Вы тут

Што такое экспазіцыя музея? А экспазіцыя музея літаратурнага? Дзе шукаць яе сэнсавае ядро?


Што такое экспазіцыя музея? А экспазіцыя музея літаратурнага? Дзе шукаць яе сэнсавае ядро? Як зрабіць літаратуру цікавай для масавага наведвальніка? Якія методыкі і падыходы для гэтага існуюць і якімі з іх карыстаюцца сёння? Па меркаванні супрацоўнікаў галоўнага літаратурнага музея краіны, экспазіцыя — гэта не проста набор прадметаў, а вельмі складаны, расцягнуты па часе, структурны працэс, які вымагае комплексных падыходаў (навуковага, геаграфічнага, гістарычнага)…


Фрагмент пастаяннай экспазіцыі Музея-сядзібы Міцкевічаў «Завоссе».

Бадай, пачаць варта з таго, што літаратура — гэта, перш за ўсё, кніга. Але тут можна запярэчыць: маўляў, кніжкі ёсць і ў бібліятэках — навошта тады музей? Ды кніга на пустым месцы не нараджаецца, а становіцца вынікам шмат якіх падзей. У рэшце рэшт літаратуру, упэўнены ў музеі, трэба разглядаць як гістарычную з’яву, як спосаб адлюстравання часу. Калі задумацца, уплыў на яе аказваюць не толькі гісторыя дзяржавы альбо палітычна-грамадскі бок жыцця, але і геаграфія, і нават біясфера той часткі планеты, дзе яна ўзнікае.

Беларуская літаратура шмат у чым пераплецена з іншымі нацыянальнымі літаратурамі. Наша краіна знаходзіцца на скрыжаванні многіх шляхоў: і гандлёвых, і турыстычных таксама. «Такі ў нас этнагенез і такая ў нас біясфера, — зазначае Ірына Князева, старшы навуковы супрацоўнік навукова-экспазіцыйнага аддзела Музея гісторыі беларускай літаратуры. — Айчынная літаратура не тое каб сама па сабе, ды сапраўды аўтэнтычная, адмысловая, уласцівая толькі гэтай частцы планеты».

Уласна кажучы, супрацоўнікі ДМГБЛ, працуючы над экспазіцыяй, перш за ўсё абапіраюцца на той час, калі літаратура (чытай «кніга») узнікала, стваралася, калі нараджаліся тыя ці іншыя літаратурныя плыні. Адпаведна, кнігі з’яўляюцца асноўнай часткай такой экспазіцыі, асабліва калі справа тычыцца старажытных, старадрукаваных выданняў і тым больш выданняў аўтэнтычных альбо, як кажуць, прыжыццёвых. Апошнія заўсёды выклікаюць асаблівую цікавасць.

У распараджэнні музея ГБЛ вельмі багатыя фонды (звыш 110 тысяч адзінак захоўвання). Усе яны размеркаваны па калекцыях, калекцыі ў сваю чаргу — не толькі кніжкі… Гэта і розныя археалагічныя артэфакты, і дакументы, і фотадакументы, і медалі, і, што асабліва важна, эпісталярыі (ліставанні) пісьменнікаў. Сюды ўваходзяць таксама ўласныя рэчы літаратараў і нават калекцыі, якія яны збіралі самі. Словам, прадметаў вельмі-вельмі шмат. «І, канешне ж, мы імкнёмся выкарыстоўваць усё», — кажа Ірына Князева.

Разам з тым, нягледзячы на тое, што экспазіцыя музея, паводле трапнага азначэння саміх супрацоўнікаў, мае «літаратурна-гістарычна-папяровы характар»,  установа не забывае і пра сучаснасць. Спрабуючы ўтрымацца на хвалі часу, музейшчыкі выкарыстоўваць разнастайныя ноу-хау, якія ўзнікаюць у грамадстве (напрыклад, інтэрактыўныя артэфакты і лічбавыя тэхналогіі). Апроч таго, сярод экскурсаводаў выпрацавалася крэда: падчас экскурсій яны імкнуцца быць для наведвальніка не ментарам, не настаўнікам з указкай, а свайго роду сталкерам, які, нібы ў таемную зону, уводзіць групу ў тую ці іншую тэму.

Выстаўка да 100-годдзя часопіса «Полымя».

