Вы тут

Як жыве музей гісторыі беларускай літаратуры і чым плануе здзіўляць нас у будучыні. Расказвае дырэктар установы


«Любіце кнігу, бо яна — крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы», — такі запавет пакінуў нашчадкам першадрукар. Калі і вы не цураецеся лячыць душэўнае недамаганне літаратурай, знаходзіце ў ёй крыніцу мудрасці і ведаў, то вось вам парада: больш карыснай інструкцыі да тых лекаў, чым паход у Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, папросту не існуе. Сёлета калектыў галоўнага літаратурнага дома краіны адзначае 35-годдзе плённай працы на карысць беларускага пісьменства, на карысць нашай душэўнай гігіены. Паглядзім жа, чым жыве музей сёння і чым плануе здзіўляць нас у будучыні.


Сяргей Усік.

Першае слова —дырэктару музейнай установы Сяргею Іванавічу Усіку:

— Да свайго 35-гадовага юбілею Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры дасягнуў значных поспехаў на ніве захавання літаратурнай спадчыны Беларусі. Установа нашая, без перабольшання, унікальная. Яна аб’ядноўвае ў сабе каля 10 музейных аўтаномій, чыя дзейнасць звязана з пошукам новых матэрыялаў аб нашых пісьменніках. Праца вельмі карпатлівая, і ўвесь патэнцыял навуковых супрацоўнікаў сканцэнтраваны на тым, каб як мага ярчэй прадэманстраваць літаратурныя набыткі Беларусі. Хачу сказаць, што музей з гэтай задачай спраўляецца. Пра тое сведчыць і статыстыка. Так, за 2022 год нас наведала больш ад 70 тыс. чалавек. Па колькасці наведвальнікаў мы ўжо перасягнулі дакрызісны ўзровень!

Магу сказаць, што выстаўкі Музея гісторыі беларускай літаратуры вылучаюцца асаблівымі душэўнасцю і цеплынёй. Навуковыя супрацоўнікі падыходзяць да іх арганізацыі з трапяткім стаўленнем, і вопыт апошніх праектаў паказвае: нашы выстаўкі карыстаюцца поспехам! Згадаю тут літаратурна-дакументальную экспазіцыю «Насустрач жыццю, насустрач будучыні», прымеркаваную да 100-годдзя беларускай пісьменніцы Алены Васілевіч, якая адкрылася зусім нядаўна.

Працуючы над экспазіцыяй, мы робім акцэнт не толькі на персаналіях, біяграфічных перыпетыях той ці іншай асобы, але ў першую чаргу — на тых друкаваных выданнях, якія ў нас захоўваюцца і якія з’яўляюцца найяскравейшым сведчаннем гісторыі, расказваюць пра час лепш, чым хто іншы. Выстаўка, адкрытая да стагоддзя часопіса «Полымя», — адна з самых яркіх за 2022 год. Праз гэтую экспазіцыю мы пастараліся распавесці аб усіх людзях, якія на працягу апошняга стагоддзя мелі дачыненне да стварэння і дзейнасці часопіса «Полымя». Упэўненым крокам рухаемся да таго, каб кожны наш філіял меў брэндавае мерапрыемства. Улетку ў Літаратурным музеі Кузьмы Чорнага ў вёсцы Цімкавічы Капыльскага раёна Мінскай вобласці мы арганізавалі свята, прысвечанае дню нараджэння класіка — «Цімкавіцкія вытокі». Усцешна, што сёння мы гаворым не пра сто ці нават дзвесце удзельнікаў — сёння мы вымяраем іх колькасць тысячамі, і «Цімкавіцкія вытокі» — яркае таму пацвярджэнне… Вялікае свята было зладжана Музеем гісторыі беларускай літаратуры і ў верасні на тэрыторыі Музея-сядзібы Міцкевічаў «Завоссе». Паводле самых сціплых падлікаў, «Восень у Завоссі» наведала не менш за 1200 чалавек. Падзея выклікала значны грамадскі рэзананс, і не толькі ў Баранавіцкім раёне, але і ў найбліжэйшых рэгіёнах таксама. Сёлета супрацоўнікамі музея было зладжана пяць такіх свят, і мы бачым, што людзі сапраўды цікавяцца нашай літаратурай.

Вялікія планы ў нас на наступны, 2023, год, асабліва ў галіне міжнароднага супрацоўніцтва. Тут мы ў першую чаргу акцэнтуем увагу на ўзаемадзеянні з Расійскай Федэрацыяй. Трэба адзначыць, што дадзены напрамак нават ужо даў свой плён. Літаральна 21 снежня ў горадзе Пензе адбылася прэзентацыя выстаўкі «Іван Шамякін. Мае гады — мая біяграфія». Мы адсочваем ход правядзення гэтага мерапрыемства ў інтэрнэце, і ўжо можна меркаваць аб поспеху выставачнага праекта. На адкрыцці прысутнічалі і міністр культуры Пензенскай вобласці, і кіруючыя работнікі практычна ўсёй музейнай сферы рэгіёна.

