Вы тут

Дзіцячая літаратура як культурная з’ява грамадства. Набыткі і праблемы сучаснасці. Выступленне Алены Стэльмах


На мінулым тыдні прайшоў пашыраны Пленум Саюза пісьменнікаў Беларусі па пытаннях дзіцячай літаратуры, які выклікаў шырокі розгалас як сярод пісьменнікаў, так і сярод настаўнікаў, бібліятэкараў, навукоўцаў… Прапануем нашым чытачам пазнаёміцца з дакладам першага намесніка старшыні СПБ, старшыні секцыі дзіцячай літаратуры пры СПБ Алены Стэльмах, які задаў тон усяму мерапрыемству.


Фота Кастуся Дробава.

Давайце паспрабуем уявіць, што кніг на зямлі няма. Здарылася неверагоднае: усё напісанае і надрукаванае знікла. Зразумела, кожны па-свойму будзе ўяўляць маштаб катастрофы. Аднак выснова аднольнакавая: без кніг мы — нішто!

Давайце зробім экскурс у гісторыю, калі наш першадрукар Францыск Скарына выдаў першую кнігу. З той пары прайшло больш за пяць стагоддзяў. Зараз кніг столькі, што не хопіць жыцця ніводнага самага вялікага доўгажыхара, каб прачытаць хаця б чвэрць з іх. Кнігі змянілі чалавека, як і назапашаная ў іх мудрасць дапамагла яму здзівіць свет новымі дасягненнямі і адкрыццямі.

Гэта кнігі навучылі чалавека мысліць, аналізаваць, дазволілі пашырыць і паглыбіць веды пра Сусвет, зрабіць жыццё больш змястоўным, камфортным. Надзвычай важна і тое, што кнігі, з укладзенымі ў іх каштоўнасцямі, узбагацілі ўнутраны свет чалавека.

Пра ролю кнігі сведчыць, напрыклад, такі факт. Калі кітайцам прыносілі схемы, яны стваралі выдатныя рэчы. Але самі нічога не паляпшалі, не прыдумвалі. Словам, мыслілі стэрэатыпна. І таму паслалі дэлегацыю ў ЗША: у Microsoft, у Google, у Аpple, каб пазнаёміцца з людзьмі, якія прыдумвалі неверагодныя новыя рэчы. Інакш кажучы, вызначалі будучыню. Выявілася, што вынаходніцтвы здзяйснялі тыя, хто ў дзяцінстве чытаў… навуковую фантастыку. Кнігі — гэта захапленне. Захапленне — выдатная рэч. Захопленыя людзі могуць змяняць і паляпшаць свае сусветы, рабіць іх іншымі.

Літаратура сапраўды можа паказаць іншы свет, можа паклікаць туды, дзе чытач ніколі не быў. Кнігі — гэта магчымасць мець стасункі з мінулым, спосаб вучыцца ў тых, каго няма болей з намі. Чалавецтва стварыла сябе, развівалася, набыло тып ведаў, якія не заўсёды варта запамінаць, бо яны захоўваюцца ў кнігах.

Сёння будзем гаварыць пра тое, што крыніца мудрасці пачынаецца з дзіцячай літаратуры. Гэта школа жыцця, якая абуджае ў падрастаючага пакалення разуменне навакольнага свету і непасрэдна садзейнічае фарміраванню жыццёвых арыенціраў. Безумоўна, развіццё любой краіны, сталасць нацыі вымяраецца ўзроўнем дзіцячай літаратуры.

Так было ў кожнага з нас. Прыгадаем калыханкі, якія спявала матуля, або казкі, якія распавядаў дзед… Памятаеце: «Ішоў бай па сцяне ў чырвоным жупане…» Або «не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому…» Са сталеннем прыходзілі новыя кнігі, а з імі — і новыя героі. Сюжэт твора, з якім мы калісьці пазнаёміліся, пакінуў прыкметны след на шляху нашага росту. Зараз як адзін з каштоўных экспанатаў захоўваю кнігу Артура Вольскага «А куды падзеўся дождж». Кніга выйшла ў 1974 годзе, калі я заканчвала другі клас. І тады на школьнай лінейцы найлепшым вучням уручаліся кнігі. Так напісана на вокладцы ад імя дырэктара. Быў такі добры вопыт далучэння дзяцей да кнігі. А ў дзесятым класе настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ніна Фамінічна Ячкоўская падарыла мне новую кніжачку вершаў Пімена Панчанкі «Маўклівая малітва» са сваім аўтографам. З гадамі я зразумела, які гэта бясцэнны скарб.

