Вы тут

Той, хто дорыць свята, або Сакрэты галоўнага Дзеда Мароза краіны


У многіх краінах свету Новы год лічыцца адным з галоўных свят. Гэта не толькі каляндарная ўрачыстасць, але і важная падзея, якая аб'ядноўвае членаў сям'і і сяброў. А адным з вечных яго сімвалаў з'яўляецца Дзед Мароз (імя можа быць розным, але сутнасць застаецца нязменнай): менавіта ён стварае чароўную атмасферу і асаблівы настрой. Таму напярэдадні свята мы ўзялі інтэрв'ю ў галоўнага Дзеда Мароза краіны, заслужанага артыста Беларусі Уладзіміра Радзівілава.


Магія мастацтва даўжынёй у жыццё

Я — сапраўдны чараўнік, які дорыць радасць дзецям і дарослым ужо 28 гадоў. Стаць артыстам хацеў з самага ранняга дзяцінства. Калі быў маленькі, мама, седзячы са мной на печы, спявала песні, і, мусіць, ужо тады мастацтва пачало «паглынаць» мяне. У 1986 годзе скончыў Мінскае музычнае вучылішча імя Глінкі па спецыяльнасці «Спевы», у 1988 годзе — Усерасійскую творчую майстэрню эстраднага мастацтва ў Маскве па спецыяльнасці «Канферансье», у 2004 годзе — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «Мастацтва эстрады». Пасля браў удзел у канцэртных праграмах разам з вядомымі эстраднымі артыстамі, такімі як Уладзімір Вінакур, Віктар Вуячыч, Валерый Лявонцьеў, Клара Новікава, Аляксандра Пахмутава, ансамблі «Сябры» і «Песняры».

Перш чым стаць Дзедам Марозам, я быў катом Матроскіным, ваўком і нават Карлсанам. Упершыню ў рукі да мяне чароўны кій трапіў, калі мне быў усяго 21 год. Блізкія былі вельмі пазітыўна і радасна настроены да такога майго новага «звання», а сябры да гэтага часу прыводзяць да мяне на спектаклі сваіх дзяцей, каб я іх павіншаваў. Спачатку галоўныя ёлкі праходзілі ў канцэртнай зале «Мінск», затым у цырку, і толькі пасля ўзвядзення Палаца Рэспублікі свята перамясцілася туды. І ў гэтай грымёрцы я ўжо 25 гадоў. Нават падчас самага першага выхаду на сцэну на навагоднім прадстаўленні мне не было страшна, а вось хваляванне прысутнічае да гэтага часу. Бо дзеці — гледачы асаблівыя, іх не падманеш. Нават калі юныя гледачы прыходзяць на мае іншыя спектаклі, падбягаюць пасля выступлення і бяруць аўтограф як у Дзядулі Мароза. Яны ж адчуваюць любую фальш, тым больш калі гаворка ідзе пра шчырую дзіцячую любоў да цудаў, Новага года і, вядома ж, да мяне — Дзеда Мароза.

Нашы сцэнарыі заўсёды непаўторныя

Як я ўжо казаў, Дзядулем Марозам служу ўжо 28 гадоў і магу запэўніць, што ні разу за ўвесь час сюжэт Галоўнай ёлкі краіны не паўтараўся. А рэпетыцыі пачынаюцца з сярэдзіны лістапада. Гэта заўсёды новыя сцэнарыі, касцюмы, героі... Маімі самымі любімымі спектаклямі былі «Па шчупаковай волі», «Дванаццаць месяцаў» і «Марозка». Яны запалі ў душу, бо ў іх аснове — старыя, добрыя казкі, якія я так моцна люблю. У гэтым годзе прадстаўленне будзе вельмі маляўнічае, задзейнічана мноства маленькіх акцёраў, яны, дарэчы, вельмі прафесійна выконваюць свае абавязкі, але пад канец выступленняў іх накрывае сентыментальнасцю, што выглядае міла і кранальна. А яшчэ будзе шмат «магічных пераўтварэнняў», але не будзем пакуль раскрываць усе таямніцы. Адно заўсёды застаецца нязменным — шквал, бура непадробленых эмоцый, якія зыходзяць ад гледачоў хваляй да нас на сцэну.

