Вы тут

Чароўны свет дзяцінства. «Сонечная карусель» Таццяны Сучковай


Нядаўна ў сталічным выдавецтве «Каўчэг» убачыла свет кніга дзіцячай пісьменніцы з Гродна Таццяны Сучковай. Новае выданне атрымала назву «Сонечная карусель» і з’явілася дзякуючы перамозе Таццяны Аркадзьеўны ў галоўным літаратурным спаборніцтве Гродзеншчыны — IV Абласным конкурсе рукапісаў імя Цёткі (А. Пашкевіч).


 

Таццяна Сучкова займае годнае месца ў яркай плеядзе паслядоўнікаў Алаізы Сцяпанаўны Пашкевіч. Віктар Кудлачоў, Ганна Скаржынская-Савіцкая, Ліна Багданава, Аляксей Якімовіч — імёны дзіцячых пісьменнікаў Прынёмання, вядомыя юным беларускім чытачам, іх бацькам і педагогам; іх творы карыстаюцца попытам, вывучаюцца ў школьнай праграме, знаходзяцца ў сферы пільнай увагі кнігавыдаўцоў і даследчыкаў. Вобраз самой пісьменніцы Таццяны Сучковай у пэўнай ступені нараджае асацыяцыі з вобразам яе чытача — заўсёды жыццярадаснага і непасрэднага маляняці-непаседы.

Па-мастацку адлюстраваць чароўны свет дзяцінства і заставацца сур’ёзным і на ўсе сто дарослым — неверагодна складана, часам практычна немагчыма, а ў выпадку з Таццянай Сучковай і зусім неабавязкова.

Кампазіцыйна змест кнігі Таццяны Сучковай «Сонечная карусель» складаецца з трох жанравых раздзелаў: «Вершы», «Смяшынкі», «Казкі». Такі шырокі дыяпазон патрабуе ўніверсальнасці здольнасцей, каб пад вокладкай адной кнігі праявіць сябе адразу ў некалькіх амплуа: паэта, празаіка, фалькларыста, дзіцячага псіхолага, педагога, а галоўнае, сапраўднага гуманіста — любіць жыццё, людзей і дзяліцца гэтым пачуццём з дзецьмі. У кнігі «Сонечная карусель» ёсць адна важная асаблівасць. Аўтарская задума дазваляе чытачу не проста з ветрыкам несціся на каруселі жыцця, а ў чароўным палёце заўважаць шмат важнага і карыснага. У вушах свішча вецер, а перад вачыма ў сонечным святле мільгаюць элементы рэгіянальнага фактару — згадкі мясцовых славутасцяў; тапонімы, уласцівыя Гродна і малым гарадам Гродзенскай вобласці; іншыя іх прыкметы:

Сцяжынка ў дзіўны парк бяжыць,

Палац у промнях зіхаціць.

А самалёт глядзіць у неба

Сярод палёў з духмяным хлебам.

                                («У Шчучыне»)

З 70-х гадоў мінулага стагоддзя ў Шчучыне каля палаца Друцкіх-Любецкіх сапраўды на пастаменце ўзвышаўся знішчальнік МіГ-19, які быў своеасаблівай візіткай горада, услаўляў мужнасць ваенных лётчыкаў. Сёння самалёта каля палаца ўжо няма. Затое іншы самалёт — МіГ-25, усталяваны на ўездзе ў горад, таксама выконвае важную місію гістарычнай асветы і патрыятычнага выхавання. Зрэшты, як і мастацкі свет Таццяны Сучковай: карусель сонечная, парк дзіўны, хлеб духмяны, сцяжынка бяжыць, палац зіхаціць у промнях — усё вельмі гарманічна і прывабна для маленькага чалавека. А тое, што «самалёт глядзіць у неба», стварае поўнае адчуванне казкі з яе пераканаўчай вобразнай праўда-падобнасцю. Куды ж яшчэ глядзець самалёту! Іншы прыклад:

Музей ля парку Жылібера:

Утульны, дарагі куток.

З цудоўных вершаў на паперы

Паэтам сплецены вянок.

          («У Музеі М. Багдановіча»)

Экскурсія пісьменніцы адкрывае цэлую палітру карысных ведаў — аб парку ў самым сэрцы Гродна, аб музеі, што знаходзіцца побач з ім, аб вобразе паэта, пра якога расказвае музей, аб адной старонцы яго творчай спадчыны. Дзіцячая паэзія Т. Сучковай лірычная і эпічная ў аднолькавай ступені. Яе лірызм — у прысутнасці на кожным кроку цудаў і чараўніцтва, у адназначна пазітыўным настроі, з якім вядзецца гутарка, у добрасардэчнасці, у сімпатыях да прадмета выявы («утульны, дарагі куток»). Эпічнасць — у шматпланавым, панарамным малюнку рэчаіснасці і такім жа багатым спектры кантэкстаў. Некаторыя месцы ў кнізе нават можна ахарактарызаваць як элементы публіцыстыкі. Адна з казак мае назву «Пра хамячка Харытона з Пшанічнага раёна». Ужо толькі з назвы твора маленькі чытач атрымлівае інфармацыю з галіны геаграфіі, сацыялогіі і шмат чаго яшчэ, даведвацца аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленні і паняцці «раён». Усё разам дапамагае чытачу вучыцца і выхоўвацца, не злазячы з каруселі. Нездарма гульнявая форма дыдактыкі прызнана спецыялістамі самай эфектыўнай. Таццяна Сучкова прапануе і нам шмат чаму вучыцца ў дзяцей. Магчыма, без сонечнага палёту дзіцячай фантазіі многае засталося б па-за ўвагай нас, дарослых.

Дзмітрый РАДЗІВОНЧЫК

 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.