Сёння ў гэтай зале шмат настаўнікаў, людзей, ад якіх у многім залежыць, як дзеці чытаюць, якія кнігі любяць. Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры ў пэўнай ступені дапамагаюць сфарміраваць характар вучняў, выхоўваюць у іх наша, беларускае, вызначаюць стаўленне да жыцця, да бацькоў, да Радзімы. Дзякуй вам за гэтую нястомную працу!

Дзіцячая літаратура як цэласная сістэма мае вялікае значэнне. Яе варта разглядаць як духоўную скарбніцу, што закладвае фундамент нацыянальнай культуры, з’яўляецца ядром падтрымкі і прымнажэння багацця роднай мовы, асновай фарміравання моўнай культуры. Гэта азначае, па-першае, літаратура — крыніца ведаў, па-другое — сродак выхавання.

* * *

Усім вядома, што пра сучасны ўзровень развіцця цывілізацыі мы гаворым як пра лічбавае грамадства. За два дні чалавецтва атрымлівае столькі інфармацыі, колькі назапашвала ад моманту свайго з’яўлення да 2003 года!

Нягледзячы на відавочную важнасць і незаменнасць чытання, зніжэнне цікавасці да яго назіраецца ва ўсім свеце. Падставы да такой сусветнай тэндэнцыі даследаваны не ў поўнай ступені. Прынята звязваць іх з глабалізацыяй, паўсюднай даступнасцю электронных аўдыявізуальных сродкаў масавай інфармацыі, развіццём экраннай культуры, сацыяльных сетак, індустрыі забаў. Лічыцца, што менавіта гэтыя фактары ўплываюць на выцясненне чытання, раней незаменнай крыніцы сацыяльна значнай інфармацыі, зніжэнне яго культурнага прэстыжу.

Многія краіны схамянуліся ад нашэсця новых каналаў інфармацыі, якія нясуць відавочную выгоду — хуткасныя, даступныя, маюць адказы на ўсе пытанні, і ў той жа час інтэрнэт нясе прамалінейную інфармацыю, якая не прымушае чалавека думаць, адмоўна ўплывае на развіццё яго разумовых здольнасцей. Ведаем, чаго варта, у прыватнасці, якасць інфармацыі, так званыя  фэйкі.

У такім кантэксце ключавую ролю мае чытанне — найважнейшы спосаб набыцця навуковых, прафесійных ведаў, базавай сацыяльна значнай інфармацыі. Кніга — першая па значнасці крыніца сацыяльнага вопыту і засваення сэнсаў, назапашаных чалавецтвам.

Вось таму на пашыраным Пленуме Саюза пісьменнікаў Беларусі з удзелам спецыялістаў розных сфер разглядаем важнасць праблемы дзіцячай літаратуры і чытання ў нашай краіне. Мы ўпэўнены, што высокі ўзровень устойлівага развіцця краіны, яе канкурэнтаздольнасць у сітуацыі ўзмоцненай глабалізацыі, яе аўтарытэт у свеце будзе вырашаць менавіта чалавек, які чытае.

* * *

Гэтая тэма для нас не новая: неаднойчы праходзілі прэс-канферэнцыі па дзіцячай літаратуры, круглыя сталы па праблемах чытання, міжнародныя форумы. І таму ў краіне склалася пэўная сістэма падыходаў да кнігавыдання для дзяцей і чытацкай культуры. Пачну з дзіцячых пісьменнікаў і падкрэслю, што яны маюць выключныя абавязкі перад чытачамі. Апошнім часам кола аўтараў, скіраваных на дзіцячую аўдыторыю, значна пашырылася. У Саюзе пісьменнікаў Беларусі іх болей за 100. Да такіх вядомых аўтараў, як Міхась Пазнякоў, Тамара Краснова-Гусачэнка, Ніна Галіноўская, Мікола Чарняўскі, далучыліся і новыя таленавітыя творцы. Радуе, што дзіцячыя кнігі, асабліва на роднай мове, маюць попыт у чытача.