У лютым мы прэзентуем выстаўку, прысвечаную 130-годдзю Максіма Гарэцкага, у Вязьме. Дарэчы, ён там пахаваны. Далей — Музей А. М. Горкага і Ф. І. Шаляпіна ў Казані (Татарстан). Вядома, што Горкі быў блізка знаёмы з сям’ёй Багдановічаў, таму ўжо ёсць дамоўленасці аб абменных выстаўках. У сваю чаргу ў Музей-запаведнік А. С. Пушкіна «Міхайлаўскае» адправіцца экспазіцыя, прысвечаная Адаму Міцкевічу, наступны год юбілейны для паэта — 225 гадоў. Будзем арыентавацца і на іншыя краіны СНД: Казахстан, Узбекістан, Туркменістан, магчыма, Таджыкістан. Пэўныя дамоўленасці ўжо дасягнуты, і думаю, што ў нас атрымаецца рэалізаваць гэтыя планы. Тым самым мы працягнем выконваць сваю асноўную функцыю — папулярызаваць гісторыю беларускай літаратуры!

Паважаныя калегі, дарагія сябры! Ад усёй душы віншую вас з надыходзячымі святамі і юбілеем нашай установы! Жадаю моцнага здароўя і мірнага неба над галавой, каб сонечныя праменьчыкі не забывалі і пра вокны вашых дамоў, саграваючы іх сваім цяплом. А тая праца, якую кожны з вас выконвае на сваім месцы, — глыбока ўпэўнены, што ўсе мы тут менавіта на сваіх месцах! — няхай прыносіць задавальненне і радуе плёнам. Веру, новыя музейныя праекты абавязкова стануць добрай традыцыяй і будуць выхоўваць у падрастаючага пакалення пачуццё гонару за нашу Радзіму — Беларусь. Творчых і даследчыцкіх поспехаў вам у наступным годзе! Няхай жа спраўдзяцца ўсе запаветныя мары!

Музей у лічбах

Установа «Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры» заснавана 6 лістапада 1987 года ў адпаведнасці з загадам Міністэрства культуры БССР, аб’яднаўшы вакол сябе ўсе існуючыя на той момант дзяржаўныя літаратурныя музеі. Так, у склад новаўтворанага аб’яднання ўвайшлі Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, Дзяржаўны літаратурны музей Якуба Коласа, Літаратурны музей Петруся Броўкі, Літаратурны музей Максіма Багдановіча і іх філіялы. Галоўны корпус жа размясціўся ў некалькіх будынках Траецкага прадмесця ў Мінску, якія пасля правядзення адпаведнага рамонту былі прыстасаваны пад музейныя памяшканні. Яны адчынілі свае дзверы наведвальнікам у 1991 годзе.

На той момант арганізацыйная структура аб’яднання ўяўляла сабой даволі складаную сістэму. Кожны музей, які туды ўваходзіў, лічыўся самастойнай юрыдычнай асобай, меў уласныя фондавыя зборы і быў звязаны з іншымі толькі на падставе каардынацыі асноўных відаў дзейнасці. У той жа час кожны з іх выступаў як аб’яднаны музей, таму што валодаў развітай сістэмай філіялаў. Набліжалася непазбежная рэарганізацыя з далейшай рэструктурызацыяй. Сёння ДМГБЛ — галоўны літаратурны дом нашай краіны, які складаецца з 10 літаратурных музеяў, размешчаных у Мінску і рэгіёнах рэспублікі.

Ды галоўны рэсурс установы — гэта, канешне, яго супрацоўнікі, чые шэрагі на дадзены момант налічваюць 69 чалавек, адданых сваёй справе. А справа ў іх няпростая — дакументаванне літаратурнага працэсу ў Беларусі ў шырокім гістарычным кантэксце. Вынікам іх даследчыцкай дзейнасці можна лічыць багатыя фонды Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Яны ўяўляюць сабой унікальны збор музейных прадметаў, звязаных з айчыннай літаратурай, і налічваюць больш за 110 тысяч адзінак захоўвання.

Сярод найбольш значных па колькасці і адметнасці персанальных матэрыялаў вылучаюцца архівы пісьменнікаў Васіля Быкава, Васіля Віткі, Анатоля Вярцінскага, Цішкі Гартнага, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Уладзіміра Караткевіча, Кандрата Крапівы, Міхася Лынькова, Цёткі, Івана Чыгрынава, Івана Шамякіна, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Лідзіі Арабей і інш. Сярод рарытэтаў — рукапісныя кнігі і старадрукі ХVІІ—ХVІІІ стст., прыжыццёвыя выданні, рукапісы, асабістыя рэчы класікаў беларускага прыгожага пісьменства, каштоўныя выданні пачатку XX стагоддзя…

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».