'я? Гэта літр вады, разліты на адным квадратным метры плошчы. А яшчэ цікава, што каля будынка метэастанцыі сцежка да аўтаматызаванай сістэмы вытаптана літаральна на два крокі. Ходзяць работнікі таксама толькі па ёй, каб лішні раз не пашкодзіць натуральнае зямное покрыва і не ўплываць на прыродны характар кліматычных з'яў.

Свае рэкорды, расказвае начальнік метэастанцыі Таццяна Кірэева, амаль за 100 гадоў работы ўстановы ёсць, ды яшчэ якія! Напрыклад, у 1940 годзе тут быў зафіксаваны мароз 41,5 градуса. 10 студзеня 2007 года зімняе паветра прагрэлася да 10,4 градуса. Не толькі зімнія, але і летнія тэмпературныя дасягненні нябеснай канцылярыі захоўваюцца на станцыі: у жніўні 2010-га ў Езярышчы плюс дасягнуў 36,2 градуса — гэты паказчык пакуль з'яўляецца непераможным. Гарпасёлку належыць і яшчэ адзін рэкорд: 23 верасня 1973 года тут выпаў снег.

Начальнік станцыі Таццяна Кірэева па спецыяльнасці зусім не была звязана з метэаралогіяй. З Магілёўшчыны яна трапіла на Гарадоччыну ў 1990-х па размеркаванні фармацэўтам. А пасля крутых жыццёвых паваротаў перакваліфікавалася ў метэаролага, тым больш што ў гэтых дзвюх прафесіях важныя педантычнасць і адказнасць, а яшчэ — лічбы, без якіх ніяк не абысціся. Нягледзячы на тое, што кожны дзень спецыяліст назірае за аднымі і тымі ж з'явамі прыроды, нюансаў хапае, якія простыя людзі не заўважаюць. На варце ўмоў надвор'я ў гарпасёлку жанчына стаіць ужо 23-і год.

Раней станцыя была для мясцовых жыхароў своеасаблівым кол-цэнтрам: вяскоўцы заходзілі даведацца, ці можна ўжо садзіць бульбу і ці будуць ноччу маразы або ці трэба на заўтра збіраць дзяцей у школу. З гэтым начальнік станцыі звыклася, а цяпер амаль у кожнага ёсць мабільны тэлефон, дзе адным дотыкам можна даведацца аб надвор'і на цэлы тыдзень. Што зробіш — тэхналогіі!

Ва ўладзе холаду

Тут і сапраўды крыху халадней, чым у Віцебску, аднак розніца складае ўсяго некалькі градусаў. Не трэба фантазіраваць, што жыхары Езярышча інеюць, як толькі выходзяць на вуліцу, а жыхары Віцебска ўжо гатовыя скідаць пухавікі. Надвор'е тут проста гіпербалізавана.

Мясцовыя людзі ўспамінаюць, што некалькі дзесяцігоддзяў таму маразы былі і сапраўды лютымі, а снег выпадаў на некалькі метраў у вышыню. Некаторыя старажылы расказваюць, што раней на санках каталіся з дахаў хат — уяўляеце, якой вышыні былі гурбы? Дзеці рабілі цэлыя снежныя тунэлі, а аўтамабілі, якія з пасёлка накіроўваліся ў горад, у прамым сэнсе знікалі між белага покрыва. Снег, дарэчы, выкарыстоўвалі таксама з карысцю: ім прысыпалі падмуркі хат, ствараючы з падарункаў нябеснай канцылярыі натуральны ўцяпляльнік. Гэтым прыёмам старажылы карыстаюцца і сёння. Калодзежы ў населеным пункце замярзаюць і да сённяшніх дзён. Нягледзячы на месцамі непраязныя вуліцы пасля моцных завірух, для вясковых жанчын і мужчын галоўным сродкам перамяшчэння служыць веласіпед, які нават на зіму не сыходзіць на заслужаны адпачынак.

Апошнім часам, калі пануе глабальнае пацяпленне, жыхарам Езярышча гэта іграе на карысць: падчас моцных маразоў прыходзілася тапіць печкі няспынна некалькі разоў на дзень, а зараз можна і сэканоміць на дровах. Снег тут, як правіла, лажыцца раней за іншыя рэгіёны і сыходзіць пазней, што моцна ўплывае на ход сельскагаспадарчых работ у Езярышчы, аднак за столькі гадоў вяскоўцы ўжо звыкліся з такім ладам жыцця. Як і з увагай журналістаў, для якіх станцыя — гэта сенсацыя. А як жа нам, гарадскім, не здзіўляцца, калі ў 1985-м у гарпасёлку бачылі нават паўночнае ззянне?

У якіх умовах надвор'я пройдзе для нас гэтая навагодняя ноч? Сакрэт на метэастанцыі не раскрылі, аднак, грунтуючыся на сённяшнім зімнім раскладзе, свята пройдзе са знакам «+». Але не тэмпература стварае настрой, а блізкія людзі, гатовыя ўвайсці з вамі ў новы, 2023, год, захапіўшы з сабой любоў, шчасце і радасць.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.