Аднак усебаковы аналіз выдання кніг для дзяцей сведчыць аб тым, што часам напісанае можа быць цікавым толькі самому аўтару, бо не ўлічаны ўзроставыя асаблівасці дзіцяці, структура твора не адпавядае жыццёвым навацыям.

Наогул, агульнапрызнаныя гуманітарныя каштоўнасці падмяняюцца паняццямі, скіраванымі на дэградацыю асобы.

У сувязі з гэтым нам вельмі важна ведаць, якога роду літаратура ідзе да чытача. Нам не ўсё роўна, што трапляе ў галовы нашых дзяцей. Нездарма ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі створана Камісія па маніторынгу кніжнай прадукцыі і Грамадска-кансультатыўны Савет на чале з ганаровым старшынёй СПБ Мікалаем Іванавічам Чаргінцом.

Лічу, што і нашай секцыі дзіцячай літаратуры трэба больш прафесійна падыходзіць да аналізу рынку дзіцячых выданняў. Магчыма, ёсць патрэба ў стварэнні міжведамаснага экспертнага савета па рэцэнзіраванні дзіцячай літаратуры.

Заўважны недахоп кніг на роднай мове для дашкольнікаў, па-ранейшаму ў поўнай ступені не задаволены чытацкія запатрабаванні падлеткаў. Асаблівых падыходаў патрабуе і афармленне дзіцячых кніг. Не сакрэт, што іншым разам выдавецтва вядзе доўгі пошук ілюстратара. І, здараецца, малюнкі не ўпрыгожваюць, а яўна псуюць кнігу. Выдавецтвам варта папрацаваць над паляпшэннем якасці выдання дзіцячай літаратуры як базавай асновы дзіцячай культуры. Звярнуць асаблівую ўвагу трэба на творчасць лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Дзіцячая літаратура», на пераможцаў іншых прэстыжных конкурсаў.

Акрамя таго, варта згадаць пісьменнікаў з рэгіёнаў. Не толькі ў сталіцы, але і ў абласцях, райцэнтрах імі вядзецца вялікая асветніцкая работа з дзецьмі. Аднак не так часта ім шчасціць быць выдадзенымі на добрым узроўні. За свае грошы атрымліваюцца невялікія наклады. Не раз даводзілася чуць шкадаванні пра тое, што такім чынам не вытрымліваюць яны канкурэнцыю са сталічнымі калегамі па пяры. Верагодна, нашым дзяржаўным выдавецтвам варта звярнуць увагу на гэты творчы рэсурс.

Значэнне мае і кошт кнігі. Пры тым, што аўтар, як правіла, атрымлівае сціплы ганарар. На кошт выдання ўплываюць афармленне, папера, наклад. На мой погляд, выдавецтвы, якія выпускаюць дзіцячаю літаратуру, асабліва на беларускай мове, павінны мець дзяржаўныя прэферэнцыі, каб зрабіць кнігу больш даступнай.

Агульнавядома, што першым сацыяльным інстытутам, ад якога залежыць развіццё дзіцяці як чытача на працягу ўсяго часу яго сталення, з’яўляецца сям’я. Найлепшыя вынікі па ўзроўні чытацкай кампетэнцыі паказваюць дзеці з сем’яў, дзе бацькі самі любяць кнігі і чытаюць дзецям услых. З дзяцінства помню вельмі прывабную рубрыку ў часопісе «Работніца і сялянка» пад назвай «Мама, пачытай!».

Лічу, што асаблівай падтрымкі патрабуюць кнігі, якія прызначаны для сямейнага чытання. Саюзу пісьменнікаў Беларусі варта больш актыўна супрацоўнічаць у гэтым напрамку з Саюзам беларускіх жанчын, дзе неаднойчы ініцыіраваліся акцыі па чытанні ўсёй сям’ёй. Прапаную папулярызацыю сямейнага чытання прызнаць як элемент адказнага бацькоўства. Праблемы ў сферы дзіцячага чытання неабходна вырашаць у тым ліку і ў сістэме агульнай адукацыі. Нашы дзеці павінны мець магчымасць чытаць найлепшыя дзіцячыя кнігі і перыёдыку!