Нельга не адзначыць проста шыкоўныя і чароўныя касцюмы ў гардэробе Дзядулі Мароза. За гэта адказваюць спецыяльныя мастакі-мадэльеры, якія падбіраюць іх да нашых спектакляў. Сёлета мой касцюм прыгожага блакітнага колеру з элементамі беларускага арнаменту. Акрамя футра, мне яшчэ шыюць шапачку і рукавічкі. Зразумелая справа, што такую прыгажосць не зробяць за адзін дзень — я хаджу на прымеркі, дзесьці нешта карэкцірую, бо галоўнае, каб касцюм быў зручны і не скоўваў рух. Яшчэ адным адрозненнем, акрамя колеру касцюма, у гэтым годзе стала адсутнасць кішэняў, раней я клаў туды цукеркі для дзятвы, але падчас выступлення яны ўсе растаюць ад нашай гарачай атмасферы (смяецца).

Чараўнік павінен ведаць «трэнды»

Наш свет не стаіць на месцы — развіваецца, становіцца больш мадэрнізаваным, і дзеці — разам з ім. Да ковіду яны ўвесь час падбягалі да мяне са сваімі лістамі, пажаданнямі. Нават дзеткі, якія іграюць у спектаклі, амаль заўсёды просяць тое, што толькі з'явілася ў прысвечанай ім індустрыі, так бы мовіць «навінкі» дзіцячага свету. Вядома, мне даводзіцца адпавядаць, разумець, пра што яны ўвогуле просяць. Заўсёды перад спектаклямі сяджу ў грымёрцы і гляджу ў інтэрнэце ўсю гэтую інфармацыю. Вось раней, напрыклад, была проста звычайная лялька Барбі, а зараз? Ёсць лялька для кармлення, ёсць Барбі для плавання, ёсць спецыяльныя для пераапранання, і гэта самая драбніца такіх інавацый. Я вам больш скажу, у мяне ёсць «Інстаграм», праўда, як у артыста, а не Дзеда Мароза. Але калі б я вёў яго як добры чараўнік, то посціў бы фатаграфіі і відэа дзяцей з нашых спектакляў, іх пажаданні, розныя песні, казкі і гульні пра Новы год і ўсё ў такой тэматыцы. Таму, як вы бачыце, Дзед Мароз таксама ў «трэндах» і ідзе ў нагу з часам.

Перад кожным Новым годам рыхтуюся, каб радаваць дзетак, і гэта датычыцца не толькі вывучэння новых цацак і сацыяльных сетак. Шукаю новыя цікавыя загадкі, гляджу навагоднія фільмы і мультфільмы, але, шчыра кажучы, маімі любімымі нязменна застаюцца старыя казкі, яшчэ, скажам так, «савецкай вытворчасці», асабліва «Марозка», «Пунсовая кветачка» і «Па шчупаковай волі». Ну і які ж Новы год без песень? Я — Дзядуля Мароз, які спявае. Любімай і незаменнай падчас карагодаў застаецца «У лесе нарадзілася елачка». А яшчэ вельмі люблю песню, якую напісалі спецыяльна для мяне. Яна называецца «Навагодняя ноч». Што датычыцца танцаў, то ў маім футры хіп-хоп і брэйк-данс, вядома, не патанцуеш, але падчас спектакляў нейкую харэаграфію нам усё роўна ставяць, і я яе выконваю. Ну і, вядома, карагоды вакол пухнатай прыгажуні — куды ж без іх!

Бывае такое, што дзеці Дзеда Мароза баяцца. Аднойчы мама прывяла да мяне маленькага хлопчыка, і ён спалохаўся. Ну, канешне, велізарны барадаты незнаёмы дзядзька... Але ў гэты момант уключаюцца навыкі псіхолага. Я ўзяў яго на рукі, пагаварыў з ім, і ўсё наладзілася. Праз пару хвілін ён павесялеў і ўжо расказваў мне вершык, на вушка распавёў сваё жаданне — мама была проста ў шоку! Менавіта для такіх сітуацый у Дзядулі Мароза заўсёды павінны быць веды псіхолага.