Важна, каб гэтыя стасункі з наведвальнікамі былі як мага больш жывыя, натуральныя. Тут дапамогуць і конкурсы, зладжаныя наўпрост падчас экскурсіі, і гатоўнасць «сталкера» ў любы момант адказаць на любыя пытанні, нават самыя недарэчныя (найчасцей яны такімі падаюцца толькі на першы погляд). «Не тое, што я зараз правяду экскурсію, а напрыканцы вы задасце мне пытанні, не. Калі зацікавіў нейкі момант, у наведвальніка павінна быць магчымасць агучыць яго адразу. Ад гэтага экскурсія толькі выйграе», — робяць акцэнт у музеі.

Музейны будынак па вуліцы М. Багдановіча ў Мінску — своеасаблівая метраполія, цэнтр унікальнага літаратурнага холдынга (як называюць яго супрацоўнікі) пад назвай «Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры». Экспазіцыя тут ахоплівае ўвесь перыяд існавання беларускага пісьменства: з дня ўзнікнення да сённяшняга часу. Філіялы ж, наадварот, прысвечаны асобным персаналіям. Але і ў галоўным музеі, і ва ўсіх яго філіялах ёсць як пастаянныя экспазіцыі, так і часовыя, якія ладзяцца з нагоды юбілеяў альбо іншых гістарычных дат. Нярэдкая з’ява — і абменныя выстаўкі з іншымі музеямі.

Што ўяўляюць сабой часовыя экспазіцыі? Значнай нагодай для іх правядзення з’яўляюцца і каляндарныя святы. Вось як музей можа павіншаваць з Новым годам сваіх наведвальнікаў? Ёлка? Ну, гэта само сабой. Магчыма, нейкія ўрачыстасці? Так, абавязкова. Але чаму б не парадаваць гасцей і тым, што ўмее лепш за ўсё — тэматычнай экспазіцыяй? У фае галоўнага будынка акурат праходзіць такая імправізаваная выстаўка. За вітрынамі — паштоўкі-віншаванкі. Падпісаныя, прыгожа аформленыя, гэтыя паштоўкі пісьменнікі дасылалі адзін аднаму пад Новы год. Таксама такім чынам музей адгукаецца на падзеі.

На дадзены момант пастаянная экспазіцыя галоўнага корпуса па вуліцы М. Багдановіча знаходзіцца ў стадыі заканчэння. Асабліва складанымі, са слоў супрацоўнікаў, аказаліся першыя залы, бо такія вялікія пласты ў гісторыі літаратуры, як Адраджэнне, эпоха барока, бурапеннае XIX стагоддзе, перыяд узнікнення беларускай драматургіі, вымагаюць, як можна здагадацца, велічэзных даследчыцкіх высілкаў і шмат часу. Тым не менш праца ідзе поўным ходам, і ўжо да канца года наведвальнікі змогуць ацаніць усю экспазіцыю.

Для таго, каб ахапіць усе падзеі культурнага жыцця, якія адбываліся ў той ці іншы перыяд, ДМГБЛ таксама актыўна супрацоўнічае з бібліятэкамі краіны, з выдавецтвамі, з Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва, з Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў, з Нацыянальнай кінастудыяй «Беларусьфільм», іншымі ўстановамі. У музеі настойваюць: «Ахапіць неахопнае — складаная задача, але мы імкнёмся да яе вырашэння, выкарыстоўваючы ўсе магчымыя сродкі, да якіх ёсць цікавасць у людзей».

Гісторыя адной рэчы

За кожным музейным экспанатам хаваюцца займальныя гісторыі. Адной такой — пра экспанат з фондаў Літаратурнага музея Петруся Броўкі — падзяліліся з намі навуковыя супрацоўнікі ўстановы…

Вядома, што Пятрусь Усцінавіч любіў пісаць свае творы звычайным алоўкам, але, натуральна, калі-нікалі даводзілася карыстацца і машынкай. Такіх у народнага паэта Беларусі было некалькі, і адну з іх музей атрымаў акурат у мінулым годзе. Аб’ява аб продажы партатыўнай друкавальнай машынкі Continental з’явілася на сайце «onliner.by» ў пачатку сакавіка 2021 года. Ра-зам з ёй прадавалі рукапісы Петруся Броўкі, а таксама тэкст і ноты песні «Ой-е-ей» на словы Петруся Усцінавіча і музыку Аляксандра Хлімановіча. Машынка знаходзілася ў футляры чорнага колеру для пераноскі і захоўвання. Супрацоўнікі музея звязаліся з прадаўцом і расказалі яму аб значнасці знаходкі. Пасля перамоў уладальнік рарытэта перадаў яго ў дар музею.

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.