Саюзу пісьменнікаў Беларусі варта працаваць у больш цесным кантакце з Нацыянальным інстытутам адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Каб не траплялі ў праграму выпадковыя аўтары, падручнікі сваім зместам заахвочвалі да чытання, а не адбівалі цікавасць да беларускай літаратуры. Трэба часцей запрашаць на сустрэчы ў навучальныя ўстановы пісьменнікаў, чые творы ўключаны ў школьную праграму.

Лічу вартай увагі ідэю арганізацыі ў вучэбных установах краіны музеяў або куткоў у гонар пісьменнікаў-землякоў. За аснову можна ўзяць імёны літаратараў, адзначаных дзяржаўнымі і высокімі літаратурнымі ўзнагародамі. Таксама факт шанавання творчых асоб: прысваенне іх імёнаў вуліцам, навучальным установам, бібліятэкам. Прыклад таму  прысваенне школе № 67  г. Мінска імя народнага пісьменніка Беларусі Мікалая Чаргінца. Акрамя таго, зусім нядаўна імя дзіцячага пісьменніка Івана Андрэевіча Муравейкі прысвоена Любанскай раённай бібліятэцы і школе ў вёсцы Таль, дзе ён вучыўся.

Чакаем ад абласных аддзяленняў СПБ прапаноў па мемарыялізацыі імёнаў пісьменнікаў, якія працавалі для дзяцей, такіх як Іван Сяркоў (Гомельшчына), Алесь Якімовіч (Міншчына, Узда), Пятро Рунец (Міншчына, Пухавіччына), Павел Місько (Міншчына, Случчына), Янка Маўр (Мінск), Еўдакія Лось (Віцебшчына) і іншых. Кожны з нас марыць аб шчасці. Шукае яго крыніцы. Мы можам з упэўненасцю сказаць пра сябе: мы шчаслівыя. Таму што мы, дзіцячыя пісьменнікі, добра ведаем дарогу ў бібліятэку. Бібліятэкі — гэта свабода. Свабода чытаць, свабода мець стасункі. Гэта адукацыя, якая не заканчваецца ў той дзень, калі мы заканчваем навучанне. Гэта выдатнае месца для душэўнай радасці і асалоды. Той хто не цэніць бібліятэкі, не цэніць інфармацыю, культуру, мудрасць, заглушае галасы папярэднікаў, шкодзіць будучыні.

Галоўны прынцып бібліятэчнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь — забеспячэнне свабоднага і роўнага доступу да інфармацыі. Яшчэ нядаўна ў краіне працавала 161 дзіцячая бібліятэка. Апошнім часам ідзе працэс аптымізацыі: далучэнне асобных дзіцячых бібліятэк да публічных. Будзем спадзявацца, што ў гэтым працэсе не страціцца чытач.

Прыклад плённага супрацоўніцтва: узаемадзеянне Саюза пісьменнікаў Беларусі з Цэнтралізаванай сістэмай дзіцячых бібліятэк г. Мінска, у склад якой уваходзяць 18 дзіцячых бібліятэк і 5 філіялаў. Пісьменнікі тут заўсёды чаканыя госці. У бібліятэцы № 6 імя В. Віткі створаны нават кабінет пісьменніка. Пры кніжніцы працуе лялечны тэатр «Пацешка».

Заўважнай культурнай падзеяй у жыцці беларускай сталіцы стала правядзенне падчас Дня горада — 10 верасня 2022 года — фестывалю дзіцячай кнігі каля помніка Франціску Скарыну побач з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, дзе арганізатарамі былі творцы, якія прыехалі з розных куткоў Беларусі, і сталічныя бібліятэкары. Фестываль так спадабаўся ўсім, што прынята рашэнне зрабіць яго традыцыйным.

Сучасныя кнігарні — таксама месца фарміравання літаратурных густаў, папулярызацыі чытання. Можна было б прад’яўляць прэтэнзіі супрацоўнікам кнігарань па не заўсёды прывабнай выкладцы дзіцячых кніг на паліцах. Аднак лічу, што гэта наша агульная недапрацоўка: Саюза пісьменнікаў, выдавецтваў. Нам трэба працаваць у агульнай звязцы з кнігарнямі: дапамагаць іх супрацоўнікам у выбары кніжных прыярытэтаў, прэзентацыі навінак. Магчыма, варта правесці конкурс на найлепшага прадаўца дзіцячай кнігі.