Не прафесія, а хутчэй пакліканне

Прызнаюся вам шчыра: я вельмі шчаслівы і ганаруся, што з'яўляюся Дзядулем Марозам Галоўнай ёлкі краіны! Не кожны справіцца з такім званнем. Цяпер шмат акцёраў, аніматараў, якіх бацькі могуць замовіць у агенцтве для віншавання свайго дзіцяці, але далёка не ўсе з іх змогуць падарыць дзіцяці сапраўдную казку, а галоўнае, навагодні настрой і веру ў цуды! Я лічу, што ў першую чаргу для таго, каб насіць «тытул» Дзядулі Мароза, чалавек павінен быць добрым і шчырым. Як я ўжо казаў, дзеці адчуваюць любы фальш. Па-другое, прафесійная творчая адукацыя ніколі не перашкодзіць Дзеду Марозу. Яшчэ патрэбны хоць бы базавыя веды псіхалогіі дзяцей рознага ўзросту і ўвогуле гісторыі гэтага свята. Ну і, вядома ж, сапраўдны Дзядуля Мароз павінен любіць і паважаць сваю справу і шчыра верыць у тое, што дорыць сваім гледачам!

Калі навагоднія прадстаўленні заканчваюцца, я люблю ўдзяляць час сваёй сям'і, сябрам і, вядома ж, хобі. Вельмі люблю гатаваць, адпачываць на дачы, збіраць анекдоты... А яшчэ ў мяне вялізная калекцыя дзядоў марозаў: якія спяваюць, танцуюць, з розных краін — усяго каля дзвюх соцень. Гэтая калекцыя пачала фарміравацца з самых першых ёлак, нейкія фігуры я купляю сам, многія дастаюцца ў якасці падарунка. Думаю, і гэты Новы год не стане выключэннем, і мая калекцыя папоўніцца.

У навагоднія цуды вераць усе!

Я — чалавек веруючы: веру ў Бога і, канешне ж, у Дзеда Мароза. Калі я быў дзіцем, то сам пісаў яму лісты. Самым запамінальным і любімым маім падарункам былі канькі — не такія як цяпер — апранаеш як чаравікі. Іх трэба было папружкамі прышпіліць да валёнкаў, двухпалосныя. Цяпер у мяне ўжо, вядома, іншыя жаданні. Я хачу, каб усе былі здаровыя, каб Беларусь квітнела, каб ва ўсім свеце скончыліся войны, быў мір на ўсёй планеце і ўсе адзін да аднаго ездзілі ў госці. Вось чаго хоча Дзядуля Мароз. А наогул, ён не просіць сабе падарункаў, нягледзячы на тое, што ў мяне ёсць чароўны кій (паказвае на яго), які выконвае любыя жаданні. Вы, дарэчы, таксама можаце загадаць (наш карэспандэнт не прапусціў такой магчымасці і пасля размовы загадаў сваё жаданне).

З узростам прыходзяць свае веды, мары, мэты, і часта людзі пачынаюць казаць, што больш не вераць у цуды... Але я вам скажу так: Дзед Мароз — персанаж, без якога Новы год ніколі не адбудзецца. Гэта той персанаж, які мусіць быць і дарыць людзям шчасце. Таму я не веру, што існуе хоць адзін чалавек на зямлі, які шчыра не верыць у Дзеда Мароза. І я шмат разоў ужо ў гэтым пераконваўся. Калі ўцягваеш бацькоў у карагод, яны з радасцю ў яго ўступаюць, забываючыся на час пра ўсе свае справы і праблемы пад песню «Маленькая елачка», якая такая любімая і знаёмая ўсім з дзяцінства.

«Звяздзе» і чытачам — спраўджвання жаданняў

Я хачу пажадаць выдатнай газеце «Звязда» дабрыні, любові і шчырасці ў напісаным. Вы цудоўная газета, я вам нават прызнаюся, што купляю яе, чытаю і хачу пажадаць — ад кіраўніцтва і да пішучых карэспандэнтаў — шчасця, моцнага здароўя, каб заўсёды калектыў быў напоўнены мудрымі і таленавітымі людзьмі. І чыталі яе не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі! А вашым чытачам хацеў бы перадаць навагодні настрой праз радкі верша Дзеда Мароза:

«Пушистый снег летит с небес, шампанским пенятся бокалы! И Новый год как царь чудес приходит к нам с волшебным балом, и Новый год встречаем мы и ёлка сладко пахнет детством... И нам тепло среди зимы и все слова идут от сердца, надежда, вера и любовь, как звёзды вспыхнут в эту полночь! И новый год, как добрый бог, услышит вас и все исполнит!».

Ангеліна НОВІКАВА

Фота дадзены героем

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На што пры апрацоўцы персанальных даных скардзяцца беларусы

На што пры апрацоўцы персанальных даных скардзяцца беларусы

Відэаназіранне, празмерныя запыты, публічнае распаўсюджванне.