Хачу падзякаваць Міністэрству інфармацыі Рэспублікі Беларусь і ААТ «Белкніга» за стварэнне ў інтэрнэце аўдыядадатку «Чытанка». Як бы мы ні любілі папяровую кнігу, разумеем: жыццё рухаецца наперад і выкарыстанне новых тэхналогій проста неабходна. Творы беларускіх аўтараў ажылі ў «Чытанцы». Але гэтага недастаткова. Нам патрэбна студыя для прафесійнага запісу аўдыякніг. Неабходна таксама стварыць інтэрнэт-сэрвісы для падтрымкі дзіцячай кнігі і чытання, прыцягнення інтэрнэт-карыстальнікаў (праз сацыяльныя сеткі) да літаратурных і чытацкіх акцый.

Асобнага абмеркавання патрабуе пытанне пра дзіцячую перыёдыку. У ранейшыя дзесяцігоддзі, яшчэ напрыканцы XX стагоддзя, мы прызвычаіліся да яе цеснай повязі з мастацкай літаратурай. З «Вясёлкі» і «Бярозкі» вырасталі дзіцячыя кнігі. Нават у газетах «Зорька» і «Піянер Беларусі» друкаваліся не толькі апавяданні і ўрыўкі з вялікіх твораў, але і цалкам аповесці. Гэта спрыяла і цікавасці дзяцей да мастацкага слова, і развіццю самой дзіцячай літаратуры, у тым ліку і падлеткавай прозы. Сёння шмат што страчана, згублена. Давайце думаць, як агульнымі намаганнямі выправіць гэтае становішча. І як першы крок мы прапаноўваем у найбліжэйшы час правесці на пляцоўцы СПБ круглы стол на тэму «Мастацкая літаратура і дзіцячая перыёдыка».

Асобна скажу пра беларускую дзіцячую кнігу за мяжой, яе дыпламатычную місію. У перакладзе на розныя мовы творы некаторых нашых пісьменнікаў выходзяць у іншых краінах. Мы парадаваліся за Віктара Кажуру, якога выдалі ў Сербіі, за Алеся Карлюкевіча, з казкамі якога пазнаёміліся кітайскія дзеці. Прызнаюся, што дэлегацыя Нацыяльнай акадэмічнай бібліятэкі Астаны на 100-годдзе нашай Нацыянальнай бібліятэкі прыехала з падарункам — выдадзенай на казахскай мове маёй кнігай «Папяровы самалёцік».

Ведаю, што прапагандай беларускай дзіцячай кнігі актыўна займаецца паэтэса, перакладчыца, дзіцячая пісьменніца Іна Фралова. Геаграфія арганізаваных ёю сустрэч — розныя рэгіёны Расіі. Напрыклад, анлайн-сустрэчы ў бібліятэках сталіцы праходзяць з юнымі чытачамі Шчолкава, Ніжняга Тагіла, Саратава, Сергіева Пасада. Нам важна пашыраць міжнароднае літаратурнае сяброўства!

Таксама трэба прызнаць, што ў нас не хапае спецыялістаў па дзіцячай літаратуры і недастаткова развіта крытыка і бібліяграфія ў галіне літаратуры для дзяцей і юнацтва.

Усё сказанае вышэй сведчыць пра тое, што неабходна прыцягнуць увагу да падтрымкі і развіцця чытання органаў улады, дзяржаўных і недзяржаўных устаноў культуры, навукі, адукацыі, грамадскіх інстытутаў і камерцыйных структур.

Наша агульная задача — садзейнічаць росту ўсведамлення грамадствам важнасці чытання, літаратуры, мовы; шукаць больш эфектыўныя формы прафесійнай камунікацыі, звязаныя з папулярызацыяй чытання. У сродках масавай інфармацыі весці больш актыўную работу, прысвечаную дзіцячай літаратуры і чытанню, прапаноўваць новыя формы рэкламы кнігі. У якасці прыкладу можна назваць фестываль дзіцячай кнігі «Міхасёвы прыгоды», які Саюз пісьменнікаў Беларусі разам з выдавецтвамі праводзіў у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа.

Хочацца спадзявацца, што кнігі не страцяць сваёй каштоўнасці, наадварот, — чалавек, які чытае, стане яшчэ больш разумным, інтэлігентным, дасведчаным. Значыць, і паспяховым.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?